БУ́ХТА (ням. Bucht),

невялікі заліў, адасоблены ад адкрытага акіяна, мора ці возера часткай берага або астравамі. Зацішная ад ветру, часта прыдатная для стаянкі суднаў і буд-ва партоў (напр., Новарасійская на Чорным м., Залаты Рог у прал. Басфор).

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭАТЭ́КС,

від (служба) электрасувязі. Дазваляе карыстальніку атрымліваць на экране тэлевізара (або дысплея) графічную інфармацыю па каналах тэлефоннай сувязі са спец. банка даных; дазваляе таксама выконваць розныя паслугі: заказваць электронныя гульні, білеты на транспарт, праводзіць банкаўскія аперацыі і інш.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКСОЗАФАСФА́ТЫ,

складаныя эфіры, утвораныя гексозамі і адным або двума астаткамі фосфарнай к-ты (гексозамонафасфаты і гексозадыфасфаты); прамежкавыя прадукты гліколізу. Значныя прамежкавыя рэчывы вугляводнага абмену жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Утвараюцца пры фасфарыліраванні гексозаў, пераважна за кошт энергіі адэназінтрыфосфарнай к-ты.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАЙНО́Е ПАДАТКААБКЛАДА́ННЕ,

1) абкладанне і даходу (прыбытку), і дывідэндаў, якія выплачваюцца з яго, калі яны ператвараюцца ў асабісты даход сям’і як самаст. гасп. адзінкі (домагаспадаркі).

2) Адначасовае абкладанне ў розных краінах ідэнтычнымі падаткамі, або тымі, якія маюць аднолькавую прыроду.

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́МПКАР (англ. dump-car),

грузавы чыгуначны паўвагон, кузаў якога пры разгрузцы нахіляецца вакол падоўжнай восі ў розныя бакі пнеўматычным або гідраўлічным механізмам. Выкарыстоўваецца для перавозкі руды, вугалю, буд. сыпкіх матэрыялаў па тэрыторыі буйных прадпрыемстваў. Грузападымальнасць да 180 т.

т. 6, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫКТАФО́Н (ад лац. dicto дыктую, гавару + ...фон),

апарат для запісу і ўзнаўлення мовы, выкананы, напр., на аснове магнітафона. Бывае кабінетны і партатыўны (з сілкаваннем ад акумулятараў або эл. батарэй). Выкарыстоўваецца для дыктавання пісем, запісу выступленняў, лекцый і інш.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯСКО́П (ад дыя... + ...скоп),

дыяпраектар, оптыка-механічная прылада для праецыравання з павелічэннем відарысаў празрыстых арыгіналаў (дыяпазітываў, дыяфільмаў і інш.) на ўбудаваны ў прыладу або насценны экран. Д. выкарыстоўваюць для дэманстрацыі рысункаў, чарцяжоў, чытання мікрафотакопій і інш. Разнавіднасць Д. — фільмаскоп.

т. 6, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТРЫТАФА́ГІ [ад дэтрыт + ...фаг(і)],

дэтрытаедныя жывёлы, водныя жывёлы, якія кормяцца дэтрытам. У ліку Д. чэрві (паліхеты), эхіўрыды, двухстворкавыя малюскі, калаўроткі, планктонныя ракападобныя і інш. Д. адфільтроўваюць часцінкі дэтрыту з дапамогай спец. органаў або жывяцца імі непасрэдна. Удзельнічаюць у працэсах ачышчэння вады.

т. 6, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААРДЫНАТО́ГРАФ (ад каардынаты + ...граф),

прылада для нанясення на карту або план кропак па іх прамавугольных каардынатах. К. бываюць стацыянарныя з рабочай плошчай 100×200 см, палявыя з пл. 45×45 см, мех. і аўтаматычныя. Гл. таксама Картаграфічныя прылады.

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕНЦЫ́ЙНЫЯ ТАРЫ́ФЫ,

стаўкі мытных пошлін, якія ўстанаўліваюцца гандл. дагаворамі або пагадненнямі паміж дзяржавамі для асобных тавараў, што ўвозяцца з адной з дагаворных дзяржаў у другую. Стаўкі К.т. ніжэйшыя за стаўкі аўтаномнага тарыфу, які ўстанаўлівае аднабаковым актам адпаведная дзяржава.

т. 7, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)