МАНЕ́ТНАЯ СТАПА́,

колькасць манет, якая выпускаецца з пэўнай масы металу (лібры, маркі, грыўні, фунта). Павелічэнне колькасці манет, што выбіваюцца з пэўнай адзінкі масы металу, прыводзіла да змяншэння масы каштоўнага металу ў манеце. Таму М.с. можна было або павялічыць, г. зн. біць з гэтай колькасці металу менш манет, або панізіць — біць больш манет з гэтай жа колькасці металу.

т. 10, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТМА́СА (ад лац. mortalis смертны, мёртвы + маса),

колькасныя адносіны масы мёртвых арганізмаў, адмерлых органаў, тканак раслін і жывёл да адзінкі паверхні або аб’ёму. У біяцэнозах знаходзіцца ў выглядзе адпаду (сухастой, амярцвелыя органы раслін), ападу (раслін, што ўпалі на паверхню глебы, трупы жывёл), торфу, подсцілу і дэтрыту (у водных экасістэмах). Разам з біямасай і гумусам складае арган. рэчыва біяцэнозу.

т. 10, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРКУ́РЫЙ (лац. Mercurius ад mercare гандляваць),

у старажытнарымскай міфалогіі бог гандлю, апякун падарожнікаў. Стараж. скульптары і мастакі паказвалі М. юнаком з крылатымі сандалямі, у дарожным капелюшы і з жазлом у руках. Атаясамліваўся з грэч. Гермесам, што ў наступных міфах прывяло да надання М. таксама функцый правадніка ў царстве мёртвых, вестуна багоў, апекуна рамёстваў, знаўцы таямніц магіі і астралогіі.

т. 10, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАЗВЯ́ЗНАЯ ВО́БЛАСЦЬ у матэматыцы,

вобласць, у якой існуюць замкнутыя крывыя, што не сцягваюцца ў пункт у межах гэтай вобласці. Напр., кальцо, дэкартавы каардынаты пунктаў якога задавальняюць няроўнасцям r​2<x​2+y​2<R​2, дзе 0<r<R. Гл. таксама Адназвязная вобласць.

Мнагазвязная вобласць (пункцірам пазначана крывая, якую нельга сцягнуць у пункт у межах вобласці).

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАБРА́НЕЦ,

у Расійскай імперыі ў 1874—1917 асоба прызыўнога ўзросту, залічаная на ваен. службу адпаведнай установай. Найменне «Н.» уведзена Статутам аб воінскай павіннасці 1874 замест назвы рэкрут, якая існавала пры рэкруцкай павіннасці. З моманту прыбыцця ў часць Н. лічыўся салдатам (матросам). Н. (новікам, навічком) называлі асобу, што нядаўна прынялі на работу (18—19 ст., пазней — у пераносным сэнсе).

т. 11, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗВЫЧА́ЙНЫ БЮДЖЭ́Т,

зацверджаны ў заканадаўчым парадку каштарыс (роспіс) утварэння (даходаў) і выкарыстання (расходаў) грашовых сродкаў дзяржавы, што зацвярджаецца дадаткова да нармальнага бюджэту дзяржаўнага на пэўны час у выніку асаблівых акалічнасцей. Ва ўмовах глабальных крызісаў можа мець пастаянны характар. У некаторых краінах прымаецца ў выглядзе дадатковага бюджэту, а таксама спец. паступленняў (надзвычайных падаткаў) і расходаў.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЛЕДЗЬ,

ледзяное ўтварэнне, якое ўзнікае пры замярзанні падземных, рачных і азёрных вод, што выліліся на паверхню. Утвараецца ва ўмовах суровай зімы і шматгадовай мерзлаты, пры нязначным снегавым покрыве. Бываюць аднагадовымі (сезоннымі) і шматгадовымі. Таўшчыня да 2 м і больш, плошча — дзесяткі і сотні м². У рачных далінах Усх. Сібіры трапляюцца гіганцкія Н. пл. больш за 10 км².

т. 11, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМЕ́СНІК,

1) у ВКЛ у 14—15 ст. прадстаўнік вял. князя, якому належала адм.-гасп., фінансавая і судовая ўлада на тэр. былых самаст. княстваў.

2) У 16—17 ст. памочнікі старосты ці ваяводы, якія ажыццяўлялі адм.-судовую ўладу ў паветах і ваяводствах ВКЛ (гл. Гродскі суд).

3) У Рас. імперыі ўрадавая асоба мясц. адміністрацыі, тое, што генерал-губернатар.

т. 11, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РТЫ,

героі стараж. эпічных паданняў (нарцкага эпасу) многіх горскіх каўк. народаў. Як правіла, гэта магутныя воіны-асілкі, якія змагаюцца супраць сіл зла, але займаюцца і мірнай працай, носьбіты пазітыўнага пачатку. Яны ўступаюць у цесныя (часам сваяцкія) адносіны з багамі, што прымаюць непасрэдны ўдзел у іх гераічных здзяйсненнях. Некаторыя Н. змагаюцца супраць злых багоў і перамагаюць іх.

т. 11, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХЛЕ́БНІЦТВА,

асаблівы характар сувязей паміж жывёламі, калі адны арганізмы кормяцца рэшткамі здабычы другіх або прадуктамі іх выдзялення і не прычыняюць шкоды ці страт адзін аднаму; адзін з тыпаў сімбіёзу, форма каменсалізму (сатрапезніцтва). Напр., пясцы кормяцца рэшткамі здабычы белых мядзведзяў. Нахлебнікамі часам называюць жывёл, якія кормяцца рэшткамі корму, харч. прадуктаў, што знаходзяць у жыллі чалавека або каля яго.

т. 11, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)