Рэспубліка Камерун (англ. Republic of Cameroon, франц. République du Cameroun), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца водамі зал. Біяфра (ч. Гвінейскага зал.) Атлантычнага ак. Мяжуе на ПнЗ з Нігерыяй, на Пн і ПнУ з Чадам, на У з Цэнтральнаафр. Рэспублікай, на Пд з Конга, Габонам і Экватарыяльнай Гвінеяй. Пл. 475,4 тыс.км². Нас. 14677,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мовы — англ. і французская. Сталіца — г.Яўндэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння рэспублікі (20 мая).
Дзяржаўны лад. К. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і аднапалатнаму Нац. сходу (180 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчы орган — Кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, назначаецца прэзідэнтам. На чале правінцый стаяць губернатары, якіх таксама назначае прэзідэнт.
Прырода. Берагі зал. Біяфра на Пн плоскія, з шырокімі эстуарыямі, на Пд скалістыя. Уздоўж узбярэжжа — нізіна шыр. да 150 км з ізаляваным вулканічным масівам Камерун (выш. да 4070 м). Цэнтр.ч. займае плато Адамава выш. 1000—1500 м з конусамі патухлых вулканаў (выш. да 3008 м). Упадзіна Бенуэ аддзяляе нагор’і ад размешчаных на Пн гор Мандара (выш. да 1494 м). На ПнУ — алювіяльныя раўніны ўпадзіны воз. Чад. Большая ч. К. размешчана ў межах выступу Афр. платформы — шчыта Ядэ, складзенага з гнейсаў, крышт. сланцаў і гранітаў архею, кварцытаў і метавулканітаў ніжняга пратэразою. Карысныя выкапні: баксіты (запасы 1435 млн.т, 1993), жал. руда (240 млн.т), прыродны газ (110 млрд.м³), нафта (71 млн.т). Ёсць радовішчы руд волава, тытану, марганцу, медзі, свінцу, цынку, вальфраму, малібдэну, урану, золата, алмазаў. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн экватарыяльна-мусонны. Сярэдняя месячная т-ра ад 22 да 28 °C. Гадавая колькасць ападкаў у раёне воз. Чад 300—500 мм, ва ўнутр. раёнах 1500—2000 мм, на ўзбярэжжы больш за 3000 мм, на схілах масіву Камерун да 10 000 мм (самы вільготны раён Афрыкі). Рачная сетка густая і мнагаводная, рэкі багатыя гідраэнергіяй. Гал. рака — Санага. Каля 40% тэрыторыі займаюць лясы. На Пд вільготныя вечназялёныя экватарыяльныя лясы, якія на Пн пераходзяць у саванну, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Глебы чырвоныя фералітныя, чырвона-бурыя і чорныя трапічныя. Жывёльны свет разнастайны. У лясах жывуць малпы (камерунская гарыла, шымпанзэ, бабуін); водзяцца афр. сланы, бегемоты, кракадзілы; шмат птушак (больш за 750 відаў), паўзуноў. У саваннах капытныя жывёлы (буйвалы, насарогі, антылопы, жырафы) і драпежнікі (львы, гепарды, леапарды). У прыбярэжных водах шмат рыбы, крабаў, крэветак, лангустаў. Нац. паркі (Бенуэ, Бубанджыда, Ваза) і запаведнікі (Бафія, Джа, Дуала-Эдэа, Кампа і інш.).
Насельніцтва. Большая ч. насельніцтва належыць да народаў, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. На Пд жывуць народы фанг, бамілеке, мака, дуала і інш.; у лясах на ПдУ — пігмеі бінга, ка і кола; у цэнтр. частцы — чамба, мбуле, гбайя, на Пн — вандала, маса, мусгу, бура і інш. Каля 51% насельніцтва трымаюцца традыц. вераванняў, 33% — хрысціяне, 16% — мусульмане. Сярэдняя шчыльн. 30,9 чал. на 1 км². Найб. заселены зах. і паўд.-зах. раёны краіны. Гар. насельніцтва 46%. Найб. гарады (тыс.ж.): Дуала — 1320, Яўндэ — 1119 (1996), Гаруа — 160, Маруа — 140, Бафусам — 120 (1992). У сельскай гаспадарцы занята 74%, у прам-сці — 11 % працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Археалагічнымі даследаваннямі на Пн К. выяўлены рэшткі матэрыяльнай культуры сярэдняга і верхняга палеаліту. У 8—15 ст.паўн. землі К. ўваходзілі ў склад імперыі Сао. У 16 ст. тут узнік султанат Мандара, у пач. 19 ст. ён заваяваны плямёнамі фульбе, якія ўтварылі некалькі самаст.феад. княстваў — ламідатаў (Маруа, Гаруа, Тыбаты і інш.). У Цэнтр. К. з 17 ст. існавалі дзяржавы Балі (на 3) і Бамум (на У). На Пд К. ў пач. 19 ст. створана дзяржава Дуала. У 1472 у вусці р. Вуры высадзіліся партуг. маракі. У 16—17 ст. галандскія, потым англ., франц. і ням. гандляры заснавалі на ўзбярэжжы К. гандл. факторыі. У 1884 Германія навязала правіцелям узбярэжных раёнаў К. дагавор аб 30-гадовым пратэктараце. У 1-ю сусв. вайну К. акупіраваны франц. і брыт войскамі і падзелены паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй (1916). У 1922 Ліга Нацый перадала Усх. К. у мандатнае кіраванне Францыі (90% тэрыторыі), Зах. К. — Вялікабрытаніі. З 1946 абедзве гэтыя часткі падапечныя тэр.ААН з захаваннем кіравання за Францыяй і Вялікабрытаніяй. Уздым нац.-вызв. руху прымусіў кіруючыя дзяржавы правесці тут канстытуцыйныя рэформы.
У 1957 падапечная тэр. К. (франц. кіраванне) абвешчана падапечнай дзяржавай, 1.1.1960 — незалежнай, у сак. 1960 — Рэспублікай К. Першым яе прэзідэнтам выбраны лідэр партыі Камерунскі саюз (засн. ў 1958) А.Ахіджа. Брыт. частка К. ў выніку рэферэндуму 1961 падзелена: Пн далучана да Федэрацыі Нігерыі, Пд — да Рэспублікі К. Была створана Федэратыўная Рэспубліка К. у складзе надзеленых унутр. аўтаноміяй Усходняга і паўд.ч. Заходняга К. Прэзідэнтам стаў Ахіджа. У краіне ўстанавілася аднапарт. сістэма [кіруючая партыя Камерунскі нац. саюз (КНС), засн. ў 1966], Палітыка спалучэння прыватнага, замежнага і дзярж. капіталу з некаторымі элементамі рэгулявання і планавання забяспечыла К. высокія тэмпы эканам. росту. Паступовая уніфікацыя абедзвюх ч. краіны прывяла да стварэння ў выніку рэферэндуму 1972 Аб’яднанай Рэспублікі К. (прынята новая канстытуцыя). У 1982 прэзідэнтам стаў П.Бія. З 1984 краіна наз. Рэспубліка К. У 1985 КНС ператвораны ў Камерунскі нац.дэмакр. рух (КНДР). У снеж. 1990 у краіне ўведзена шматпарт. сістэма. У 1992 на выбарах перамог КНДР, які сфарміраваў кааліцыйны ўрад, на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах — Бія. К. — чл.ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства, Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (з 1995). Дзейнічаюць Дэмакр. аб’яднанне камерунскага народа, Нац. саюз за дэмакратыю і прагрэс, Саюз народаў К., Сацыял.-дэмакр. фронт, Дэмакр. саюз К. і інш. Адзіны прафс. цэнтр — Прафс.арг-цыя працоўных К.
Гаспадарка. К. — агр. краіна, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур (какава, кава, бананы і інш.). У прам-сці пераважаюць галіны па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, лесанарыхтоўчая і дрэваапрацоўчая. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 16,5 млрд.дол. ЗША, па 1200 дол. ЗША на душу насельніцтва. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП — 28%, прам-сці — 25%, сферы паслуг — 47%. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Апрацоўваецца каля 13% тэр. краіны. Гал.харч. культуры: проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, ямс, бананы, батат, арахіс, агародніна, цукр. трыснёг і інш.Асн. экспартныя культуры: какава (пл. 270 тыс.га, збор 70 тыс.т, 1995), кава (340 тыс.га, 100 тыс.т), бавоўна (каля 300 тыс.га, 170 тыс.т), бананы, каўчук, тытунь, чай, алейная пальма. Жывёлагадоўля качавога і паўкачавога кірунку, пераважна на Пн і 3 краіны. Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 4,9, авечак — 3,8, коз — 3,8, свіней — 1,4. Улоў рыбы ва ўнутр. вадаёмах і прыбярэжных водах у 1993 склаў 80 тыс. т. К. — пастаўшчык на сусв. рынак каштоўнай драўніны жал., чырв., эбенавага, жоўтага і інш. дрэў. Штогод нарыхтоўваецца каля 2 млн.м³ драўніны. Прамысловасць не атрымала значнага развіцця. Здабываюць нафту (каля 8 млн.т, 1995), волава, золата, кіяніт, мармур і інш.Вытв-сць электраэнергіі 2,7 млрд.кВт·гадз (1995), пераважна на ГЭС (на р. Санага). Буйныя ЦЭС у гарадах Яўндэ і Гаруа. З галін апрацоўчай прам-сцінайб. развіта харч. (перапрацоўка зярнят какавы, ачыстка кавы, алейная, піваварная, мукамольная, цукр., чайная; асн. цэнтры: Яўндэ, Дуала, Эдэа, Гаруа, Маруа, Нкангсамба, Дыбамбары, Мбанджок, Бафусам, Нду). Да традыц. галін належыць дрэваапр.прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў, аднаслойнай фанеры, мэблі, запалак, паркету, цэлюлозна-папяровая); асн. прадпрыемствы ў Белаба, Яўндэ, Дуала, Дымака, Мбальмайо, Эсека, Эдэа. З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (Дуала, Гаруа, Маруа, Каэле) і гарбарна-абутковая (Нгаўндэрэ, Дуала). Есць прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы латэксу (Тыка, Дызанге), вытв-сцібуд. матэрыялаў (Дуала, Фігіль), мінер. угнаенняў (Дуала). У г. Эдэа на гліназёме з Гвінеі працуе алюмініевы з-д. Маш.-буд. і металаапр.прам-сць (вытв-сць металаканструкцый і пракату, ручнога с.-г. інвентару, зборка легкавых аўтамабіляў, радыёапаратуры, электратэхн. прыбораў) размешчана ў Дуале і Яўндэ, нафтаперапр.з-д — каля г. Лімбэ. Большая ч.ўнутр. перавозак К. прыпадае на чыгунку. Даўж. чыгункі 1175 км, аўтадарог 64,5 тыс.км. 90 тыс. легкавых і 79 тыс. грузавых аўтамабіляў. Марскія парты:Дуала (каля 90% усяго грузаабароту, краіны), Крыбі, партовы комплекс Тыка—Лімбэ—Бата, Кампа (вываз драўніны). Рачны порт Гаруа. Экспарт 1,2 млрд.дол. ЗША (1994): какава, драўніна, алюміній, бананы, каўчук, абутак. Імпарт 810 млн.дол. ЗША (1994): абсталяванне, аўтамабілі, нафтапрадукты, быт. тэхніка, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Францыя, інш. краіны ЕС, ЗША. Грашовая адзінка — камерунскі франк.
Літаратура. Вытокі л-ры К. ў багатым нар. фальклоры. У пач. 20 ст. склалася арыгінальная пісьменнасць у народа бамум (заснавальнік — правіцель дзяржавы султан Нджоя); на ёй складзены 3 кнігі: гісторыя дзяржавы Бамум, мед. і рэліг. трактаты. Далейшага развіцця гэта пісьменнасць не атрымала. У 1930-я г. з’явіліся творы на мясц. мовах. Сучасная л-ра К. ствараецца пераважна на франц. мове, у меншай ступені на англійскай. Першыя творы на франц. мове адносяцца да 1920-х г. (запісы фальклору, этнагр. нататкі); найб. вядомы пісьменнік І.Мумэ-Этыа. Станаўленне л-ры пачалося ў 1950-я г. — перыяд узбр. супраціўлення каланізатарам. Вастрыня паліт. сітуацыі, усенар. характар барацьбы надавалі паэзіі і прозе рысы грамадзянскасці. Найб. вылучаецца творчасць паэта Э.Эпанья-Іандо (зб. «Камерун! Камерун!», 1960), цесна звязаная з нар. песеннай традыцыяй. У прозе гал. месца заняў сац. раман, накіраваны супраць каланіялізму і аджылых норм патрыярхальнага грамадства (Б.Матып, М.Беці, Ф.Аяно). У 1960-я г.
зарадзілася навела (Р.Філамбэ, Г.Аяно-Мбіа), якая прадоўжыла традыцыі сац.быт. рамана. Разам з асветніцкімі (Філамбэ, Ж.Ж.Макто) і сац.-крытычнымі (Р.Меду Мвамо, П.Ндэдзі-Пенда) тэндэнцыямі прасочваюцца рысы рамант. ідэалізацыі традыц. ўкладу афр. краін (Ф.Бебей). Значных поспехаў дасягнула драматургія (сац.-быт. камедыі Аяно-Мбіа). Найб. вядомы паэт. твор — лірыка-філас. цыкл С.М.Эно-Белінга «Негрыцянскія маскі» (1972).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На Пн краіны выяўлены стараж., выбітыя на скалах, геам. і стылізаваныя выявы жывёл. Традыцыйныя пабудовы — круглыя і прамавугольныя ў плане хаціны з гліны, каменю, бамбуку на драўляным каркасе з канічнымі саламянымі дахамі і конусападобнае жыллё (выш. 6—8 м), вылепленае з гліны. Уваход і сцены ўнутры аздаблялі паліхромным геам. арнаментам. Звонку для аховы ад дажджу рабілі трохвугольныя рубцы, якія складалі своеасаблівы пластычны ўзор. У канцы 19 ст. ўзніклі гарады (Яўндэ, Дуала) з забудовай у духу араб. і еўрап. архітэктуры. З 1950—60-х г. узводзіліся будынкі ў сучасным стылі (арх. Нгодэ, Н.Колінс). Пашыраны разьба па дрэве (мэбля, аздобленая антрапа- і зааморфнымі кампазіцыямі; культавыя слупападобныя статуэткі, ярка размаляваныя і ўпрыгожаныя ракавінамі, бранзалетамі, каралямі, кавалачкамі металу і шкла), кераміка, вышыўка, ліццё з бронзы і інш. Пашыраны выраб масак з цэлага кавалка дрэва, абцягнутых скурай і ярка размаляваных, са скажонымі, экспрэсіўнымі рысамі і сакавітай разьбой. Фарміруецца нац.маст. школа (жывапісцы і скульптары Абасола, Кенфак, Мпанда і інш.).
Літ.:
Ляховская Н.Д. Литература Камеруна // Развитие литературы в независимых странах Африки (60—70-е гг. XX в.). М., 1980.
В.М.Сасноўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Камеруна.Да арт.Камерун. Горад Дуала.Да арт.Камерун. Краявід на поўначы краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРГІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Virgin Islands),
уладанне ЗША у Вест-Індыі, на Малых Антыльскіх а-вах. Пл. 355 км².
Нас. 104 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Шарлота-Амалія (12,3 тыс.ж., 1990) на в-ве Сент-Томас. Афіц. мова англійская. Дзейнічае Перагледжаны арганічны закон Віргінскіх астравоў, прыняты кангрэсам ЗША у 1954. Агульны нагляд за астравамі ажыццяўляе мін-ваўнутр. спраў ЗША. Выканаўчая ўлада належыць губернатару (выбіраецца на 4 гады). Паводле рэкамендацый заканад. сходу ён прызначае кіраўнікоў 12 выканаўчых дэпартаментаў і 2 адм. памочнікаў, яны прадстаўляюць яго на а-вах Сент-Джон і Санта-Крус. Аднапалатны заканад. сход складаецца з 15 сенатараў, якія выбіраюцца на 2 гады. Законы, прынятыя ім, зацвярджаюцца губернатарам. З 1973 астравы маюць 1 дэпутата (без права голасу) у палаце прадстаўнікоў кангрэса ЗША.
Уладанне ўключае больш за 50 астравоў і рыфаў, найб. з іх Санта-Крус (218 км²), Сент-Томас (83 км²), Сент-Джон (52 км²). Астравы гарыстыя (г. Краўн, 474 м), складзены з вапнякоў і вулканічных крышт. парод. Т-ра паветра 21—29 °C (зімой), 24—31 °C (летам). Ападкаў 1200 мм за год, летам і восенню частыя ўраганы. Захаваліся ўчасткі трапічных лясоў, асабліва на в-ве Сент-Джон, 2/3тэр. якога займае аднайменны нац. парк. Мясцовае насельніцтва — негры і мулаты (больш за 80%), жывуць таксама пуэртарыканцы, выхадцы з ЗША і інш.Найб. населены а-вы Санта-Крус (50,1 тыс.чал.) і Сент-Томас (48,2 тыс.чал.). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты. Асн. галіна гаспадаркі — абслугоўванне замежных турыстаў. Штогод астравы наведвае каля 1,5 млн. турыстаў, пераважна з ЗША. У прам-сцігал. ролю адыгрываюць прадпрыемствы на в-ве Санта-Крус: нафтаперапрацоўчы (адзін з найб. у свеце, магутнасць 36,4 млн.т за год) і алюмініевы з-ды. Выпрацоўка электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз штогод. Ёсць прадпрыемствы па зборцы гадзіннікаў з імпартаваных дэталей, па вытв-сці шарсцяных, фармацэўтычных і духмяных вырабаў, рому. Вырошчваюць цукр. трыснёг, садавіну, агародніну, на в-ве Санта-Крус — сорга. Спецыфічная галіна — выраб алею з лаўровага лісця (в-аў Сент-Джон). Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі, свінні) і рыбалоўства (каля 1 тыс.т штогод). Транспарт аўтамаб. і марскі. 2 міжнар. аэрапорты. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Гісторыя. Адкрыты Х.Калумбам у 1493. Першыя паселішчы засн. ў 1625 на в-ве Санта-Крус англ. і франц. каланістамі. У розны час гэтым востравам валодалі англічане, французы, іспанцы і Мальтыйскі ордэн. У 1733 куплены Даніяй, афіцыйна абвешчаны яе калоніяй у 1754. У 1672 і 1683 датчане каланізавалі таксама а-вы Сент-Томас і Сент-Джон. У час дацкага панавання в-аў Сент-Томас ператвораны ў цэнтр гандлю, у т. л. рабамі, в-аў Сент-Джон заняты плантацыямі цукр. трыснягу, на якіх выкарыстоўвалася праца рабоў. За час існавання рабства (да сярэдзіны 19 ст.) на астравы завезена 28 тыс. неграў-рабоў. Данія валодала Віргінскімі астравамі да 1917 (за выключэннем перыяду напалеонаўскіх войнаў 1799—1815), потым прадала іх ЗША за 25 млн. долараў.
Дзейнічаюць аддзяленні Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый ЗША, а таксама Рух незалежных грамадзян, Прагрэс.рэсп. партыя і Аб’яднаная нар. партыя, якая выступае за незалежнасць Віргінскіх астравоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЦКІ РАЁН.
На ПнУ Брэсцкай вобл Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 4.10.1957). Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 37,6 тыс.чал. (1998), гарадскога 32%. Сярэдняя шчыльн. 29 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Ляхавічы. Уключае 124 сельскія нас. пункты, 11 сельсаветаў: Альхоўскі, Востраўскі, Ганчароўскі, Жарабковіцкі, Конькаўскі, Крывошынскі, Куршынавіцкі, Навасёлкаўскі, Начаўскі, Падлескі, Свяціцкі.
Паўн. частка тэр. раёна размешчана ў межах Баранавіцкай раўніны, Клецкай раўніны і Капыльскай грады, паўд. — у межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня б.ч. тэрыторыі ўзгорыста-раўнінная, плоская, на Пд дзюнна-бугрыстыя ўчасткі. 70% тэрыторыі на выш. 150—180 м, найвыш. пункт 218,5 м (за 2 км на З ад в. Канюхі). Карысныя выкапні: торф, мел, гліны, суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, пясок. Сярэдняя т-растудз. -6 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 635 мм. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб р. Шчара з прытокамі Мышанка, Ліпнянка, Ведзьма; на ПдУ верхняе цячэнне р. Бобрык, на ПнУ — р. Нача. Азёры: Выганашчанскае (на мяжы з Івацэвіцкім р-нам), Качайла; вадасховішчы: Шчара, Нетчынскае. Меліярацыйны Свяціцкі канал. Пераважаюць глебы с.-r. угоддзяў дзярнова-падзолістыя забалочаныя (30,7%), тарфяна-балотныя (20,2%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (15,1%). Пад лесам 37,6% тэр. раёна, з іх 15,6% — штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Лясы хваёвыя, чорнаальховыя, яловыя, бярозавыя; трапляюцца дубовыя, грабавыя, ясянёвыя і інш.Найб. лясістасць на Пд раёна. Балоты займаюць каля 46 тыс.га, частка з іх асушана. Найб.Выганашчанскае балота. На Пд раёна частка гідралагічнага заказніка рэсп. значэння Выганашчанскае; заказнікі мясц. значэння: ландшафтна-гідралагічны ў пойме р. Шчара (ад в. Хацяж да в. Дарава) і гідралагічны — Ліпск (у пойме р. Шчара). Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк «Савейкі» (палацава-паркавы ансамбль, 1850, у в. Савейкі), рададэндран жоўты ў Мядзведзіцкім лясніцтве. Зона адпачынку «Шчара».
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 55,7 тыс.га, з іх асушаных 20 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 3 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак, эксперым. база, ільнонасенная станцыя. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, авечкагадоўлі, конегадоўлі, вытв-сці збожжавых і кармавых культур, лёну, бульбы, насенняводстве лёну-даўгунцу. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкетны з-д«Ляхавіцкі»), харч., ільняной, буд. матэрыялаў прам-сці; з-д «Металапластмас»; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Баранавічы—Лунінец і Баранавічы—Асіповічы, аўтадарогі Брэст—Слуцк, Баранавічы—Ляхавічы—Клецк. У раёне гімназія, 18 сярэдніх, 4 базавыя, 5 пач., маст., 2 муз., спарт. школы, 4 комплексы «Школа-сад», с.-г. тэхнікум, вучэбна-вытв. камбінат, 22 дашкольныя ўстановы, 24 дамы культуры, 21 клуб, кінатэатр, 45 б-к, 6 бальніц, паліклініка, 5 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: сядзіба (19 — пач. 20 ст.) у в. Грушаўка, Пакроўская царква (1670, перабудавана ў 1863) у в. Крывошын, Петрапаўлаўскі касцёл (1908) у в. Мядзведзічы, сядзіба (1810—15) у в. Нача, Святадухаўская царква (2-я пал. 18 ст.) у в. Падлессе, парк (2-я палавіна 18 ст.) у в. Сваятычы; сядзіба і парк (2-я пал. 19 ст.) у в. Ураджайная, сядзіба (19 ст.) у в. Флер’янова. Выдаецца газ. «Ляхавіцкі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТСВА́НА (Botswana),
Рэспубліка Батсвана, (Republic of Botswana), дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн і З з Намібіяй, на Пд і ПдУ з ПАР, на ПнУ з Зімбабве. Пл. 600,4 тыс.км². Нас. 1,4 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Габароне. Падзяляецца на 8 акруг. Афіц. мовы англійская і сетсвана. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 вер.).
Дзяржаўны лад. Батсвана — прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць прэзідэнту і парламенту — Нац. асамблеі, выканаўчая — прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Тэр. Батсваны займае вял. бяссцёкавую катлавіну пустыні Калахары, абмежаваную з усіх бакоў плато. Сярэдняя выш. 800—1000 м, на З да 1300 м. Рэльеф раўнінны, на У слабахвалісты. Карысныя выкапні: алмазы, золата, хром, серабро, плаціна, марганцавыя, медна-нікелевыя і кобальтавыя руды, каменны вугаль, азбест і інш. Клімат трапічны, з рысамі кантынентальнасці, гарачы і засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. 21—27, ліп. каля 16 °C. Ападкаў на Пн і У 500—700 мм, у Калахары менш за 250 мм. Дажджлівы перыяд у снеж.—красавіку. Рэкі малаводныя. На Пн — бяссцёкавы басейн р. Акаванга, на У — р. Лімпопа (упадае ў Індыйскі ак.) з прытокамі. Расліннасць пераважна саванная, на Пн — трапічнае рэдкалессе. Па далінах рэк на Пн, У, Пд — галерэйныя лясы. Нац. паркі — Гемсбак, Чобе, Нцкаі-Пан.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — народы сям’і банту: тсвана (каля 80%), машона, педы, герэра. У глыбіні Калахары карэнныя жыхары бушмены (кайсанская моўная група). Ёсць невял. колькасць англічан, афрыканераў, выхадцаў з Азіі і інш. 50% насельніцтва прытрымліваецца мясц.традыц. вераванняў, 50% — хрысціяне. Шчыльнасць насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана на ПдУ. У гарадах жыве каля 20% насельніцтва. Найбольшыя гарады Габароне, Серове, Фрэнсістаўн, Мачуды.
Гісторыя. Стараж. гісторыя Батсваны даследавана мала. Вядома, што бечуаны, якія прыйшлі з сучаснага Трансвааля (правінцыя ПАР), выцеснілі ва ўнутр. раёны Калахары бушменаў — аўтахтоннае насельніцтва краіны. Бечуаны на працягу стагоддзяў вялі барацьбу з плямёнамі, што пранікалі на іх тэрыторыю. Асабліва жорсткія былі войны з плямёнамі зулу на пач. 19 ст. З 1820 (з заснаваннем першай хрысціянскай місіі) — пастаянныя кантакты з еўрапейцамі. З сярэдзіны 19 ст. землі Батсваны пачынаюць захопліваць буры, аднак бечуаны, умела выкарыстоўваючы англа-бурскія супярэчнасці, здолелі на працягу 3 дзесяцігоддзяў захаваць незалежнасць. У 1885 б.ч. зямель бечуанаў далучана да англ. уладанняў у Паўд. Афрыцы. Англ. ўлады абвясцілі паўн. землі бечуанаў (тэр. сучаснай Батсваны) пратэктаратам пад назвай Бечуаналенд.
Пад націскам нац.-вызв. руху брыт. ўрад у 1961 прыняў канстытуцыю Батсваны, у ліст. 1963 даў пратэктарату самакіраванне. На выбарах у заканадаўчы сход у 1965 перамагла Дэмакр. партыя. 30.9.1966 абвешчана незалежная рэспубліка Батсвана.
Асн.паліт. партыя — Дэмакр. партыя Батсваны (правячая). Федэрацыя прафсаюзаў Батсваны аб’ядноўвае 11 галіновых прафсаюзаў. Батсвана — чл.ААН (з 1966), Садружнасці і інш.міжнар. арг-цый.
Гаспадарка. Батсвана — аграрная краіна са значнай горнай прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %) сельскай гаспадаркі 12, прам-сці каля 50, у т. л. горна-здабыўной каля 45. У сельскай гаспадарцы занята больш за 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, захаваліся феад. і племянныя перажыткі. Апрацоўваецца 3% тэрыторыі, пад лугамі і пашай каля 70%. Гал. галіна — адгонна-пашавая мясная жывёлагадоўля (круглагадовы выпас жывёлы на натуральных пашах). Пагалоўе (млн.): буйн. раг. жывёлы 3,5, коз і авечак 1,7. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў. Жывёла нізкапрадукцыйная. Росту пагалоўя перашкаджаюць засухі, недахоп вады, хваробы. За гады незалежнасці праведзены работы па паляпшэнні пашы, стварэнні вет. цэнтраў. Земляробства ў гаспадарках мясц. насельніцтва адыгрывае дапаможную ролю. Магчыма толькі на Пд і У краіны. Асноўныя с.-г. культуры — сорга, кукуруза, вырошчваюць пшаніцу, боб, проса, гародніну, садавіну. На ПдУ на плантацыях еўрап. фермераў вырошчваюць на арашальных землях экспартныя культуры: арахіс, тытунь, бавоўну, сланечнік, цытрусавыя. Некаторую ролю ў гаспадарцы карэннага насельніцтва адыгрываюць паляванне і рыбалоўства (асабліва на Пн). Гал. галіна прамысловасці — горназдабыўная. Батсвана займае 2—3-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (да 20 млн. каратаў штогод, гал. радовішчы Арапа, Джваненг, Летлхакане). Здабываюць таксама медныя, нікелевыя (другі па велічыні вытворца ў Афрыцы) і марганцавыя руды, каменны вугаль, азбест, серу. З галін перапрацоўчай прам-сцінайб. развіта мясная (буйны мясакамбінат у г. Лабацэ). Есць невял. прадпрыемствы па вытв-сці касцявой мукі, масла, мыла, піва і інш.Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт·гадз. ЦЭС у Габароне і Селебі-Пікве. Трансп. сетка развіта слаба. Адзіная чыгунка (даўж. 714 км) перасякае ўсх.ч. краіны. Даўж. аўтадарог 15,5 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 3,5 тыс.км. Міжнар. аэрапорт каля Габароне, авіяц. сувязі з суседнімі краінамі. Экспарт: алмазы, медна-нікелевы канцэнтрат, мяса, скуры, прадукты плантацыйнай гаспадаркі. Імпарт: машыны, абсталяванне, паліва, збожжа і мука, тэкстыль, адзенне. Значнае месца ў эканоміцы займаюць турызм і грашовыя пераводы грамадзян Батсваны, якія працуюць у ПАР. Асн. гандлёвыя партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, інш. краіны ЕЭС, ЗША. Грашовая адзінка — пула.
Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Батсваны.Батсвана. Агульны выгляд сталіцы Габароне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХРЭ́ЙН, Дзяржава Бахрэйн,
дзяржава (эмірат) у Паўд.-Зах. Азіі, на а-вах Бахрэйн у Персідскім зал. Бліжэйшыя суседзі — Саудаўская Аравія і Катар. Пл. 620 км². Нас. 600 тыс.чал. (1994). Сталіца — г.Манама. Дзярж. мова — арабская, дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень прыняцця Канстытуцыі (16 снеж.).
Дзяржаўны лад. Бахрэйн — незалежная канстытуцыйная манархія з 1971. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы — эмір. Заканад. ўлада належыць 1-палатнаму Нац. сходу, у склад якога ўваходзяць усе члены кабінета і 30 дэпутатаў (выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае эмір. Пасля ўрадавага крызісу 1975 эмір распусціў Нац. сход, з таго часу выбары не праводзіліся.
Прырода. У склад Бахрэйна ўваходзяць 33 мацерыковыя і каралавыя а-вы. Найб. з іх Бахрэйн (пл. каля 570 км²). Іншыя значныя а-вы: Мухарак, Ум-Наасан, Сітра, Хавар. У цэнтр. частцы в-ва Бахрэйн — вапняковае плато, над якім узвышаюцца ўзгоркі да 130 м. На астравах і ў тэрытарыяльным моры — радовішчы прыроднага газу (запасы каля 250 млрд.м³) і нафты (у значнай ступені вычарпаныя, запасы каля 20 млн.т). Клімат пераходны ад трапічнага да субтрапічнага, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра студз. 16 °C, ліп. 37 °C. Ападкаў каля 90 мм за год, выпадаюць зімой. Расліннасць пустынная, рэдкая: засухаўстойлівыя хмызнякі, палын, астрагал і інш. Жывёльны свет бедны, прыбярэжнае мора багатае рыбай, шматлікія каралы, малюскі-жамчужніцы.
Насельніцтва. 62% складаюць карэнныя жыхары — арабы-бахрэйнцы, 38% — выхадцы з суседніх араб. краін, Індыі, Пакістана, Ірана. Сярэдняя шчыльн. каля 1 тыс.чал. На 1 км². Гар. насельніцтва больш за 90%. Найб. гарады: Манама (121 тыс.ж.; 1991), Сітра, Іса.
Гісторыя. Упершыню Бахрэйн упамінаецца ў 3-м тыс. да нашай эры. У 2000—1800 да нашай эры партовы і гандлёвы цэнтр. На пач. нашай эры Бахрэйн — араб. княства. У 4—6 ст. у складзе дзяржавы Сасанідаў, потым — Арабскага халіфата. У канцы 9 ст. захоплены карматамі, у 10—11 ст. цэнтр іх дзяржавы. У сярэдзіне 13 ст. Бахрэйн стаў незалежны, але ў хуткім часе далучаны да эмірата Армуз. У 1521—1602 належаў Партугаліі, потым Персіі (да 1782). У 1783 захоплены араб. шэйхамі з роду Аль-Халіфа, якія абвясцілі незалежнасць Бахрэйна. Гэты род пануе ў Бахрэйне і цяпер. На пач. 19 ст. ўзмацніўся ўплыў Вялікабрытаніі, якая заключыла з шэйхамі шэраг дагавораў (1820, 1847, 1861), а ў 1871 усталявала свой пратэктарат, пацверджаны дагаворамі 1880 і 1892, і фактычна зрабіла Бахрэйн сваёй калоніяй. У 1934 зацверджаны «новы статус» Бахрэйна — паводле саюзнага дагавора ён стаў падпарадкоўвацца Вялікабрытаніі. У 1968—71 Бахрэйн у складзе Федэрацыі Арабскіх Эміратаў. 14.8.1971 абвешчаны незалежнай краінай. Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.
Бахрэйн — член ААН (з 1971), Лігі арабскіх дзяржаў, удзельнік Руху недалучэння; з 1981 у Савеце супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва.
Гаспадарка. Эканоміка Бахрэйна заснавана на здабычы газу і нафты, перапрацоўцы імпартуемай нафты і залежыць ад замежнага капіталу (вядучыя галіны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы). Здабыча (1993) прыроднага газу каля 1,5 млрд.м³, нафты каля 2 млн.т. Працуюць: нафтаперапр.з-д (магутнасць 14 млн.т за год; 2-і па велічыні на Блізкім і Сярэднім Усходзе), які перапрацоўвае нафту, пераважна імпартаваную з Саудаўскай Аравіі (больш як 10 млн.т за год); комплекс па вытв-сці алюмінію (120—170 тыс.т за год; на гліназёме з Аўстраліі і таннай мясц. электраэнергіі); док па рамонце супертанкераў; 11 ЦЭС агульнай магутнасцю каля 1400 МВт; прадпрыемствы па вытв-сці буравога абсталявання, алюмініевых, пластмасавых і лакафарбавых вырабаў, трубаў, вадкага кіслароду, прапану і бутану са спадарожнага газу. Ёсць цэм.з-д, прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці, верфі па буд-ве невял. суднаў. Развіты саматужна-рамесніцкія промыслы. Сельская гаспадарка развіта слаба. Апрацоўваецца каля 5% тэрыторыі, пераважна ў аазісах. Гал. культура — фінікавая пальма. Вырошчваюць агародніну (батат, памідоры, баклажаны і інш.), пшаніцу, кукурузу, ячмень, садавіну (грэцкі арэх, папайю, персікі). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць козаў, авечак, зебупадобных кароў, аслоў. Птушкагадоўля. Лоўля рыбы, крэветак, здабыча губак і жэмчугу. Бахрэйн — важны цэнтр міжнар.трансп. камунікацый. Гал. парты — Манама, Сітра. Міжнар. аэрапорт Мухарак (штогод каля 3 млн. пасажыраў) — адзін з буйнейшых у зоне Персідскага зал. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 200 км. Аўтапарк — каля 150 тыс. аўтамашын. Сувязь паміж найб. а-вамі па насыпных дамбах. В-аў Бахрэйн злучаны з Аравійскім п-вам (Саудаўская Аравія) дамбай даўж. каля 25 км з мостам (Сауда-Бахрэйнская шаша). Бахрэйн — буйны банкаўскі цэнтр (каля 150 устаноў, якія аперыруюць больш як 60 млрд.дол. ЗША). Даходы ад фінансавых аперацый даюць каля 16% валавога нац. прадукту. Краіна з’яўляецца цэнтрам транзітнага гандлю — больш за 40% тавараў рээкспартуецца (пераважна ў Саудаўскую Аравію і інш. суседнія краіны). Развіваецца турызм. Экспарт: нафтапрадукты, алюміній, пластмасы, крэветкі і інш. Імпарт: прамысл. абсталяванне і машыны, будматэрыялы, харч. і спажывецкія тавары. Асн.гандл. партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, ФРГ, Аўстралія. Грашовая адзінка — бахрэйнскі дынар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ВА (Warszawa),
горад, сталіца, буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Польшчы. Адм. ц.Варшаўскага сталічнага ваяводства. Размешчана на Мазавецкай нізіне абапал р. Вісла. 1642,7 тыс.ж. (1993). Вузел 7 чыгунак і 8 аўтадарог. Порт на р. Вісла. Міжнар. аэрапорт Акенцэ. Буйны цэнтр машынабудавання (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае; оптыка, дакладная механіка, аўта-, трактара- і станкабудаванне; каля 30% агульнай вытв-сці ў краіне), вытв-сці якасных сталей, будматэрыялаў, хім. (у т. л. фармацэўтычная і фотахім.), парфумернай, харч., буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейнай, гарбарна-абутковай, паліграф. прам-сці. Буйныя ЦЭЦ. Кінастудыя. Метрапалітэн (з 1994). На пач. 1990-х г. пачаўся агульны спад вытв-сці на большасці прадпрыемстваў горада. Пасля 1992 значны прыток замежных інвестыцый.
Першыя паселішчы на тэр. сучаснай Варшавы адносяцца да 10 ст., зручнае іх месцазнаходжанне на перакрыжаванні важных гандл. шляхоў спрыяла хуткаму эканам. развіццю і ўтварэнню горада. Упершыню Варшава ўпамінаецца ў 1313. З 1413 сталіца Мазавецкага княства, у 1526, пасля спынення дынастыі мазавецкіх князёў, Варшава далучана да Кароны. У 16 ст. тут праходзілі пасяджэнні сейма, у 1573 адбыліся першыя каралеўскія выбары. З 1596 сталіца Польшчы. У часы польска-швед. 1655—60 і Паўн. 1702—09 войнаў неаднаразова разбурана швед. войскамі, але хутка адбудоўвалася. З 2-й пал. 18 ст. — паліт., эканам., культ. і асв. цэнтр краіны. На Чатырохгадовым сейме 1788—92 у Варшаве прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Насельніцтва горада актыўна падтрымала паўстанне 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Варшава ў складзе Прусіі, яе паліт. і гасп. развіццё прыпынілася. У 1807—13 сталіца Варшаўскага герцагства, пасля Венскага кангрэса 1814—15 — Каралеўства (Царства) Польскага ў складзе Рас. імперыі, у 1837—1915 цэнтр Варшаўскай губерні. Варшава — адзін з цэнтраў нац.-вызв. паўстанняў 1830—31 і 1863—64. Важнейшы цэнтр фарміравання польск. культуры. Тут жылі і працавалі вучоныя, пісьменнікі, кампазітары, цесна звязаныя з бел. культурай: Э.Ажэшка, М.Федароўскі, Я.Карловіч, У.Сыракомля, Ч.Пяткевіч, І.Лялевель, С.Манюшка, В.Каратынскі, Ю.Галомбак, А.Плуг і інш.; дзейнічаў Варшаўскі нарадавольскі гурток беларускіх студэнтаў. З пач. індустрыялізацыі горада ў 2-й пал. 19 ст. Варшава — буйнейшы ў Польшчы асяродак рабочага руху, адзін з асн. цэнтраў рэвалюцыі 1905—07. У гады 1-й сусв. вайны пад герм. акупацыяй, каля Варшавы рус. войскі разграмілі ням.-аўстр. армію (гл.Варшаўска-Івангародская аперацыя 1914). З 1918 сталіца незалежнай Польшчы. У 1920 пад Варшавай разбіты войскі Чырв. Арміі (гл.Варшаўская аперацыя 1920). У маі 1926 Ю.Пілсудскі ажыццявіў у Варшаве дзярж. пераварот. У вер. 1939 акупіравана ням. фашыстамі, стала цэнтрам нац.-вызв. барацьбы (гл.Варшаўскае паўстанне 1943, Варшаўскае паўстанне 1944). Вызвалена 17.1.1945 у ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Горад быў моцна разбураны. У 1-й пал. 1950-х г. у час найб. ўзмацнення ў краіне паліт. рэпрэсій у Варшаве адбыліся шматлікія паказальныя суд. працэсы. У 2-й пал. 1950-х г. з пачаткам паліт. «адлігі» — цэнтр грамадскага руху за дэмакр. рэформы, месца правядзення дэманстрацый пратэсту (1956, 1968, 1976). Прадстаўнікі сацыяліст. краін падпісалі ў Варшаве Варшаўскі дагавор 1955. На пач. 1980-х г., калі палітыка-гасп. крызіс ахапіў усю Польшчу, хваля забастовак прайшла і на буйнейшых прадпрыемствах Варшавы.
Гістарычнае ядро горада ўключае раёны Старая Варшава і Новая Варшава. У старой Варшаве крапасныя сцены (14—15 ст.) з барбаканам (1548, арх. Дж.Баціста); камяніцы 15—18 ст. з дэкар. скульптурай, размалёўкамі і сграфіта; фарны касцёл св. Яна (14 ст.). У Новай Варшаве фарны касцёл (15 ст.), кляштары і касцёлы 16—17 ст. На Пд ад раёна Старой Варшавы Каралеўскі замак (1598—1619) з параднымі інтэр’ерамі ў стылях барока і класіцызму. У 17—18 ст. уздоўж гал. вуліц пабудаваны палацы: Асалінскіх (1641, арх. В.Сенес), Красінскіх (1677—83), Паца (1690—97, арх. абодвух Тыльман Гамерскі), Блакітны (Замойскіх, 1726, арх. Я.Д.Яўх, М.Д.Пёпельман), Бланка (1762—64, арх. Ш.Б.Цуг), Тышкевічаў (1785—92, арх. С.Завадскі, Я.Х.Камзетцэр). У прадмесці Варшавы размешчана летняя каралеўская рэзідэнцыя Вілянаў (1677—96, арх. А.Лочы) з рэгулярным паркам. У 18 ст. пабудаваны касцёлы візітак (1727—34, арх. К.Бай; фасад і інтэр’ер 1754—62, Э.Шрогер), евангелісцкі (1777—81, арх. Цуг), св. Ганны (1786—88, арх. Х.П.Айгнер, С.К.Патоцкі); палацава-паркавы комплекс Лазенкі. З пач. 19 ст. фарміруецца новы цэнтр Варшавы з рэгулярнымі кварталамі, жылымі і грамадскімі будынкамі ў стылі класіцызму (ансамблі Тэатральнай і Банкаўскай плошчаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр, зах. і паўд. раёны забудоўваліся шматпавярховымі эклектычнымі пабудовамі, будынкамі ў стылях мадэрн, пазней — функцыяналізму («Тэатр польскі», 1912; Банк кааператыўных т-ваў, 1912—17; Гал. гандлёвая школа, 1926—35, і інш.). У 2-ю сусв. вайну знішчана або значна пашкоджана 90% арх. помнікаў Варшавы. Паводле праекта рэканструкцыі Варшавы (1946) пабудаваны гал. магістралі Усход—Захад і Поўнач—Поўдзень, рэканструявана вул. Маршалкоўская з ансамблем пл. Канстытуцыі (1950—52), Палацам культуры і навукі (1952—55, арх. Л.Руднеў) і сучасным гандл. цэнтрам (т.зв. Усходняя сцяна, 1962—70, арх. З.Карпінскі). Найб. значныя пабудовы гэтага часу: будынкі Нац. Польскага банка (1948), Сейма (1948—51, арх. абодвух Б.Пнеўскі), Гданьскі мост (1957—59, арх. Я.Ратынскі). У 1970-я — пач. 1990-х г. пабудаваны: Цэнтральны вакзал (1972—75, арх. А.Рамановіч), вышынны дом на Банкаўскай пл. (т.зв. серабрысты, 1991), будынак Польскіх авіяліній «Лёт» і атэль «Марыёт» (1978—89, арх. Т.Стафанскі і інш.), Гандлёвы дом «Пэвэкса» (1989—91, арх. Е.Скшыпчак), атэль «Меркуры» (1991—93, арх. Я.Роўб) і інш.
У Варшаве больш за 40 помнікаў, у т. л. калона Жыгімонта III на Замкавай пл. (1644), помнікі М.Каперніку (1828—30, Б.Торвальдсен), А.Міцкевічу (1898, Ц.Гадэбскі), Ф.Шапэну ў Лазенках (1907—26, В.Шыманоўскі), героям Варшавы (1964, М.Канечны), касцюшкаўцам (1985, А.Кастэн, Б.Хімінскі), Варшаўскаму паўстанню (1989, В.Куцма) і інш.
У Варшаве 18 ВНУ: ун-т (з 1818); політэхнічны ін-т (з 1915); акадэміі медыцынская, музычная імя Шапэна, прыгожых мастацтваў, каталіцкай тэалогіі, фіз. выхавання, хрысціянская тэалагічная; Вышэйшая тэатр. школа; Гал. гандлёвая школа; Вышэйшая школа кіравання і інш. Польская АН. Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка, Гал.б-ка Варшаўскага ун-та, Публічная б-ка Варшавы. Каля 40 музеяў, у т. л.Нац. музей, Этнаграфічны, Археалагічны, Войска польскага, Гістарычны, Літаратурны імя А.Міцкевіча, у Лазенках, Вілянаве. Мастацкія галерэі. Батанічны сад. 23 драм., 5 дзіцячых, 2 оперныя т-ры, т-р аперэты. Філармонія. Штогод праводзіцца Міжнар. фестываль сучаснай музыкі «Варшаўская восень». 1 раз у 5 гадоў Міжнар. конкурс піяністаў імя Шапэна.
Літ.:
Czajewski W. Warszawa ilustrowana. T. 1—4. Warszawa, 1895;
Drozdowski N.M., Zahorski A. Historia Warszawy. Warszawa, 1972;
Lewicka M. Atlas architektury Starego Miasta w Warszawie. Warszawa, 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́Н (Gabon),
Габонская Рэспубліка (République Gabonaise), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс.км², нас. 1123 тыс.чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).
Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.
Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Большую ч.тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах.банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.
Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач.н.э. тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі былі партуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».
З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл.ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіны прафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн.т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн.т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн.м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд.кВтгадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцы з-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн.т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс.км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш.гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ЙОРК (New York),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Йорк. 7381 тыс.ж., з прыгарадамі ў штаце Нью-Йорк больш за 8,5 млн.ж. (1998, 4-ы па колькасці, насельніцтва ў свеце). Нас.Вял. Н.-Й. 19938 тыс.ж. (1996), уключае злітыя ў адну урбанізаваную зону (агульная пл. каля 10 тыс.км²) гарады ў суседніх раёнах штатаў Нью-Йорк, Нью-Джэрсі, Канектыкут. Уласна Н.-Й. складаецца з 5 акруг (адм. раёнаў): Манхатан (гіст. ядро і дзелавы цэнтр горада з гал. вуліцай Брадвей), Бруклін, Куінс, Бронкс, Рычманд. Найважнейшы трансп. вузел ЗША. Порт на Атлантычным узбярэжжы, у вусці р. Гудзон, па якой ідзе каналізаваны водны шлях да Вялікіх азёр. Цэнтр аптовага гандлю бавоўнай, рудамі, металамі, каўчуком, збожжам, цукрам, кавай, прамысл. вырабамі. 3 гал. аэрапорты, у т. л.міжнар. Дж.Кенэдзі. Вузел некалькіх дзесяткаў чыгунак і аўтадарог. Буйнейшы эканам., паліт., навук. і культ. цэнтр ЗША. Адзін з гал.гандл.-фін. цэнтраў свету; праўленні большасці вядучых банкаў, кампаній, страхавых т-ваў краіны. Нью-Йоркская фондавая біржа на вуліцы Уол-Стрыт — найбуйнейшая ў свеце па памерах аперацый з каштоўнымі паперамі. Н.-Й. — гал. арганізацыйна-кіраўніцкі цэнтр амер. прам-сці, на яго прыпадае каля 10% прадукцыі апрацоўчай прам-сці ЗША. Асн. галіны прам-сці: паліграф., тэкст., швейная, харч., аўтамаб., авіяц., авіяракетная, оптыка-мех., вытв-сць парфумерна-касметычных сродкаў, ювелірных вырабаў, радыё- і тэлевізійнай апаратуры, мед. інструментаў, цацак. У прыгарадах — асн. галіны прам-сціВял. Н.-Й.: шматгаліновае машынабудаванне (эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць, суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сцьпрамысл. абсталявання, прылада- і станкабудаванне, ваенная прам-сць), чорная і каляровая металургія, металаапрацоўка, нафтаперапр., нафтахім., цэлюлозна-папяровая, шкляная, цэм., харч., гарбарна-абутковая, футравая прам-сць. Метрапалітэн (больш за 500 станцый), гар. падвясныя чыгункі; тунэлі, масты і паромы праз р. Гудзон і марскія пралівы ў межах горада. Цэнтр турызму. У Н.-Й. штаб-кватэра і інш. ўстановы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Горад вырас з гандл. факторыі, засн. галандцамі ў 1614 на в-ве Манхатан. У 1626 галандская Зах.-інд. кампанія заснавала тут першае еўрап. паселішча пад назвай Новы Амстэрдам. З 1629 партовы горад, праз які вывозілі карабельны лес, футра, тытунь. Першыя негрыцянскія нявольнікі з’явіліся тут у 1652. У час англа-галандскай вайны 1672—74 (гл.Англа-галандскія войны 17 стагоддзя), каб абараніць горад ад нападаў індзейцаў і каланістаў з Новай Англіі, ён быў абнесены агароджай (на гэтым месцы цяпер вул. Уол-Стрыт, што значыць Сценная вуліца). У 1664 Новы Амстэрдам захапілі англічане і перайменавалі ў Н.-Й. У 1673 заваяваны галандцамі, з 1674 зноў адышоў да англічан. З пач. 18 ст. буйны порт і культ. цэнтр ЗША. У 1753 засн. Каралеўскі каледж (з 1784 Калумбійскі універсітэт). У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 акупіраваны брыт. войскамі (1776—83). У 1784—97 Н.-Й. — сталіца аднайм. штата і ў 1785—90 часовая сталіца ЗША. У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 100 тыс. жыхароў горада ваявалі на баку Поўначы. З 1860-х г.гал. фінансавы цэнтр ЗША (у 1870 Н.-Й. кантраляваў 70% імпарту і 60% экспарту ЗША). У 19 ст. Н.-Й. — адзін з цэнтраў рабочага руху.
Гіст. ядро горада Манхатан з пач. 19 ст. мае прамавугольную планіроўку, з Пд на Пн ідуць падоўжныя (авеню), з З на У — папярочныя (стрыты) вуліцы, іх сетка ўтварае дробныя кварталы; па дыяганалі іх перасякае гал. магістраль — Брадвей. На мяжы 19—20 ст. пачалося буд-ва небаскробаў, якія стварылі своеасаблівы сілуэт горада. Вял. тэрыторыі займалі густанаселеныя раёны трушчоб, рабочыя, прамысл. і партовыя кварталы. Да сярэдзіны 20 ст. Н.-Й. стаў гіганцкай агламерацыяй гарадоў і прыгарадаў, жылых, прамысл. і трансп. участкаў. Праведзена некалькі рэканструкцый раёнаў: створаны асобныя добраўпарадкаваныя кварталы жылых дамоў (Стывесент-таўн, 1945—49; Вашынгтон-сквер-вілідж, 1960; Пола Граўндс, 1964—67); установы культуры і багатыя жылыя кварталы размясціліся вакол Цэнтр. парку (закладзены ў 1858, пл. 320 га); на набярэжных Манхатана і інш., пракладзены сучасныя трансп. магістралі з эстакадамі-развязкамі. Захаваліся асобныя дамы 17—18 ст., якія з’яўляюцца ўзорамі класіцыстычнага «федэральнага стылю» (ратуша, 1803—12, арх. Дж.Мангін, Дж.Мак-Комб). класіцызму (Федэрал-хол, 1833—42, арх. У.Рос і інш.), неаготыкі (царква Трыніты-чэрч, 1839—46, арх. Р.Анджон), эклектыкі (б-ка Моргана, 1902—05, арх. Ч.Ф.Мак-Кім, У.Мід, С.Уайт). Выдатныя прыклады інж. тэхнікі — масты Н.-Й.: Бруклінскі (1869—83, інж. Дж.Роблінг), Дж.Вашынгтона (1931, інж. О.Аман, арх. К.Гілберт; 2-і ярус — 1961) і інш. Сярод небаскробаў: Трыбюн-білдынг (1874, арх. Р.М.Хант), Эмпайр стэйт білдынг (1930—31, арх. фірма «Шрыў, Лэм і Харман», 102 паверхі), Рокфелер-цэнтр (1931—40, арх. Б.У.Морыс і інш.), будынкі штаб-кватэры ААН (1947—52, арх. У.К.Харысан, Ле Карбюзье, О.Німеер, С.Маркеліус і інш), Сігрэм-білдынг (1956—58, арх. Л.Міс ван дэр Роэ, Ф.Джонсан), «Чэйз Манхатан банк» (1961, арх. Л.Скідмар, Н.А.Оўінгс, Дж.О.Мерыл), 2 самыя высокія ў горадзе 110-павярховыя вежы Сусв.гандл. цэнтра і Сусв.фін. цэнтра (выш. 412 м; 1971—73, арх. М.Ямасакі, Э.Рот і інш.). Найб. значныя будынкі сучаснай архітэктуры: Музей Саламона Р.Гугенгайма (1956—59, арх. Ф.Л.Райт), аэравакзал кампаніі TWA у аэрапорце Дж.Кенэдзі (1962, арх. Э.Саарынен), Музей амер. мастацтва Уітні (1966, арх. М.Броер), Лінкальн-цэнтр, т-р «Вівіян Бомант» (1965, арх. Саарынен), «Метраполітэн-опера». Помнікі: статуя Свабоды (1886, скульпт. Ф.А.Бартальдзі, арх. Хант), арка Вашынгтона (1895, арх. Ч.Ф Мак-Кім, У.Мід, С.Уайт) і інш.
У Н.-Й. каля 90 ун-таў і каледжаў, у т. л.Калумбійскі універсітэт, Нью-Йоркскі універсітэт, Фордхемскі (з 1841), Нью-Йоркскі гарадскі (з 1847) ун-ты, ун-т Ешыва (з 1886), каледжы Бруклінскі, Нью-Йоркскі гарадскі, Манхатанскі, Рычмандскі і інш. Сярод буйнейшых навук. устаноў Нью-Йоркская АН і Амер. акадэмія мастацтваў і л-ры. Буйнейшыя б-кі: Нью-Йоркская публічная, Калумбійскага ун-та, Б-каААН імя Д.Хамаршэльда і інш. Музеі: Метраполітэн-музей, сучаснага мастацтва, Музей Саламона Р.Гугенгайма, Амер. музей натуральнай гісторыі, Музей амер. мастацтва Уітні, Музей Н.-Й. і інш. Лінкальнаўскі цэнтр выканаўчых мастацтваў, у складзе якога Метраполітэн-опера, Нью-Йоркскі гарадскі балет, Нью-Йоркская філармонія, Джульярдская музычная школа (кансерваторыя), тэатр.б-ка, музей і інш. Тэатральныя трупы працуюць пераважна на Брадвеі. Працуе Нью-Йоркскі філарманічны аркестр. Буйнейшая канцэртная зала «Карнегі-хол».
Літ.:
Ирвинг В. История Нью-Йорка: Пер. с англ.М., 1968;
Иконников А.В. Нью-Йорк. Л., 1980.
Дзелавы цэнтр Нью-Йорка.Ныо-Йорк. Цэнтральны парк у раёне Манхатан.Вісячы Бруклінскі мост у Нью-Йорку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТО́МІЯ РАСЛІ́Н,
раздзел батанікі, які вывучае ўнутр. будову органаў і тканак раслін.
Узнікненне і развіццё анатоміі раслін звязана з вынаходствам мікраскопа і працамі італьян. біёлага М.Мальпігі і англ. батаніка Н.Гру (мікраскапічнае вывучэнне раслінных аб’ектаў; 2-я пал. 17 ст.), стварэннем клетачнай тэорыі (ням. біёлаг Т.Шван, 1839), даследаваннем раслінных тканак, клетак і іх арганоідаў (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) паралельна з вывучэннем іх росту, развіцця і дыферэнцыроўкі ў працэсе антагенезу (гл.Фізіялогія раслін). Значную ролю ў развіцці анатоміі раслін адыгралі працы рус. батанікаў І.В.Баранецкага, С.П.Костычава, В.Р.Заленскага, В.Ф.Раздорскага, В.Р.Аляксандрава, В.М.Радкевіч, А.А.Яцэнка-Хмялеўскага, В.К.Васілеўскай, М.Ф.Данілавай і інш.
На Беларусі анатомія раслін развіваецца з 1930-х г. (К.Г.Рэнард, А.Л.Новікаў, С.У.Калішэвіч). Навук.-даследчая работа вядзецца ў БДУ, ін-тах біял. аддзялення АН Беларусі, Бел.с.-г. акадэміі, Гомельскім і Бел.тэхнал. ун-тах і інш. У 1954—66 выкананы работы па экалагічнай, параўнальнай і тэхн. анатоміі раслін (В.Я.Віхроў, Р.Ц.Пратасевіч, А.С.Самцоў). Вывучаецца зменлівасць анат. будовы дзікарослых і культурных раслін пад уплывам генет. і фізіял. фактараў, а таксама дрэвавых раслін пад уплывам экалагічных умоў, вырашаюцца пытанні палягання с.-г. культур (Н.С.Суднік, А.В.Пятрэнка, Пратасевіч, Т.Ф.Дзяругіна, Г.А.Новікава, А.Р.Тэн, А.І.Аляксеева, Н.С.Кісялёва і інш.). Даныя анатоміі раслін выкарыстоўваюць у аграноміі, тэхніцы, гісторыі культуры, археалогіі, прам-сці (харч., мэблевай, фармацэўтычнай, цэлюлозна-папяровай і інш.). Істотнае развіццё атрымліваюць эвалюцыйны і экалагічны кірункі вывучэння анатоміі раслін.
Літ.:
Киселева Н.С. Анатомия и морфология растений. 2 изд. Мн., 1976;
Эзау К. Анатомия семенных растений: Пер. с англ.Кн. 1—2. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ПРАЕКТАВА́ННЯ,
выкарыстанне ЭВМ і інш. сродкаў аўтаматызацыі, аб’яднаных у сістэму класа «чалавек—машына» для праектавання машын, абсталявання, збудаванняў і інш. аб’ектаў.
Аўтаматызацыя праектавання дае магчымасць павялічыць дакладнасць разлікаў і канструктарскай дакументацыі, выбіраць варыянты для рэалізацыі на аснове матэм. аналізу ўсіх або большасці з іх, скараціць тэрміны праектавання і інш. Метады і сродкі аўтаматызацыі праектавання залежаць ад характару і прызначэння аб’екта праектавання. Найб. істотныя вынікі атрымліваюцца пры аўтаматызацыі праектавання складаных тэхн. сістэм і збудаванняў, пры падрыхтоўцы праграмна-кіравальнага выканаўчага абсталявання. З дапамогай графапабудавальнікаў, друкавальных прыстасаванняў і інш. сродкаў вываду інфармацыі вынікі аўтаматызацыі праектавання аўтаматычна выдаюцца ў выглядзе схем, чарцяжоў ці графікаў (табліц) на аркушах паперы чарцёжных фарматаў, магнітнай стужцы, мікрафільмах і інш. або на спец. экране. Пры аўтаматызацыі праектавання машын і механізмаў па зыходных даных вызначаюць найлепшы варыянт кампаноўкі вырабу, выбіраюць і разлічваюць канструкцыю і яе асобныя вузлы, аптымізуюць допускі і пасадкі, вызначаюць форму спалучаных паверхняў, чысціню іх апрацоўкі і інш.
Навукова-тэхн. распрацоўкі сістэм аўтаматызацыі праектавання вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі з 1960-х г.: сфармуляваны асновы аўтаматызацыі праектавання ў машынабудаванні; створаны першыя алгарытмы, праграмы і тэхн. сродкі канструявання і тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці машын і абсталявання; распрацаваны «аўтаматычны чарцёжнік» дае магчымасць з вял. дакладнасцю рабіць чарцяжы вырабаў складанай канфігурацыі (карабельных вінтоў, крыла самалёта, лапатак рабочых колаў турбін і інш.).
Літ.:
Системы автоматизированного проектирования технологических процессов, приспособлений и режущих инструментов. М., 1988;
Ракович А.Г. Основы автоматизации проектирования технологических приспособлений. Мн., 1985.