РАДЫЕІМУНАДЫЯГНО́СТЫКА,

дыягнастычны метад даследавання, заснаваны на выкарыстанні радыеізатопнага мечання антыгенаў або антыцел. Найб. адчувальны метад вызначэння антыгенаў і антыцел, выкарыстоўваецца таксама для вызначэння гармонаў, лек. рэчываў, для дыягностыкі бактэрыяльных, вірусных, пратазойных захворванняў, даследавання бялкоў крыві, тканкавых антыгенаў.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЗНІЦА,

у хрысціянскіх храмах памяшканне для захоўвання рыз (адзенне святара пры богаслужэнні) і царк. начыння. Найчасцей знаходзіцца ўнутры храма (напр., у адным з алтароў), можа быць у выглядзе прыбудовы або (у манастырах) асобнага будынка.

Г.​С.​Ларкін.

т. 13, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЕРО́МЕТР (ад грэч. sklēros цвёрды, шчыльны + ...метр),

прылада для вымярэння цвёрдасці металаў, крышталяў, пакрыццяў і інш. матэрыялаў. Засн. на метадах драпін і ўціскання. Цвёрдасць матэрыялу вызначаюць нагрузкай, пры якой застаецца драпіна пэўнай шырыні або ўціснутасць пэўнай плошчы.

т. 14, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІ́ЗМ (ад грэч. mēchanē прылада, машына),

1) сістэма злучаных паміж сабой цел (звёнаў) для пераўтварэння (перадачы, узнаўлення) руху аднаго або некалькіх цел у патрэбныя рухі інш. цел; аснова машын, апаратаў, прылад, тэхн. прыстасаванняў. Звычайна ў М. ёсць уваходнае (вядучае) звяно, што атрымлівае рух ад якога-н. рухавіка, і выхадное звяно, злучанае з нейкім рабочым органам.

Звяно М. можа складацца з 1 або некалькіх нерухома злучаных дэталей. Спалучэнне 2 судатыкальных звёнаў, якое дапускае іх адносны рух, наз. кінематычнай парай. Найб. пашыраныя кінематычныя пары: вярчальная (шарнір), паступальная (паўзун і накіравальная), вінтавая (вінт і гайка), сферычная (шаравы шарнір). Перадатачныя М. — карданныя (гл. Карданны шарнір), а таксама зубчастыя, ланцуговыя і інш. перадачы; пераўтваральныя (узнаўляльныя) — крывашыпныя механізмы, кулачковыя механізмы, кулісныя механізмы, шарнірныя механізмы, мальтыйскія. М. наз. гідраўл. або пнеўматычным, калі ў пераўтварэнні руху, акрамя цвёрдых цел (звёнаў), удзельнічаюць вадкасці або газы. Адрозніваюць таксама М.: плоскія (траекторыі руху пунктаў усіх звёнаў ляжаць у паралельных плоскасцях) і прасторавыя (траекторыі ляжаць у непаралельных плоскасцях або некат. з іх з’яўляюцца прасторавымі крывымі; прасторавымі з’яўляюцца, напр., чарвячныя перадачы, шарнірныя муфты, часткі некат. маніпулятараў); М. рухавікоў, пераўтваральнікаў, прылад; кіроўныя, выканаўчыя механізмы і інш. Найб. пашыраны М. з 1 ступенню свабоды, у якіх для пэўнага руху ўсіх звёнаў трэба задаць закон руху аднаго (вядучага) звяна; ёсць і М. з 2 ступенямі свабоды (напр., дыферэнцыялы ў трансп. сродках). Рухі М. і іх звёнаў, рэакцыі элементаў кінематычных лар вывучаюць кінематыка механізмаў, кінетастатыка механізмаў, дынаміка механізмаў і машын, метады даследавання і праектавання М. складаюць ч. механізмаў і машын тэорыі. Унутр. будова, сістэма чаго-н., парадак якога-н. віду дзейнасці (напр., дзярж. М. кіравання, гасп. М.).

3) Сукупнасць і паслядоўнасць станаў, стадый, працэсаў, з якіх складаецца якая-н. фіз., хім., фізіял. і падобная з’ява (напр., М. выпрамянення, М. хім. рэакцыі, М. мыслення).

Літ.:

Кожевников С.Н., Есипенко Я.И., Раскин Я.М. Механизмы. 3 изд. М., 1965;

Артоболевский И.И. Механизмы в современной технике Т. 1—2. М., 1970—71;

Кожевников С.Н. Основания структурного синтеза механизмов. Киев, 1979.

У.​М.​Сацута.

Механізмы: а — зубчастай перадачы з эліптычнымі коламі; б — крывашыпна-кулісны для пераўтварэння вярчальнага руху ў паступальны (1 — куліса, 2 — крывашып, 3 — паўзун); в — мальтыйскі для пераўтварэння неперарыўнага вярчальнага руху ў перарывісты (1 — вядучы дыск, 2 — вядзёны дыск, т.зв. мальтыйскі крыж); г — зубчастай рэйкі.

т. 10, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗІС ДЭНУДА́ЦЫІ, дэнудацыйны ўзровень,

ніжні ўзровень паверхні, да якога перамяшчаюцца (скочваюцца або змываюцца) прадукты разбурэння (выветрывання) горных парод. Звычайна адпавядае падэшве горнага схілу, дзе адбываецца акумуляцыя матэрыялу, які зносіцца зверху, і ўтвараюцца (пры стромкіх схілах) дэлювіяльныя шлейфы (гл. Дэлювій).

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАПО́ЕЗД, аўтамабільны поезд,

аўтамабіль з паўпрычэпам або некалькімі прычэпамі цягава-счэпнымі ці апорна-седлавымі прыстасаваннямі. Маюць агульныя з аўтамабілем тармазную сістэму і электраабсталяванне; бываюць грузавыя, пасажырскія і спецыяльныя. На Беларусі аўтамабільныя паязды выпускае ВА «БелаўтаМАЗ».

Аўтапоезд МАЗ-63031 + 83781.

т. 2, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАНДЗЕ́ЙКА,

абцягнутая скурай драўляная трубка з вечкам для захоўвання і пераносу парахавых зарадаў для зброі, што зараджалася з дула; прататып патранташа. Некалькі (8—12) берандзеек мацаваліся да партупеі або рэменя стралка. У войсках ВКЛ і ў казакоў наз. парахаўніца.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮМ, блум (англ. bloom),

стальная загатоўка квадратнага сячэння са стараной больш за 140 мм. Атрымліваецца са зліткаў ці з літых загатовак пракаткай на абціскных станах — блюмінгах або блюмінгах-слябінгах. Прызначана для вытв-сці сартавога пракату (рэек, бэлек і інш.).

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРЭДЫТАВА́ННЕ (ад лац. accredere давяраць),

у міжнар. праве працэс прызначэння і ўступлення на пост дыпламат. прадстаўніка пры ўрадзе інш. дзяржавы або пастаяннага прадстаўніка дзяржавы пры міжнар. арг-цыі. Пачаткам акрэдытавання з’яўляецца агрэман, завяршэннем — уручэнне акрэдытаваным (прызначаным) даверчай граматы.

т. 1, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІТУРЫЕ́НТ [ад позналац. abituriens (abiturientis) які збіраецца пайсці],

у большасці краін асоба, якая заканчвае сярэднюю спец. навуч. ўстанову. На Беларусі і ў інш. краінах СНД з канца 1950-х г. тэрмін «абітурыент» набыў інш. сэнсавае значэнне — які паступае ў вышэйшую або сярэднюю спец. навуч. ўстанову.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)