ЗАСА́ДА,
1) загадзя і старанна замаскіраванае размяшчэнне воінскага падраздзялення (або партызан) на найб. верагодных шляхах руху праціўніка з мэтай яго разгрому раптоўным ударам, захопу палонных і знішчэння баявой тэхнікі.
2) У Стараж. Русі — гарнізон у горадзе на чале з засадным ваяводам; войскі рэзерву (таксама засадны полк), падрыхтаваныя для нечаканага нападу на праціўніка. Напр., у Кулікоўскай бітве 1380 засадны полк на чале з Баброкам-Валынскім і Уладзімірам Серпухаўскім вырашыў зыход бою.
т. 6, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́БРЫЧ (Дзмітрый Іванавіч) (1.6.1922, г. Дзергачы Харкаўскай вобл., Украіна — 1.10.1968),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1952). З 1954 саліст Бел. філармоніі. Творчая індывідуальнасць спевака найб. раскрылася ў камерным рэпертуары (рамансы Ф.Шуберта, Э.Грыга, М.Мусаргскага, Г.Свірыдава). Выканаў больш за 400 твораў, у т. л. шмат нар. песень, арый з опер, рамансаў і песень бел. кампазітараў. У яго трактоўках высакародная мужнасць спалучалася з мяккай паэтычнасцю.
т. 7, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНЬКО́ВА (Ефрасіння Савельеўна) (22.12.1923, в. Ушалы Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 19.4.1984),
адзін з кіраўнікоў падпольнага руху ў Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1958). З пач. вайны ў роднай вёсцы, наладзіла сувязь з партыз. атрадам імя Варашылава Сіроцінскай брыгады, выконвала яго заданні, вяла разведку. У пач. 1942 узначаліла Обальскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З вер. 1943 у партызанах. Да 1967 на камс. і адм. рабоце.
т. 7, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЮ́МАЎ (Мікалай Андрэевіч) (24.12.1920, г. Аша Чэлябінскай вобл., Расія — 28.6.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ульянаўскае бранятанк. вучылішча (1941). На фронце з 1941. Камандзір танк. батальёна капітан І. вызначыўся ў Бабруйскай аперацыі 1944: экіпаж танка І. з 26 да 28.6.1944 знішчыў 7 процітанк. гармат, 3 дзоты, 10 агнявых пунктаў. Загінуў у баі. У яго гонар в. Дурынічы Бабруйскага р-на перайменавана ў Ізюмава.
т. 7, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТРУМЕНТАЛІ́ЗМ,
кірунак у філасофіі і метадалогіі навукі, які разглядае навук. паняцці, гіпотэзы, тэорыі як інструменты, неабходныя для паспяховай тэарэт. і практ. арыентацыі чалавека ў яго ўзаемадзеянні з прыродай і грамадствам. Звязаны з прагматызмам, аперацыяналізмам і канвенцыяналізмам. Пазнанне лічыць інструментам, які людзі адвольна выкарыстоўваюць у сваіх мэтах незалежна ад ісціннасці пазнання. Разгорнутую канцэпцыю І. сфармуляваў Дж.Дзьюі. Ідэі І. зрабілі ўплыў на пазіцыі вучоных Г.Кірхгофа, Г.Герца, П.У.Брыджмена, А.Эдынгтана.
т. 7, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРВО́ТА, ванітаванне,
мімавольнае выкідванне змесціва са стрававальнага тракту, пераважна са страўніка, праз рот. У фізіял. адносінах — ахоўная рэакцыя, якая ўзнікае пры раздражненні рэцэптараў кораня языка, глоткі, слізістай абалонкі страўніка, кішэчніка, брушыны, вестыбулярнага апарату. Можа быць абумоўлена нюхальнымі і смакавымі раздражненнямі, якія выклікаюць гадлівасць. Паталаг. формы І. звязаны з захворваннямі органаў стрававання, галаўнога мозга ці яго абалонак, як праяўленне істэрыі. Неўтаймаваная І. назіраецца пры цяжкіх інфекцыях, атручэннях, таксікозе цяжарнасці.
т. 7, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИСКУ́ССТВО»,
часопіс пададдзела мастацтва аддзела нар. асветы Віцебскага губвыканкома і Саюза работнікаў мастацтва Віцебска. Выдаваўся ў 1921 у Віцебску на рус. мове (выйшла 6 нумароў). Публікаваў артыкулы пра маст., тэатр., муз. жыццё горада. На яго старонках выступалі мастакі К.Малевіч, М.Кунін, крытыкі А.Ром, П.Мядзведзеў, дырыжор М.Малько, паэт М.Пустынін і інш. У 1922 аб’яднаны з час. «Работник просвещения», выходзіў пад назвай «Работник просвещения и искусства».
т. 7, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВЕ́РСКІ (Эдуард Аўрэліянавіч) (1837, Ігуменскі пав. Мінскай губ. — 30.7.1916),
ваенны картограф. Ген.-лейт. (1900). Скончыў Брэсцкі кадэцкі корпус, Акадэмію Генштаба (1866). Служыў у Генштабе. Пад кіраўніцтвам К. ўпершыню складзены шэраг карт Азіяцкай часткі Рас. імперыі, Прыбалтыкі і інш. У 1896 атрымаў узнагароду «Залаты арол» Рус. геагр. т-ва. Быў папячыцелем Аляксееўскага касцёла ў Івянцы (Валожынскі р-н), дзе жылі яго родныя (асвячоны ў 1907). Пахаваны ў гэтым касцёле.
В.Д.Бабровіч.
т. 7, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Аўрамавіч, н. 8.10.1938, в. Халіпы Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт. Піша на бел. і рус. мовах. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1961). Працаваў у прэсе. У 1964 пераехаў у Крым, жыве ў Ялце. Друкуецца з 1956. Аўтар зб-каў «Млечны шлях» (1969), «Сем калодзежаў» (1976), «Родныя гарызонты» (1982), «Вянок васільковы» (1992). Асн. матывы яго творчасці: любоў да роднай зямлі, адзінства чалавека і прыроды.
М.П.Кенька.
т. 7, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛІЮ ГІДРАКСІ́Д, едкае калі,
KOH. Бясколерныя крышталі, tпл 405 °C, шчыльн. 2044 кг/м³. На паветры расплываецца, паглынае ваду і вуглякіслы газ. Добра раствараецца ў вадзе, этаноле. Моцная аснова, належыць да шчолачаў. Водныя растворы разбураюць шкло, расплавы — фарфор, плаціну. Атрымліваюць электролізам канцэнтраваных раствораў хларыду калію. Выкарыстоўваюць для атрымання вадкага мыла, злучэнняў калію, у шчолачных акумулятарах і інш. К.г. і яго растворы выклікаюць цяжкія апёкі скуры і слізістых абалонак.
т. 7, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)