здымка зямной паверхні з дапамогай радыёлакацыйнага зандзіравання. Праводзіцца з самалётаў, касм. лятальных апаратаў і інш., дзе ўстаноўлена радыёлакацыйная апаратура. Пры радыёлакацыйным зандзіраванні адбіты ад зямной паверхні сігнал пераўтвараецца ў відэасігнал і запісваецца на фатаграфічную стужку або перадаецца па радыёканалах на наземныя прыёмныя станцыі. У адрозненне ад фатагр. здымкі Р.з. праводзіцца ў любы час, мае высокую распазнавальную здольнасць, вял. паласу ахопу мясцовасці здымкай, аператыўнасць перадачы інфармацыі. Выкарыстоўваецца для вывучэння цяжкадаступных раёнаў, вызначэння маштабу стыхійных бедстваў, выяўлення ачагоў забруджвання навакольнага асяроддзя, складання тэматычных карт і інш.Гл. таксама Аэрафотаздымка, Касмічная здымка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКА́Ў (Віктар Афанасьевіч) (22.1.1935, в. Целяшы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.6.2000),
бел.паэт. Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1958), Мінскую вышэйшую парт. школу (1971). Працаваў настаўнікам, у шклоўскай раённай газеце, у газ. «Звязда», з 1975 у час. «Полымя», з 1982 адказны сакратар. Друкаваўся з 1956. У зб-ках вершаў і паэм «Вернасць» (1968), «Акно ў зялёны сад» (1972), «Пазыўныя» (1975), «Песня і памяць» (1979), «І сноп, і птах, і я...» (1983), «Жыць — палоць» (1995) тэмы любві да радзімы, ваен. дзяцінства, пераемнасць пакаленняў, праблемы сучаснай вёскі. Аўтар нарысаў, крытычных артыкулаў, рэцэнзій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКІ́ТНЫ (Мікола) (сапр.Новікаў Мікалай Ісакавіч; 15.4.1920, в. Петрыцкае Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 2.8.2000),
бел. пісьменнік. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1940).
З 1946 працаваў у газ. «Звязда», у 1949—80 у час. «Беларусь». Друкаваўся з 1944. Аўтар зб-каў апавяд. «Ранняй вясною» (1952), «Вячэрнія зоры» (1956), «Селькоры» (1958), «Пад адным дахам» (1961), «Была вясна...» (1964), «Сярод людзей сваіх» (1967), «Вясковыя навелы» (1969), «Засмужаная далеч» (1979), «У буйным свеце лотаці» (1989). Апавяданні вызначаюцца псіх. дакладнасцю, цэласнасцю задумы, выразнай мовай герояў. Аўтар нарысаў, фельетонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДАЎ (Сямён Абрамавіч) (24.1.1893, г. Херсон, Украіна —24.5.1968),
рускі паэт, літаратурны крытык, перакладчык. Адзін з рэдактараў час. «На посту» (1923—25), адначасова адказны сакратар Маскоўскай (1923—24), у 1924—26 Усерас. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. Друкаваўся з 1912. Аўтар паэт. зб-каў «Мая сяўба» (1918), «Перабежка бліскавіц» (1921), «Стальны строй» (1923), паэм «Іна», «Нашы душы» (абедзве 1922), зб-каў арт. «Арганізацыя пралетарскай літаратуры» (1925), «У літаратурных баях» (1926), «На пасту» (1931). На рус. мову перакладаў творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Кулакоўскага, М.Лупсякова, М.Паслядовіча, Э.Самуйлёнка, А.Якімовіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НЫ,
горад у Беларусі, цэнтр Ашмянскага р-на Гродзенскай вобласці. За 220 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Ашмяны, на лініі Маладзечна—Вільнюс (Літва), на аўтадарозе Маладзечна—Вільнюс. 16 тыс.ж. (1995). Вядомыя з 1341 як замак вял. князёў ВКЛ. У 1384—85 вытрымалі аблогу крыжакоў. Статут горада Ашмяны атрымалі, верагодна, ад Вітаўта ў канцы 14 ст., магдэбургскае права — на пач. 16 ст. З 16 ст. цэнтр павета, уладанне Я.Юндзіловіча, В.Насілоўскай, Я.Забярэзінскага і інш. Пабудаваны дамініканскі кляштар і Ашмянскі кляштар францысканцаў, кальвінскі збор. Пад час войнаў Ашмяны двойчы займалі рус. войскі (1519 і 1655), шведы ў Паўн. вайну 1700—21. У 1794 у Ашмянах размяшчаўся штаб паўстанцкай арміі Я.Ясінскага. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр павета. Пацярпелі ў час вайны 1812. Жыхары Ашмянаў прымалі ўдзел у паўстаннях 1830—31 і 1863—64. У 1897 — 7124 ж., 10 прадпрыемстваў, у т. л.Ашмянскія гарбарныя мануфактуры. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіраваны герм. войскам, у 1919—20 заняты польскім войскам, Чырв. Арміяй. З 1920 уваходзілі ў склад Сярэдняй Літвы, з 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна. З 25.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ашмянах і раёне 1784 чал. У 1970 у Ашмянах 9621 ж. Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.Багушэвіча. Помнікі архітэктуры 19 ст. — царква і карчма. Брацкія магілы сав. воінаў і партызанаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКА́ДА (англ. blockade),
1) у міжнародных адносінах сістэма мер эканам., паліт. ці ваен. характару супраць якой-небудзь дзяржавы з мэтаю перапыніць яе сувязі са знешнім светам і прымусіць выконваць пэўныя патрабаванні. Паліт. блакада можа ажыццяўляцца скасаваннем дыпламат. адносін, пазбаўленнем краіны членства ў пэўнай арг-цыі і інш.Эканам. блакада ажыццяўляецца спыненнем (забаронай) знешнегандл., фін., крэдытных і інш.эканам. сувязяў з мэтаю прычыніць шкоду эканоміцы блакіруемай дзяржавы, пазбавіць яе крыніц сыравіны і рынкаў збыту тавараў. Ваен. (марская) блакада выкарыстоўваецца ў мірны час супраць краіны — парушальніцы нормаў міжнар. права. Статут ААН дапускае ўвядзенне блакады як калект. меры для падтрымання ўсеагульнага міру толькі па рашэнні Савета Бяспекі.
2) Блакада ваенная ў час вайны — форма вядзення ваен. дзеянняў, накіраваных на ізаляванне варожага аб’екта (групоўкі войскаў, горада, дзяржавы і інш.) праз парушэнне яго знешніх сувязяў на сушы, у паветры і на моры; яе мэта — падарваць ваенна-эканам. магутнасць дзяржавы, аслабіць яе ўзбр. сілы, прымусіць праціўніка да капітуляцыі або разграміць і захапіць аб’ект блакады. На Беларусі блакада ваенная выкарыстоўвалася агрэсарам для авалодання ўмацаванымі крэпасцямі (блакада Бабруйскай крэпасці франц. войскамі ў 1812). Самымі вялікімі блакадамі былі кантынентальная блакада, якую праводзіў Напалеон I супраць Англіі на пач. 19 ст., марская блакада Вялікабрытаніі Германіяй і блакада Германіі яе праціўнікамі ў 1-ю сусв. вайну. У 2-ю сусв. вайну пераважалі блакады змешаныя (блакада Ленінграда ням.-фаш. войскамі ў 1941—43, блакада сав. войскамі ням.-фаш. групоўкі пад Сталінградам у 1942—43 і інш.). Тэарэтыкі не выключаюць выкарыстання блакады і ў сучасных умовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОНЧ-БРУЕ́ВІЧ (Уладзімір Дзмітрыевіч) (10.7.1873, Масква — 14.7.1955),
прафесійны рэвалюцыянер, сав.дзярж. і парт. дзеяч. Д-ргіст.н. (1938). Брат М.Дз.Бонч-Бруевіча (іх радавы маёнтак Чонкі на Гомельшчыне). У 1884—89 вучыўся ў Маскоўскім межавым ін-це; за рэв. дзейнасць выключаны і сасланы ў Курск, дзе скончыў каморніцкае вучылішча. З 1892 у Маскве, удзельнік марксісцкіх гурткоў і прапагандыст марксізму. З 1896 у эміграцыі, вучыўся ў Цюрыхскім ун-це, наладзіў сувязь з групай «Вызваленне працы», дастаўку ў Расію рэв. л-ры і друкарскіх станкоў, супрацоўнічаў у газ. «Нскра», адзін са стваральнікаў Цэнтр. б-кі і парт. архіва ў Жэневе, удзельнік падрыхтоўкі III з’езда РСДРП. У час рэвалюцыі 1905—07 у Пецярбургу, працаваў у бальшавіцкіх газетах. З 1908 заг. бальшавіцкага выд-ва «Жыццё і веды». Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. выканкома Петраградскага Савета, рэдактар бальшавіцкай газ. «Рабочий и солдат». У часКастр.ўзбр. паўстання камендант раёна Смольны—Таўрычаскі палац, чл.К-та па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам. У 1917—21 кіраўнік спраў СНК РСФСР. З 1921 старшыня выд-ва «Жыццё і веды», супрацоўнік выд-ваў «Камуніст», РОСТА, стварыў і 9 гадоў узначальваў доследны саўгас «Лясныя паляны». З 1933 дырэктар Дзярж.літ. музея, з 1945 — Музея гісторыі рэлігіі і атэізму АНСССР. Аўтар прац па гісторыі рэв. руху ў Расіі, гісторыі рэлігіі і атэізму, л-ры, этнаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКІ ЗА́МАК,
комплекс умацаванняў у Брэсце (Берасці) у 14—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў Мухаўца і Зах. Буга на трохвугольным у плане мысавым гарадзішчы. Пляцоўка замкавага дзядзінца (пл. больш за 2 га) была ўмацавана земляным валам, на якім знаходзілася 5 вежаў (драўляных, акрамя Берасцейскай вежы) і драўляныя абарончыя сцены-гародні з 129 «каморамі». Дзве вежы былі з брамамі, ад якіх праз Мухавец вялі масты ў горад; на адной з іх быў устаноўлены гадзіннік. Ніжнія паверхі сцен-гародняў выкарыстоўваліся як сховішчы для гараджан з іх скарбам. На верхнім ярусе знаходзілася крытая стрэшкай баявая галерэя («бланкаванье»), У лінію абарончых сцен былі ўключаны і жылыя памяшканні — «светлицы», пастаўленыя глухімі фасадамі ў бок «поля». У 1566 ў цэйхгаузе Берасцейскага замка знаходзілася метал. даспехаў на 100 чал., 12 гармат, 1 марціра, 96 гакаўніц і інш. У замку былі помпы для скрытай падачы вады, якая ішла па падземных драўляных трубах. Помпы прыводзіліся ў дзеянне вадзяным млынам. У 14 ст. Берасцейскі замак быў захоплены рыцарамі Тэўтонскага ордэна, палякамі, у 1500 вытрымаў аблогу крымскіх татараў, у 1525 згарэў, у 1648 у часантыфеадальнай вайны 1648—51 разбураны, адноўлены ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1657 захоплены шведамі, у 1660 і 1661 — рускімі, у 1705 у часПаўн. вайны 1700—21 — шведамі. Пасля Паўн. вайны драўляныя ўмацаванні заменены 5-бастыённымі пабудовамі, якія пазней былі ўключаны ў склад новаўтворанай Брэсцкай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІДО́ВІЧ (Генрых Вацлававіч) (н. 1.6.1946, в. Янкавічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1968). Настаўнічаў. З 1973 у час. «Полымя», з 1979 нам.гал. рэдактара, з 1991 гал. рэдактар час. «Маладосць». Друкуецца з 1966. Першы зб. апавяданняў «Дажджы над вёскай» (1974). Творы Д. адметныя лірызмам, увагай да побытавых дэталей, дакладным псіхалагізмам. У рамане «Гаспадар-камень» (1984, Літ. прэмія імя І.Мележа 1987), прысвечаным пярэдадню 1-й сусв. вайны, шматбакова паказаў жыццё тагачасных вёскі і горада, няпростыя шляхі нац. інтэлігенцыі, у якой расло ўсведамленне свайго абавязку. У раманах «Пабуджаныя» (1988) і «Свой дом» (1989) побач з героямі, вядомымі з «Гаспадара-каменя», шмат новых персанажаў — удзельнікаў і кіраўнікоў паліт. руху розных кірункаў на Беларусі ў 1917—18. У рамане «Заходнікі» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1996) створана панарамная карціна жыцця зах.-бел. сялянства і інтэлігенцыі пачынаючы з канца 1940-х г., іх «перавыхаванне», рэпрэсіі, міграцыі. Выступае з літ.-крытычнымі і публіцыст. артыкуламі. На бел. мову пераклаў раман Дж.Ф.Купера «Апошні з магікан».
Тв.:
Цяпло на першацвет. Мн., 1976;
Маладыя гады. Мн., 1979;
Міланькі. Мн., 1980;
На новы парог. Мн., 1983;
Станаўленне. Мн., 1985;
Міг маладосці. Мн., 1987;
Жывы покліч. Мн., 1995;
Жар кахання. Мн., 1996;
Кліч роднага звона. Мн., 1997.
Літ.:
Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981. С. 159—165;
Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983;
Тычына М. Змена квадры. Мн., 1983. С. 124—125, 129—133, 155—156.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ (ад позналац. confoederatio саюз, аб’яднанне),
форма саюза дзяржаў, пры якой дзяржавы, што ўваходзяць у саюз, захоўваюць свой суверэнітэт у поўным аб’ёме. Спалучае рысы міжнар.-прававой і дзярж. арг-цыі. У розны час К. былі: Аўстра-Венгрыя (да 1918), Швецыя і Нарвегія (да 1905), ЗША (1781—89), Швейцарыя (1815—48) і інш. У наш час у свеце існуе толькі адно ўтварэнне, якое мае прыкметы К., — Еўрапейскі Саюз.
Вопыт сведчыць, што форма К. з’яўляецца пераходнай або да поўнага распаду саюза, або да федэратыўнай формы дзярж. пабудовы. Асн. рысы К.: утварэнне на аснове адпаведных дагавораў; суб’екты маюць права свабоднага выхаду з яе; рашэнні саюзнай улады не маюць сілы без згоды суб’ектаў; у распараджэнне К. ўваходзіць невял. кола пытанняў (вайны і міру, знешняй палітыкі, сістэмы камунікацый і інш); у К. ствараюцца толькі тыя дзярж. органы, якія неабходны для вырашэння задач, спецыяльна вызначаных у дагаворных актах; парламент фарміруецца прадстаўнічымі органамі суб’ектаў, якія абавязваюць свае дэлегацыі няўхільна выконваць выдадзеныя ім інструкцыі і ўказанні; пастаянна дзеючыя органы К. пазбаўлены ўласных паўнамоцтваў; суб’ектам К. належыць права адмовы ў прызнанні або адмова ва ўжыванні актаў саюзнай улады; бюджэт К. фарміруецца за кошт добраахвотных узносаў яе суб’ектаў; суб’екты маюць права ўстанаўліваць мытныя і інш. абмежаванні, што перашкаджаюць перамяшчэнню асоб, тавараў, паслуг і капіталаў; як правіла, у К. адсутнічае адзіная сістэма грашовага абарачэння; вайсковыя фарміраванні набіраюцца суб’ектамі К., прычым часта захоўваецца іх двайное падпарадкаванне органам К. і яе суб’ектаў; у К. няма саюзнага грамадзянства.