ДЗІДРО́ ((Diderot) Дэні) (5.10.1713, г. Лангр, Францыя — 31.7.1784),
французскі філосаф-асветнік, пісьменнік, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік і рэдактар «Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (т. 1—35; 1751—80). У філас. творах «Думкі пра тлумачэнне прыроды» (нап. 1754), «Размова Д’Аламбера з Дзідро» (нап. 1769, выд. 1830), «Філасофскія асновы матэрыі і руху» (нап. 1770) сцвярджаў адзінства матэрыі і руху, падкрэсліваў дыялект. ўзаемасувязь і вечную зменлівасць прыродных формаў; з узаемадзеяння элементаў матэрыі, якія з’яўляюцца носьбітамі адчуванняў, узнікае мысленне, адзіная свядомасць чалавецтва і сусвету. У паліт. сферы Дз. абапіраўся на тэорыю «грамадскага дагавору», выступаў супраць саслоўнай няроўнасці і дэспатызму, надзеі на стварэнне справядлівага грамадскага ладу звязваў з асвечаным манархам, пазней схіляўся да рэсп. формы праўлення.
У галіне этыкі быў адным са стваральнікаў тэорыі «разумнага эгаізму», лічыў сябелюбства найважнейшым матывам паводзін людзей. Як тэарэтык эстэтыкі сутнасць прыгожага выводзіў з суадносін індывід. пачуццёвага вопыту і логікі розуму. У тэорыі мастацтва гал. лічыў прынцып натуральнасці, «праўды натуры», дзе ідэалам выступае жывая прырода, абараняў ідэі адзінства дабра і прыгажосці. Асн. творы, у якіх выказаны эстэт. погляды Дз.: «Трактат аб прыгожым» (1751), «Салоны» (нап. 1759—81), «Вопыт аб жывапісе» (1765), «Парадокс пра акцёра» (нап. 1773—78). Аўтар маст. твораў: «Манашка» (нап. 1760, выд. 1796), «Пляменнік Рамо» (1762—79, на ням. мове ў пер. І.В.Гётэ ў 1805, на франц. 1823), «Жак-фаталіст і яго гаспадар» (1773, выд. на ням. мове 1792, на франц. 1796).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я ІМПЕ́РЫЯ,
перыяд праўлення ў Францыі імператара Напалеона III
[2.12.1852—4.9.1870],
які прыйшоў да ўлады ў выніку дзярж. перавароту, што скасаваў Другую рэспубліку. Вераснёўская рэвалюцыя 1870 знішчыла Д.і. і абвясціла Францыю рэспублікай.
ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КАМПА́РТЫІ ЛІТВЫ́ І ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ.
Адбылася 2—4.2.1919 у Вільні. Прысутнічалі 32 дэлегаты з рашаючым і 32 з дарадчым голасам ад больш чым 5 тыс.чл. КПЛіЗБ. Парадак дня: справаздача ЦК (П.Эйдукевіч), тактыка партыі (К.Цыхоўскі), даклады з месцаў, сав. будаўніцтва, агр. пытанне (З.І.Ангарэціс), адносіны да Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада, аб’яднанне Літ. і Бел.Сав. рэспублік. Канферэнцыя паставіла перад парт. арг-цыямі задачу мабілізаваць рабочы клас на далейшае развіццё рэвалюцыі, падкрэсліла, што «выбарчым правам могуць карыстацца толькі пралетарыі і паўпралетарыі». Парт. арг-цыям даручалася неадкладна пачаць узбройваць і абучаць ваен. справе ўсіх членаў партыі. Канферэнцыя выказалася супраць падзелу памешчыцкай зямлі паміж сялянамі, пастанавіла ў мэтах спынення спекуляцыі ўвесці манаполію на гандаль. Ухваліла дзейнасць Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада на чале з В.С.Міцкевічам-Капсукасам і прыняла рашэнне пра аб’яднанне Літ. і Бел.Сав. рэспублік. У прынятай рэзалюцыі аб камсамоле гал. яго задачай вызначыла «падрыхтоўку свядомых барацьбітоў за камунізм». Адначасова ў Мінску праходзіў Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, які прыняў пастанову пра аб’яднанне Беларусі і Літвы.
Літ.:
КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1 (1903—1921 гг.). Мн., 1934;
Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫ́БІН,
гарадскі пасёлак, цэнтр Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. (з 1989), на р. Проня, на скрыжаванні аўтадарог на Магілёў, Горкі. Цэнтр Міхееўскага с/с і саўгаса. За 22 км на ПдУ ад Горак, 64 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 2580 ж., 1103 двары (1997).
У 16 ст. ў Мсціслаўскім ваяв.ВКЛ. Пацярпеў у час Паўн. вайны 1700—21. З 1772 у Рас. імперыі ў Магілёўскай губ. У 1784 цэнтр маёнтка Цеханавецкіх (да 1864), 657 ж., 181 двор, 25 крам, млын, царква. У 1830 заснавана вінакурнае прадпрыемства. У 1845 адбылося выступленне сялян супраць прыгоннага права. У 1880 цэнтр воласці Чавускага пав., 1080 ж., 250 дамоў, 30 крам, царква, валасное праўленне, лячэбніца, 2 млыны, школа, штогод праводзіўся кірмаш. З 1919 у Гомельскай губ., з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, у 1924—31 і ў 1935—59 цэнтр Дрыбінскага раёна, потым у Горацкім р-не, цэнтр сельсавета. У ліп. 1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі тут лагер смерці, дзе загубілі 2469 чал. У 1943 спалілі 300 двароў, загубілі 380 жыхароў. Пасля вайны вёска адноўлена. У 1971—1817 ж, 531 двор. З 1989 зноў цэнтр Дрыбінскага р-на.
Маслазавод. Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры, бальніца, аптэка, паліклініка, аддз. сувязі. Царква, малітоўны дом. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі 2 стаянкі каменнага веку. Вядзецца буд-васац. інфраструктуры раённага цэнтра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСКРЫМІНА́ЦЫЯ (ад лац. discriminatio адрозніванне),
абмежаванне або пазбаўленне грамадзянскіх, паліт. і інш. правоў і свабод з-за нац., расавай прыналежнасці, полу, веравызнання, паліт. поглядаў і г.д. У гісторыі краін свету Д. практыкавалася даволі часта. Адначасова дэмакр. сілы вялі барацьбу супрацьД. У ЗША вынікам Грамадз. вайны паміж Поўначчу і Поўднем 1861—65 было абвяшчэнне раўнапраўя неграў і яго юрыд. замацаванне ў форме паправак да Канстытуцыі. Прыкладамі жорсткай Д. шматлікіх груп грамадзян на глебе расізму былі Германія (1933—45), Радэзія і Паўд.-Афрыканская Рэспубліка, дзе расісцкі рэжым праіснаваў да пач. 1990-х г. (гл.Апартэід). Міждзярж. супрацоўніцтва для пераадолення Д. і абароны асн. правоў чалавека і грамадзяніна прывяло да афіц. асуджэння дыскрымінацыйнай практыкі на дзярж. узроўні і скасавання адкрыта дыскрымінацыйных заканад. актаў. Найб. агульныя антыдыскрымінацыйныя прынцыпы сфармуляваны ў Дэкларацыі правоў чалавека 1948. Пашыранымі відамі Д. з’яўляюцца пазбаўленне выбарчых правоў, звальненне з работы, адмова ў грамадзянстве ці візе на ўезд або выезд, ушчамленне правоў бежанцаў, імігрантаў і інш. Асаблівае месца займае Д. жанчын у прац., паліт. і інш. грамадскай дзейнасці. У міжнар. адносінах Д. азначае абмежаванне суверэннай роўнасці пэўных дзяржаў як суб’екта міжнар. права шляхам выкарыстання інш. дзяржавамі эканам. і паліт. мер, якія не адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам міжнар. адносін. Праявай дыскрымінацыйнай палітыкі з’яўляецца стварэнне дзяржавамі закрытых арг-цый з мэтай абароны сваіх рынкаў ад тавараў інш. дзяржаў, свабоднага перамяшчэння працоўнай сілы і г.д. Праблема ўсебаковага пераадолення Д. ва ўсіх галінах міжнар. і грамадскага жыцця пакуль застаецца адной з глабальных праблем сучаснага чалавецтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1641—52,
нац.-вызв. паўстанне супраць ператварэння Ірландыі ў англ. калонію. Адбылося ў пач.Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Выклікана зямельнымі канфіскацыямі ў Ірландыі, каланізацыяй англічанамі Ольстэра, каланізатарскімі намерамі англ.Доўгага парламента, нац. і рэліг. дыскрымінацыяй ірландцаў і англа-ірландцаў. Пачалося 23.10.1641. За некалькі дзён 15—17 тыс.узбр. паўстанцаў (да 6 ліст. 100—300 тыс. паўстанцаў; галоўнакаманд. Ф.О’Ніл) пры адсутнасці ў Ірландыі значных англ. войск (па асобных невял. гарнізонах былі раскіданы 2—3 тыс.англ. вайскоўцаў) авалодалі важнейшымі стратэг. пунктамі і крэпасцямі Ольстэра, разграмілі шмат маёнткаў каланістаў. Праходзіла пад лозунгамі вяртання экспрапрыіраваных зямель, ліквідацыі самавольства англ. чыноўнікаў; частка паўстанцаў (пераважна знаць) падтрымлівала англ. караля Карла I у яго процістаянні з парламентам. Паўстанцаў падтрымлівалі грашамі, зброяй, амуніцыяй і добраахвотнікамі (пераважна ірландцы-эмігранты) рым. папа і каталіцкія краіны Еўропы, што садзейнічала пашырэнню паўстання на ірл. правінцыі Конат, Ленстэр, Манстэр. 24.10.1642 тут утворана дзяржава паўстанцаў — Ірл. канфедэрацыя католікаў (сталіца — г. Кілкені). Ва ўмовах грамадз. войнаў у Англіі 1642—46 і 1647—49 кіраўніцтва Канфедэрацыі спадзявалася на кампраміс з Карлам I і заключыла з ім перамір’е (1643), потым мір (1646, адноўлены ў 1649). Пасля паражэння караля ў барацьбе з парламентам у Дубліне 15.8.1649 высадзілася 12-тысячная англ. парламенцкая армія на чале з О.Кромвелем, якая паступова задушыла паўстанне (загінула 1/3ірл. насельніцтва). 26.9.1652 англ. парламент абвясціў пра ліквідацыю «мяцяжу» ў Ірландыі.
Літ.:
Сапрыкин Ю.М. Ирландское восстание XVII в. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«И́СКРА»,
першая агульнарасійская с.-д. палітычная газета. Выдавалася нелегальна з 11(24).12.1900 да кастр. 1905 на рускай мове, спачатку ў Лейпцыгу, потым у Мюнхене, з крас. 1902 у Лондане, з вясны 1903 у Жэневе. Ініцыятар стварэння У.І.Ленін. Як выразніца яго ідэі стварэння Рас.с.-д. рабочай партыі (РСДРП) газета выпрацоўвала тэарэт. і практычныя асновы партыі (падрыхтаваны праграма і статут РСДРП). «И.» крытычна ацэньвала ўнутр. і знешнюю палітыку царскай улады, асвятляла эканам. і паліт. становішча народаў Расіі, у т. л. і беларусаў, выступала за саюз рабочага класа з сялянствам, пісала пра рас. і міжнар.рэв. рух, са свайго пункту погляду крытыкавала міжнар. апартунізм (бернштэйніянства) і яго разнавіднасць — «эканамізм», выступала супрацьт. зв. дробнабурж. ліберальных партый Расіі — эсэраў, бундаўцаў і іх лідэраў. Газету атрымлівалі ў 26 гарадах і мястэчках Беларусі. У ёй надрукавана 25 матэрыялаў з Беларусі, у якіх асвятляліся падзеі сац.-паліт. жыцця краю, расказвалася пра самавольства мясц. улад, становішча палітзняволеных. Крытыкаваліся мясц. лідэры «эканамістаў» (васільеўцы), лібералаў, бундаўцаў і інш. Дзейнасць газеты спрыяла стварэнню Палескага і Паўн.-Зах. к-таў РСДРП. У 1903 у РСДРП разгарнулася барацьба паміж бальшавікамі і меншавікамі. Пасля 51-га нумара «И.» перайшла на пазіцыі меншавікоў. Усяго выйшла 112 нумароў.
Літ.:
Волин М. Ленинская «Искра». (1900—1903 г.). М., 1964;
Ефремова О.И. Роль ленинской «Искры» в распространении марксизма в Белоруссии. Мн., 1980;
Ленинская «Искра»: История создания и распространения, 1900—1902. М.;
Лейпциг, 1984;
Возвращенная публицистика. Кн. 1. 1900—1917. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л МО́ЛАДЗІ (КІМ),
міжнароднае аб’яднанне камуніст. маладзёжных арг-цый у 1919—43. Быў секцыяй Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). Засн. на 1-м устаноўчым кангрэсе ў Берліне па ініцыятыве Камінтэрна прадстаўнікамі левых маладзёжных арг-цый 13 краін (Расіі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Польшчы, Венгрыі, Румыніі, Італіі, Іспаніі, Чэхаславакіі), якія раней уваходзілі пераважна ў Сацыялістычны інтэрнацыянал моладзі. Сярод іх былі прадстаўнікі камсамольскіх арг-цый Літвы і Беларусі. На апошнім, 6-м кангрэсе КІМ (1935) аб’ядноўваў 56 асобных арг-цый (секцый) з 52 краін (3773 тыс.чл., у т. л. 3500 тыс.чл.ВЛКСМ). Бел.камуніст. моладзь прадстаўлялі секцыі ВЛКСМ, а ў 1924—38 і Камуністычнага саюза моладзі Польшчы, у склад якога ўваходзіў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. Меў на мэце аб’яднаць моладзь для барацьбы за эканам., паліт. і культ. правы моладзі, выхаванне яе ў духу марксізму-ленінізму, супраць пагрозы сусв. вайны і інш. З 1935 пал уплывам рашэнняў 7-га кангрэса Камінтэрна праводзіў тактыку яднання рабочай моладзі ў адзіным антыфаш. фронце, што дазволіла склікаць міжнар. кангрэсы моладзі ў Жэневе (1936) і ЗША (1938), далучыць да руху за мір каля 40 млн. маладых людзей розных краін. Вышэйшы орган — кангрэс (акрамя 1-га, усе адбыліся ў Маскве ў 1921, 1922, 1924, 1928, 1935), паміж кангрэсамі — Выканаўчы к-т (знаходзіўся ў Маскве), які выбіраў прэзідыум і сакратарыят. У сувязі з роспускам Камінтэрна Выканком КІМ прыняў рашэнне аб самароспуску.
Літ.:
Привалов В.В. Коммунистический интернационал молодежи: Страницы истории. 2 изд М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРАЦЫ́ЙНЫ ЛА́ГЕР,
лагер для прымусовай ізаляцыі (часам і знішчэння) рэальных ці магчымых паліт. праціўнікаў, ваеннапалонных і інш. У адрозненне ад турмаў, звычайных лагераў для ваеннапалонных і бежанцаў К.л. ствараюцца паводле асобых дэкрэтаў урада або загадаў ваен. камандавання ў час вайны, міжэтнічных канфліктаў і абвастрэння ўнутрыпаліт. барацьбы. К.л. з найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных, накіраваным не толькі на ізаляцыю, але -і на іх знішчэнне, атрымалі ў л-ры назву лагераў смерці (найб. пашыраны ў 2-ю сусв. вайну). Першыя К.л. створаны іспанцамі ў 1895 у час нац.-вызв. паўстання на Кубе і англічанамі ў ходзе англа-бурскай вайны 1899—1902. У 1934—39 у Польшчы на тэр.Зах. Беларусі існаваў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. У СССР К.л. былі пашыраны ў перыяд масавых рэпрэсій 1930—50-х г. (гл.ГУЛАГ). У час нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры ў Германіі (1933—45) К.л. выкарыстоўваліся для масавага тэрору і генацыду з боку нацысцкай дзяржавы і былі пашыраны ў краінах, акупіраваных ням.-фаш. войскамі ў 2-ю сусв. вайну, у т. л. ў Беларусі, іх ахвярамі сталі больш за 11 млн. грамадзян СССР, Польшчы, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Югаславіі, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Германіі і інш.Найб. вядомыя ням.-фаш. К.л. — Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Заксенгаўзен, Маўтгаўзен і інш. У пасляваен. перыяд найб. вядомы К.л., створаныя пасля ваен. перавароту ў Чылі ў вер. 1973 для праціўнікаў дыктатуры ген. А.Піначэта. Практыка стварэння К.л. асуджана сусв. грамадскасцю як цяжкае злачынства супраць чалавецтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РЧЫК (Павел) (сапр.Лагіновіч Іосіф Каятанавіч; 26.2.1891, в. Заўшыцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 15.4.1940),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі і Польшчы. Скончыў Слуцкае гар. вучылішча (1907). У 1910 увайшоў у склад Капыльскай групы прыхільнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1912—17 у арміі, у 1-ю сусв. вайну на фронце. Быў чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у Слуцкім паўстанні 1920. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА). У выніку аб’яднання БРА з КПЗБ (30.12.1923) кааптаваны ў склад ЦККПЗБ. З восені 1924 працаваў у Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦККП(б)Б у Мінску. Арганізатар Сопацкай нарады 1925. Выступаў супраць фракцыйнай групоўкі ў КПЗБ (гл.Сэцэсія). З восені 1925 да лют. 1936 паліт. сакратар ЦККПЗБ; са снеж. 1925 да 1929 чл. Палітбюро ЦК КПП і прадстаўнік ЦККПЗБ у ЦК КПП. За рэв. дзейнасць неаднойчы быў арыштаваны. У сак.—жн. 1933 кіраваў работай Бюро ЦККПЗБ у Мінску. Са снеж. 1933 зноў на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Аўтар многіх паліт. дакументаў КПЗБ і КПП. У 1936 арыштаваны органамі НКУСБССР «як агент польскай палітычнай паліцыі» і засуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У 1939 Ваен. трыбуналам прыгавораны да расстрэлу. Памёр у турме. Рэабілітаваны ў 1955.
Літ.:
Ладысеў У. І.К.Лагіновіч: Нарыс жыцця і паліт. дзейнасці // Бел.гіст.часоп. 1996. № 3—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
К.Р. [сапр.Канстанцін Канстанцінавіч (Раманаў); 22.8.1858, Стрэльна, цяпер у межах г. Петрадварэц Ленінградскай вобл. — 15.6.1915],
расійскі вял. князь, паэт, драматург, перакладчык. Унук цара Мікалая I. Ген. ад інфантэрыі (з 1907). Прэзідэнт Пецярбургскай АН (1889). З дзяцінства рыхтаваўся да службы на флоце. У 1876 1877 удзельнік баёў супрацьтур. флоту на Дунаі. У 1882 спісаны з флоту. Камандаваў ротай лейб-гвардзейскага Ізмайлаўскага палка; камандзір лейб-гвардзейскага Праабражэнскага палка; з 1894 ген.-маёр. З 1900 гал. начальнік, з 1910 ген.-інспектар ваен.-навуч. устаноў. Друкаваўся з 1882. Пісаў любоўную і пейзажную лірыку, вершы на рэліг. тэмы, стылізаваныя серэнады і баркаролы, салонныя вершы. Аўтар зб-каў: «Вершы К.Р.» (1886), «Новыя вершы К.Р., 1886—1888» (1889), «Трэці зборнік вершаў К.Р., 1889—1899» (1900), «Вершы 1900—1910» (1911). Цыклы «З палкавога жыцця» і «Салдацкія санеты» склала салдацкая лірыка (зб. «У страі», 1915). У паэт. творчасці арыентаваўся на «чыстае мастацтва», прытрымліваўся класічных узораў. Шматлікія яго вершы, адметныя прастатой і меладычнасцю, пакладзены на музыку А.Глазуновым, Р.Гліэрам, С.Рахманінавым. П.Чайкоўскім і інш.; верш «Памёр бядак у бальніцы ваеннай» стаў папулярнай нар. песняй. Эстэтычныя погляды выказаў у артыкулах пра творы, вылучаныя Пецярб.АН на атрыманне ўзнагарод (кн. «Крытычныя водгукі: Літ.-крытыч. арт. пра рус. паэзію ў 1905—1913», 1915). Аўтар містэрыі «Цар іудзейскі» (паст. 1914). Пераклаў на рус. мову асобныя творы І.В.Гётэ, Ф.Шылера, У.Шэкспіра і інш.