ЛА́ЎРА (грэч. laura літар. гарадская вуліца, квартал),
назва найбольш буйных і ўплывовых правасл. мужчынскіх манастыроў. Вядомы з 4—6 ст.: Л. наз. манастыры св. Феадосія каля Іерусаліма (Палесціна), св. Афанасія на Афоне (Грэцыя). У Рас. імперыі статус Л. мелі Кіева-Пячэрская лаўра (з 1598), Троіца-Сергіева лаўра (з 1744), Аляксандра-Неўская лаўра (з 1797), Пачаеўская, цяпер у Цярнопальскай вобл. на Украіне (з 1833; у ансамблі барочны Успенскі сабор, 1771—83, арх. Г.Гофман, класіцыстычная званіца, 1861, Троіцкі сабор, 1906, арх. А.Шчусеў). Да 18 ст. Л. падначальваліся непасрэдна патрыярху, з 1721 — сіноду. Карыстаюцца асаблівымі правамі, колькасць манахаў у Л. не абмяжоўваецца. Кіруюць Л. намеснікі ў сане архімандрыта.
Да арт.Лаўра. Успенскі сабор Пачаеўскай лаўры ў Цярнопальскай вобл. (Украіна). 1771—83.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПІ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура гета-фракійскіх плямён, якія ў 1—2 ст. насялялі рэгіён Верхняга Паднястроўя. Назва ад могільніка каля в. Верхняя Ліпіца Івана-Франкоўскай вобл. (Украіна). Асн. заняткі насельніцтва — жывёлагадоўля, жалезаробчая вытв-сць. Паселішчы размяшчаліся на схілах гор. Жытлы — зямлянкі чатырохвугольнай і авальнай формы пл. да 25 м² з каменнымі агнішчамі. Большасць вядомых пахаванняў — грунтавыя могільнікі з абрадам трупаспалення. Рэшткі трупаспалення разам з асабістымі рэчамі змяшчалі ў керамічную урну і накрывалі міскаю. Насельніцтва вырабляла жал. сякеры, долаты, нажы. крэсівы, спражкі і інш. Кераміка — ляпная і ганчарная (цюльпанападобныя і акруглыя гаршкі, нярэдка з наляпнымі валікамі, міскі, чашы на высокай ножцы і інш.). Выкарыстоўваліся прывазныя і мясц. рэчы з каляровых металаў: падвескі, фібулы, люстэркі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЯЗІ́НКА»,
«Лязгінка», бел.нар. танец. Муз. памер 2/4, тэмп умераны. Вядомы з канца 19 — пач. 20 ст. (зафіксаваны ў 1970-я г. ў в. Глінка і Гарадзец Столінскага р-на). Выконваецца парамі: юнак стаіць злева ад дзяўчыны, трымаючы правай рукой (ззаду над правым плячом) яе правую руку, левыя рукі партнёраў, сагнутыя ў локцях, злучаны. Пары злёгку паварочваюцца то ў левы, то ў правы бок, выносячы на абцас адпаведна левую і правую нагу і прытупваючы на месцы, потым робяць поўны абарот у левы бок, прытупваюць, адбіваючы рытм. Асобныя танцоры ўключаюць элементы імправізаванага танца, выконваючы адзін перад адным дробныя выстукванні, пры гэтым правую руку, сагнутую ў локці, трымаюць на ўзроўні грудзей, а левую адводзяць убок, што нагадвае «Лезгінку» (адсюль, відаць, і назва «Л.»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЛЬВЫ,
4 роды, 4 віды сям. вушастых цюленяў атр. ластаногіх. Пашыраны: каліфарнійскі, уласна М.л. (Zalophus californianus) у Паўн. паўшар’і па берагах Ціхага ак., астатнія — аўстралійскі (Neophoca cinerea), новазеландскі (Phocarctos hookeri) і паўд. амерыканскі М.л. (Otaria byronia) — у Паўд. паўшар’і. Жывуць статкамі. 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. самцоў 2—3,6 м, маса 200—520 кг, самак адпаведна 1,5—3 м і 50—230 кг. Валасяное покрыва кароткае. аднатоннае, ад светла-шэрага да карычневага. У старых самцоў поўсць на шыі і верхняй ч. тулава больш доўгая і нагадвае грыву льва (адсюль назва). Кормяцца рыбай і галаваногімі малюскамі. У летне-асенні перыяд утвараюць логавішчы. Палігамы. Нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’екты промыслу. Каліфарнійскіх М.л. часта дрэсіруюць для цыркаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫЛЁК,
пародная група буйных трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Гадуюць у краінах Еўропы, СНД. На Беларусі гадуюць пераважна аматары. Найб. пашыраны тып бел.М., атрыманы ў Гомельскай вобл. скрыжаваннем М. з трусамі пароды фландр і мясц. беспароднымі.
Маса 4,5—4,8 кг. Тулава магутнае, касцяк моцны. Спіна падоўжаная, злёгку аркападобная, крыж шырокі, мускулісты. Валасяное покрыва сярэдняй даўжыні, густое, шчыльнае, бліскучае. Афарбоўка белая з чорнымі, шэрымі (блакітнымі) або жоўтымі вушамі і сіметрычна размешчанымі плямамі на носе (накшталт матылька, адсюль назва), шчоках, баках, аблямоўкамі вакол вачэй і паласой на спіне. Скараспелыя, маюць добрыя мясныя якасці. Даюць 7—8 трусянят у прыплодзе. Маса бел. М. 4,3 кг, даўж. 54 см, абхват грудзей 36 см. Плямы часам бываюць цёмна-карычневага колеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ НАВЕ́ЙШАЙ ГІСТО́РЫІ ЕЎРО́ПЫ, Міжнародная асацыяцыя па сучаснай гісторыі Еўропы,
міжнароднае аб’яднанне гісторыкаў, створанае для развіцця выкладання і даследаванняў у галіне сучаснай гісторыі Еўропы (пасля 1789) і супрацоўніцтва з гэтай мэтай з нац. і міжнар.навук. арг-цыямі. Засн. 30.11.1968 у г. Страсбур (Францыя) як Еўрап. асацыяцыя па сучаснай гісторыі (сучасная назва з 1980). Аб’ядноўвае (1999) вучоных больш як 30 краін. Членства ў Асацыяцыі індывід. і калектыўнае. Асн. форма дзейнасці — правядзенне канферэнцый (адбываюцца кожныя 2 гады), калёквіумаў і круглых сталоў. Штаб-кватэра асацыяцыі ў г. Жэнева (Швейцарыя). Друкаваныя органы — час. «Bulletin de liaison et d’information» («Бюлетэнь сувязі і інфармацыі») і «Guide de la recherche en histoire contemporaine» («Гід у вывучэнні сучаснай гісторыі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЬЦЗЯ́Н,
назва 2 рэк у Кітаі: рака ў цэнтр.ч. краіны, левы прыток Янцзы. Даўж. 793 км, пл.бас. 134 тыс.км². Пачынаецца ў гарах Міньшань, цячэ па глыбокай звілістай цясніне, перасякае Сычуаньскую катлавіну, упадае ў р. Янцзы каля г. Ібінь. Сярэдні расход вады больш за 3 тыс.м³/с, летнія паводкі. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. Пачатак суднаходства ад г. Чэнду; рака на ПдУ Кітая. Даўж. 577 км, пл.бас. 60,8 тыс.км². Цячэ ў адгор’ях гор Уішань, упадае ў Тайваньскі праліў, утварае эстуарый. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля 2 тыс.м³/с, макс. (летам) — да 30 тыс.м³/с. Густая сетка арашальных сістэм.ГЭС. У ніжнім цячэнні суднаходная. На М. — г. Наньпін, у эстуарыі — марскі порт Фучжоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНОГАКАРЭ́ННІК (Spirodela),
род кветкавых раслін сям. раскавых. 4 віды. Пашыраны ва ўмераных і трапічных паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 1 від — М. звычайны (S. polyrhiza). Трапляецца ў стаячай і павольнай вадзе азёр, сажалак, канаў.
М. звычайны (травяністая водная расліна) нагадвае маленькі ліст, які плавае на паверхні вады. Недаразвітае сцябло (лісцец) у выглядзе пласцінкі даўж. 3—10 мм і шыр. 1,2—8 мм круглаватай формы, знізу часта чырв. ці чырванавата-фіялетавае, мае з бакоў маленькія лускавінкі (недаразвітае лісце). Каля асновы лісцяца знаходзяцца 2 вузкія кішэнькі, у іх закладваюцца вегетац. пупышкі, часам развіваюцца суквецці, знізу пучкамі адыходзяць фіялетава-пурпуровыя ніткападобныя карэньчыкі (адсюль назва). Кветкі аднаполыя, без калякветніка. Плод — 1—6-насенны.
Многакарэннік звычайны. Калоніі раслін: 1 — выгляд знізу; 2 — выгляд зверху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСЦЬЕ́,
археалагічная эпоха сярэдняга палеаліту ў межах 70—32-га тыс. да н.э. Вылучана франц. археолагам Г. дэ Мартылье ў канцы 1860-х г., назва ад стаянкі ў пячоры Ле-Мусцье на ПнЗ Францыі. Насельніцтва — неандэртальцы, якія займаліся збіральніцтвам і паляваннем, жылі на адкрытых пляцоўках у прымітыўных жытлах і пячорах. У эпоху М. вынайдзены спосаб здабывання агню, з’явіліся грунтоўныя змены ў апрацоўцы каменю. Крамянёвы інвентар мусцьерскага тыпу выраблены на адшчэпах (скрэблы, трохвугольныя востраканечнікі і ручныя рубілы), сустракаецца амаль ва ўсіх частках Еўразіі і Пн Афрыкі. На Беларусі знойдзены прылады працы, выкананыя ў мусцьерскай тэхніцы (каля в. Абідавічы Быхаўскага, Падлужжа Чачэрскага і Свяцілавічы Веткаўскага р-наў). Помнікі М. на тэр. Беларусі пакуль не выяўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ЛЬНІК,
сапанарыя (Saponaria), род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 2 віды: М. лекавы — мыльны корань, ці сабачае мыла (S. officinalis), і інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН — М. базілікападобны (S. ocymoides). Трапляецца ў хмызняках, на лясных палянах, па берагах рэк.
Адна-, двух- і шматгадовыя травы. Сцёблы голыя ці апушаныя, прамастойныя, ляжачыя або прыўзнятыя. Карані пры расціранні ў вадзе мыляцца і даюць пену (адсюль назва). Лісце шырокалінейнае ці лопасцевае. Кветкі двухполыя ў мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях. Плод — каробачка. Карэнішча і карані М. лекавага (т.зв.чырв. мыльны корань) маюць сапаніны, слізь і выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі, для мыцця шэрсці і шоўку, вырабу халвы, шыпучых напіткаў, піва. У кветкаводстве вырошчваюць махровыя формы.