КЛІ́МАВІЦКІ ЗАВО́Д МА́СЛА І СУХО́ГА АБЯСТЛУ́ШЧАНАГА МАЛАКА́ Знаходзіцца ў г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Засн. ў 1945 як маслазавод. На яго базе ў 1967—70 пабудаваны завод масла і сухога абястлушчанага малака. З 1971 галаўное прадпрыемства з Хоцімскім і Касцюковіцкім філіяламі. З 1995 адкрытае акц. т-ва з той жа назвай. Асн. прадукцыя (1998): масла жывёльнае, цэльнамалочная прадукцыя, сухое абястлушчанае малако.

т. 8, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НСКІЯ ШЫРО́ТЫ,

вобласці Паўн. і Паўд. паўшар’яў Зямлі (паміж 30—35° паўн. ш. і паўд. ш.) ва ўнутр. ч. субтрапічных антыцыклонаў са слабымі вятрамі і частымі штылямі. Назва звязана з тым, што ў часы паруснага мараплавання з-за штыляў у Атлантычным ак. здараліся працяглыя затрымкі суднаў і з-за недахопу прэснай вады даводзілася выкідаць за борт коней, якіх перавозілі з Еўропы ў Амерыку.

т. 8, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

алгебраічнае ўраўненне, у якое невядомыя ўваходзяць у 1-й ступені і адсутнічаюць члены, якія маюць здабытак невядомых. Л.ў. з адным невядомым мае выгляд ax=b. У выпадку некалькіх невядомых маюць справу з сістэмай Л.ў. Тэорыя Л.ў. атрымала развіццё пасля ўзнікнення вучэння аб дэтэрмінантах і матрыцах. Паняцце лінейнасці пераносіцца з алг. ураўненняў на ўраўненні з інш. галін матэматыкі (напр., Лінейнае дыферэнцыяльнае ўраўненне).

т. 9, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДНЯБЕ́ННЕ,

верхняя сценка ротавай поласці ў пазваночных жывёл і чалавека. У чалавека П. — шчыльная пласцінка, якая раздзяляе ротавую і насавую поласці. Складаецца з касцявога (цвёрдага) і мяккага П. (працяг цвёрдага — з слізістай абалонкі з падслізістай і мышачнага слоя з тлушчавай клятчаткай), якія разам утвараюць верхнюю сценку поласці рота. Пры парушэнні фарміравання зародка могуць узнікаць заганы развіцця П., напр., воўчая зяпа.

т. 11, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЧА́ (перс.),

дэкаратыўная тканіна са складаным узорам, утвораным метал. ніткамі ўтку. У Кітаі П. выраблялі яшчэ ў пач. н.э. У старажытнасці ўзор фарміравалі з залатых і сярэбраных нітак на шаўковай аснове, у наш час — з нітак матэрыялаў (сплаваў), што імітуюць гэтыя каштоўныя металы, ці з мішуры на палатне з шаўковых ці баваўняных нітак. Выкарыстоўваюць пераважна для пашыву і аздаблення тэатр. касцюмаў.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЗУ́ЧЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, сцёблы якіх сцелюцца па паверхні глебы і ўкараняюцца з дапамогай прыдаткавых каранёў. Паўзучыя сцёблы з кароткімі міжвузеллямі наз. плецямі, з доўгімі — вусамі. Са сцябловых вузлоў П.р. акрамя прыдаткавых каранёў вырастаюць надземныя парасткі, а з іх вузлоў — новыя плеці і вусы, якія забяспечваюць вегетатыўнае размнажэнне. Сярод П.р. ёсць кармавыя (канюшына), харч., тэхн., лек. (агурок, батат, журавіны, суніцы), дэкар. (кураслеп) расліны.

т. 12, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ (Мікалай Спірыдонавіч) (25.8.1922, в. Слакбаш Белябееўскага р-на, Башкортастан — 2.4.1978),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1941. Разлік гарматы на чале з сяржантам П. 21.12.1943 каля в. Дуброва Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. ўступіў у бой з 27 варожымі танкамі, знішчыў 5, 2 з іх асабіста П. Пасля вайны настаўнік у школе.

т. 12, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ТРЫКАЎСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры псеўдавізант. стылю ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл. Пабудавана ў 2-й пал. 19 ст. з цэглы. Будынак мае крыжападобную кампазіцыю з 3-апсіднай алтарнай часткай. Сяродкрыжжа ўвянчана вял. светлавым барабанам з купалам. Пры ўваходзе размешчана 3-ярусная вежа-званіца з купалам, завершаным галоўкай. У дэкоры выкарыстаны закамары, паяскі, сухарыкі.

Т.​В.​Габрусь.

Петрыкаўская Мікалаеўская царква.

т. 12, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЮСЫ СВЕ́ТУ паўночны і Паўднёвы,

пункты перасячэння восі свету з нябеснай сферай. Паблізу Паўн. П.с. знаходзіцца Палярная зорка. Не ўдзельнічаюць у сутачным вярчэнні нябеснай сферы, але з прычыны прэцэсіі павольна перамяшчаюцца адносна зорак па эліпсе, які не замыкаецца, з вуглавым памерам вял. паўвосі 26°27 і робяць поўны абарот за 26 тыс. гадоў. Пры гэтым з-за нутацыі маюць месца невялікія ваганні П.с.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́НСУЛ (лац. proconsul),

дзяржаўная пасада ў Стараж. Рыме (з 327 да н.э.). Першапачаткова выконваў ваен. даручэнні па-за Рымам. Пасля ўтварэння правінцый ажыццяўляў вышэйшую юрыд., адм. і ваен. ўладу ў правінцыях (з 27 да н.э. П. кіравалі ў асноўным сенацкімі правінцыямі). Прызначаўся сенатам з б. консулаў, а з канца 3 ст. да н.э.прэтараў. Паўнамоцтвы П. даваліся звычайна на год.

т. 12, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)