ДАЖБО́Г,

язычніцкае бажаство ўсх. славян, бог сонца і агню; пазней бог земляробства, урадлівасці, дабрабыту. Сын Сварога. У Кіеўскай Русі Д. пакланяліся (яго ідал быў пастаўлены побач з Перуном і інш. багамі на капішчы за церамным дваром у Кіеве). Як сімвалічны вобраз трапляецца ў стараж.-рус. л-ры (першае ўпамінанне ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 980). У «Слове аб палку Ігаравым» Д. выступае як продак і апякун Русі і стараж.-рус. народа.

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНСКО́Й (Марк Сямёнавіч) (6.3.1901, г. Адэса, Украіна — 21.3.1981),

расійскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1966). Герой Сац. Працы (1971). Скончыў Сімферопальскі ун-т (1924). З 1925 працаваў у кіно. Яго творчасць адметная стварэннем каларытных чалавечых характараў і лёсаў, яркіх быт. сцэн: трылогія «Дзяцінства Горкага», «У людзях», «Мае універсітэты» (1938—40), «Вясёлка» (1944), «Няскораныя» (1945), «Сельская настаўніца» (1947), «Дарагой цаной» (1958), «Фама Гардзееў» (1959). Дзярж. прэмія СССР 1941, 1946, 1948, 1968.

т. 6, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ЎБЕР ((Glauber) Іаган Рудольф) (1604, г. Карлштат, Германія — 10.3.1670),

нямецкі хімік і ўрач. З 1648 працаваў у Галандыі. Асн. працы па алхіміі і хім. тэхналогіі. Прыгатаваў шэраг солей, якія выкарыстоўваліся ў якасці лек. сродкаў, у прыватнасці сульфат натрыю (Na2SO4∙10H2O; наз. яго імем — глаўберава соль). Атрымаў чыстыя азотную і серную к-ты, вадкае шкло.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ,

князь ваўкавыскі ў сярэдзіне 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1256, калі ён удзельнічаў у паходзе на яцвягаў разам з князямі навагрудскім Раманам Данілавічам (зяць Глеба), свіслацкім Ізяславам, а таксама галіцка-валынскімі і польск. князямі. У час паходу галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча ў 1258 на Ваўкавыск Глеб узяты ў палон (трымалі яго «во чести»). Верагодна, князем удзельнага Ваўкавыскага княства Глеб заставаўся і пасля ўтварэння ВКЛ.

Я.​Г.​Звяруга.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЯК,

ганчарны выраб; гліняная пасудзіна для захоўвання і транспарціроўкі вадкіх рэчываў — алею, квасу, вады і інш. Часам у ім заварвалі чай, настойвалі зёлкі. Шарападобная, радзей крыху падоўжаная пасудзіна з кароткім вузкім горлам з літком або без яго, з 1—2 ручкамі. Памеры ад цацачных (0,1 л) да вялікіх (8—10 л). Рабілі глякі чорна-задымленыя, паліваныя, зрэдку гартаваныя, упрыгожвалі глянцаваным і лінейна-хвалістым контррэльефным арнаментам, ангобнай размалёўкай.

Глякі.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБЕЎ (Сцяпан Цімафеевіч) (1849 — 1920),

украінскі гісторык. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію. Праф. Кіеўскага ун-та і Кіеўскай духоўнай акадэміі. Даследаваў гісторыю асветы, культуры і царк. жыцця на Украіне. Друкаваўся ў час. «Киевская старина», «Чтения в обществе истории и древностей российских» і інш. Асн. працы: «Кіеўскі мітрапаліт Пётр Магіла і яго паплечнікі» (т. 1—2, 1883—98), «Гісторыя Кіеўскай духоўнай акадэміі» (вып. 1, 1886). У сваіх працах апублікаваў дакументы 16—17 ст.

т. 5, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «ГІДРАПРЫВО́Д».

Засн. ў 1961 на базе цэха завода «Гомсельмаш». У 1975 на яго аснове створана Гомельскае ВА «Гідрааўтаматыка» ў складзе галаўнога прадпрыемства «Гідрапрывод», Хойніцкага і Нараўлянскага з-даў гідраапаратуры і канструктарска-тэхнал. бюро з доследна-эксперым. вытв-сцю. Асн. Прадукцыя (1996): станочная гідраўліка (у т. л. вузлы для трактароў МТЗ), тавары нар. ўжытку і інш. Прадукцыя пастаўляецца на 300 прадпрыемстваў краін СНД і ў далёкае замежжа.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЦЫЯ́ЛЬНЫ ФОНД (European Social Fund),

фонд Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, накіраваны на павышэнне занятасці ў краінах — членах Супольнасці праз аказанне фін. дапамогі ў перападрыхтоўцы і перасяленні рабочых. Засн. ў 1959; у выніку рэформы 1971 больш дакладна вызначаны прыярытэты яго дзейнасці. Фонд дае субсідыі для развіцця прафес. адукацыі, фінансавання праграм павышэння занятасці, развіцця галін, якія перажываюць спад, дапамогі ў працаўладкаванні імігрантам. жанчынам. Вялікая ўвага аддаецца фінансаванню праграм па ўладкаванні моладзі.

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́КАЎ (Алег Пятровіч) (1.4.1905, г. Сарапул, Удмурція — 4.5.1988),

рускі акцёр. Нар. арг. СССР (1969). Скончыў Ленінградскі тэхнікум сцэн. мастацтва (1929). З 1925 здымаўся ў кіно. Яго выканальніцкай манеры характэрны знешняя стрыманасць, глыбокі псіхалагізм. Сярод фільмаў: «Сямёра смелых», «Мы з Кранштата», «Нашэсце» (Дзярж. прэмія СССР 1946), «Ля возера» (Дзярж. прэмія СССР 1971), «Фронт без флангаў» і «Фронт за лініяй фронту» (Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Гарачае лета ў Кабуле», «Дзяўчына і Гранд».

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЧАЯ ФЕ́РМА,

сельскагаспадарчае прадпрыемства або яго падраздзяленне, прызначанае для гадоўлі (у т. л. племянной) статкаў с.-г. жывёл і вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Адрозніваюць фермы па гадоўлі буйн. раг. жывёлы, свінагадоўчыя, конегадоўчыя, птушкагадоўчыя і інш. Падзяляюцца на племянныя (узнаўленне племяннога маладняку) і таварныя (вытворчасць ялавічыны, свініны, малака, воўны і інш.). Уключаюць асн. памяшканні для ўтрымання жывёлы і дапаможныя — для захоўвання і апрацоўкі кармоў, прадукцыі і гною, для персаналу. інвентару і інш.

т. 6, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)