ЛЮДО́ВІК XVIII (Louis; 17.11.1755, г. Версаль, Францыя — 16.9.1824),

кароль Францыі [1814—24]. 3 дынастыі Бурбонаў. Брат Людовіка XVI, граф Праванскі. У час рэвалюцыі 1789—99 уцёк з Францыі (1791). У 1795 пасля смерці ў парыжскай турме малалетняга пляменніка (т.зв. Людовіка XVII) абвясціў сябе каралём. Фактычна заняў прастол у 1814 у выніку перамогі краін антыфранц. кааліцыі над Напалеонам I. У перыяд «Ста дзён» Напалеона I (сак.чэрв. 1815) знаходзіўся ў Бельгіі. Да 1820 праводзіў адносна ліберальную палітыку, пазней трапіў пад уплыў ультрараялістаў. Гл. таксама Рэстаўрацыя ў Францыі.

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 12.1.1925, в. Гольева Краснагорскага р-на Маскоўскай вобл.),

расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Расіі (1970). З 1953 працаваў у тэатрах г. Уладзімір, на Д. Усходзе. У 1972—85 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Выканаўца драм. роляў. Сярод роляў у Гродзенскім т-ры: Караваеў («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Цясленка («Апошні шанц» В.​Быкава), Цімоха («Вечар» А.​Дударава), Каргін («Цяжкае абвінавачванне» Л.​Шэйніна), бацька Цярэнція («Жорсткія гульні» А.​Арбузава), дзед Сцёпачка («Печ на коле» Н.​Сямёнавай) і інш.

Н.​В.​Трацэўская.

т. 9, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ДА,

участак, на якім высякаўся лес, дрэвы спальваліся, а зямля выкарыстоўвалася пад ворыва. Ляднае земляробства вядома на тэр. Беларусі з эпохі неаліту, на Палессі з 4-га тыс. да н.э., у канцы 3-га тыс. пашырылася да Падзвіння. У бронзавым веку — асн. сістэма гаспадаркі. Лядна-агнявым земляробствам займаліся плямёны штрыхаванай керамікі культуры і днепра-дзвінскай культуры, дрыгавічы, крывічы, радзімічы і інш. слав. плямёны. Часткова выкарыстоўвалася да 19 ст. Ад Л. паходзяць назвы некаторых населеных пунктаў.

Літ.:

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

металаарганічныя злучэнні, у якіх атам магнію непасрэдна злучаны з вугляродам. Асн. тыпы М.з. маюць агульныя ф-лы: RMgX і R2Mg, дзе Rарган. радыкал, X — пераважна галаген.

Найб. важныя М.з., т.зв. рэактывы Грыньяра RMgX — бясколерныя крышталі або вязкія вадкасці, устойлівыя да 100—150 °C. Раскладаюцца пад уздзеяннем вады, спіртоў, кіслот. Узаемадзейнічаюць з галагенамі, серай, вуглякіслым газам (утвараюць солі карбонавых кіслот). Атрымліваюць узаемадзеяннем галагеналканаў з магніем у эфірным растворы. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе (гл. Грыньяра рэакцыя) і для атрымання металаарган. злучэнняў; у прам-сці — як каталізатары полімерызацыі.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖЭ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА У Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 4 км на ПнЗ ад г. Паставы. Пл. 0,66 км², даўж. больш за 1,4 км, найб. шыр. 660 м, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі каля 3,2 км. Пл. вадазбору 10,7 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, на ПнЗ і ПдУ пераходзяць у забалочаную нізіну. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пн і Пд сплавінныя. На ПнЗ і У пойма шыр. да 200 м, забалочаная. Дно ілістае. Упадаюць некалькі меліярац. каналаў.

т. 9, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЖАЧО́К,

аддзел галаўнога мозга пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічае ў каардынаванні рухаў, рэгуляцыі вегетатыўных функцый, захаванні позы і раўнавагі цела. Размешчаны пад патылічнымі долямі вял. паўшар’яў, над прадаўгаватым мозгам, у задняй чарапной ямцы (іл. гл. да арт. Галаўны мозг). Складаецца з парных паўшар’яў (плошча звілін М. ў чалавека 1,5 тыс. см​2), аб’яднаных сярэдняй часткай-чарвяком. Паверхня мае 3 слоі кары (малекулярны, гангліёзны, зярністы). Звязаны з мазгавым ствалом трыма парамі ножак. Парушэнні М. ў чалавека вядуць да расстройства раўнавагі, мышачнага тонусу і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЫШАЎ (Пётр Фёдаравіч) (28.8.1898, в. Селязнёва Яраслаўскай вобл., Расія — 10.12.1972),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.лейт. (1943). Скончыў курсы «Выстрал» (1923, 1930), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). У Вял. Айч. вайну на Зах., Бранскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалт. франтах. Са жн. 1943 камандуючы 4-й ударнай арміяй, якая ўдзельнічала ў Гарадоцкай, Віцебска-Аршанскай, Полацкай і Мінскай аперацыях. Войскі пад яго камандаваннем вызначыліся пры вызваленні Гарадка, Полацка і інш. нас. пунктаў. Да 1959 на камандных пасадах у Сав. Арміі, у т. л. ў БВА.

т. 10, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ННІК (Glyceria),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, Паўд. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 6 відаў М.: вялікі (G. maxima), дуброўны (G. nemoralis), літоўскі (G. lithuanica), плывучы (G. fluitanse), складкаваты (G. plicata), трысняговы (G. arundinacea). Трапляюцца па берагах вадаёмаў, у забалочаных лясах, канавах.

Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 2 м. Лісце з замкнёнымі похвамі, лінейнае, шурпатае. Каласкі шматкветныя, падоўжаныя, у мяцёлчатым суквецці. Плод — зярняўка. Пад назвай манна часам ужываюцца зярняўкі М. плывучага (адсюль назва роду). Харч. і карм. расліны.

Маннік вялікі.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РГАНЦАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

мінеральныя рэчывы, якія маюць марганец у даступным для раслін выглядзе; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У раслінах колькасць марганцу складае дзесяцітысячныя — сотыя долі працэнта (у глебе — у сярэднім 0,085%), таму у кіслых глебах марганцу дастаткова, месцамі нават лішка. Найб. распаўсюджаным М.у. з’яўляецца сульфат марганцу MnSO4∙5H2O — крышт. парашок белага ці светла-шэрага колеру, мае 22,5% Mn, добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць звычайна на вапнавых дзярнова-падзолістых і тарфяна-балотных глебах пад цукр. буракі, азімую пшаніцу, шматгадовыя травы, гародніну. пладовыя культуры.

Р.​У.​Васілюк.

т. 10, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКАМА́НСКАЯ ВАЙНА́ 166—180, вайна старажытнагерманскіх (пераважна маркаманаў) і сармацкіх плямён, што жылі на Пн ад Дуная, супраць Рым. імперыі. Выкарыстаўшы цяжкае становішча Рым. імперыі ў сувязі з Парфянскай вайной (162—166), чумой і неўраджаем, герм. плямёны разам з саюзнікамі ў 166 уварваліся на яе тэрыторыю і пасля шэрагу перамог у 169 занялі Паўн. Італію і выйшлі да Адрыятыкі. Да 174 рымлянам пад кіраўніцтвам імператара Марка Аўрэлія ўдалося прыпыніць нашэсце германцаў, а ў 180 імператар Камод нанёс ім паражэнне. Паводле мірнага дагавора (180) граніцы Рым. імперыі зноў прайшлі па Дунаі.

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)