ЛІСТРЫ́ЧНЫ РАЗЛО́М (ад грэч. listros лапата, коўш),
геалагічны разлом, які мае коўша- або лапатападобную крывалінейную паверхню зрушэння. Вылучыў Э.Зюс (1909) у разрэзах вугальнага басейна Бельгіі і Францыі. Для Л.р. характэрна больш стромкае падзенне ў верхняй ч. і пакатае ўнізе. Па глыбіні пранікнення падзяляюцца на прыпаверхневыя, унутрычахольныя, верхне- і ніжнекоравыя, корамантыйныя, надастэнасферна-мантыйныя і астэнасферныя. Характэрны для рыфтагенных структур. пашыраны таксама ў складкавых рухомых паясах і на платформах. На тэр. Беларусі Прыпяцкі прагін (палеарыфт) утвораны лістрычнымі корамантыйнымі і коравымі разломамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУБ, флаэма,
складаная тканка ў сцёблах і каранях дрэвавых і травяністых раслін. Служыць для правядзення па расліне арган. і мінер. рэчываў; выконвае таксама запасальную, механічную, выдзяляльную функцыі. Складаецца з праводных (сітападобных) трубак з клеткамі-спадарожніцамі, з лубяных парэнхімы і валокнаў. У дрэвавых раслін утварае ўнутр.ч. кары. Адрозніваюць Л. першасны (утвараецца з пракамбію, характэрны для папарацей, дзеразы, хвашчоў) і другасны (адкладваецца ў голанасенных і двухдольных ад дзейнасці камбію). У Л. назапашваюцца алей, крухмал, дубільныя і інш. рэчывы. Лубяныя валокны выкарыстоўваюць як тэкст. сыравіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДАЛЬЁН (франц. médaillon ад італьян. medaglione павелічальнае ад medaglia медаль),
1) выяўленчая ці арнаментальная кампазіцыя (ляпны або разны рэльеф, размалёўка, мазаіка) у авальным ці круглым абрамленні. Выкарыстоўваецца для аздаблення будынкаў, мэблі і інш. У бел. архітэктуры 18 — пач. 20 ст. вядомы М. з расл., антрапаморфнымі, рэліг. матывамі.
2) Ювелірнае ўпрыгожанне (нярэдка ў выглядзе авальнай ці круглай плоскай каробачкі на ланцужку) для захоўвання мініяцюрнага партрэта ці рэліквіі.
С.А.Сергачоў.
Медальён на фасадзе царквы Арсанмікеле ў Фларэнцыі, Італія. 1460. Мастак Л. дэла Робія. Маёліка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́КРА-ЭВМ,
найбольш пашыраная малагабарытная электронная вылічальная машына, створаная на базе мікрапрацэсара. Бываюць убудаваныя, бартавыя, персанальныя, настольныя, партатыўныя, прафесіянальныя і бытавыя. Акрамя мікрапрацэсара, маюць блокі памяці (пастаяннай і аператыўнай), сродкі сувязі з перыферыйнымі прыладамі (у т. л. ўводу-вываду інфармацыі), пульт кіравання (напр., дысплей з клавіятурай). Выкарыстоўваюцца ў сістэмах аўтам. і аўтаматызаванага кіравання, напр., тэхнал. працэсамі, у якасці тэрміналаў для сувязі з выліч. цэнтрамі калектыўнага карыстання або камп’ютэрнымі сеткамі, для абсталявання аўтаматызаваных рабочых месцаў, а таксама ў якасці персанальных ЭВМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОРФАТРАПІ́Я (ад морфа... +грэч. tropos паварот),
змена крышт. структуры, якая адбываецца ў шэрагу аднатыпных хім. злучэнняў пры замене ў малекуле аднаго з атамаў на суседні па групе ў перыяд. сістэме элементаў; з’ява процілеглая ізамарфізму (гл.Ізамарфізм у геалогіі). Назіраецца ў шэрагу карбанатаў металу II групы: MgCO3, CaCO3, SrCO3, BaCO3, у якім крышт. структура мяняецца ад структуры араганіту, уласцівай карбанату магнію MgCO3, да структуры кальцыту, характэрнай для карбанатаў стронцыю SrCO3 і барыю BaCO3. Для карбанатаў кальцыю вядомы 2 паліморфныя мадыфікацыі — араганіт і кальцыт.
бел. вучоны ў галіне хім. тэхналогіі цвёрдага паліва. Д-ртэхн.н. (1987). Скончыла БПІ (1955). З 1962 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН (у 1975—95 заг. лабараторыі). Навук. працы па хіміі арган. кампанентаў торфу, бурага вугалю, сапрапеляў і расл. адходаў, распрацоўцы тэхналогій атрымання з іх біялагічна актыўных прэпаратаў для раслінаводства, кармавых дабавак для жывёлагадоўлі.
Тв.:
Торф в биотехнологии. Мн., 1987;
Гуминовые вещества в биосфере. М., 1993 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНЕ́Т (італьян. nonetto ад лац. nonus дзевяты),
1) ансамбль з 9 музыкантаў-выканаўцаў (інструменталістаў або вакалістаў). Інстр. Н. звычайна ўключае стр. квартэт або квінтэт, да якога далучаюцца розныя драўляныя духавыя інструменты.
2) Муз. твор для 9 інструментаў, радзей для пеўчых галасоў (з суправаджэннем ці без яго). Інстр. Н. — шматчасткавы камерны твор (звычайна ў форме санатна-сімф. цыкла). Мяшаны інстр. склад Н. набліжае яго да жанру інстр.серэнады. Вядомы з 19 ст. (у творчасці Л.Шпора, Ф.Лахнера, І.Райнбергера, Ч.Станфарда і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРКО́З (ад грэч. narkōsis аняменне, здранцвенне),
агульнае абязбольванне, стан глыбокага штучнага сну з абарачальнай стратай свядомасці, болевай адчувальнасці, расслабленнем шкілетных мышцаў, прыгнечаннем некат. рэфлексаў. Выкарыстоўваюць пры хірург. аперацыях, складаных дыягнастычных даследаваннях і інш. Адрозніваюць Н. інгаляцыйны (праз дыхальныя шляхі), неінгаляцыйны (напр., унутрывенны, унутрымышачны) і камбінаваны (2 ці больш шляхоў увядзення наркатычнага рэчыва). Для інгаляцыйнага Н. ўжываюць пары эфіру, цыклапрапану, закіс азоту і інш., для неінгаляцыйнага — часцей вытворныя барбітуравай кіслаты. Робяць таксама электранаркоз (уздзеянне на ц. н. с. токамі спец. падабраных частот).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ФАР I (Nikēphoros; ?—26.7.811),
візантыйскі імператар [802—811]. Быў скарбнікам пры двары імператрыцы Ірыны. Пасля яе звяржэння абвешчаны імператарам. Для ўмацавання фін. становішча дзяржавы ўвёў новыя падаткі, у т. л. з царкоўнай маёмасці. Умацаваў флот, развіваў гандаль шляхам прадастаўлення купцам дзярж. пазыкі. Задушыў паўстанне славян у г. Патры (Пелапанес) і пачаў іх хрысціянізацыю. З 802 ваяваў з араб. халіфам Харунам-ар-Рашыдам, у 804 пацярпеў паражэнне ў Фрыгіі, у 807 падпісаў зневажальны для Візантыі мір. Забіты ў час вайны 809—11 з Балгарыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ША (ад франц. niche гняздо) у архітэктуры, паглыбленне ў сцяне будынка ці збудавання для пластычнага ўзбагачэння фасадаў і інтэр’ераў, аблягчэння канструкцыі, устаноўкі статуй, ваз і інш. Бываюць прамавугольныя, лучковыя, арачныя, круглыя, паўцыркульныя, складанай формы, без абрамленняў або ўпрыгожаныя прафіляванымі архівольтамі, сандрыкамі і інш. Н. ў ваеннай справе — заглыбленне ў сценцы акопа, траншэі і інш.для захоўвання боепрыпасаў, харчавання, аховы ваеннаслужачых ад паражальных сродкаў і непагоды. У слабых грунтах сценкі і столь Н. часам абшываюць дошкамі ці падручным матэрыялам.