МАЛІ́НІН (Сяргей Мікалаевіч) (13.6. 1907, Мінск — 20.5.1972),

бел. вучоны-эканаміст, дзярж. дзеяч Беларусі. Д эканам. н. (1967), праф. (1967). Скончыў БДУ (1929), Маск. планавы ін-т Дзяржплана СССР (1938). З 1925 у Камуніст. ун-це Беларусі, з 1928 у НДІ арганізацыі і аховы працы ВЦСПС, з 1936 у Ін-це эканомікі АН БССР (з 1946 дырэктар). З 1947 у апараце ЦК КПБ. У 1953—65 старшыня Дзяржплана БССР, адначасова нам. старшыні Савета Міністраў БССР (1955—1958). З 1966 у Бел. дзярж. ін-це нар. гаспадаркі (рэктар), з 1969 у БДУ заг. кафедры палітэканоміі. Навук працы па эканоміцы і планаванні нар. гаспадаркі. Чл. ЦК КПБ, Дэп. Вярх. Савета СССР 5—6-га скл. (1958—66), дэп. Вярх. Савета БССР 3—4-га скл. (1951—59).

Тв.:

Экономика Белорусской ССР и перспективы ее развития. М., 1960 (разам з М.​М.​Іпам);

Экономическая эффективность общественного производства. Мн., 1970.

т. 10, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИ́НСКИЙ КУРЬЕ́Р»,

штодзённая «беспартыйная» газета ліберальна-бурж. антысав. кірунку. Выдавалася з 26.8.1919 да ліп. 1920 у Мінску на рус. мове з дазволу польск. акупац. улад. Арыентавалася на дапамогу польск. легіёнаў у вызваленні Расіі ад бальшавіцкай улады. Заклікала падтрымаць Польшчу, Калчака, Дзянікіна ў іх барацьбе супраць Сав. Расіі, асуджала тэрор бальшавікоў супраць сваіх паліт. праціўнікаў, крытыкавала краіны Антанты за курс на прымірэнне з бальшавіцкім рэжымам. Шмат увагі аддавала мясц. сац.-эканам. праблемам, змяшчала інфармацыю пра тэатр. спектаклі, арганізацыю бел. школ, падтрымлівала кантакты з лідэрамі правых плыней бел. нац. руху (П.​Алексюком і інш.). Апублікавала зварот Ю.​Пілсудскага «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» і каментарыі да яго ген. камісара Усх. зямель Г.​Асмалоўскага, раман А.​Юнашы (Гзоўскага) «Аляксандр Мяснікянц» (пра сав. камісара А.​Мяснікова), друкавала нарысы Д.​Бохана, вершы З.​Гіпіус, артыкулы і нарысы інш. мясц. журналістаў і літаратараў.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСВЯТА́ЙЛАЎ (Генадзь Аляксандравіч) (4.3.1939, г. Таганрог, Расія — 30.6.1999),

бел. сацыёлаг; заснавальнік бел. школы навуказнаўства. Д сацыялагічных н. (1991), канд. тэхн. н. (1970). Скончыў Мікалаеўскі караблебуд. ін-т (1962). З 1966 у Ін-це цепла- і масаабмену, Ін-це эканомікі, з 1990 у Ін-це сацыялогіі (заг. аддзела) Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах сацыялогіі навукі і адукацыі, трансфармацыі акад. навукі, інтэлектуальнай міграцыі. Распрацаваў комплексную праграму даследаванняў па сац. праблемах навук.-тэхн. палітыкі, каардынатар шэрагу міжнар. даследчых праектаў.

Тв.:

Наука и ее эффективность. Мн., 1979;

Интенсификация академической науки (в условиях союзных республик). Мн., 1986;

Научный потенциал республики. Мн., 1991 (у сааўт.);

Brain Drain in Belarus (разам з М.​І.​Арцюхіным) // Science Studies. 1995. № 1;

Научно-технические кадры: мобильность в условиях конверсии. Мн., 1998 (у сааўт.);

Compromised futures: the consequences of an aging research staff. East European Academies in Transition. Dordrecht etc., 1998.

т. 11, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́САРАЎ (Дзмітрый Іванавіч) (14.10.1840, с. Знаменскае Леў-Талстоўскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 16.7.1868),

рускі публіцыст, літ. крытык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). За публікацыю памфлета супраць самадзяржаўя і падтрымку А.​Герцэна зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці (1862—66). Асн. даследаванні, літ.-крытычныя, сацыялагічныя, гіст. і палемічныя артыкулы, нарысы і рэцэнзіі апублікаваў у час. «Русское слово», «Дело», «Отечественные записки» («Ідэалізм Платона», «Схаластыка XIX ст.», абодва 1861; «Базараў», «Бедная руская думка», абодва 1862; «Рэалісты», «Матывы рускай драмы», абодва 1864; «Пушкін і Бялінскі», «Разбурэнне эстэтыкі», «Мыслячы пралетарыят», усе 1865; «Барацьба за жыццё», ч. 1—2,1867—68; і інш.). У яркай і дасціпнай публіцыстыцы прааналізаваў творчасць І.​Тургенева, А.​Ганчарова, А.​Пісемскага, Г.​Гейнэ, раннія творы Л.​Талстога, Ф.​Дастаеўскага, вітаў літ. і паліт. кірунак М.​Чарнышэўскага, М.​Дабралюбава, інш. рэв. дэмакратаў. Адкрыта выступаў супраць самадзяржаўя, царскай бюракратыі, за інтэлектуальную і сац. свабоду, за гарантыю правоў народа і кожнага чалавека. П. — радыкальны крытык схаластычнай навукі, філас. ідэалізму, бурж. лібералізму, містыкі, фарысейскай маралі. У эстэтыцы развіваў традыцыі рэв. дэмакратызму і крытычнага рэалізму, аналіз маст. творчасці супастаўляў з глыбокім даследаваннем сац. рэчаіснасці, класава-саслоўнай структуры грамадства. Высока цаніў прыродазнаўчыя і фізіка-матэм. веды, эвалюцыйную тэорыю развіцця грамадства, навукова-тэхн. прагрэс, сацыялогію А.​Конта, сац.-паліт. тэорыю Ж.​Ж.​Русо. Дасціпна высмейваў арыстакратычнае эстэцтва, ізаляваную ад жыцця народа навуку і л-ру. Але ў палемічных перабольшаннях наўмысна дапускаў нігілістычныя выпады супраць «чыстага мастацтва», класічнай л-ры, творчасці А.​Пушкіна, прапаведаваў утылітарызм і «разбурэнне эстэтыкі».

Літ.-крытычная і сац.-філас. спадчына П. станоўча паўплывала на развіццё бел. эстэтыкі, крытыкі і публіцыстыкі. Бацька паэта М.​Багдановіча народнік А.​Багдановіч успамінаў, як у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі студэнты патаемна чыталі забароненыя для іх творы П. Газ. «Минский листок» станоўча ацаніла перавыданні яго твораў, ставіла П. ў шэрагу выдатных і самаахвярных пісьменнікаў. Газ. «Минский курьер» крытыкавала яго антыэстэтызм, але высока ацаніла яго глыбокі аналітычны розум, палемічны талент, ушаноўвала яго поруч з інш. «пакутнікамі слова». Спадчына П. прапагандавалася ў бел. друку 1920—80-х г. Яго выбр. творы перакладзеныя на бел. мову.

Тв.:

Соч. Т. 1—4. М., 1955—56;

Исторические эскизы: Избр. ст. М., 1989;

Литературно-критические статьи. Мн., 1976;

Литературная критика. Т. 1—3. Л., 1981;

Бел. пер.Выбр. творы. Мн., 1939.

Літ.:

Гошевский В.О. Проблема личности в философском наследии Д.​И.​Писарева. Л., 1987;

Искра Л.М. Д.​И.​Писарев и его роль в истории русской общественно-политической мысли. Воронеж, 1988;

Кузнецов Ф.Ф. Круг Д.​И.​Писарева. М., 1990;

Мир Писарева. М., 1995.

У.​М.​Конан.

Дз.І.Пісараў.

т. 12, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,

творчасць па стварэнні маст. рэчаў, пераважна для побыту (посуд, мэбля, дробная пластыка, прылады працы, маст. тканіны, адзенне, ювелірныя вырабы і інш.); раздзел дэкаратыўнага мастацтва. Творы Д.-п.м. класіфікуюць паводле матэрыялу (метал, кераміка, шкло, косць, тэкстыль, дрэва) ці тэхнікі выканання (ліццё, чаканка, коўка, разьба, інкрустацыя, размалёўка, ткацтва, пляценне, вышыўка). Д.-п.м. вырашае практычныя і маст. задачы, садзейнічае маст. арганізацыі прадметнага асяроддзя, якое адпавядае эстэт. запатрабаванням чалавека. Творы Д.-п.м. неаддзельныя ад матэр. культуры сучаснай ім эпохі, звязаны з яе звычаямі, этнічнымі і нац. асаблівасцямі, сац.-групавымі адрозненнямі. Эстэт. каштоўнасць вырабаў Д.-п.м., мэтазгоднасць і выразнасць форм дасягаюцца канстр. і пластычнымі магчымасцямі матэрыялу, разнастайнасцю прыёмаў яго апрацоўкі. Сродкі розных відаў выяўл. мастацтва (скульптуры, жывапісу, графікі) і арнамент выкарыстоўваюць у Д.-п.м. для стварэння дэкору і для формаўтварэння вырабаў (посуд у выглядзе расліны, жывёлы, чалавека, фігурныя дэталі мэблі і інш.). У прадметах утылітарнага характару дэкор можа адсутнічаць, эстэт. якасці дасягаюцца выразнасцю формы вырабу, што падкрэслівае яго прызначэнне. Адзінства маст. і утылітарнай функцый, формы і дэкору выяўляюць сінт. характар Д.-п.м.

Д.-п.м. ўзнікла на ранняй стадыі развіцця грамадства і на працягу стагоддзяў было адной з важных галін маст. творчасці, уласцівай усім народам. Найб. стараж. творы Д.-п.м. адлюстроўвалі разнастайныя ўяўленні чалавека пра сусвет і навакольнае асяроддзе, вызначаюцца ўвагай да эстэтыкі матэрыялу, змястоўнасцю вобразаў, рацыянальнасцю форм, падкрэсленых дэкорам. З узнікненнем класавага грамадства з’явіліся творы Д.-п.м., што адлюстроўвалі густы і ідэалогію пануючых класаў. Быт. мэтазгоднасць у іх часта адсутнічала, вылучаліся багацце матэрыялу і дэкору, апошні нярэдка станавіўся самамэтай і траціў сувязь з формай. Д.-п.м. кожнай гіст. эпохі развівалася ў агульным рэчышчы маст. стыляў, характэрных для інш. відаў мастацтва.

На тэр. Беларусі найб. стараж. ўзоры Д.-п.м. адносяцца да позняга палеаліту (каля 30 тыс. г. назад). У неаліце з пераходам да аселага жыцця мастацтва ўзнялося на больш высокую ступень. Знойдзены арнаментаваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, бурштыну, дробныя пластычныя заа- і антрапаморфныя выявы з каменю, керамічны посуд, аздоблены наколкамі, нарэзкамі, грабеньчатым і ямкавым арнаментам. У канцы неаліту і ў бронзавым веку арнамент ускладніўся, пашырэнне набыла салярная сімволіка. Больш разнастайнымі сталі формы глінянага посуду, які аздабляўся арнаментам у выглядзе паскаў, ялінкавых узораў з насечак, пракрэсленых рысак. З адкрыццём выплаўкі медзі і бронзы пашырыліся метал. ўпрыгожанні. Разнастайнасцю вызначаецца Д.-п.м. жалезнага веку: гліняныя статуэткі жывёл, фібулы, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі, бранзалеты, вырабы з бісеру і інш. ўпрыгожанні, аздобленыя арнаментам, часам выемчатымі эмалямі. З падзелам грамадства на класы Д.-п.м. вылучылася ў самаст. галіну маст. дзейнасці. Майстры-рамеснікі, што працавалі ў гарадах і пры княжацкіх дварах, спецыялізаваліся ў асобных відах рамёстваў. Шырокае развіццё набылі разьба па косці, разьба па дрэве, ліццё мастацкае, ювелірнае мастацтва. Вырабляліся прадметы побыту, зброя, посуд, дробная пластыка (абразкі, шахматныя фігуркі), тканіны, абклады да кніг і абразоў, крыжы (гл. Крыж Ефрасінні Полацкай) і інш. Выкарыстанне ганчарнага круга спрыяла пашырэнню ганчарства і паляпшэнню якасці вырабаў. У аздабленні твораў пераважаў тэраталагічны стыль, а таксама разнастайны арнамент геам. і расл. характару, звычайна гравіраваны. У 10—12 ст. Д.-п.м. развівалася ў агульным рэчышчы мастацтва Кіеўскай Русі, адчуваўся ўплыў Візантыі. У 14—16 ст. Д.-п.м. звязана з зах.-еўрап. мастацтвам, больш разнастайным стаў дэкор. У 15 ст. ўзніклі першыя рамесныя аб’яднанні — цэхі (цэх шкларобаў у Гродне), у якіх у 16 ст. канцэнтравалася асн. ч. рамеснікаў. Стварэнне цэхаў садзейнічала развіццю Д.-п.м., узбагачэнню асартыменту і дэкору вырабаў. Дасягнула росквіту ювелірнае мастацтва, развівалася шкларобства, ружэйная справа, выраб паліхромнай рэльефнай кафлі з геам., расліннымі, геральдычнымі кампазіцыямі. У 17—18 ст. Д.-п.м. зазнала ўплыў барока, творы набылі дынамічную кампазіцыю, дэкар. пышнасць, пластычнасць і экспрэсіўнасць форм. Плоскасны характар дэкору саступіў месца аб’ёмнасці і шматпланавасці, шырока ўжываўся багаты раслінны арнамент у спалучэнні з дынамічна выгнутымі ракавінападобнымі элементамі, вітымі калонкамі, фігурнымі выявамі і інш. Многія віды Д.-п.м. актыўна ўключаліся ў інтэр’ер, набылі манум.-дэкаратыўны характар. Пашырыліся коўка мастацкая, чаканка, рэльефная паліхромная кафля, росквіту дасягнула аб’ёмна-ажурная разьба (беларуская рэзь). Многія бел. майстры-ювеліры, разьбяры, цаніннікі, збройнікі працавалі ў Маск. дзяржаве. У 18 ст. ўзнікаюць мануфактуры шкларобчыя, ткацкія, фаянсавыя, а таксама жалеза- і медналіцейныя заводы. Вядомасць набылі слуцкія паясы, карэліцкія шпалеры, урэцка-налібоцкае шкло. Часта прадукцыя выраблялася паводле зах.-еўрап. узораў, але пад уплывам мясц. нар. мастацтва набывала своеасаблівую інтэрпрэтацыю: больш рэалістычна трактаваўся дэкор, уводзіліся элементы нар. мастацтва. У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам класіцызму характар Д.-п.м. стаў больш стрыманы, ураўнаважаны, у дэкор уключыліся выявы ант. матываў, ваен. атрыбутыкі, картушаў і інш. Масавае буд-ва ў гарадах выклікала пашырэнне маст. ліцця і кавальства ў архітэктуры. У 19 — пач. 20 ст. Д.-п.м. характарызуецца моцным узаемаўплывам 2 кірункаў: прамысл. і народнага. Ручныя цэхавыя і мануфактурныя рамёствы прыходзяць у заняпад, на базе мануфактур і нар. промыслаў узнікаюць прадпрыемствы маст. прамысловасці, што напаўнялі рынак таннай, але часта маламастацкай, эклектычнай прадукцыяй. Пашырэнне прамысл. прадукцыі адмоўна ўплывала на нар. маст. промыслы, некат. з іх заняпалі (напр., набойка, пернікарства). Адначасова развівалася традыц. народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, пашырыліся яго віды, звязаныя з аздабленнем нар. жылля. Развіццю яго садзейнічалі адкрытыя земствамі на аснове мясц. промыслаў рамесніцкія школы і майстэрні, дзе рыхтавалі кваліфікаваных спецыялістаў. Аднак у цэлым Д.-п.м. пач. 20 ст. перажывала крызіс, які паглыбіўся ў сувязі з 1-й сусв. вайной. Пошукамі новага стылю вызначаецца Д.-п.м. 1920-х г. У 1919 створаны спец. керамічныя майстэрні ў Віцебску і Магілёве, ткацка-вышывальная ў Слуцку, дрэваапрацоўчая ў Гомелі, пабудавана 1-я чарга Аршанскага льнокамбіната (1928—37). Аднак слабаразвітая прам-сць не магла задаволіць патрэбы насельніцтва ў зручных і прыгожых прадметах Д.-п.м., іх маст. ўзровень часта быў недастаткова высокі. Недахоп прамысл. маст. вырабаў часткова кампенсавалі творы народных мастацкіх промыслаў. Патрэбу ў керамічным посудзе гасп. і маст. прызначэння задавальнялі традыц. ганчарныя цэнтры: у Бабінавічах, Благаўцы, Гарадку, Гарадной, Дуброўне, Крэве, Міры, Копысі, Поразаве, Пружанах, Івянцы, Ракаве і інш. (гл. Бабінавіцкая кераміка, Дубровенская кераміка і г.д.). Нар. майстры аб’ядноўваліся ў арцелі, у 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз. Да канца 1940-х г. створана прамысл. база для развіцця Д.-п.м., адноўлены разбураныя ням.-фаш. захопнікамі прадпрыемствы маст. прам-сці. Пачалі працаваць Віцебскі дывановы камбінат (1946), Мінскі фаянсава-фарфоравы завод (1951), аднавілі работу Аршанскі льнокамбінат, шклозаводы ў Барысаве і Бярозаўцы (Лідскі р-н). Мастакі звярталіся да класічнай спадчыны, традыц. форм і дэкору. Аднак такое спалучэнне было часам эклектычнае, творы, асабліва выставачныя, вызначаліся залішняй пампезнасцю, складанасцю і надуманасцю форм, празмерным мех. выкарыстаннем арнаменту. З пач. 1960-х г. пашыраецца вытв-сць вырабаў Д.-п.м., прызначаных для штодзённага побыту. Барацьба супраць параднасці, састарэлых і нежыццёвых форм адыграла значную ролю ў абнаўленні і развіцці маст. прам-сці, пашырыла і зацвердзіла важнае значэнне Д.-п.м., але адначасова выклікала пашырэнне твораў занадта спрошчаных. У сярэдзіне 1960-х г. лаканізм саступае месца адлюстраванню сучаснасці, творчаму засваенню нац. традыцый, разнастайнасці і багаццю форм, каларыстыкі, дэкору. 1960—70-я г. — якасна новы перыяд у развіцці Д.п.м. Пасля рэарганізацыі Белмастпрамсаюза ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-ва мясц. прам-сці БССР (1960) пашырыўся асартымент і тэматыка маст. вырабаў, павысілася іх якасць. Палепшылася і пашырылася вытв. база Д.п.м.: рэарганізаваны вытв. цэхі Маст. фонду БССР, пачаўся выпуск прадукцыі на Брэсцкім дывановым камбінаце (1963—65), павялічаны магутнасці шклозавода «Нёман» і Барысаўскага хрусталёвага завода, Аршанскага льнокамбіната. Для падрыхтоўкі спецыялістаў адкрылася аддзяленне Д.-п.м. ў Бел. тэатр.-маст. ін-це (1961). Асн. прынцыпам Д.-п.м. становіцца прастата геам. форм, функцыянальнасць, строгасць, умелае выкарыстанне дэкар. уласцівасцей матэрыялу, яго натуральнай прыгажосці ў спалучэнні з разнастайнасцю і смеласцю дэкар. рашэнняў. Развіваюцца маст. шкло, фарфор, маст. кераміка, маст. тканіны. Д.-п.м. актыўна ўключаецца ў грамадскі інтэр’ер, набывае манум. характар (гл. Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва), у сувязі з гэтым развіваюцца новыя ці адраджаюцца забытыя яго віды: габелен, коўка мастацкая, чаканка. Майстры Д.-п.м. актыўна звяртаюцца да індывід. творчых вырашэнняў, новых відаў і жанраў. Дэманстрацыяй дасягненняў, праблем і тэндэнцый развіцця з’явілася рэсп. выстаўка Д.-п.м. «Гармонія і асяроддзе» (1986). Яна засведчыла прыкметны працэс станкавізацыі, часам нават адмовы ад прыкладной функцыі і імкненне да стварэння ўзораў скульптурна-пластычнага, жывапіснага, манум.-дэкар. характару. Многія майстры бяруцца за вырашэнне агульначалавечых, філас. задач, падуладных раней толькі станковым відам мастацтва. Складанае становішча перажывае Д.-п.м. з канца 1980-х г. Спыніў дзейнасць Маст. фонд БССР, што пазбавіла прафесійнае Д.-п.м. эканам. базы, выключыла са сферы манум.-дэкар. мастацтва, вымусіла майстроў пераходзіць на стварэнне невял. рэчаў масавага побыту.

Літ.:

Чекалов А.К. Основы понимания декоративно-прикладного искусства. М., 1962;

Моран А. История декоративно-прикладного искусства от древнейших времен до наших дней: Пер. с фр. М., 1982;

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;

Сахута Е.М., Говор В.А. Художественные ремесла и промыслы Белоруссии. Мн., 1988.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Падвеска. 11 ст. Бронза.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Люстра. 18 ст. Урэцкае шкло.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Фрагмент слуцкага пояса. 18 ст.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Флеты і келіх. Пач. 18—1-я чвэрць 19 ст. Шкло.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Царскія вароты. 18 ст. Саломапляценне.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шафа. 18 ст. Разьба па дрэве.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.​Прыешкін. Дэкаратыўнае пано «Жнівень». 1981. Шамот, глазура.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Н.​Сухаверхава. Габелен «Сонечны». 1983.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Л.​Мягкова. Кампазіцыя «Птушыны двор». 1980. Шкло.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У.​Жохаў. Кампазіцыя «Сёння на світанні». 1985. Шкло.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.​Гатальскі. Вазы з серыі «У пушчах Палесся». 1995.

т. 6, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЯЛО́ГІЯ (ад бактэрыі + ...логія),

раздзел мікрабіялогіі, які вывучае марфалогію і біялогію бактэрый, іх ролю ў прамысловасці (прамысл. бактэрыялогія), сельскай гаспадарцы (с.-г. бактэрыялогія), у паталогіі чалавека (мед. бактэрыялогія) і жывёл (ветэрынарная бактэрыялогія).

Станаўленне бактэрыялогіі як навукі адносіцца да 19 ст. і звязана з імем франц. вучонага Л.Пастэра, які паказаў ролю мікраарганізмаў у працэсах браджэння і ўзнікнення хвароб чалавека і жывёл. У 1882 адкрыты ўзбуджальнік туберкулёзу (ням. вучоны Р.​Кох), у 1888—1901 апісаны чыстыя культуры азотфіксавальных і клубеньчыкавых бактэрый і азотабактэру (нідэрландскі вучоны М.​Беерынк). Развіццю бактэрыялогіі садзейнічалі работы рус. і сав. вучоных С.М.Вінаградскага, І.І.Мечнікава, В.​Л.​Амялянскага, Д.​К.​Забалотнага, М.​Ф.​Гамалеі і інш.

На Беларусі бактэрыялогія як самаст. галіна пачала развівацца з адкрыццём сан.-бактэрыял. НДІ у Віцебску (1921), Бел. пастэраўскага НДІ у Мінску (1924), кафедраў мікрабіялогіі, эпідэміялогіі ў мед. ін-тах і ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Даследаваліся пытанні этыялогіі, імунапрафілактыкі і тэрапіі бактэрыяльных кішачных інфекцый, склеромы, азены, лептаспірозаў, стафілакокавых інфекцый і інш. (Б.​Я.​Эльберт, С.​І.​Гельберг, І.​С.​Рубінштэйн, М.​І.​Вальвачоў, В.​І.​Дурыхін, Л.​С.​Змушко, Н.​А.​Ізраіцель, А.​П.​Красільнікаў, А.​А.​Ключароў, І.​А.​Крылоў і інш.). Н.-д. работа ў галіне агульнай, с.-г. і прамысл. бактэрыялогіі вядзецца ў ін-тах АН Беларусі (мікрабіялогіі, генетыкі і цыталогіі), БДУ, ін-тах Акадэміі агр. навук; у галіне мед. бактэрыялогіі — у Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі і інш. установах. Вывучаюцца малочнакіслыя бактэрыі і шляхі стварэння на іх аснове прэпаратаў для нармалізацыі мікрафлоры страўнікава-кішачнага тракту ў чалавека і жывёл, стварэння на аснове глебавых бактэрый біяўгнаенняў, шляхі выкарыстання бактэрый для знішчэння шкодных рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Даследуюцца бактэрыі — узбуджальнікі інфекц. захворванняў чалавека і жывёл, метады і сродкі іх вызначэння, прафілактыка і лячэнне хвароб, што выклікаюцца патагеннымі бактэрыямі.

Літ.:

Лабораторные методы исследования в клинике: Справ. М., 1987;

Энтеробактерии. М., 1985.

А.​М.​Капіч.

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ КАМІТЭ́ТЫ ДАПАМО́ГІ АХВЯ́РАМ РАДЫЯ́ЦЫІ за мяжой,

дабрачынныя арганізацыі, якія дапамагаюць жыхарам Беларусі ў пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986. Утвораны прадстаўнікамі бел. дыяспары ў некаторых краінах свету. Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі ў Лондане. Засн. ў 1989 як частка Бел. місіянерскага фонду ў Англіі. У складзе камітэта А.​Надсон (старшыня), П.​Асіповіч, Д.​Дзінглі, В.​Рыч. Мае прадстаўніцтвы ў ЗША (узначальвае Я.​Сіру), Канадзе (Р.​Жук-Грышкевіч), Аўстраліі (М.​Лужынскі), Францыі (М.​Навумовіч). Аказвае дапамогу жыхарам радыяц. зонаў лекамі, мед. абсталяваннем, прыладамі дазіметрыі. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля. Засн. ў 1989 у г. Атава. Узначальвае І.​Сурвіла. Мае аддзел у г. Ванкувер (з 1994). Аказвае дапамогу медыкаментамі, прымае на лячэнне і адпачынак дзяцей з Беларусі. У г. Лондан (прав. Антарыо) па ініцыятыве Б.​Рагулі разам з ф-там стаматалогіі Лонданскага ун-та распрацаваны праект па аказанні дапамогі ў стаматалагічным лячэнні дзяцей на Беларусі. Фонд вядзе прапагандысцкую работу, пашырае веды пра Беларусь. Камітэт дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Аўстраліі. Дзейнічае з 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цыі. Збірае грошы, арганізоўвае дастаўку медыкаментаў на Беларусь і лячэнне дзяцей у Аўстраліі.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАГЛЯ́Д (Харытон Сцяпанавіч) (11.10.1898, в. Стахава Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.5.1985),

бел. вучоны ў галіне агульнай і сан. ветэрынарыі. Акад. АН Беларусі (1950), Акадэміі с.-г. навук БССР (1957—61), д вет. н., праф. (1939). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Кіеўскі вет.-зоатэхн. ін-т (1925). У 1933—60 заг. кафедры Віцебскага вет. ін-та (у 1941—44 у Троіцкім вет. ін-це, Чэлябінская вобл.), адначасова ў 1950—54 дырэктар Бел. НДІ жывёлагадоўлі АН Беларусі, з 1956 заг. аддзела, нам. дырэктара, з 1971 навук. кансультант Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя С.​М.​Вышалескага. Навук. працы па вет.-сан. экспертызе, мікрабіялогіі, эпізааталогіі, паталаг. анатоміі, вет. санітарыі і гігіене, хваробах і санітарнай ацэнцы рыб. Распрацаваў метад гетэрагеннага донарства ў жывёлагадоўлі і апарат для абеззаражвання мяса пры прамысл. перапрацоўцы. Прапанаваў метады вызначэння прыроды жоўцевых пігментаў у мясе, альдэгідаў у тлушчах. Залаты медаль імя М.​І.​Вавілава.

Тв.:

Болезни и вредители рыб. Мн., 1955;

Трихинеллез сельскохозяйственных животных и его профилактика. Мн., 1959;

Болезни диких животных. Мн., 1971;

Ветеринарно-санитарная экспертиза с основами технологии переработки продуктов животноводства. 2 изд. М., 1981 (у сааўт.).

Х.С.Гарагляд.

т. 5, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕЎ (Віктар Яўгенавіч) (н. 2.5.1918, г. Марыупаль, Украіна),

рускі фалькларыст-славіст. Акад. Расійскай АН (1994). Д гіст. н. (1966), праф. (1971). Старшыня камісіі слав. фальклору пры Міжнар. к-це славістаў. З 1921 жыў у Гомелі, дзе скончыў муз. тэхнікум. Пад уплывам выкладчыкаў — кампазітараў Р.​Пукста і А.​Туранкова — запісваў бел. нар. песні ад маці і бабулі, ураджэнкі Гродзеншчыны. Працаваў у Чэлябінскім пед. ін-це (1945—54). З 1955 у Ін-це рус. л-ры Рас. АН (Пушкінскі дом). З 1969 у Ін-це тэатра, музыкі і кіно (С.-Пецярбург). Аўтар прац па гісторыі і тэорыі фальклору, эстэтыцы, нар. т-ры, параўнальным вывучэнні нар. творчасці славян. Найб. вядомая манаграфія «Эстэтыка фальклору» (1967). У многіх працах цікавасць да бел. фальклору (цыкл арт. пра бел. веснавы абрад «Пахаванне стралы»).

Тв.:

Восточно-славянский фольклор: Словарь науч. и нар. терминологии. Мн., 1993 (у сааўт.).

Літ.:

Ивлева Л.М. В.​Е.​Гусев: Библиогр. указ. науч. тр. (1941—1981). Л., 1984;

Хронологический список трудов В.​Е.​Гусева, 1982 — 1993 // Рус. фольклор. СПб., 1995. Вып. 28;

Мельц М.Я. В.​Е.​Гусев как фольклорист // Там жа. 1989. Вып. 25.

К.​П.​Кабашнікаў.

т. 5, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РСАКАС ((Korsakas) Костас) (5.10.1909, в. Пашвіцініс Пакруайскага р-на, Літва — 24.11.1986),

літоўскі літ.-знавец, паэт. Нар. пісьменнік Літвы (1979). Акад. АН Літвы (1949). Д філал. н. (1965). Засл. дз. нав. Літвы (1959). Вучыўся ў Каўнаскім ун-це (1931—40). У 1946—84 дырэктар ін-таў літ. л-ры, літ. мовы і л-ры АН Літвы. У 1944—57 выкладаў у Вільнюскім ун-це (з 1948 праф.). Друкаваўся з 1925. Аўтар літ.-знаўчых прац «Пісьменнікі і кнігі» (1940), «Літаратура і крытыка» (1949), «Дружба літаратур» (1962), «Волат латышскай літаратуры» (пра А.​Упіта, 1967). Гал. рэдактар і адзін з аўтараў «Гісторыі літоўскай літаратуры» (т. 1—4, 1957—68; Дзярж. прэмія Літвы 1969), у якой адзначаны і бел.-літ. ўзаемасувязі і ўзаемаўплывы. Выдаў паэт. зб-кі «Закон барацьбы» (1943), «Жніво» (1969), «Лістапад» (1979). Аўтар артыкулаў, успамінаў пра Я.​Купалу, Я.​Коласа, М.​Лынькова («Янка Купала і літоўская літаратура», 1952; «Якуб Колас і Літва», «Блізкі нам голас», абодва 1962; «Друг літоўскай літаратуры», 1979). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Х.​Жычка, П.​Панчанка, А.​Разанаў.

Тв.:

Бел. пер. — у кн. Галасы сяброў. Мн., 1958;

Рус. пер. — Избранное. Вильнюс, 1953;

Стихи. Вильнюс, 1976.

А.​В.​Мальдзіс.

К.Корсакас.

т. 8, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)