комплекс збудаванняў для перапампоўкі сырой нафты з раёнаў нафтаздабычы да месцаў перапрацоўкі. Складаюцца з трубаправодаў, нафтаперапамповачных станцый, сродкаў сувязі, дапаможных збудаванняў. Адрозніваюць Н. мясцовыя (на промыслах падаюць нафту на невял. адлегласці — ад месца здабычы да пунктаў збору і падрыхтоўкі), магістральныя (транспартуюць нафту на далёкія адлегласці — да месцаў перапрацоўкі), унутраныя (на нафтаперапр. з-дах).
Дыяметр труб Н. 60—1220 мм, рабочы ціск 0,7—8 МПа, скорасць руху нафты 0,9—2,6 м/с. Магістральныя Н бываюць даўжынёй некалькі тысяч кіламетраў (напр., Н. «Дружба» больш за 5 тыс.км, 1-я нітка яго ўведзена ў 1964, 2-я — у 1974). Трубаправоды магістральных Н. укладваюцца ў грунт, для засцярогі ад карозіі ўкрываюцца бітумнай масцікай, маюць таксама эл. сродкі засцярогі. Трубаправоды і інш. збудаванні для перамяшчэння прадуктаў перапрацоўкі нафты (бензіну, газы, дызельнага паліва і інш.) наз.нафтапрадуктаправодамі.
На тэр. Беларусі агульная працягласць магістральных Н. рознага дыяметра (630, 720, 820, 1020 мм) у аднаніткавым вылічэнні складае 2,9 тыс.км. Па мясцовых Н. нафта ад усіх радовішчаў (іх больш за 40) перапампоўваецца да ўстаноўкі прамысл. падрыхтоўкі нафты, дзе яна праходзіць абязводжванне, абяссольванне, сепарацыю і падаецца ў Н. «Дружба». Праз сістэму магістральных Н. «Дружба» расійская нафта транспартуецца ў краіны СНД (Украіна, Беларусь), Прыбалтыкі (Літва, Латвія — порт Вентспілс), Усх. і Зах. Еўропы (Польшча, Германія, Венгрыя, Чэхія, Славакія, Югаславія).
В.А.Вядзернікаў.
Схема магістральнага нафтаправода: 1 — нафтавы промысел; 2 — пункт збору і падрыхтоўкі нафты; 3 — помпавая станцыя; 4 — калодзеж з рэгулявальнымі прыстасаваннямі; 5 — размеркавальны пункт; 6 — нафтаперапрацоўчы завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНІСЛАМІ́ЗМ,
ідэалогія і паліт. рух, накіраваны на аб’яднанне ўсіх мусульман свету. Як рэліг. канцэпцыя П. існуе з часу ўзнікнення ісламу (7 ст.), новы сэнс набыў у перыяд еўрап. экспансіі на Б. Усходзе ў канцы 19 ст. і стаў рэакцыяй мусульм. грамадства на ўварванне еўрап. цывілізацыі. У аснову ідэалогіі П. ляглі ідэі мусульм. салідарнасці рэфарматара ісламу Джэмаль-ад-дзіна аль-Афгані (1-я пал. 19 ст.). У канцы 19 — пач. 20 ст. П. пашырыўся ў мусульм. краінах Азіі і Паўн. Афрыкі. Пры султане Абдул-Хамідзе II [1876—1909] П. фактычна стаў дзярж. ідэалогіяй Асманскай імперыі. П. прытрымліваліся младатуркі. Паражэнне і распад Асманскай імперыі знясілілі пазіцыі П. Халіфацкі рух 1920-х г. у Індыі не атрымаў далейшага развіцця. Панісламісцкія канферэнцыі (Мекка, 1924; Каір, 1926; Іерусалім, 1931; Жэнева, 1935) паказалі арганізацыйную слабасць П. У гэты час П. сутыкнуўся з канкурэнцыяй інш. ідэалогій і паліт. рухаў (камунізм, панарабізм, мясц. нацыяналізм і г.д.). Пасля 2-й сусв. вайны пачалося ажыўленне П., які стаў неад’емнай ч.руху ісламскага фундаменталізму. Шэраг мусульм. краін (Саудаўская Аравія і інш.) садзейнічалі стварэнню міжнар. панісламісцкіх арг-цый. Ліга мусульм. свету (1962) аб’яднала няўрадавыя ісламскія арг-цыі. У 1969 створана Арганізацыя Ісламскай канферэнцыі, якая ажыццяўляе каардынацыю палітыкі і праграм эканам. супрацоўніцтва мусульм. дзяржаў.
Літ.:
Шарипова Р.М. Панисламизм сегодня: Идеология и практика Лиги исламского мира. М., 1986;
Левин З.И. Ислам и национализм в странах зарубежного Востока. М., 1988;
Landau J.M. The politics of panislam: Ideology and organization. Oxford, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЫМЯ»,
аб’яднанне бел. пісьменнікаў. Існавала ў Мінску са снеж. 1927 да 27.5.1932. Ініцыятары стварэння і члены: Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Грамыка, А.Гурло, У.Галубок, Я.Нёманскі, М.Піятуховіч, А.Сянкевіч, а так сама нядаўнія чл. «Маладняка» М.Чарот, М.Зарэцкі, А.Вольны, А.Дудар, А.Александровіч, В.Сташэўскі. Чл. праўлення: Я.Колас, Ц.Гартны, М.Чарот; кандыдаты; М.Зарэцкі, Я.Нёманскі, Сташэўскі. Асн. задачы: развіццё бел.маст. л-ры праз узмацненне творчай працы сваіх членаў, афармленне і замацаванне ў бел. л-ры пралет. ідэалогіі з удасканаленнем нац. формы. Значная ўвага аддавалася развіццю крытыкі, павышэнню прафес. ўзроўню і агульнаадук. ведаў чл. аб’яднання, беражліваму стаўленню да культ. спадчыны. Наладжвала літ. вечары, сустрэчы з рабочымі, арганізоўвала паездкі пісьменніцкіх дэлегацый у Ленінград, Харкаў, Кіеў і інш. Выступала за памяркоўныя адносіны і творчае супрацоўніцтва з інш.літ. аб’яднаннямі рэспублікі, імкнулася ўраўнаважваць крайнія тэндэнцыі ў літ.руху канца 1920 — пач. 1930-х г. Аднак дамагчыся гэтага не заўсёды ўдавалася з-за неаднароднасці складу аб’яднання, розных поглядаў і густаў яго членаў. Нярэдка палымянская крытыка была непаслядоўнай, неаб’ектыўнай у ацэнках літ. з’яў.
Літ.:
Пшыркоў Ю.С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1960;
Перкін Н.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30 гг.Мн., 1960;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968. С. 142—153;
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТО́РА І ЧАСу філасофіі,
філасофскія катэгорыі, якія абазначаюць формы быцця рэчаў і з’яў. Прасторавыя адносіны ахопліваюць парадак падзей, што існуюць адначасова, а таксама памеры матэрыяльных аб’ектаў. Часавыя адносіны адлюстроўваюць парадак падзей, якія ідуць адна за адной, іх працягласць у часе. П. і ч. уласцівы ўсім прадметам і з’явам рэчаіснасці. Кожны прыродны ці гіст. працэс можа адбывацца толькі ў П. і ч. Узаемасувязь П. і ч., іх адзінства выяўляюцца ў руху і развіцці матэрыі, абумоўлены залежнасцю ад структурных адносін і працэсаў развіцця ў матэрыяльных сістэмах, адзінствам перапыннага і неперапыннага ў структурнай пабудове сістэм, колькаснай і якаснай бясконцасцю. Кожны элемент адзінства П. і ч. мае свае асаблівыя рысы. Прастора характарызуецца працягласцю, звязанасцю і неперапыннасцю, трохмернасцю, метрычнымі ўласцівасцямі, сіметрыяй і асіметрыяй, канкрэтнай формай і памерамі, месцазнаходжаннем, прасторавым размеркаваннем рэчыва і поля, адлегласці паміж целамі і рознымі сістэмамі. Да спецыфічных рысаў часу належаць: працягласць, якая выражае паслядоўнасць станаў і змен цел; канечнасць і перапыннасць існавання прадметаў і з’яў, асіметрычнасць, неабарачальнасць і накіраванасць ад мінулага да будучага, а таксама часавыя адносіны паміж рознымі цыкламі ў структуры сістэм, адначасовасць, рытм, тэмп, хуткасць развіцця працэсаў. Матэрыяліст. філасофія прызнае аб’ектыўнасць, усеагульнасць і універсальнасць П. і ч. Прадстаўнікі інш.філас. кірункаў ставяць П. і ч. у залежнасць ад індывід. свядомасці (Дж.Берклі, Д.Юм), ад надсусветнага розуму ці абсалютнай ідэі (Г.Гегель, А.Бергсон) або лічаць іх апрыёрнымі формамі пачуццёвага сузірання (І.Кант).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СЕЛ (Russell) Бертран Артур Уільям, лорд (18.5.1872, Трэлек, Вялікабрытанія — 2.2.1970), англійскі матэматык, філосаф, грамадскі дзеяч; адзін са стваральнікаў сучаснай матэматычнай логікі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1894). Прафесар шэрагу ун-таў Вялікабрытаніі і ЗША. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1908). Адкрыў лагічны парадокс (названы яго імем), які прывёў да пабудовы арыгінальнага варыянта аксіяматычнай тэорыі мностваў. Аўтар (з А.Уайтхедам) фундаментальнай працы «Асновы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13). Адзін са стваральнікаў канцэпцыі лагічнага атамізму і роданачальнік неапазітывізму. Прызнаваў рэальнасць толькі «пачуццёвых даных», тлумачыў іх у духу «нейтральнага манізму», зыходзячы з якога разглядаў паняцці «дух» і. «матэрыя» як лагічныя канструкцыі з «пачуццёвых даных». Дапускаў існаванне «атамарных фактаў», якія, у адрозненне ад «элементаў вопыту», аб’ектыўныя, але іх аб’ектыўнасць заснавана толькі на веры ў быццё знешняга свету. У галіне этыкі лічыў найвышэйшай мэтай жыццё, якое накіроўваецца пачуццёвай любоўю і зыходзіць з веры ў магутнасць розуму. У палітыцы выступаў супраць тэорый, якія падпарадкоўваюць асобу дзяржаве, асуджаў фашызм і камунізм. Быў адным з ініцыятараў Пагуашскага руху. Аўтар прац «Філасофія лагічнага атамізму» (1918), «Перспектывы індустрыяльнай цывілізацыі» (1923), «Улада і асоба» (1949), «Цвярозы розум і ядзерная вайна» (1960) і інш. Сааўтар «Маніфеста Расела—Эйнштэйна» (1955), прасякнутага ідэяй неабходнасці мысліць па-новаму ў ядзерны век. Нобелеўская прэмія па л-ры 1950.
Тв.:
Рус.пер. — Воздействие науки на общество. М., 1952;
Человеческое познание. Его сфера и границы. М., 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВІЗІЯНІ́ЗМ [ад лац. revisio (revisionis) перагляд],
у шырокім сэнсе — перагляд, радыкальнае пераасэнсаванне фундаментальных палажэнняў у працэсе эвалюцыі грамадскай думкі, ідэйна-паліт. плыні, рэліг. вучэння, грамадскай навукі (філасофіі, гісторыі, правазнаўства і інш.). Узнікненне Р. звязана са з’яўленнем новых сац. груп. паліт. груповак, навук. школ і іх барацьбой за пануючыя пазіцыі ў ідэалогіі, палітыцы ці навуцы. У вузкім сэнсе — плынь у ідэалогіі рабочага руху канца 19 — сярэдзіны 20 ст., якая ажыццяўляла рэвізію палажэнняў марксісцкай тэорыі. Узнік у канцы 1870-х г. у Германіі, прадстаўнікамі якога быў прапанаваны перагляд асн. палажэнняў марксісцкай рэв. тэорыі (І.Хёхберг, Э.Бернштэйн). Як самастойная плынь Р. усталяваўся ў 1890-я г. і распаўсюдзіўся ў Аўстра-Венгрыі (К.Каўцкі, О.Баўэр), Расіі (С.Пракаповіч, Л.Мартаў), Францыі (А.Лефеўр, Р.Гарадзі), ЗША (Дж.Гейтс), Польшчы (Л.Калакоўскі) і інш.Асн. рысы Р.: у філасофіі — адмаўленне матэрыяліст. дыялектыкі і яе законаў, крытыка ідэі рэв. перабудовы грамадства; у эканамічнай тэорыі — сцвярджэнні, што развіццё буйных капіталіст. прадпрыемстваў (трэстаў, карпарацый, суперкарпарацый) на аснове навук.-тэхн. прагрэсу прыводзіць да змякчэння сац. супярэчнасцей і затухання класавай барацьбы; у рэвалюцыйнай тэорыі — адмаўленне дыктатуры рабочага класа, проціпастаўленне марксізму ленінізму і абмежаванне ідэй У.І.Леніна межамі Расіі.
Літ.:
Ленін У.І. Марксізм і рэвізіянізм // Тв Т. 15 (Полн. собр. соч. Т. 17);
Бернштейн Э. Возможен ли научный социализм? «Ответ Г.Плеханова»: Пер. с нем. М., 1991;Каутский К. Демократия и социализм: фрагменты работ разных лет. М., 1991; Гароди Р. Марксизм XX в.: Пер. с фр.М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІЧ-ЗАБЛО́ЦКІ (Суліма-Савіч-Заблоцкі) Войслаў
(Вайніслаў) Казімір Канстанцінавіч [15.3.1850 (паводле інш. звестак у 1849),
маёнтак Панчаны Міёрскага р-на Віцебскай вобл. — пасля 1893], бел. і польскі паэт, празаік, публіцыст. Пісаў на бел., польскай, франц. і рус. мовах. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, ун-тах Прагі, Лейпцыга, Страсбурга. Рана пранікся ідэямі вызв.руху і нац. абуджэння бел. народа. З 1868 у нац.-асветнай суполцы «Крывіцкі вязок» (Пецярбург, яе кіраўнік). Суполку забаранілі, а С.-З. апынуўся пад наглядам паліцыі ў Варшаве. Апублікаваў сатыр. паэму на польскай мове «Праўдападобная гісторыя» (1871), гіст. творы пра М.Каперніка (1873). З 1875 за мяжою (Аўстра-Венгрыя, Германія, Егіпет, Францыя, Бельгія). Выдаваў газеты на польскай і франц. мовах. Супрацоўнічаў у многіх франц., ням. і польскіх газетах і часопісах. У 1887 вярнуўся на радзіму. Працаваў у рэдакцыі газ. «Виленский вестник» (1888—89). У 1889—91 жыў у маёнтку Губіна Лепельскага пав. З 1891 у Мінску, пасля ў Пецярбургу. Перапісваўся з Я.Карловічам, М.Канапніцкай, А.Ельскім, М.Драгаманавым, П.Лаўровым і інш. Польскамоўная паэма «Аповесць пра мае часы» (1876) пра Беларусь пярэдадня 1863. Аўтар аповесці «Полацкая шляхта» (1885). Рукапісы і дакументы С.-З. ў архівах і б-ках Мінска, Вільнюса, Масквы, С.-Пецярбурга, Львова, Варшавы, Кракава і інш.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Літ.:
Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САНАЦЫ́ЙНЫ РЭЖЫ́М»,
«санацыя» (ад лац. sanatio аздараўленне), назва ў гіст. л-ры аўтарытарнага паліт. рэжыму ў Польшчы ў маі 1926 — вер. 1939. Устаноўлены ў выніку ваен.-дзярж. перавароту 12—13.5.1926 Ю.Пілсудскага і яго прыхільнікаў (прапагандавалі пераварот як народны і скіраваны супраць рэакцыі для аздараўлення эканомікі), падтрыманага Польскай сацыялістычнай партыяй, партыяй «Вызволене», Беларускай санацыяй і інш. Храналагічна ўмоўна падзяляецца даследчыкамі на 2 этапы: 1926—35 (ад перавароту Пілсудскага да яго смерці) і 1935—39 (час, калі пераемнікам Пілсудскага быў Э.Рыдз-Сміглы). У 1928—35 абапіраўся на Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам. Легітымізаваны канстытуцыяй Польшчы 1935. Абараняў інтарэсы польскіх магнатаў, быў адметны паліт. нестабільнасцю і частай зменай урадаў, варожа ставіўся да СССР, імкнуўся да супрацоўніцтва (з 1932) з Германіяй (гл.Германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе). Адмаўляў існаванне самаст.бел. этнасу ў польскай дзяржаве, узмацніў паланізацыю насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны (беларусаў, літоўцаў, украінцаў, яўрэяў і інш.), у т. л. праз жорсткае праследаванне тут нац.-вызв. і нац.-культ.руху (адносна беларусаў гл. ў арт.Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні, «Змаганне», Таварыства беларускай школы, Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, Нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Спыніў існаванне ў пач. 2-й сусв. вайны ва ўмовах ваен. паражэння Польшчы.
Літ.:
Краткая история Польши: С древнейших времен до наших дней. М., 1993;
Лазько Р.Р. Перад патопам: Еўрап. палітыка Польшчы (1932—1939). Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЛАБА́Н (Віталь Уладзіміравіч) (н. 5.8.1947, в. Шылавічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык, літаратуразнавец. Канд.гіст.н. (1987). Скончыў Ленінградскі ун-т (1970). З 1972 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» (у 1992—95 заг. рэдакцыі). З 1995 нам. дырэктара, з 1997 саветнік Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы. З 2000 нам. дырэктара Нац. навукова-асв. цэнтра імя Ф.Скарыны, з 2002 у Нац. архіве Рэспублікі Беларусь. Даследуе гісторыю бел.нац.руху, культуры 19 — пач. 20 ст., пытанні архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі. Увёў у навук. ўжытак невядомыя тэксты бел. л-ры 19 ст. (у зб. «Шляхам гадоў», 1990), гіст.-літ. матэрыялы пра жыццё і творчасць бел. пісьменнікаў, грамадскіх і культ. дзеячаў («Гарэцкі М. Публіцыстыка 1918—1919 гг.», укл. з В.Дз.Селяменевым, 2000) і інш. Адзін са складальнікаў бібліягр. дапаможнікаў «М.М.Улашчык» (1996), «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы» (1997), «Бібліятэка Міхася Мялешкі» (1998), «Р.П.Платонаў» (2000), «М.В.Доўнар-Запольскі» (2001). Рэдактар-складальнік кн. «Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна» (1989). Сааўтар сцэнарыяў дакумент.-маст. фільмаў пра Ц.Гартнага, У.Ігнатоўскага, Я.Купалу і інш.
Тв.:
Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. №2;
Издательская деятельность Белорусского национального комиссариата (1918—1920 гг.) // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии. Мн., 1986;
«Хай ведаюць патомкі...»: Алесь Гарун — дэлегат і гісторык Усебеларускага з’езда 1917 г. // Роднае слова. 1997. №8;
Дакументальная спадчына Усебеларускага з’езда 1917 г.: прабл. збору, захавання і выдання // Архівы і справаводства. 2000. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧЫ РУХ,
грамадскі рух за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску, за нац. адраджэнне і развіццё на аснове самаст. дзяржаўнасці. Зыходным пунктам у яго гісторыі было паўстанне 1794 на чале з А.Т.Касцюшкам супраць гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай манархамі Расіі, Аўстрыі і Прусіі, далучэння зямель Беларусі да Расіі. Ўмоўна гэты рух падзяляецца на 2 этапы: 1-ы праходзіў у рамках польск. вызв. працэсу (1794—1863), 2-і — з усведамленнем уласна бел.нац. інтарэсаў і канчатковай мэты — адраджэння бел. дзяржаўнасці (1863—1918). На 1-м этапе пераважалі разрозненыя праявы навук., літ., культ.-асв. дзейнасці сярод дробнамаянтковай шляхты, уніяцкага духавенства, студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ун-та па вывучэнні мовы, культуры, звычаяў, гіст. мінулага беларусаў. Гэта дзейнасць аб’ектыўна была накіравана супраць афіц. палітыкі самадзяржаўя і польск. або спаланізаванай арыстакратыі на Беларусі, па сутнасці азначала стыхійны пратэст супраць ігнаравання гіст. самабытнасці бел. этнасу, яго гвалтоўнай асіміляцыі ў форме паланізацыі ці русіфікацыі. Пачатковыя праявы бел.нац. ідэалогіі назіраліся ў дзейнасці т-ваў філаматаў і філарэтаў, Дэмакратычнага таварыства ў Віленскай мед. акадэміі, Братняга саюза літоўскай моладзі, Т-ва зямель літоўскіх і рускіх (у эміграцыі), у навук. даследаваннях З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Баброўскага, І.Даніловіча, І.Анацэвіча, І.Лабойкі, І.Грыгаровіча, К. і Я.Тышкевічаў, Т.Нарбута, А.Кіркора і інш., у літ. творчасці Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, П.Багрыма, А.Вярыгі-Дарэўскага, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча, П.Шпілеўскага і інш. Пасля паўстання 1830—31 зарадзілася рэв.-дэмакр. плынь, для якой характэрна спалучэнне літ. асветніцтва і паліт. барацьбы (Ф.Савіч, А.Незабытоўскі). Дзейнасць К.Каліноўскага і выданне нелегальнай рэв.-дэмакр. газеты «Мужыцкая праўда» далі пачатак спалучэнню сац.-эканам., паліт., культ.-духоўных праблем нац.-вызв. барацьбы беларусаў і вылучэнню бел. («літвінскіх») нац. патрабаванняў з агульнапольскага вызв. кантэксту, у т. л. ўскосна выказанай ідэі пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй. Пасля задушэння паўстання 1863—64 выспяванне бел.нац. ідэі часова запаволілася, пачалася татальная русіфікацыя Беларусі паводле канцэпцыі заходнерусізму. Новай ідэйна-тэарэт. і паліт. якасці нац.-вызв. рух дасягнуў на схіле 19 ст. ў дзейнасці народніцкай групы «Гоман» і яе нелегальнага аднайм. часопіса (1884). У якасці альтэрнатывы імперскаму абсалютызму члены групы абгрунтавалі ідэю «федэратыўнасці Беларусі» на падставе свабоднага пагаднення з інш. народамі дэмакратызаванай Расіі. Бел.вызв. ідэю паглыбіла дзейнасць Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, А.Абуховіча, К.Каганца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. атрымала развіццё навук.беларусазнаўства (публікацыі П.Бяссонава, І.Насовіча, М.Доўнар-Запольскага, Е.Раманава, Я.Карскага, А.Сапунова, А.Ельскага, Я.Карловіча, Г.Татура, М.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, П.Шэйна, А.Сержпутоўскага, М.Янчука, краязнаўча-збіральніцкая і асветніцкая праца Б.Эпімах-Шыпілы і інш.). Ажывілася культ.-асв. дзейнасць Гуртка моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, Круга беларускай народнай прасветы і культуры, студэнцкіх аб’яднанняў у Пецярбургу, Маскве, Кракаве. Зроблены спробы выпуску нелегальнай паліт.газ. «Свабода», заснавання рэв. партыі Белай Русі. У 1902 арганізавана Бел.рэв. грамада (з 1903 Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ). У выніку рэвалюцыі 1905—07 заваявана права на легальны бел. друк. З’явіліся газеты «Наша доля», «Наша ніва», часопісы «Лучынка», «Раніца», а таксама прафес., грамадска-культ. аб’яднанні і гурткі (Беларускі настаўніцкі саюз, Гродзенскі гурток беларускай моладзі, Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ун-та, выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» і інш.). Мацнела ўзаемасувязь асв. і паліт., легальных і нелегальных кірункаў і формаў руху. Дзейнасць БСГ, яе праграмна-стратэг. кірунак на замену капіталіст. ладу сацыялістычным мелі вял. значэнне для ідэйнай кансалідацыі бел.нац.-вызв.руху. У 1906—15 асяродкам кансалідацыі адраджэнскіх сіл стала газ. «Наша ніва». Пад яе ўплывам зарадзіўся бел. нац.-рэліг. рух (газ. «Беларус», дзейнасць святароў А.Бычкоўскага, В.Гадлеўскага, А.Пачопкі, А.Астрамовіча і інш.), узгадавана да вызв. працы плеяда пісьменнікаў-класікаў, грамадска-паліт. і культ. дзеячаў, нац. ідэолагаў: Я.Купала, Я.Колас, Цётка, М.Багдановіч, Ядвігін Ш., А.Гарун, Ц.Гартны, М.Гарэцкі, З.Бядуля, браты А. і І.Луцкевічы, А.Уласаў, В.Ластоўскі, І.Буйніцкі, У.Галубок, А.Смоліч, Б.Тарашкевіч, Я.Лёсік, Ф.Шантыр, Л.Сівіцкая (З.Верас), Я.Хлябцэвіч, Л.Гмырак і інш. У час 1-й сусв. вайны сярод бел. актывістаў Вільні, акупіраванай герм. войскам, ідэя аднаўлення бел. дзяржаўнасці звязвалася з магчымым адраджэннем дзярж. уніі Беларусі і Літвы, што адлюстравана ў звароце Канфедэрацыі Вял.кн. Літоўскага (15.12.1915), у сумеснай дэкларацыі сацыяліст. і дэмакр., у т. л.бел., партый Вільні (снеж. 1917). Каардынацыйным цэнтрам бел.нац. арг-цый у Вільні быў Беларускі народны камітэт, які выступаў за цэласнасць і непадзельнасць бел. зямель, прадстаўляў і абараняў інтарэсы бел. насельніцтва перад акупац. ўладамі. Па ініцыятыве Цёткі і І.Луцкевіча ў Вільні і на зах. землях Беларусі заснаваны першыя бел. школы, настаўніцкія курсы, гімназіі. У Вільні выдавалася бел.газ.«Гоман». Бел. пытанне было вынесена на міжнар. форум — 3-ю канферэнцыю народаў (Лазана, 1916). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 узніклі Беларускі нацыянальны камітэт (сак. 1917), Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ліп. 1917), рэарганізаваная потым у Вялікую беларускую раду, Цэнтральная беларуская вайсковая рада (кастр.—ліст. 1917). У газетах «Вольная Беларусь» і «Белорусская Рада» вялася дыскусія па праблемах гуртавання бел.руху на дэмакр., агульнанац. аснове. У сувязі з далучэннем да бел.руху розных сац. слаёў грамадства і пад уздзеяннем ігнаравання бел. пытання Часовым урадам і бальшавіцкай апазіцыяй у ім сталі нарастаць унутр. супярэчнасці, што прывяло да ўтварэння напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 2 плыняў: класава-рэв. і нац.-дэмакратычнай. Гэты падзел выразна выявіўся на 3-м з’ездзе БСГ (кастр. 1917, Мінск). У снеж. 1917 пад знакам кансалідацыі розных ідэйна-паліт. плыняў і партый для агульнай нац. мэты — незалежнай Беларусі — праходзіў Усебеларускі з’езд 1917. Насуперак гвалтоўнаму разгону з’езда паводле рашэння СНКЗах. вобласці і фронту дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю аб утварэнні на бел.этнагр. абшары краёвай улады ў форме Усебел. Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў і наладжванні афіц. адносін з цэнтр. органамі сав. улады, іншымі нац. рэспублікамі. Сфарміраваны Выканком Рады Усебел. з’езда звярнуўся 21.2.1918 з Першай Устаўнай граматай «Да народаў Беларусі» і стварыў часовы ўрад — Народны сакратарыят Беларусі. Другой Устаўнай граматай 9.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18.3.1918 у склад Рады з’езда кааптаваны прадстаўнікі Віленскай беларускай рады і Рада з’езда рэарганізавана ў Раду БНР. У ноч на 25.3.1918 Рада БНР прыняла рэзалюцыю аб суверэннай незалежнасці Беларусі і Трэцюю Устаўную грамату. Факт абвяшчэння БНР азначаў падагульненне папярэдняга развіцця нац.-вызв.руху і адначасова паклаў рэальны пачатак нац.-дзяржаўнаму будаўніцтву на Беларусі. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919), нац.-культ. рух у БССР у 1920-я г. і вызваленчае змаганне народа Заходняй Беларусі пацвердзілі гіст. пераемнасць і незнішчальнасць бел. нац.-дзярж. ідэі.
Кр.: Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977; Багушэвіч Ф. Дудка беларуская: Прадмова // Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991; Каганец К. Прамова // Каганец К. Творы. Мн., 1979; Усебеларускі з’езд 1917 года: Сведчанне сучасніка / Публ. В.Скалабана // Бел.гіст.Часоп. 1993. № 1—4; Доўнар-Запольскі М.В. Асновы дзяржаўнасці Беларусі. Мн., 1994; [Публіцыстыка Кастуся Каліноўскага] / Падрыхтавалі да друку А.Гаўрон, Я.Янушкевіч // Маладосць. 1988. № 1; Публицистика белорусских народников. Мн., 1983.
Літ.:
Багдановіч М. Публіцыстыка // Зб.тв.Мн., 1968. Т. 2;
Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд.Мн., 1991);
Власт [Ластоўскі В.] Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910 (факс. выд.Мн., 1992);
Купала Я. Публіцыстыка // Зб.тв.Мн., 1976. Т. 7;
Яго ж. Жыве Беларусь: Вершы, арт.Мн., 1993;
Гмырак Л. Творы. Мн., 1992;
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928;
Тое ж.Мн., 1991;
Цвікевіч А. «Западноруссизм»: Нарысы з гісторыі грамад. мыслі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. Мн., 1929;
2 выд.Мн., 1993;
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. 4 выд.М.; Л., 1926;
Тое ж.Мн., 1992;
Абдзіраловіч І. [Канчэўскі І.] Адвечным шляхам: (Даследзіны бел. светагляду). Вільня, 1921;
4 выд.Мн., 1993;
Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Лёсік Я. Творы. Мн., 1994;
Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;
Недасек Н. [Адамовіч Ант.]. Камунізм і «беларускі нацыяналізм»: (Гіст. агляд...) // Запісы. Мюнхен, 1962. Кн. 1;