ТЫНДАЛІЗА́ЦЫЯ,

спосаб знішчэння мікробаў і іх спор у пэўным аб’ёме. Выкарыстоўваецца пераважна для стэрылізацыі вадкасцей і харч. прадуктаў. Ажыццяўляецца шматразовай апрацоўкай парай звычайна пры т-ры 55—56 °C. У прамежках паміж награваннямі аб’екты (рэчывы) вытрымліваюць ва ўмовах, якія садзейнічаюць прарошчванню спораў. Тэрмін ад імя англ. вучонага Дж.​Тындаля, які распрацаваў гэты спосаб. Гл. таксама Пастэрызацыя.

т. 16, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭНДАВАГІНІ́Т (ад позналац. tendo сухажылле + vagina похва),

запаленне сухажыльных похваў. Адрозніваюць востры і хранічны, інфекц. (у выніку пранікнення гнаяроднай мікрафлоры і інш.) і асептычны (пры траўматызацыі і перанапружанні похваў сухажылляў і тканак, якія іх абкружаюць). Часцей Т. бывае на кісцях рук, перадплеччах, голені галёнкі*. Прыкметы: прыпухласць па ходзе сухажылля, боль, хруст, абмежаванне рухаў. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

т. 16, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УБІХІНО́НЫ,

тлушчарастваральныя хіноны, якія выконваюць функцыі пераносу электронаў у ланцугах тканкавага дыхання. Пашыраны ў тканках жывёл, раслін, у бактэрыях. Малекулы У. сустракаюцца ў свабоднай, акісленай і адноўленай формах і ў злучэнні з бялком.

Бясколерныя крышт. рэчывы, нерастваральныя ў вадзе, растваральныя ў арган. растваральніках. Біял. дзеянне У. засн. на іх здольнасці да абарачальных акісляльна-аднаўляльных ператварэнняў.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАГАЦЫ́ТЫ (ад грэч. phagos пажыральнік + ...цыт),

спецыялізаваныя ахоўныя клеткі злучальнай тканкі жывёл і чалавека, здольныя да фагацытозу. У беспазваночных фагацытоз ажыццяўляюць амёбацыты. У млекакормячых актыўнымі Ф. з’яўляюцца нейтрафілы крыві, клеткі рэтыкула-эндатэліяльнай сістэмы (гл. Макрафагічная сістэма), здольныя ператварацца ў актыўных макрафагаў. Нейтрафілы фагацытуюць дробныя часцінкі (напр., бактэрыі), макрафагі — больш буйныя (загінуўшыя клеткі, іх ядры і інш.).

т. 16, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛЕМО́Н І БАЎКІ́ДА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі неразлучная шлюбная пара з Фрыгіі (у М. Азіі). За іх узаемную вернасць адно аднаму багі падаравалі ім доўгае жыццё і магчымасць памерці ў адзін дзень. Пасля смерці Ф. і Б. ператварыліся ў дуб і ліпу, карэнні якіх моцна перапляліся. У перакосным сэнсе Ф. і Б. — верныя, неразлучныя муж і жонка.

т. 16, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛУМЕНІ́Я (ад філ... + лац. lumen святло, свяцільнік),

галіна калекцыяніравання, прадметам якой з’яўляюцца этыкеткі ад запалкавых карабкоў, а таксама т.зв. бланкавыя этыкеткі і іх тэматычныя наборы, што спецыяльна выпускаюцца для аматараў-філуменістаў. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. з пашырэннем запалак. Мае, як правіла, тэматычны характар — у адпаведнасці з выявамі на этыкетках (напр., пэўныя прадметы і з’явы, падзеі і да т.п.).

т. 16, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАГЕЛА́НТЫ [ад лац. flagellans (flagellantis) які бічуецца],

рэлігійныя аскеты-фанатыкі, якія прапаведавалі публічнае самабічаванне дзеля выкуплення ад грахоў. Рух узнік у 13 ст. сярод гар. беднаты Італіі як пратэст супраць каталіцкай царквы, прыгнёту феадалаў і безупынных войнаў, потым пашырыўся ў інш. краінах Зах. Еўропы. Ф. былі абвешчаны ератыкамі, іх жорстка праследавалі, і ў 15 ст. яны паступова зніклі.

т. 16, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі перавозчык душ памерлых у Аід. Лічыўся сынам Нікты і яе брата Эрэба. Яго ўяўлялі змрочным старым у рыззі. Паводле міфаў, Х. перавозіў душы памерлых (толькі тых, хто пахаваны ў магіле) у лодцы па рэках падземнага царства, за што браў з іх плату памерам у адзін абол, які звычайна пры пахаванні клалі нябожчыкам пад язык.

т. 16, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́КАВАЯ КНІ́ЖКА,

збрашураваны блок чэкавых фармуляраў, які выдаецца ўкладчыку пры адкрыцці рахунка. Кліент атрымлівае наяўныя грошы з бягучага рахунка з дапамогай чэкаў і расплачваецца імі з інш. фіз. і юрыд. асобамі. Звычайна чэкі афармляюцца на спец. бланках, якія вырабляюцца друкарскім спосабам на спец. паперы і забяспечваюцца паслядоўнай нумарацыяй. У адрозненне ад банкаўскіх іх называюць «чэкамі з чэкавай кніжкі».

т. 17, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМБЯЛЯ́Н (ад франц. chambellan),

прыдворны тытул у Рэчы Паспалітай у 18 ст. Замяніў тытул дворнага падкаморыя. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі для забеспячэння падтрымкі ў розных колах шляхты прызначаў мноства Ш. Іх абавязкам быў удзел у святочных цырымоніях пры двары. Насілі шыты мундзір, стужку з пазалочаным ключом на левым бядры. У Рас. імперыі яму адпавядаў прыдворны чын камергер.

т. 17, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)