МАСКІРО́ЎКА (ад франц. masquer рабіць непрыкметным, нябачным для каго-небудзь),
1) (ваен.) комплекс мерапрыемстваў па ўвядзенні праціўніка ў зман аб наяўнасці, размяшчэнні, колькасці і складзе войск, іх дзеяннях і намерах.
Сродкі і прыёмы М. сталі актыўна ўдасканальваецца разам са з’яўленнем наразной агнястрэльнай зброі. М. асабліва шырока выкарыстоўвалася ў 2-ю сусв. вайну, у т. л. пры падрыхтоўцы Беларускай аперацыі 1944. Сав. камандаванне скрытна рыхтавала войскі 1, 2, 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў для наступлення, адначасова імітавала канцэнтрацыю сав. войск у паласе 3-га Укр. фронту (тэр. Украіны). Гэтыя дзеянні стварылі ў ням. камандавання ілюзію падрыхтоўкі дапаможных удараў Чырв. Арміі на тэр. Беларусі. У выніку з 30 танк. і матарызаваных ням. дывізій, якія знаходзіліся на сав.-герм. фронце, 24 былі дыслацыраваны на Пд ад Прыпяці, што стала адной з прычын катастрафічнага паражэння ням. войск летам 1944 на тэр. Беларусі. М. была найважнейшай умовай, спосабам і сродкам арганізацыі масавага партыз.руху і дзеяння сав. падполля ў гады Вял.Айч. вайны. Важную ролю ў М., размяшчэнні, манеўрах, баях і аперацыях бел. партызан адыграў лес.
У сувязі са з’яўленнем высокадакладнай зброі, інш. навейшых відаў узбраення і сродкаў разведкі роля М. вырасла, і М. стала важным відам забеспячэння баявых дзеянняў войск. У сучасных умовах паводле маштабу выкарыстання і характару задач М. падзяляецца на стратэгічную, аператыўную і тактычную. Спосабы М.: скрыванне, імітацыя, дэзінфармацыя і дэманстратыўныя дзеянні. Асн. віды М.: аптычная, цеплавая, радыёлакацыйная, радыётэхн., гідраакустычная і інш. Сродкамі М. з’яўляюцца: маскі-макеты, табельныя камплекты, прыстасаванні дымапуску, маскіравальныя адзенне, афарбоўка, расліннасць і інш.Найб. эфект дасягаецца пры адначасовым выкарыстанні М. супраць усіх сродкаў разведкі праціўніка.
2) Змена аблічча пры дапамозе маскі або інш. сродкаў.
3) (Пераноснае) паводзіны людзей, якія хаваюць ад іншых свае дзеянні, погляды, учынкі. У час войнаў або вял.сац.-эканам. і паліт. зрухаў М. была адным са сродкаў барацьбы за выжыванне людзей і этнасу, у т. л. ў бел. грамадстве.
Літ.:
Толочков М.И. Маскировка в современном бою. 2 изд. М., 1975;
Мацуленко В.А. Оперативная маскировка войск: (По опыту Великой Отеч. войны). М., 1975;
Степанов Ю.Г. Противорадиолокационная маскировка. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́ННА-ТРА́КТАРНЫЯ СТА́НЦЫІ (МТС),
у СССР у 1928—58 дзярж. форма арганізацыі тэхн. базы калгасаў і кіраўніцтва іх працай, вытв-сцю, размеркаваннем прыбытку, здачай (продажам) дзяржаве таварнай ч. прадукцыі. Былі сродкам сац. рэканструкцыі сельскай гаспадаркі, важнейшымі цэнтрамі разгортвання масавага калгаснага руху — аб’яднання сял. гаспадарак у калгасы (калектывізацыі, «бальшавізацыі» калгасаў, барацьбы з антысацыяліст. сіламі вёскі). З мэтай узмацнення гэтай ролі ў МТС ствараліся палітычныя аддзелы. У МТС былі сканцэнтраваны перадавыя на той час прылады с.-г. вытв-сці і працы (трактары, камбайны, складаныя малатарні, аўтамабілі, машыны з прычапным інвентаром і інш.), з дапамогай якіх яны выконвалі ў адпаведнасці з дагаворамі палявыя і стацыянарныя работы ва ўсіх галінах калгаснай гаспадаркі. Першая МТС у СССР (Шаўчэнкаўская) арганізавана ў Адэскай вобл. на Украіне ў канцы 1928.
1-я на Беларусі МТС — Койданаўская (з 1932 Дзяржынская), арганізавана ў лют. 1930 паводле рашэння ЦККП(б)Б і СНКБССР, мела 33 трактары. Усяго на працягу 1929—32 у БССР створана 57 МТС з 1469 трактарамі і наборам інш. с-г. машын. У 1957 на Беларусі дзейнічала 343 МТС, якія мелі 33,8 тыс. трактароў (у пераліку на 15-сільныя). МТС з’яўляліся матэрыяльнай асновай пашырэння пераважна натуральнай (не рыначнай) формы эканам. адносін паміж калгаснай і дзярж. сістэмамі, дырэктыўнага планавання калгаснай вытв-сці. З часам МТС перасталі адпавядаць патрэбам развіцця прадукцыйных сіл сельскай гаспадаркі, стрымлівалі магчымасці ў эфектыўным выкарыстанні кваліфікаваных кадраў, зямельных угоддзяў, тэхнікі. Машынны парк у многіх МТС выкарыстоўваўся малапрадукцыйна, планы трактарных работ і дагаворныя абавязацельствы з калгасамі не заўсёды выконваліся. МТС матэрыяльна не былі зацікаўлены ў павелічэнні ўраджаяў, росце вытв-сці прадукцыі, бо асн. паказчыкам ацэнкі іх працы з’яўляўся аб’ём выкананых работ. Ва ўмовах, калі тэхнікай і механізатарамі, што яе абслугоўвалі, распараджаліся МТС, а зямлёй і пераважнай большасцю рабочай сілы — калгасы, пашырылася абязлічка і безадказнасць у арганізацыі вытв-сці, рацыянальным выкарыстанні зямлі і тэхнікі. Паводле пастановы лютаўскага (1958) пленума ЦККПСС і адпаведнага рашэння Вярх. Савета СССР у 1958 парадак вытв.-тэхн. абслугоўвання калгасаў зменены: МТС рэарганізаваны ў рамонтна-тэхн. станцыі (РТС), а тэхніку пачалі прадаваць калгасам.
Літ.:
Арутюнян Ю.В., Вылцан М.А. Историческая роль МТС и их реорганизация. М., 1958;
Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЭ́РАЎ (Пётр Міронавіч) (26.2.1918, в. Шыркі Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 4.10.1980),
партыйны і дзярж. дзеяч Беларусі, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз.руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944), Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1939). У 1939—41 выкладчык фізікі і матэматыкі ў Расонскай СШ Віцебскай вобл. У Вял.Айч. вайну ў жн. 1941 стварыў і ўзначаліў Расонскае патрыятычнае падполле. З крас. 1942 камандзір партыз. атрада імя Шчорса, які дзейнічаў у Расонскім, Дрысенскім, Асвейскім р-нах БССР, у суседніх раёнах РСФСР і Латв. ССР. З сак. 1943 камісар партыз. брыгады імя К.К.Ракасоўскага Віцебскай вобл. З вер. 1943 1-ы сакратар Вілейскага падп. абкома ЛКСМБ. З ліп. 1944 1-ы сакратар Маладзечанскага абкома ЛКСМБ, з ліп. 1946 сакратар, з кастр. 1947 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ. З ліп. 1954 2-і сакратар Мінскага, са жн. 1955 1-ы сакратар Брэсцкага абкомаў КПБ. З крас. 1959 сакратар, са снеж. 1962 2-і сакратар, з сак. 1965 1-ы сакратар ЦККПБ. Чл.ЦККПБ з 1949; канд. у чл. Бюро ЦК з лют. 1949 да студз. 1956, чл. Бюро ЦК КЛБ з крас. 1959 да снеж. 1962 і з чэрв. 1966, чл. Прэзідыума ЦККПБ са снеж. 1962 да чэрв. 1966. Канд. у члены ЦККПСС з 1961, чл.ЦККПСС з 1964.
Канд. у чл. Палітбюро ЦККПСС з крас. 1966. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—55 і з 1959, чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1951—55 і з 1966. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1950—62 і з 1966, чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР з 1966. У перыяд яго дзейнасці Беларусь дасягнула значных поспехаў у стварэнні індустрыяльнага патэнцыялу, стала адной з высокаразвітых рэспублік былога СССР. Загінуў у аўтакатастрофе. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. У Віцебску ўстаноўлены помнік М. Яго імем названы праспект у Мінску, вуліцы ў Глыбокім, Давыд-Гарадку, Жыткавічах, Лідзе, Дзятлаве, Краснаполлі і інш.нас. пунктах Беларусі.
Тв.:
Советская Белоруссия. М., 1980;
Избр. речи и статьи. Мн., 1982.
Літ.:
Якутов В.Д. Петр Машеров: Худож-док. повесть. Мн., 1992;
Антонович С.В. Петр Машеров: Жизнь, судьба, память...: Док. повесть. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЙЛО́ЎСКІ (Мікалай Канстанцінавіч) (27.11.1842, г. Мяшчоўск Калужскай вобл., Расія — 10.2.1904),
расійскі сацыёлаг, публіцыст і літ. крытык; ідэолаг ліберальнага народніцтва, адзін з заснавальнікаў суб’ектыўнай сацыялогіі. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це корпуса горных інжынераў (1856—63). З 1868 супрацоўнік, пазней адзін з рэдактараў час.«Отечественные записки». У 1870-я г. зблізіўся з народнікамі. З 1892 сарэдактар час. «Русское богатство». Прадметам сацыялогіі лічыў адносіны розных форм супольнага жыцця (кааперацыі) да асобы. Пошук законаў гэтых адносін прывёў М. да стварэння канцэпцыі двухадзінай праўды, у рамках якой ён імкнуўся аб’яднаць «праўду-ісціну», атрыманую шляхам аб’ектыўнага назірання, з «праўдай-справядлівасцю», якая адпавядала маральным ідэалам вучонага. Імкненне М. асэнсаваць ўзаемадзеянне пазнавальнай і духоўна-маральнай патрэб прывяло яго да стварэння суб’ектыўнага метаду ў сацыялогіі. Паводле М., гісторыяй кіруюць стабільныя законы, што рэгулююць парадак і змену фаз гіст.руху, аднак у межах гэтых законаў асоба ставіць свае мэты ў гісторыі і «рухае да іх падзеі». Таму сацыёлаг павінен стварыць сац. ідэал і на гэтай аснове вызначыць, якія грамадскія элементы пажаданы, а якія не пажаданы ў будучыні. Лічыў асобу вышэйшым крытэрыем каштоўнасці грамадства і адмаўляў магчымасць прынясення яе ў ахвяру. Распрацоўваў тэорыю «герояў і натоўпу», гіст. прагрэс трактаваў як паступовае набліжэнне «да магчыма больш поўнага і ўсебаковага падзелу працы паміж органамі і магчыма меншага падзелу працы паміж людзьмі». Спадзяваўся, што многія праблемы грамадства будуць вырашаны пры сацыялізме, які вызначаў як «перамогу асабістага пачатку пры дапамозе пачатку грамадскага», што рас.сял. абшчына бліжэй, чым капіталіст. Захад, стаіць да сацыялізму як ідэалу будучыні. Як літ. крытык выступаў супраць утылітарных і нігілістычных літ.-крытычных поглядаў, выразнікам якіх быў Дз.І.Пісараў. Асн. творы: «Што такое прагрэс?» (1869), «Тэорыя Дарвіна і грамадская навука» (1870—73), «Барацьба за індывідуальнасць» (1875—76), «Героі і натоўп» (1882) і інш.
Тв.:
Литературная критика: Статьи о рус. лит. XIX — начала XX в. Л., 1989;
Герои и толпа: Изб. тр. по социологии. Т. 1—2. СПб., 1998.
Літ.:
Виленская Э.С. Н.К.Михайловский и его идейная роль в народническом движении 70-х — начала 80-х гг. XIX в. М., 1979;
Слинько А.А. Н.К.Михайловский и русское общественно-литературное движение второй половины XIX — начала XX в. 2 изд. Воронеж, 1982;
Володин АИ. Выдающийся деятель русской культуры // Отеч. история. 1993. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНСІЛЬВА́НІЯ (Pennsylvania),
штат на ПнУ ЗША. Пл. 117,4 тыс.км². Нас. 12001,5 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — г. Гарысберг. Вял. гарады і асн.прамысл. цэнтры: Філадэльфія, Пітсбург, Алентаўн, Эры. Большая ч.тэр. занята гарамі Апалачы (выш. да 979 м). На ПдУ частка Прыатлантычнай нізіны. Клімат умераны, вільготны. Сярэдняя т-растудз. каля 0 °C, ліп. 21—25 °C. Ападкаў каля 1000 мм за год. Рэкі Агайо, Саскуэхана і Дэлавэр суднаходныя. На ПнЗвоз. Эры. Пад шыракалістымі і хваёвымі лясамі 6,8 млн.га. П. — адзін з найб. эканамічна развітых штатаў. Пераважае цяжкая прам-сць. Вял. значэнне маюць выплаўка чыгуну і сталі, здабыча каменнага вугалю (Пенсільванскі антрацытавы басейн), вытв-сць коксу і цэменту; развіты металаапрацоўка і машынабудаванне, суднабудаванне і рэактарабудаванне, вытв-сць разнастайнага, у т. л.навук. абсталявання, эл.-тэхн. і радыёэлектронная; нафтаперапрацоўчая, хім., фармацэўтычная, сілікатна-керамічная, трыкат., швейная, тэкст., дрэваапр., біятэхналагічная, шкляная, буд. матэрыялаў прам-сць. У сельскай гаспадарцы найб. развіты малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1999): буйн. раг. жывёлы — 1700, свіней — 1100, авечак — 83; курэй — 28,5 млн., бройлераў — 135,2 млн. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, кармавыя травы, бульбу, тытунь, агародніну. Садоўніцтва (яблыкі, персікі), вінаградарства. Прамысл. вырошчванне грыбоў. Марское рыбалоўства. Турызм у 1996 прынёс даход у 13,1 млрд.дол. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі, авіяцыйны. Гал. марскі порт Філадэльфія.
Найб. стараж.мясц. насельніцтва — індзейскае племя алганкінаў. У пач. 17 ст. першыя еўрапейцы (галандцы і англічане) заснавалі тут гандл. факторыю. У 1638 шведы і фіны стварылі на тэр. П. сваю калонію, якая ў 1655 далучана да галандскіх Новых Нідэрландаў. У 1664 захоплена англічанамі. У 1681 У.Пен атрымаў ад караля Карла II ва ўладанне вял.тэр. ў Паўн. Амерыцы, на якой заснаваў калонію пад назвай П. (павінна была стаць узорам хрысц. грамадства). Яна мела сваю канстытуцыю і забяспечвала свабоду веравызнання. Пасля 1682 у П. пачалі перасяляцца англ.квакеры, валійцы, чл.ням. пратэстанцкіх сектаў, з 18 ст. — шатл., ірл. і ням. лютэране. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 П. — цэнтр патрыят.руху. Адзін з 13 штатаў-заснавальнікаў ЗША. У 19 ст. пасля адкрыцця на яе тэр. радовішчаў вугалю і ў 1859 нафты пачала хутка развівацца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДКО́ВЫЯ СПЕ́ВЫ,
від старарус. царкоўнага шматгалосся ў 16—17 ст. Назва ад спосабу запісу: партыі, запісаныя крукамі, размяшчаліся адна пад адной над радком тэксту. На Украіне і Беларусі вядомы з пач. 16 ст., у Расіі з 2-й пал. 16 ст. Рэпертуар Р.с. склаўся на аснове песнапенняў, пераважна гімнічнага характару, царк. зб-каў Ірмалой, Актоіх, Святы (адсюль радкі наз. ірмалойнымі, актойнымі або святочнымі).
У залежнасці ад колькасці радкоў Р.с. былі 2-, 3- і 4-галосыя, мелі лінеарную меладычную прыроду і апіраліся на нар. падгалосачна-контрапунктычнае шматгалоссе; як асн. голас выкарыстоўваліся песнапенні знаменнага спеву. Гэты голас называўся пуцём і быў ніжнім у 2-, ніжнім ці другім знізу ў 3- і 4-галосых напевах. 2- і 3-галосыя Р.с. блізкія да шматгалосся, пашыранага ў бел.нар. выканальніцтве на Пд Мінскай, у Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Для іх характэрна першаснасць мелодыі і другаснасць сугуччаў. Дыяпазон і тэмбр голасу не ўлічваліся. У 2-галоссі Р.с. ёсць аналогіі з гетэрафоніяй усх.-слав.традыц.нар. песні. Найб. пашыраны 3-галосыя Р.с., тыповыя для нар.-песеннага і кантавага шматгалосся. З развіццём шматгалосай традыцыі ўскладняліся падгалосачныя, лінеарныя і акордавыя формы. Запісваліся Р.с. знаменнай і дзямественнай натацыямі (гл.Нотнае пісьм). Крукі, або знамёны, паказвалі колькасць гукаў і кірунак руху напеву, але не заўсёды пазначалі канкрэтныя рытмічныя працягласці. Асн. тэндэнцыя знаменных радковых партытур — адвольнае выкарыстанне больш простых знакаў безлінейнай натацыі. Характэрныя палеаграфічныя прыкметы — двайныя пазначэнні (літары светлага і простага сагласій у спалучэнні з дадатковым знакам — коскай злева ці справа). Першы (дзямественнік) і 3-і (пуць) безлінейныя радкі пісалі чорнай тушшу, 2-і (ніз) і 4-ы (верх) — кінавар’ю.
Р.с. падрыхтавалі глебу для партэсных спеваў і выцеснены імі на Беларусі ў 2-й пал. 16 ст., у Расіі — у сярэдзіне 17 ст.
Літ.:
Разумовский Д.В. Церковное пение в России. М., 1867;
Бражников М.В. Многоголосие знаменных партитур // Проблемы истории и теории древнерусской музыки. Л., 1979;
Смоленский С.В. 0 ближайших практических задачах и научных разысканиях в области русской церковнопевческой археологии. СПб., 1904;
Яго ж. Об указаниях отгенков исполнения и об указаниях музыкально-певческих форм церковных песнопений в крюковом письме. Киев, 1909;
Успенский Н. Древнерусское певческое искусство. 2 изд. М., 1971;
Яго ж. Образцы древнерусского певческого искусства. 2 изд. Л., 1971.
літаратурная арганізацыя, якая існавала ў 1925—32. Аформілася на 1-й Усесаюзнай канферэнцыі пралет. пісьменнікаў, уваходзіла ва Усесаюзную асацыяцыю пралет. пісьменнікаў (ВАПП), створаную ў 1924 на базе Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў (МАПП). Тэарэт. органам МАПП быў час. «На посту» (1923—25). Па яго назве кіраўнікі РАПП тагачасны літ. кірунак характарызавалі як напостаўскі. У сваёй дзейнасці напостаўцы дапусцілі шмат сур’ёзных памылак: камчванства, сектанцкія настроі, нігілістычныя адносіны да класічнай спадчыны, пагарда да пісьменнікаў, якія паходзілі з інтэлігенцыі, прэтэнзіі выступаць у л-ры ад імя партыі. Гэта было асуджана ў рэзалюцыі ЦК РКП(б) ад 18.6.1925 «Аб палітыцы партыі ў галіне мастацкай літаратуры».
У лют. 1926 у РАПП адбыўся раскол. Частка яго кіруючых дзеячаў (С.Родаў, Г.Лялевіч, І.Вардзін, А.Безыменскі) засталася на ранейшых пазіцыях, а большасць (Л.Авербах, Ю.Лібядзінскі, Дз.Фурманаў, У.Кіршон) прыняла рэзалюцыю ЦК РКП(б) як праграмны дакумент. Праз пэўны час у апошнюю групу ўліліся А.Фадзееў, У.Ярмілаў, А.Селіваноўскі і інш.Тэарэт. органам РАПП стаў час. «На литературном посту» (1926—32).
У літ. дыскусіях канца 1920-х г. з групай «Перавал», са школай В.Пераверзева і інш. рапаўская крытыка выступала супраць прыніжэння ролі светапогляду ў маст. працэсе, аднак пры гэтым наклейвала паліт. ярлыкі, з вульгарызатарскіх пазіцый ацэньвала творчасць М.Горкага, У.Маякоўскага, А.Талстога, М.Шолахава і інш.
На 1-м Усесаюзным з’ездзе пралет. пісьменнікаў (крас. — май 1928) структура ВААПП рэарганізавана. Замест Усесаюзнай асацыяцыі створана Усесаюзнае аб’яднанне асацыяцый пралет. пісьменнікаў (ВААПП), што спрыяла пэўнаму павароту РАПП да масавага літ.руху. РАПП перагледзела некат. ранейшыя ўстаноўкі, але новай канструктыўнай праграмы не выпрацавала. Па-ранейшаму кіруючыя вярхі РАПП і іх паслядоўнікі ў асацыяцыях нац. рэспублік, у т. л. ў Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, беспадстаўна прэтэндавалі на вядучае становішча ў л-ры, выхаваўчую работу падмянялі голым адміністраваннем, тактыкай літ. каманды. Яны насаджалі дагматызм, стваралі атмасферу падазронасці, недаверу, распальвалі варожасць паміж пісьменнікамі пралет. і непралет. паходжання, абвяшчалі паліт. лозунгі, якія дэзарыентавалі пісьменнікаў (лозунгі «адзям’яньвання», «арабочвання»). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦКВКП(б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» (23.4.1932).
Літ.:
Шешуков С. Неистовые ревнители: Из истории лит. борьбы 20-х гг.М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАДЖЭ́ННЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ,
заканамернасць у гіст. развіцці асобных народаў, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадскага быцця, культуры і нац. свядомасці пасля перыяду застою альбо ўпадку. Адраджэнне нацыянальнае неабходна адрозніваць ад Рэнесансу — еўрап.культ.-гіст. эпохі на сумежжы сярэднявечча і Новага часу (гл.Адраджэнне). Феномен гуманіст. Адраджэння характэрны для тых рэгіёнаў, гіст. працэсы ў якіх пазначаны адноснай стабільнасцю і паступальнасцю развіцця. Адраджэнне нацыянальнае, наадварот, выяўляецца пераважна ў тых народаў Усх. Еўропы, у славянскім, азіяцкім і афрыканскім рэгіёнах, гіст. працэсы ў якіх характарызуюцца нераўнамернасцю і катастрафічнасцю. У полі зроку Адраджэння нацыянальнага як заканамернай сусв.-гіст. з’явы, якая паўтараецца ў пэўным «гістарычным рытме», Рэнесанс бачыцца як яго этап, на якім адбываецца станаўленне нац. дзяржаў, нац. культур і моў.
Прыкметы раннехрысц. адраджэння (станаўленне дзяржавы і прававых інстытутаў, высокі ўзровень дойлідства, ужытковага і царк.выяўл. мастацтва, асветніцтва Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага) з’явіліся на Беларусі ў 11—13 ст. у выніку творчага парыву маладога этнасу і ўплыву вытанчанай эліністычнай культуры Візантыі. Бел. грамадска-паліт. і творча-культ. ўзлёт у 16—1-й пал. 17 ст. (кнігадрукаванне і асветніцтва Ф.Скарыны, высокі ўзровень правасвядомасці, зафіксаваны ў Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588, развіццё свецкай л-ры і мастацтва, дзяржаўнасць бел. мовы) абумоўлены бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, уплывам гуманіст. светапогляду. Ва ўмовах упадку (2-я пал. 17—18 ст.) і ліквідацыі (канец 18 — пач. 20 ст.) бел. дзяржаўнасці нац. культура развівалася, набывала новыя, свецкія формы (архітэктура, тэатр, лацінская і польскамоўная л-ра, асв. філасофія), аднак паступова была адсунута афіц. польскай і рус. культурамі на этнагр., часткова царк.-прыходскі ўзровень. Парадокс бел. гісторыі і культуры ў тым, што т.зв. «адсталасць» і «забітасць» карэнных беларусаў, пераважна сялянства, дазволілі захаваць генет. «ядро» самабытнай нар. культуры, якое пазней стала асновай Адраджэння нацыянальнага. Традыц.этн. культура і яе носьбіты былі выключаны са сфер афіц. функцыянавання і праз гэту сваю ізаляванасць пазбеглі дэнацыяналізацыі, растварэння ў афіц. польск. і рус. культурах. Пад прэс паланізацыі і русіфікацыі трапілі толькі «вяршкі» культуры, яе афіцыйная функцыян. частка — школа, друк, некаторыя прафес. віды і жанры мастацтва, сферы дзярж. кіравання — тое, з чаго фактычна была выключана асн. частка бел. народа.
Бел. Адраджэнне нацыянальнае пачалося ў 19 ст. і прайшло некалькі этапаў. Чарговыя хвалі ўздыму ў неспрыяльных умовах змяняліся спадам, што дазваляе гаварыць пра адносную самастойнасць кожнага з гэтых этапаў, бо яны адрозніваліся сваімі мэтамі і вынікамі, грамадскімі сіламі і духоўнымі імпульсамі, якія выклікалі адраджэнцкі рух. Першы этап пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ун-та як літаратурнае асветніцтва ліберальна-рамант. кірунку: яго дзеячы, пісьменнікі і публіцысты на сумежжы польск. і бел. культур (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, Р.Падбярэскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.) марылі пра аднаўленне гіст. пройдзенай рэальнасці — Рэчы Паспалітай на канфедэратыўных асновах. Пасля задушэння паўстання 1863—64, паліт. рэакцыі і застою ў апошняй чвэрці 19 ст. пачаўся другі этап Адраджэння нацыянальнага — пераважна мірнага руху, нацэленага на выхаванне самасвядомасці народа, развіццё яго мовы, л-ры, інш. відаў мастацтва, грамадскай думкі, на стварэнне незалежных ад улад сац.-культ. структур — аматарскіх і прафес. суполак, партый, нац. друку, кнігавыдавецтваў, набліжэння школы і царквы да традыцый нац. культуры. Прарокам новай хвалі Адраджэння нацыянальнага быў Ф.Багушэвіч, які вызначыў сутнасць бел.нац. ідэі. За нац. самавызначэнне выступіў падп.час. «Гомон». Пасля рэв. 1905—07 рух набыў масавы характар і даў значныя вынікі — нац. класічную л-ру (творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, А.Гаруна і інш.), развіццё кнігадрукавання і бел.перыяд. друку («Наша ніва», «Наша доля», «Маладая Беларусь» і інш.), станаўленне нац. школы ў тэатр., муз. і інш. відах мастацтва, арг-цыянац.паліт. партый і рухаў, пачатак бел. асветы. Завяршальным звяном гэтага этапу Адраджэння нацыянальнага была барацьба за паліт. самавызначэнне беларусаў і абвяшчэнне суверэннай Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). Ва ўмовах БССР Адраджэнне нацыянальнае выявілася ў практычным ажыццяўленні ў 1920-я г. палітыкі беларусізацыі, у выніку якой створаны нац. школа, навука, масавы друк, тэатральнае, выяўл., муз. і інш.прафес. віды мастацтва, нац. эканоміка і структура дзярж. кіравання. Новы этап Адраджэння нацыянальнага, пераважна на ўзроўні літ.-маст. творчасці грамадскай думкі, пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г. ва ўмовах частковага пераадолення вынікаў бальшавіцка-сталінскай палітыкі: бел. культура набыла сусв. вядомасць, адраджаліся яе страчаныя, забароненыя і разбураныя пласты, даследаваліся культ. традыцыі. Аднак у 1970—80-я г. склалася небывала цяжкае становішча ў бел. культуры ў выніку разбурэння крыніц, што жывілі яе (жывое бытаванне нац. мовы ў грамадстве, фальклор і інш. віды аўтэнтычнай культуры). Перспектывы чарговага этапу Адраджэння нацыянальнага залежаць ад рэалізацыі ідэй нац. суверэнітэту, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інш.заканад. актах краіны.
Літ.:
Богданович М. Белорусское возрождение. М., 1916 (факс. выд.Мн., 1991);
Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. 2 выд.Мн., 1921;
Шантыр Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і Самаадзначэння народу. Слуцк, 1918 (факс. выд.Мн., 1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́Н (Berlin),
горад, сталіца Германіі, яе гасп., навуковы і культ.цэнтр. Знаходзіцца на У краіны ў Брандэнбургскім Паазер’і на р. Гафель і яго прытоку р. Шпрэе. У адм. адносінах утварае асобную зямлю. Пл. 889,1 км², 3475 тыс.ж. (1994). 92% насельніцтва — немцы, жывуць таксама туркі, палякі, італьянцы, грэкі, выхадцы з б. Югаславіі. Падзяляецца на 23 акругі. 3 міжнар. аэрапорты: Тэмпельгоф, Тэгель (найбольшы), Шонефельд. Гал. вузел камунікацый на У краіны. З Берліна пачынаюцца 6 аўтастрад, 12 чыгунак, у т. л.міжнар. на Пд, З і У. Рачны порт на Гафелі, злучаны каналамі з асн. рачнымі сістэмамі і марскімі партамі краіны. Прамысловасць: эл.-тэхн. і электронная (з-ды фірмаў «Сіменс», «АЭГ», «Тэлефункен», «Осрам»), машынабуд. (вытв-сцьтрансп. сродкаў, энергет. абсталявання, вырабаў дакладнага машынабудавання), металургічная, паліграф., хім., фармацэўтычная, швейная, тытунёвая, касметычная, фотахім., гумавая. Шмат банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў. Метрапалітэн. Месца правядзення міжнар. кангрэсаў, з’ездаў, канферэнцый, выставак, кірмашоў. Турыстычны цэнтр.
Утварыўся каля 1230 з двух паселішчаў (Берлін і Кёльн). Гар. правы атрымаў у 13 ст. З 1359 член Ганзейскага саюза. З 1486 сталіца Брандэнбурга, з 1709 — Прусіі. Ун-т з 1810. Адзін з цэнтраў рабочага руху ў Германіі ў 1848—49. З 1871 сталіца Германіі. З канца 19 ст. буйны прамысл.цэнтр. Месца правядзення Берлінскага кангрэса 1878, Берлінскай канферэнцыі 1884—85 і інш. У 1-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў антываен. рабочага руху. 9.11.1918 у Берліне абвешчана Германская рэспубліка. У 1920 да Берліна далучаны суседнія землі. Месца заключэння агрэсіўнага саюза Германіі з Італіяй і Японіяй (гл.Берлінскі пакт 1940). На заключным этапе 2-й сусв. вайны моцна разбураны. 2.5.1945 сав. войскі штурмам узялі Берлін (гл.Берлінская аперацыя 1945). 8.5.1945 у Берліне падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі, 5.6.1945 — дэкларацыя аб вярх. уладзе ў Германіі ўрадаў саюзных дзяржаў: СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі. Войскі кожнай з іх занялі адну з 4 акупац. зон. У 1948 зах. дзяржавы ў сваіх зонах акупацыі правялі выбары ў гар. парламент Берліна, у сав. сектары быў утвораны асобны магістрат. 7.10.1949 тут абвешчана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР) і Берлін (усх. частка) стаў яе сталіцай. З зах. сектараў утварылася асобная паліт. адзінка Заходні Берлін. Паміж Берлінам і Зах. Берлінам была ўстаноўлена граніца (напачатку адкрытая), у 1961 горад падзяліла Берлінская сцяна (дэманціравана ў 1989). Пасля аб’яднання ФРГ і ГДР у адзіную дзяржаву Берлін з чэрв. 1991 — сталіца Германіі.
Горад захаваў асобныя рысы сярэдневяковай радыяльна-кальцавой планіроўкі з нешматлікімі гатычнымі пабудовамі (цэрквы Марыенкірхе, каля 1260 — сярэдзіна 14 ст.; Клостэркірхе, каля 1290—1300). У 18—19 ст. Берлін забудоўваўся паводле рэгулярнай «шахматнай» сістэмы: распланаваны правільныя паводле контуру плошчы, шырокія вуліцы (Унтэр-дэн-Ліндэн), парадныя ансамблі і будынкі ў стылі барока (Цэйхгауз, цяпер Музей ням. гісторыі, 1695—1706, арх. І.А.Нерынг, А.Шлютэр, Ж. дэ Бот) і класіцызму (Оперны т-р, 1741—43, арх. Г.В.Кнобельсдорф; палац прынца Генрыха, 1748—53, арх. І.Боўман, з 1810 ун-т; Брандэнбургскія вароты, 1788—91, арх. К.Г.Лангханс; Драм.т-р, 1819—21; Стары музей 1824—28, усе арх. К.Ф.Шынкель); створаны цэнтр з урадавымі будынкамі (ратуша, 1861—69, рэйхстаг, 1884—94, арх. П.Валат і інш.), забудаваны гандл., жылыя арыстакратычныя раёны. У 1900 — пач. 1930-х г. пабудавана шмат арх. комплексаў і аб’ектаў у духу функцыяналізму (арх. П.Берэнс, Э.Мендэльзон, Г.Пёльцыг, В.Гропіус, Б.Таўт). Пасля 1945 горад рэканструяваны. Забудаваны жылыя кварталы, узведзены адм. будынкі, цэрквы, атэлі. Сярод найб. значных пабудоў: прамысл. выстаўка «Інтэрбаў» (1957, арх. Ле Карбюзье, А.Аалта, О.Німеер і інш.), т-р Шылера (1949—50, арх. Г.Фёлькер, Р.Гросэ), Амер. мемар. б-ка (1952—54, арх. Г.Іобст, В.Кроер, Г.Віле, Ф.Борнеман), зала Кантрэсгале (1957, арх. Х.Стабінс), філарманічная зала (1964, арх. Г.Шароўн), Нац. галерэя (1968, арх. Л.Міс ван дэр Роэ), «Палац рэспублікі» (1976, арх. Г.Графундэр) і інш., жылыя масівы Берлін-Ліхтэнберг, Берлін-Марцан (1980-я г.), грамадска-гандл. комплекс «Еўропа-Цэнтр» і інш. Адноўлены будынкі рэйхстага і палаца Бельвю. У Трэптаў-парку помнік воінам Сав. Арміі (1946—49, скульпт. Я.Вучэціч, арх. Я.Белапольскі), у парку Тыргартэн — помнік героям штурму Берліна ў 1945 (скульпт. Л.Кербель, У.Цыгаль).
Берлін — найбуйнейшы навук. і культ.-асв. цэнтр Германіі. АН і н.-д. ін-ты, 3 ун-ты (Берлінскі універсітэт імя Гумбальта, Свабодны, Тэхнічны), вышэйшыя школы (прыгожых мастацтваў, музычныя, эканамічныя, кінематаграфіі і тэлебачання). 2 абсерваторыі, 2 планетарыі. 70 тэатраў (у т. л. 3 оперныя), сімф. і камерныя аркестры, філармонія. 75 музеяў, у т. л.Дзярж. берлінскія музеі, Пергамон-музей, Музей ням. гісторыі, галерэя 20 ст. Штогадовыя міжнар.муз.-тэатр. фестывалі (з 1951).
Да арт.Берлін. Еўропа-Цэнтр.Да арт.Берлін. Філарманічная зала. Арх. Г.Шароўн. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНА́ДА (Grenada),
дзяржава на в-ве Грэнада і ў паўд.ч. а-воў Грэнадзіны, у архіпелагу М. Антыльскія а-вы ў Вест-Індыі. Падзяляецца на 7 раёнаў. Пл. 344 км². Нас. 92 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Сент-Джорджэс. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 лют.).
Дзяржаўны лад. Грэнада — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1974. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены генерал-губернатарам. Заканад. ўлада належыць парламенту (15 дэпутатаў), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Востраў Грэнада (пл. 311 км²) гарысты (выш. да 840 м, гара Сент-Катэрын). На У невял. нізіна. Астравы Грэнадзіны пераважна нізінныя. Клімат субэкватарыяльны, пасатны, марскі. Сярэднямесячная т-ра паветра 25—28 °C. Ападкаў больш за 1500 мм (у гарах да 5000 мм) за год, дажджлівы перыяд май—кастрычнік. Шмат невял. рэчак і ручаёў. У гарах захаваліся вільготныя трапічныя лясы. Заказнік Гранд-Этан.
Насельніцтва. Пераважаюць негры (53%) і мулаты (42%). Невял. колькасць англічан, французаў, карэнных жыхароў — індзейцаў карыбаў. Паводле веравызнання пераважаюць католікі і англікане. Сярэдняя шчыльн. 267 чал. на 1 км², на ўзбярэжжах да 500—800 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 50% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Сент-Джорджэс (каля 7,5 тыс.ж.), Гуяў, Грэнвіл, Вікторыя. Характэрна эміграцыя ў суседнія краіны.
Гісторыя. Найб.стараж. насельніцтва Грэнады — індзейцы аравакі — называлі в-аў Камахонь. У 15 ст. іх выцеснілі адсюль індзейцы карыбы. У 1498 востраў адкрыў Х.Калумб і назваў яго Кансепсьён. З 1650 каланізаваны французамі, якія стварылі тут плантацыйную гаспадарку, заснаваную на рабскай працы (рабоў прывозілі з Афрыкі). У Сямігадовую вайну 1756—63 на востраве высадзіліся англічане (1762), паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 ён стаў брыт. калоніяй і атрымаў назву Грэнада. У час вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 востраў зноў захапіла Францыя (1778), аднак паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 уступіла яго Вялікабрытаніі. У вайну паміж Англіяй і Францыяй (пачалася ў 1794) на Грэнадзе ў 1795 адбылося антыангл. паўстанне пад кіраўніцтвам Ж.Федона (нац. герой Грэнады), задушанае брыт. войскамі. У 1834—38 тут скасавана рабства. У 1885—1958 Грэнада ў складзе брыт. калоніі Падветраныя астравы.
Ва ўмовах узмацнення мясц.руху за аўтаномію на чале з Э.Гейры (з 1950) калан. ўлады ўвялі ў Грэнадзе ўсеагульнае выбарчае права (1951) і абмежаваную аўтаномію (1958). У 1958—62 Грэнада ў складзе Вест-Індскай федэрацыі. З сак. 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава» з поўным унутр. самакіраваннем (прэм’ер-міністр Гейры). З 7.2.1974 незалежная дзяржава ў складзе брыт.Садружнасці. Напачатку яе прэм’ер-міністр Гейры (1974—79) прытрымліваўся нацыянал-рэфармісцкага курсу, потым устанавіў дыктатуру, што выклікала рэвалюцыю (сак. 1979). Новы ўрад на чале з М.Бішапам (1979—83) праводзіў палітыку дэмакратызацыі і дыверсіфікацыю эканомікі, наладзіў сувязі з сацыяліст. краінамі, у т. л. з Кубай. У кастр. 1983 узнік канфлікт сярод лідэраў кіруючай партыі Новы рух ДЖУЭЛ, што прывяло да ўзбр. сутыкнення, у час якога загінулі Бішап і шэраг яго міністраў. 25.10.1983 пад выглядам аднаўлення законнасці і бяспекі амер. грамадзян на Грэнадзе супраць краіны распачалі ваен. аперацыю ЗША. У ходзе яе востраў з ліст. 1983 да чэрв. 1985 акупіравалі амер. войскі. Пасля выбараў у снеж. 1984 створаны пераходны ўрад на чале з Х.Блейзам. У 1990 яго змяніў урад Н.Брэтвейта. З 1995 прэм’ер-міністр Грэнады — К.Мітчэл. Грэнада — чл.ААН (з 1974), брыт. Садружнасці, Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва, Лаціна-амер. эканам. сістэмы, удзельнічае ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Аб’яднаная лейбарысцкая партыя. Нац. партыя Грэнады, Патрыят. рух імя М.Бішапа, Нац.-дэмакр. кангрэс, Савет прафсаюзаў Грэнады.
Гаспадарка. Пераважае сельская гаспадарка і абслугоўванне турыстаў. Краіна спецыялізуецца на вытв-сці спецый: мускатнага арэха (каля 2 тыс.т штогод, 1/3сусв. вытв-сці), гваздзікі, карыцы, ванілі. Вырошчваюць таксама какаву, бананы, цукр. трыснёг, какосавую пальму, цытрусавыя, бавоўну, харч. культуры. На схілах гор гаі мускатнага арэха, ніжэй какавы, потым бананаў і інш. культур. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Ёсць прадпрыемствы па перапрацоўцы мускатных арэхаў (г. Гуйяў), копры, цукр. трыснягу, піваварны з-д, бавоўнаачышчальная, швейная, мэблевая ф-кі і інш. На востраве штогод бывае каля 100 тыс. турыстаў і адпачываючых пераважна з ЗША і Канады. Транспарт аўтамаб. (746 км дарог з цвёрдым пакрыццём) і марскі. Гал. порт Сент-Джорджэс. Паблізу міжнар. аэрапорт. Грэнада экспартуе мускатны арэх, какава-зярняты, бананы, гваздзіку, карыцу, ваніль, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Асн.гандл. партнёры: ЗША, краіны Зах. Еўропы, суседнія краіны, Канада. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.