МАДРЫ́Д УРТА́ДА ((Madrid Hurtado) Мігель дэла) (н. 12.12.1934, г. Каліма, Мексіка),

дзяржаўны дзеяч Мексікі. Скончыў Нац. аўт. ун-т Мексікі, Політэхнічны ін-т у Мехіка, Гарвардскі ун-т (ЗША). З 1960 на кіруючых пасадах у вышэйшых фін. установах і дзярж. апараце, у т. л. нам. міністра фінансаў (1972—73 і 1978), міністр па праграміраванні і бюджэце (1979—81). Прэзідэнт Мексікі ў 1982—88. Праводзіў палітыку аздараўлення нац. эканомікі, стрымлівання інфляцыі, барацьбы з беспрацоўем; у знешняй палітыцы выступаў супраць іншаземнага ўмяшання ў справы лац.-амер. краін. Пры ім Мексіка ўваходзіла (з 1983) у «Кантадорскую групу» па мірным урэгуляванні ў Цэнтр. Амерыцы.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РСКАЯ (па мужу Легрэ) Соф’я

(1769?, в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — ?),

танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.​Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Паставах (педагог Ле Ду). Паводле завяшчання Тызенгаўза стала ўласнасцю караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1785—94 (з перапынкамі) у складзе балетнай трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» і ў Нац. т-ры ў Варшаве. У 1794—97 у трупе С.​Галніцкага і антрэпрызе Т.​Трускаляскага. У 1797 па ініцыятыве і за кошт Станіслава Аўгуста Панятоўскага паступіла фігуранткай на імператарскую сцэну ў Пецярбургу (у дакументах за 1797—99 пад імем Максерскай).

Г.​І.​Барышаў.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАФО́НСКІ БЕГ,

бег па шашы на найдаўжэйшую дыстанцыю (42 км 195 м); від лёгкай атлетыкі. Назва ад мястэчка Марафон, адкуль, паводле падання, пасля Марафонскай бітвы (490 да н.э.) грэч. воін-ганец пасланы ў Афіны з весткай аб перамозе над персамі. Не спыняючыся ў дарозе, ён прыбег у горад і, усклікнуўшы «Мы перамаглі», упаў мёртвым. М.б. уключаны ў праграму Алімп. гульняў з 1895 (Афіны; першы алімп. чэмпіён — грэч. спартсмен С.​Луіс). Па М.б. праводзяцца міжнар. спаборніцтвы (Афіны; г. Бостан, ЗША, з 1895; г. Віндзар, Вялікабрытанія; Парыж, з 1976; г. Энсхедэ, Нідэрланды і інш.). Рэкорды (з-за рознага профілю трас) не фіксуюцца.

т. 10, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́З (Леў Рыгоравіч) (н. 26.1.1933, Мінск),

бел. фізік-тэарэтык. Канд. фіз.-матэм. н. (1961). Скончыў БДУ (1955). З 1955 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па квантавай электрадынаміцы нуклонаў і класічнай тэорыі поля. Распрацаваў новы падыход да апісання палярызавальнасці элементарных часціц і ўвёў паняцце гірацыі. Адзін з ініцыятараў правядзення даследаванняў па эксперым. фізіцы высокіх энергій на Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Введение в теорию классических полей. Мн., 1968 (разам з А.​А.​Богушам);

Поляризуемость и гирация элементарных частиц (разам з М.​В.​Максіменкам) // Вопр. атомной науки и техники. Сер. Общая и ядерная физика. 1979. Вып. 4 (10).

т. 10, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРУ́НА, павіліца (Galium),

род кветкавых раслін сям. марэнавых. Каля 400 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 14 відаў. Найб. вядомыя М.: пахучая, або дзярачка (G. odoratum), багнавая (G. uliginosum), балотная (G. palustre), барэальная (G. boreale), мяккая (G. mollugo), прыручайная (G. rivale), сапраўдная (G. verum), учэпістая (G. aparine). Трапляюцца на лугах, узлесках, сярод хмызняку, па берагах рэк.

Адна- і шматгадовыя травы, рэдка паўкусцікі. Сцёблы 4-гранныя або круглыя, шурпатыя ці гладкія. Лісце ў несапраўдных кальчаках (па 4—15), суцэльнае, з лісцепадобнымі прылісткамі. Кветкі дробныя, белыя, Жоўтыя, ружовыя ў канцавых мяцёлках або пазушных паўпарасоніках. Плод — арэшак. Лек., фарбавальныя, меданосныя расліны.

Маруна звычайная.

т. 10, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДАЗБО́Р, ношка,

збіранне нектару і пылку з меданосных раслін і назапашванне іх пчоламі (мёд, пярга); таксама колькасць мёду, назапашанага пчоламі за які-н. перыяд. Забяспечвае перакрыжаванае апыленне меданосаў. Адрозніваюць М.: веснавы, летні, асенні; падтрымны (у межах патрэбы пчалінай сям’і) і прадукцыйны (да 2—3 за сезон), які выкарыстоўваецца для адбору таварнага мёду. Пчаліная сям’я нарыхтоўвае за сезон да 200—300 кг мёду і больш. На Беларусі М. працягваецца з крас. па вер. (гал. — у чэрв. і ліпені), няўстойлівы па гадах; макс. да 50 кг на пчаліную сям’ю за сезон. Асн. тыпы М.: вярбовы, пладова-ягадны, крушынавы, малінавы, лугавы, канюшынавы, грэцкі, верасовы.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДЫКА-ГЕНЕТЫ́ЧНАЕ КАНСУЛЬТАВАННЕ,

адзін з відаў спецыялізаванай мед. дапамогі, накіраваны на прафілактыку спадчынных хвароб. Асн. задачы М.-г.к.: вызначэнне мед.-генет. прагнозу, стадыі генет. рызыкі ў адносінах да будучага патомства ў сем’ях, дзе ёсць спадчынная паталогія; ацэнка мед. і сац. вынікаў генет. парушэнняў; прапаганда мед.-генет. ведаў і інш. На Беларусі ажыццяўляецца Ін-там генетыкі і цыталогіі Нац. АН, рэсп. мед. генет. цэнтрам у Мінску, кансультатыўнымі кабінетамі. Працуюць 6 кабінетаў па мед. генетыцы, 5 кансультацый «Шлюб і сям’я» (1997). З мэтай вызначэння рызыкі спадчынных хвароб, анамалій развіцця і выяўлення хвароб на ранніх стадыях праводзяць генет. прасейванне (скрынінг). Створана праграма па выяўленні носьбітаў спадчынных хвароб.

Э.​А.​Вальчук.

т. 10, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛІ́ЧНЫХ КАНСТРУ́КЦЫЙ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

падгаліна прам-сці машынабудавання і металаапрацоўкі, што выпускае маласерыйныя або адзінкавыя віды вырабаў вял. памераў з металу (металічныя канструкцыі). Найб. шырока такая прадукцыя выкарыстоўваецца ў будаўніцтве, асабліва пры ўзвядзенні лёгкіх часовых збудаванняў, вырабе вентыляцыйных і цеплавых сістэм. На Беларусі падгаліна аб’ядноўвае 7 прадпрыемстваў, у т. л. 3 з-ды металаканструкцый (у Віцебску, Гомелі, Магілёве) спецыялізуюцца па вырабе металаканструкцый для с.-г. буд-ва (нестандартызаванае абсталяванне для ферм і жывёлагадоўчых комплексаў і інш.). У Мінску працуюць арэндныя прадпрыемствы «Доследны завод металаканструкцый» і па праектаванні буд. метал. канструкцый «Белпраектстальканструкцыя», у г. Маладзечна — з-д лёгкіх металаканструкцый.

Л.​А.​Паўловіч.

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МЕДЫЦЫ́НСКІ ІНСТЫТУ́Т.

Засн. ў 1921 як ф-т БДУ, з 1930 самастойны ін-т. У 1999/2000 навуч. г. ф-ты: лячэбны, педыятрычны, медыка-прафілактычны, ваенна-мед., стаматалагічны, мед. ф-т замежных студэнтаў, падрыхтоўчае аддзяленне. Навучанне дзённае. Аспірантура з 1926. Дактарантура з 1998. Мае Цэнтр. н.-д. лабараторыю, у якую ўваходзяць праблемныя лабараторыі: імунахім. і радыеізатопных метадаў даследаванняў; эксперым. медыцыны, фармакалогіі і таксікалогіі; біяхім. метадаў даследаванняў; інфармацыйна-камп’ютэрных тэхналогій; псіханейрахірургіі; гема- і лімфасорбцыі; калагенозаў; унутрыбальнічных інфекцый; па праблемах дэрматалогіі і венералогіі; па вывучэнні псіхічных расстройстваў у насельніцтва Беларусі, якое пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Б-ка (каля 1 млн. экз.).

С.​Дз.​Дзянісаў.

т. 10, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЦАРКО́ЎНЫ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т.

Дзейнічаў з лют. 1908 да пач. 1-й сусв. вайны. Створаны ў Мінску Сінодам пры Мінскай епархіі па ініцыятыве інтэлігенцыі для збору і вывучэння старажытнасцей на тэр. Міншчыны. К-т праводзіў даследаванні і апісанні помнікаў даўніны і гісторыі, збор і запісы фальклору, вывучэнне манастырскіх архіваў, меў бібліятэку і Мінскі царкоўна-археалагічны музей. Члены к-та чыталі лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі. У яго рабоце ўдзельнічалі вядомыя навукоўцы Дз.​І.​Даўгяла, А.​А.​Шахматаў. К-т выдаў зб. дакументаў «Мінская даўніна» і 1-ы вып. кнігі «Апісанне рукапіснага аддзела і старадрукаў бібліятэкі Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта» (1909).

А.​С.​Жмуроўскі.

т. 10, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)