найбуйнейшы ў старажытнасці збор рукапісных кніг (ад 100 да 700 тыс. тамоў). Засн. ў пач. 3 ст.дан.э. ў г. Александрыя пры Александрыйскім мусеяне. Пераважалі творы стараж.-грэч. л-ры і навукі, былі і кнігі на ўсх. мовах. Узначальвалі Александрыйскую бібліятэку буйнейшыя вучоныя: Эратасфен, Зенадот, Арыстарх Самоскі, Калімах. Пры б-цы працавала шмат капіістаў-перапісчыкаў кніг. Частка Александрыйскай бібліятэкі згарэла ў 47 дан.э. ў час Александрыйскай вайны. Пазней адноўлена і папоўнена за кошт Пергамскай б-кі. Частка кнігазбору знішчана ў 391 н.э., апошнія рэшткі загінулі ў 7—8 ст. у час арабскіх заваёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІ́С (Pimpinella anisum), бядрынец анісавы,
аднагадовая травяністая расліна сям. сельдэрэевых. Радзіма — М. Азія. Культывуецца ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі малапашыраная культура, вырошчваецца ў адкрытым грунце і цяпліцах.
Сцябло прамое, галінастае, выш. 25—50 см. Прыкаранёвае лісце круглавата-сэрцападобнае, з зубчастым краем, на доўгіх чаранках, сцябловае — складанаперыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, у складаных парасоніках. Плод — шэра-зялёная двухсямянка. Святло-, цяпло- і вільгацелюбівая расліна, патрабавальная да ўрадлівасці глебы. Размнажаюць насеннем. Плады маюць да 6% эфірнага і да 28% тлустага алею. Вострапрыпраўная расліна. Выкарыстоўваецца ў хлебапякарнай, кандытарскай, лікёра-гарэлачнай, парфумернай прам-сці, у медыцыне. Добры меданос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НІЙ Марк (Marcus Antonius; каля 82—30 дан.э.),
рымскі паліт. дзеяч і палкаводзец, прыхільнік Цэзара. Нар. трыбун у 49, консул у 44. Пасля забойства Цэзара і паражэння ў грамадз. вайне ў 43 заключыў саюз з Актавіянам і Лепідам, т.зв. 2-і трыумвірат, для барацьбы супраць Брута і Касія — забойцаў Цэзара. У 42 кіраваў усх. правінцыямі. Шлюб з Клеапатрай і сварка з Актавіянам прывялі да аднаўлення грамадз. вайны. У баі каля Акцыя 2.9.31 аб’яднаны флот Антонія і Клеапатры разбіты. Антоній адступіў у Егіпет і скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІМЕ́ДА АКСІЁМА,
зводзіцца да таго, што пры паўтарэнні дастатковай колькасці разоў меншага з двух зададзеных адрэзкаў можна атрымаць адрэзак, большы за большы з іх (сфармулявана Архімедам). Адносіцца таксама да плошчаў, аб’ёмаў, лікаў і інш. У агульным выпадку, калі A і B — два значэнні адной і той жа велічыні і A < B, можна заўсёды знайсці такі цэлы лік m, што Am > B; на гэтым заснаваны працэс паслядоўнага дзялення ў арыфметыцы і геаметрыі. У 19 ст. выявілася існаванне т.зв. неархімедавых велічынь, у дачыненні да якіх Архімедава аксіёма не выконваецца (напр., вектары, для якіх паняцце няроўнасці страчвае сэнс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТО́НІК (Aristonikos, ? — 129 да нашай эры),
кіраўнік антырымскага паўстання 133 (або 132) — 129 да нашай эры ў Пергаме. Пазашлюбны сын пергамскага цара Яўмена II У паўстанні (пачалося пасля смерці зводнага брата Арыстоніка цара Атала III, які завяшчаў сваё царства Рыму) удзельнічалі частка насельніцтва Пергама, грэчаскія гарады Малой Азіі, наёмныя войскі, рабы. Паўстанцы марылі стварыць «сонечную дзяржаву», дзе б усе людзі былі роўнымі. У 130 да нашай эры яны разбілі каля Леўкі консульскую армію П.Ліцынія Краса, але ў 129 пацярпелі паражэнне пры Стратанікеі. Арыстонік трапіў у палон і пакараны смерцю. Пергам стаў рымскай правінцыяй пад назвай Азія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РС, леапард (Panthera pardus),
драпежная млекакормячая жывёла сям. каціных. Пашыраны ў Афрыцы (няма толькі ў Сахары), у Малой, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд. Азіі. Жыве ў глухіх трапічных, субтрапічных і мяшаных лясах, на горных схілах і раўнінах, у саваннах, зарасніках па берагах рэк.
Даўж. цела да 180 см, хваста да 110 см, маса звычайна 32—40, зрэдку да 100 кг. Самкі меншыя за самцоў. Цела выцягнутае, ногі кароткія. Поўсць густая, пушыстая. Афарбоўка жоўтая або рыжая з чорнымі плямамі. Нараджае 1—3 дзіцянят. Корміцца пераважна капытнымі, а таксама птушкамі і грызунамі. Ахоўваецца. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГЕМО́Т, гіпапатам (Hippopotamus amphibius),
род млекакормячых жывёл атр. парнакапытных. 1 від. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Афрыцы пераважна ў нац. парках. Жыве ў неглыбокіх (каля 1,2 м) вадаёмах са спадзістымі берагамі і пышнай каляводнай расліннасцю.
Даўж. цела да 4,5 м, маса 3—4,5 т. Тулава падоўжанае, грузнае. Скура амаль голая, медна-бурага колеру, багатая залозамі, якія ахоўваюць яе ад высыхання. Рот шырокі, сківіцы з вял. зубамі. Іклы (да 64 см) растуць усё жыццё. Палавой спеласці дасягае ў 7—9 гадоў. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца каляводнай і наземнай расліннасцю. Жыве да 50 гадоў. Выкарыстоўваюцца мяса, тлушч, скура і зубы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Расонскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Свольна, за 24 км на ПнЗ ад г.п. Расоны. Пл. 3,01 км², даўж. 2,75 км, найб.шыр. 2,25 км, найб.глыб. 7,1 м, даўж. берагавой лініі 10,1 км. Пл. вадазбору 3,1 км².
Схілы выш.да 20 м, стромкія, на ПнЗ і ПнУда 3—7 м, спадзістыя, пясчаныя, пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, ва ўсх. заліве больш высокія, тарфяністыя, пад лесам і хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, дно глыбей за 2 м выслана глеем і сапрапелем. Вада вельмі празрыстая. Бяссцёкавае. Расліннасць утварае паласу шыр.да 100 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДО́ЛЯ»,
газета Беларускага пасольскага клуба (БПК) у польскім сейме. Выдавалася з 11.1 да 22.5.1925 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Пісала пра ўціск працоўных Зах. Беларусі, асвятляла жыццё ў БССР, міжнар. падзеі, змяшчала рэпартажы з сейма, выступленні і заявы бел. паслоў. У час размежавання ў БПК пісала аб ідэйных і тактыка-арганізацыйных разыходжаннях бел. дэпутатаў. Пазіцыя рэдакцыі газеты была непаслядоўная — ад катэгарычнай апазіцыйнасці да ўлад да іх падтрымкі. Змяшчала творы Я.Купалы, У.Жылкі, Л.Родзевіча і інш. Выйшла 36 нумароў, 3 канфіскаваны. Забаронена ўладамі Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ ВІ́ЦЕБСКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.
Існавала з 29.10.1921 да вясны 1924. Падпарадкоўвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у Маскве. Задачы: арганізацыя на тэр. Віцебскай губ. сеткі нац. школ і культ.-асв. устаноў для бел. насельніцтва. Арганізавала бел. тэатр і хор у Віцебску і Полацку, дзіцячую тэатр. трупу ў Полацку. Садзейнічала ўвядзенню ў навуч. план Віцебскага пед. ін-та ў 1923/24 навуч.г. курса беларусазнаўства. Супрацьдзеянне парт. і сав. кіраўніцтва, адмова ў фінансаванні прывялі да фактычнага спынення дзейнасці секцыі. Скасавана ў сувязі з далучэннем Віцебскай губ.даБССР.