працэс ператварэння тонавага відарыса ў растравы. Робіцца пры дапамозе праекцыйнага і кантактнага растраў або электронным спосабам. У выніку Р. атрымліваецца мікраштрыхавы відарыс, які складаецца з маленькіх, розных па памерах кропак з аднолькавымі адлегласцямі паміж іх цэнтрамі. Участкі яго з больш буйнымі кропкамі выглядаюць цямнейшымі (цёмныя тоны), з дробнымі — святлейшымі (светлыя тоны).
Пры Р. з праекцыйным растрам ёй змяшчаецца ў рэпрадукцыйным фотаапараце паміж фотаматэрыялам і аб’ектывам. Пры фатаграфаванні прамяні святла ад арыгінала праходзяць праз аб’ектыў, на растры расшчапляюцца на асобныя элементы (кропкі) і ствараюць на фотаматэрыяле адпаведны відарыс. Пры Р. з кантактным растрам ён знаходзіцца ў кантакце з фотаслоем з аднаго боку і з тонавым негатывам або дыяпазітывам — з другога. Святло, праходзячы праз растр, разбіваецца на асобныя светлавыя пучкі рознай яркасці, якія ўтвараюць на святлоадчувальным матэрыяле кропкі розных памераў. Пры электронным Р. тонавы відарыс ператвараецца ў мікраштрыхавы пры дапамозе разгорткі і пры фарміраванні імпульсных сігналаў у электронным вылічальным прыстасаванні, якое кіруе святлозапісвальным прыстасаваннем. У аўтаматызаваных сістэмах электроннай перапрацоўкі ілюстрацый Р. адбываецца па сігналах растравых працэсараў пры вывадзе растравых відарысаў на лазерныя прынтэры і экспануючыя прыстасаванні.
У.М.Сацута.
Растрыраванне: а — у высокім друку; б — у плоскім; в — у глыбокім; 1 — тонавы арыгінал; 2 — друкарскія формы; 3 — адбіткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЭФІ́КС (лац. antefixum),
від архітэктурнага аздаблення з мармуру ці тэракоты ў форме пальметы або шчыта з рэльефным арнаментам, з выявай фантаст. жывёліны. Звычайна размяшчаліся па краях дахавага накрыцца ўздоўж падоўжнай сцяны ант. храма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАЎІ́ТЫ, Алавіты, Філаліды, Філалійскія шэрыфы,
дынастыя султанаў (з 1660-х г.), потым каралёў (з 1957) у Марока. У перыяд франц. пратэктарата (1912—56) страцілі рэальную ўладу. Зсак. 1956 аднавілі сваё кіраванне ў краіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСІЛО́МЕТР (ад ксіло... + ...метр),
прылада для вымярэння аб’ёмаў прадметаў няправільнай формы (першапачаткова пераважна з драўніны). Уяўляе сабой пасудзіну з сазлучанай з ёй градуіраванай празрыстай трубкай, якая паказвае аб’ём вадкасці, выцеснены апушчаным у пасудзіну прадметам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СІПАЎ Пётр, разьбяр па дрэве 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Маскоўскай дзяржаве. Разам зінш. майстрамі — выхадцамі з Беларусі прымаў удзел у стварэнні іканастасаў цэркваў Данскога і Новадзявочага манастыра ў Маскве (1683).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ СССР,
з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Рас.Сав. Федэратыўнай Сацыяліст. Рэспублікі (РСФСР), Укр.Сав.Сацыяліст. Рэспублікі (УССР), Бел.Сав.Сацыяліст. Рэспублікі (БССР) і Закаўказскай Сав. Федэратыўнай Сацыяліст. Рэспублікі (ЗСФСР), на якім абвешчана стварэнне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Адбыўся 30.12.1922 у Маскве. Дэлегаты з’езда (2214 чал., у т. л. 1673 з рашаючым голасам, 541 з дарадчым) былі выбраны на з’ездах Саветаў у кожнай з 4 намінальна незалежных рэспублік: 1727 ад РСФСР (1217 з рашаючым голасам), 364 ад УССР (354 з рашаючым голасам), 91 ад ЗСФСР (73 з рашаючым голасам), 33 ад БССР (23 з рашаючым голасам). З іх 94,1% былі камуністамі, 0,2% (5 чал.) належалі да інш. партый, 5,7% былі беспартыйнымі. Старшынёй з’езда абраны М.І.Калінін, ганаровым старшынёй — У.І.Ленін. З’езд аднагалосна зацвердзіў Дэкларацыю аб утварэнні СССР і Саюзны дагавор, падпісаны 4 рэспублікамі. Па прапанове М.В.Фрунзе абодва дакументы вырашана перадаць на дадатковы разгляд у ЦВК саюзных рэспублік з тым, каб ЦВКСССРз улікам атрыманых водгукаў зацвердзіў іх і ўвёў у дзеянне. Канчатковы тэкст Дэкларацыі і Саюзнага дагавора падлягаў зацвярджэнню на 2-м з’ездзе Саветаў СССР. З’езд выбраў ЦВКСССР у складзе 371 чл. і 138 кандыдатаў ад усіх рэспублік прапарцыянальна колькасці іх насельніцтва з некаторымі адступленнямі на карысць менш населеных рэспублік (БССР, маючы 1,2% ад насельніцтва СССР, атрымала ў складзе саюзнага ЦВК 1,9% месцаў). На 1-й сесіі ЦВКСССР (30.12.1922) выбраны Прэзідыум ЦВКз 19 членаў і 13 кандыдатаў. Былі абраны 4 старшыні ЦВК: М.І.Калінін ад РСФСР, Р.І.Пятроўскі ад УССР, Н.Нарыманаў ад ЗСФСР, А.Р.Чарвякоў ад БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Юрый) (мянушкі Віктор, Пераможца, Літоўскі Геркулес; каля 1480 — крас. 1541),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын канцлера М.Радзівіла. Заснавальнік біржанска-дубінкаўскай галіны роду Радзівілаў. З 1500-х г. займаў пасады намеснікаў, у т. л. віленскага, мейшагольскага, мерацкага, уцянскага, мазырскага (у 1511—14), гродзенскага (з 1514), лідскага і беліцкага (з 1528). Падчашы ВКЛ у 1509—17, ваявода кіеўскі ў 1511—14, гетман надворны (польны) у 1520—23, кашталян трокскі ў 1522—27 і віленскі з 1527; адначасова з 1528 маршалак надворны і з 1531 вял. гетман. Праславіўся сваім удзелам у войнах і перамогамі ў 30 бітвах. У 1508 удзельнічаў у вайне з Маскоўскай дзяржавай. У 1511 са слуцкім кн. Ю.С.Алелькавічам разбіў крымскіх татар ва ўрочышчы Рутка за 20 міль ад Кіева. 28.4.1512 удзельнічаў у пераможнай бітве супраць татар пад Лапушнай (каля Вішнеўца). У Аршанскай бітве 1514 камандаваў лёгкай конніцай на левым флангу. У 1517 удзельнічаў у паходзе пад Пскоў, у 1519 — у баях з маскоўскім войскам каля Крэва. 27.1.1527 разам з К.Астрожскім разбіў татар на р. Альшаніца каля г. Канеў. У 1519—21 ваяваў супраць Тэўтонскага ордэна. Камандаваў войскам ВКЛ у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы 1534—37. У 1535 войска на чале з Р. і каронным вял. гетманам Я.Тарноўскім узяло Гомель і Старадуб. У 1530-х г. Р. разам з канцлерам ВКЛ А.Гаштольдам і жамойцкім старостам Я.Радзівілам уваходзіў у магнацкі трыумвірат, які фактычна кіраваў ВКЛ у час адсутнасці вял. князя. Быў адным з найбагацейшых магнатаў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВА́РКА,
нераздымнае злучэнне дэталей машын, канструкцый і збудаванняў пры іх награванні або пластычным дэфармаванні, у выніку якіх у месцы злучэння ўстанаўліваюцца трывалыя міжатамныя сувязі. Вызначаецца прадукцыйнасцю, універсальнасцю і эканамічнасцю. Пашырана ў прам. вытв-сці і буд-ве (гл.Зварныя канструкцыі). Найб. значэнне мае З. металаў і сплаваў; зварваюць таксама пластмасу, шкло, кераміку і інш.
Адрозніваюць З. плаўленнем і З. ціскам (пластычным дэфармаваннем). Да З. плаўленнем адносяцца: адзін з відаў высокачастотнай зваркі, газавая зварка, дугавая зварка, у т. л.газаэлектрычная зварка і падводная (гл.Падводная зварка і рэзка), лазерная зварка, плазменная зварка, электрашлакавая зварка, электронна-прамянёвая зварка і інш. Да З. ціскам адносяцца: адзін з відаў ВЧ-зваркі, кантактавая зварка, зварка выбухам, зварка трэннем, ультрагукавая зварка, халодная зварка, дыфузійная зварка і інш. У залежнасці ад віду зварачнага абсталявання адрозніваюць ручную, механізаваную і аўтам.
З.; ад спосабу аховы зварнога шва ад шкоднага ўздзеяння паветра — З. ў ахоўных газах, у вакууме, пад флюсам, з аховай шлакам; ад тыпу электродаў — З. плаўкімі і няплаўкімі (вугальнымі, вальфрамавымі і інш.) электродамі. Да зварачных адносяць таксама працэсы пайкі, наплаўкі і інш. Найпрасцейшыя віды З. (кавальская зварка, ліцейная) узніклі з пачаткам вытв-сці і апрацоўкі металаў. Найб. пашыраныя віды электразваркі (дугавая, кантактавая) створаны ў 19 ст. ў выніку прац В.У.Пятрова, М.М.Бенардоса, М.Г.Славянава і інш. Першую гарэлку зварачную (ацэтыленакіслародную) сканструяваў франц.інж. Э.Фушэ (1903). Праблемы З. вывучаюцца ў Ін-це электразваркі АН Украіны і інш. Важныя даследаванні ў галіне З. правялі Я.А.Патон, Б.Я.Патон, Г.А.Нікалаеў, М.М.Рыкалін, К.К.Хрэнаў і інш.
Літ.:
Сварка в СССР. Т. 1—2. М., 1981;
Руге Ю. Техника сварки: Справ. Пер. с нем. Ч. 1—2. М., 1984;
Гурд Л.М. Основы технологии сварки: Пер. с англ.М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ФАР, скрыня,
драўляная ёмістасць для захоўвання тканін, адзення, бялізны і каштоўнасцей; від мэблі. У К. збіралі пасаг маладой, а ў час вяселля перавозілі яго ў дом маладога. У сярэдневякоўі вядомы і як сховішча каштоўнай цэхавай маёмасці. Меў выгляд масіўнай нізкай драўлянай ці метал. скрыні з плоскім ці пукатым векам, часта па-мастацку акаванай, зунутр. замком складанай канструкцыі. У магнацкіх і мяшчанскіх інтэр’ерах — вял., драўляныя, з акоўкай па кантах, фарбаваныя ў чорны ці зялёны колер. У бел.сял. інтэр’еры пашыраны з 19 ст., замяніў кублы. Выраб К. часта набываў характар промыслу. Іх рабілі з хваёвых ці яловых дошак, на фігурных падстаўках-ножках, часта на драўляных ці каваных колцах, па баках мацавалі ручкі, на пярэдняй сценцы — унутр. замок ці зашчапку для вісячага. Часта К. аздаблялі маст. акоўкай у выглядзе жал. ці бляшаных палос з фігурнымі краямі. Акоўку мацавалі на кантах, пярэдняй сценцы і веку (давыд-гарадоцкія куфры). Пад уплывам зах.-еўрап. барочных форм К. набылі пукатае века, часам звужаную ўнізе форму. Простая аднатонная афарбоўка саступіла месца дэкар. размалёўцы, пераважна фляндроўцы, якая імітавала каштоўныя пароды драўніны. Зпач. 20 ст. ў многіх рэгіёнах пашыраны К. змаст. размалёўкай расл. характару. На Зах. Палессі перавагу аддавалі сакавітым малюнкам у выглядзе букетаў і гірляндаў кветак, якія кампанаваліся ў квадратах і прамавугольніках, утвораных палосамі акоўкі ці фляндроўкі. Малюнкі наносілі ад рукі, часам з дапамогай трафарэтаў. Багаццем кампазіцыі, гармоніяй і сакавітасцю каларыстыкі вызначаюцца агоўскія куфры. На Гродзеншчыне і З Віцебшчыны пераважала «цацкаванне» — нанясенне ўзору на афарбаваную паверхню К. з дапамогай штампікаў з бульбы ці рэпы. Дробныя геам. і расл. матывы (зоркі, разеткі, лісточкі, крыжыкі) белага, жоўтага, чырвонага колераў наносілі ў выглядзе палос уздоўж акоўкі ці кругоў між ёю на сінім або вішнёвым фоне. На У Беларусі на вішнёвым фоне малявалі прамую ці косую сетку з чорных палос, часам аздаблялі прадрапваннем у выглядзе геам. і расл. арнаменту (Чачэрскія куфры). У сучасным вясковым побыце К. страціў былую ролю. З 1950-х г.вытв-сць К. амаль спынілася. Паводле матываў дэкору традыц. К. размалёўваюць маленькія сувенірныя куфэркі (Брэсцкая ф-ка сувеніраў, Жлобінская ф-ка інкрустацыі і інш.).
Я.М.Сахута, А.Ю.Лозка.
Куфарз вёскі Агова Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1940-я г.Куфарз Лідскага раёна Гродзенскай вобл. Канец 19 ст.