ГІДРАКАМБІНЕЗО́Н, гідракасцюм (ад гідра... + франц. combinaison камбінаванае адзенне),
вадалазны рыштунак лёгкага тыпу, які засцерагае вадалаза ад пераахаладжэння і траўмаў пры работах пад вадой. Бываюць воданепранікальныя («сухія», ізалююць цела вадалаза ад вады) і водапранікальныя («мокрыя», утрымліваюць ваду, якая пранікла праз гідракамбінезон і сагрэта целам вадалаза). Складаецца са шлема, кашулі з пальчаткамі (або без іх) і штаноў з ботамі. Да шлема далучаюцца трубкі дыхальнага апарата. Прызначаны для спуску на глыбіню да 20 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПА́РХ (Hipparchos; каля 180—190 дан.э., г. Нікея, цяпер г. Ізнік, Турцыя — 125 дан.э.),
старажытнагрэчаскі астраном, адзін з заснавальнікаў астраноміі. У выніку сістэматычных астр. назіранняў склаў каталог становішчаў 850 зорак і падзяліў іх паводле ступеней яркасці на 6 велічынь. Адкрыў з’яву прэцэсіі; даследаваў бачны рух Сонца і Месяца і склаў табліцы гэтага руху; вызначыў адлегласць ад Зямлі да Месяца; вылічыў працягласць трапічнага года; распрацаваў тэорыю зацьменняў; увёў геагр. каардынаты — шырату і даўгату. Звесткі аб працах Гіпарха прыведзены ў творы К.Пталамея «Альмагест».
Літ.:
Ван-дер-Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Пер. с англ. [Т. 2]. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РДЗІЙ,
легендарны заснавальнік Фрыгійскага царства, бацька Мідаса. Паводле легенды, аракул параіў фрыгійцам абраць царом таго, хто будзе першы ехаць на калёсах да храма Зеўса. Гэта быў Гордзій. Стаўшы царом, Гордзій пабудаваў г.Гордзіян, свае калёсы ён прынёс у дар Зеўсу, паставіў іх у храме і заблытаным вузлом прывязаў ярмо да дышля калёс. Лічылі, што той, хто развяжа вузел, будзе валодаць усёй Азіяй. У 334 дан.э. Гордзіян наведаў Аляксандр Македонскі і паспрабаваў развязаць вузел, але не змог і рассек яго мячом (адсюль выраз «рассекчы гордзіеў вузел» — хуткае і смелае вырашэнне заблытанага і складанага пытання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ДЖМЕН (Bridgman) Персі Уільямс (21.4.1882, г. Кеймбрыдж, штат Масачусетс, ЗША — 20.8.1961),
амерыканскі фізік і філосаф, заснавальнік фізікі высокіх ціскаў. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1905), дзе і працаваў (у 1926—54 праф.). Распрацаваў метады атрымання ціскаў да 42,5 ГПа (425 тыс.атм.), даследаваў уласцівасці многіх рэчываў пры высокіх цісках, што прывяло, у прыватнасці, да стварэння штучных алмазаў і цвёрдага (металічнага) вадароду. Заснавальнік аперацыяналізму — філас. кірунку, які тэарэт. веды зводзіць да эмпірычных працэдур вымярэння. Аўтар кніг «Аналіз размернасцяў» (рус.пер. 1934) і «Фізіка высокіх ціскаў» (рус.пер. 1935). Нобелеўская прэмія 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРУНДУКІ́ (Tamias),
род млекакормячых сям. вавёркавых атр. грызуноў. 18 відаў. Пашыраны пераважна ў хвойных лясах Паўн. паўшар’я. Найб. вядомы бурундук азіяцкі (T. sibiricus), пашыраны ў лясах паўн.-ўсх. Еўропы і ў Азіі.
Даўж. цела да 19 см, хваста да 12 см; маса да 145 г. Уздоўж спіны на жаўтавата-бурым фоне 5 чорных палос. Добра лазяць па дрэвах, гнёзды робяць у норах. Кормяцца насеннем дрэў, пупышкамі, грыбамі, ягадамі, зернем збожжавых злакаў. Восенню збіраюць вял. запасы ежы, якія выкарыстоўваюць вясной. Зімой у спячцы. Бурундук азіяцкі — носьбіт віруса клешчавога энцэфаліту. Промысел дзеля пушніны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НСКАЯ ВЕ́ЖА,
свяшчэнная вежа (зікурат) у гонар бога Мардука, пабудаваная ў г.Вавілон. Буд-ва адносіцца да 2-га тыс.дан.э., канчатковы выгляд Вавілонская вежа набыла ў 6 ст.дан.э. Паводле Герадота і археал. знаходак, уяўляла сабой масіўнае мураванае збудаванне з сямі ступеняў (даўж. 92 м, выш. 91 м); на верхнім ярусе знаходзілася свяцілішча, дзе быццам бы жыў Мардук. Знёс вежу Аляксандр Македонскі, які планаваў пабудаваць на яе месцы гал. свяцілішча імперыі. Паводле Бібліі, буд-ва і разбурэнне вежы цесна звязаны са змяшаннем моў розных народаў (гл.Вавілонскае стоўпатварэнне). Грэкі лічылі Вавілонскую вежу адным з дзівосаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАЛЕ́ЦЦЕ,
сацыяльна-біялагічная з’ява, якая характарызуецца дажываннем чалавека да высокіх узроставых рубяжоў. Даўгавечнымі наз. людзей, якім больш за 90 гадоў. Многія з іх захоўваюць добрую памяць, цікавасць да навакольнага свету і ў значнай ступені працаздольнасць. У іх добра працуе сэрца, эндакрынная сістэма, моцны і ўраўнаважаны тып вышэйшай нерв. дзейнасці; яны ўстойлівыя да стрэсаў і інфекц. хвароб. Вывучае Д. геранталогія.
Спрыяюць Д. генет. патэнцыял, спадчыннасць, сац.-эканам. ўмовы, матэрыяльны дабрабыт, пэўныя псіхічныя і матэрыяльныя перадумовы, фіз. праца, рэжым харчавання, высокі ўзровень грамадскай санітарыі, аховы здароўя, неўжыванне тытуню і алкаголю. На Беларусі найбольш даўгавечнікаў у Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІУ́РЫ, змеяхвосткі (Ophiuroidea),
клас ігласкурых. 2 атрады: афіуры скураныя (Euryalae) і афіуры сучасныя (Ophiurae). Каля 2 тыс. відаў. Вядомы з ардовіку. Жывуць усюды на дне акіянаў і мораў ад літаралі даглыб. 8000 м. Найб. вядомыя афіура Сарса (Ophiura sarsi), афіура галава гаргоны (Gorgonocephalus caryi), афіура калючая змеяхвостка (Ophiopholis aculeata).
Даўж. з прамянямі ад некалькіх ммда 0,5 м. Цела дыскападобнае, дыяметрам да 10 см з 5 (радзей 10) гнуткімі доўгімі прамянямі. Большасць раздзельнаполыя. У некаторых афіур маляўкі выношваюцца ў вывадкавых сумках — бурсах. Усёедныя. Зрэдку ўтвараюць вял. скопішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЙСБЕРГ (англ. iceberg), ледзяная гара,
вялікі масіў мацерыковага або шэльфавага лёду, які плавае ў акіяне, моры або ляжыць на мелі. Утвараецца ад абломвання ледавіка, што спускаецца ў ваду. Над вадой узвышаюцца да 70—100 м, б.ч. аб’ёму (да 90%) пад вадой. Асн. раёны ўтварэння айсберга — шэльфавыя ледавікі Антарктыды, а-вы Канадскага Арктычнага архіпелага, Грэнландыя. Могуць служыць крыніцай прэснай вады пры буксіроўцы да засушлівых прыбярэжных раёнаў Аўстраліі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі і Аравійскага п-ва. Сутыкненне з айсбергам — прычына гібелі многа суднаў («Тытанік» у 1912, «Хедтафт» у 1959).
Утварэнне айсберга.Айсберг каля берагоў Грэнландыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАПАТРЫ́Я (ад ала... + грэч. patris радзіма),
тып відаўтварэння, пры якім новыя віды ўзнікаюць ва ўмовах прасторавай раз’яднанасці папуляцый. Пад дзеяннем натуральнага адбору кожная папуляцыя дадзенага віду прыстасоўваецца да спецыфічных умоў яе месцапражывання. Адаптацыя да новых умоў і выпадковы дрэйф генаў у невял. папуляцыях прыводзяць да змены частаты алеляў і генатыпаў. У выніку працяглага раз’яднання папуляцый паміж імі можа ўзнікнуць генетычная ізаляцыя, якая захоўваецца нават у тым выпадку, калі яны зноў апынуцца разам. Такім чынам могуць утварацца новыя віды. Напр., разнастайнасць відаў уюркоў сям. Goespizidae і пашырэнне на а-вах Галапагас лічаць вынікам алапатрычнага відаўтварэння. Гл. таксама Сімпатрыя.