ЗАБЕ́ЛІН (Іван Ягоравіч) (29.9.1820, г. Цвер, Расія — 13.1.1909),
расійскі гісторык і археолаг. Правадз.чл.АМ (1892), чл.-кар. (1884), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1907). З 1859 у Археал. камісіі ў Пецярбургу, кіраўнік раскопак на Пд Расіі. У 1862—63 раскапаў курган Чартамлык, у 1869—72 кіраваў раскопкамі Фанагорыі, у 1873 — Ольвіі. У 1879—88 старшыня Т-ва гісторыі і старажытнасцей рас., удзельнічаў у работах камісій па рэстаўрацыі стараж. жывапісу ў Благавешчанскім і Успенскім саборах Маск. Крамля, ва Успенскім саборы Уладзіміра. Адзін з арганізатараў Гістарычнага музея ў Маскве, у 1883—1908 яго фактычны кіраўнік. Аўтар прац па гісторыі стараж.-рус. мастацтва, побыту рус. народа 16—18 ст., гісторыі Масквы.
Тв.:
История города Москвы. М., 1990.
Літ.:
Формозов А.А. Историк Москвы И.Е.Забелин. М., 1984;
Сахаров А.Н. И.Е.Забелин: новая оценка творчества // Вопр. истории. 1990. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Юрый Канстанцінавіч) (н. 22.1.1937, г. Барнаул, Расія),
бел. мастак. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст.прамысл. вучылішча (1962). Творам уласціва шматпланавасць, экспрэсія, эмацыянальная насычанасць, багацце тэхн. і светлаколеравых вырашэнняў (жывапісныя творы «Спакуса», 1995, «Памяць», «Настальгія», «Натхненне», усе 1996, і інш.). Працуе ў станковай графіцы: «Хатынь» (1970; спец. прэмія на міжнар. выстаўцы «Супраць вайны» 1979 у г. Люблін, Польшча), «Трыумф касманаўтыкі» (1979), серыя «Вяртанне» (1982), «Партрэт В.Быкава» (1983), «Чарнобыльскі рэквіем» (1993); акварэлі: «Партрэт актрысы З.Белахвосцік» (1984), «Вясна на Беразіне» (1987), «Возера Свіцязь» (1991) і інш. Аформіў кнігі «Сярэбраная табакерка» З.Бядулі (1977), «Выбранае» Я.Купалы (на рус. мове, 1981; дыплом імя Ф.Скарыны на Рэсп. і дыплом 2-й ступені на Усесаюзным конкурсах кнігі, абодва 1982), «Асеннія гнёзды» С.Грахоўскага і «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра (абедзве 1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЯ́ЦІН (Яўген Іванавіч) (1.2.1884, г. Лебядзянь Ліпецкай вобл., Расія — 10.3.1937),
рускі пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі політэхн.ін-т (1908). У гратэскна-сатыр. аповесці «Павятовае» (1913) паказаў непрыгляднае правінцыяльнае жыццё. За антываен. накіраванасць аповесці «На кулічках» (1914) прыцягваўся да суда. Гал. твор — раман-антыутопія «Мы» [1920, апубл. на англ. (1924) і франц. (1929) мовах, на рус. мове — ў 1988]. У фантаст.-алегарычных казках-прытчах «Пячора» (1920), «Мамай» (1921), п’есе «Агні святога Дамініка» (1923), гіст. трагедыі «Атыла» (1928) праводзіў думку пра рэальную магчымасць дэградацыі чалавецтва да пячорнага стану. У 1931 эмігрыраваў, з 1932 жыў у Парыжы. Аўтар публіцыстычнага даследавання «Масква—Пецярбург» (1933), рамана «Біч Божы» (1938, незакончаны), кнігі артыкулаў і ўспамінаў пра сучаснікаў «Твары» (1955).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬЮ́ШЫН (Сяргей Уладзіміравіч) (30.3.1894, с. Дзілялёва Валагодскай вобл., Расія — 9.2.1977),
савецкі авіяканструктар. Акад.АНСССР (1968), ген.-палк.інж.-тэхн. службы (1967). Тройчы Герой Сац. Працы (1941, 1957, 1974). Скончыў Ваенна-паветр. акадэмію імя М.Я.Жукоўскага (1926). З 1916 у авіяцыі, у 1919—21 у Чырв. Арміі, у 1926—31 у навук.-тэхн. камітэце ВПС. З 1931 нач.Цэнтр. канструктарскага бюро, з 1933 гал. і ген. канструктар КБ. Праф. Ваенна-паветр. акадэміі (1948). Пад яго кіраўніцтвам створаны розныя тыпы самалётаў з поршневымі і турбарэактыўнымі рухавікамі: бамбардзіроўшчык Іл-4; штурмавікі Іл-2 (1939), Іл-8, Іл-10 (1943); рэактыўныя бамбардзіроўшчык Іл-28 (1948) і штурмавік Іл-40 (1953); пасажырскія самалёты Іл-12 (1946), Іл-14 (1951), Іл-18 (1957), Іл-62 (1962). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1946, 1947, 1950, 1952. Ленінская прэмія 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПА́ЦЬЕЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
агульнарускі летапісны збор 13 — пач. 14 ст., помнік гісторыі і культуры ўсх. славян. Найб.стараж. спіс 15 ст. знойдзены М.М.Карамзіным у Іпацьеўскім манастыры (адсюль назва) у г. Кастрама (Расія). Захавалася 7 спісаў І.л., з якіх найб. каштоўныя Іпацьеўскі і Хлебнікаўскі (16 ст.). Складаецца з 3 частак: «Аповесці мінулых гадоў» (звесткі да 1117 уключна), Кіеўскага летапісу (1118—99) і Галіцка-Валынскага летапісу (1201—92). Апошні ўключае ўрыўкі з Пінскага летапісу і кароткі літ. летапісец князя Шварна. І.л. — адзіны помнік, у якім, паводле меркаванняў некат. вучоных, зберагліся ўрыўкі згубленага Полацкага летапісу. З’яўляецца важнай крыніцай па гісторыі Кіеўскага, Галіцка-Валынскага, Полацкага, Тураўскага княстваў і ВКЛ. Вылучаецца багаццем зместу, гіст. дакладнасцю, дасканаласцю выкладання. Здаўна вядомы на Беларусі. У 16 ст. ім карысталіся аўтары Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага і Хронікі Быхаўца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НІН (Анатоль Веньямінавіч) (н. 22.8.1916, г. Каменск-Шахцінскі Растоўскай вобл., Расія),
расійскі пісьменнік. У 1941 апублікаваў аповесць «Курганы», на аснове якой і аповесцей «На поўдні» (1944) і «Таварышы» (1945) створаны раман «Чырвоны сцяг» (1951). У раманах «Суровае поле» (1958), «Забароненая зона» (1962), «Грукаціце, званы!» (1966—67), «Цыган» (кн. 1—2, 1960—83; паводле аднайм. аповесці маст. фільм 1967), аповесцях «Рэха вайны» (1963), «Вяртання няма» (1971) тэмы барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі, пасляваен. жыцця вёскі, важныя пытанні сучаснасці. Аўтар паэт.зб. «Па крузе сумлення і абавязку» (1983), кніг пра М.Шолахава, зб-каў нарысаў, літ.крытычных артыкулаў. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1982—83.
Літ.:
Карпова В. Анатолий Калинин. 2 изд. М., 1976;
Шишкина Н.А. От имени сердца: Размышления над страницами книг АВ.Калинина. Ростов н/Д, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІННІ́КАЎ (Васіль Сяргеевіч) (13.1.1866, с. Воін Мцэнскага р-на Арлоўскай вобл., Расія — 11.1.1901),
рускі кампазітар.
Скончыў муз.-драм. вучылішча Філарманічнага т-ва ў Маскве па класах фагота і тэорыі музыкі (1892). Іграў у аркестры, дырыжыраваў, выкладаў спевы. З 1893 жыў пераважна ў Крыме. Працаваў у асн. у галіне сімф. музыкі, працягваў традыцыі рус.нац. сімфанізму. Сусв. вядомасць прынесла 1-я сімфонія (1895). Сярод інш. твораў: опера «У 1812 годзе» (1895, не скончана; паст. пралог, 1901); кантата «Іаан Дамаскін» (1890); 2 сімфоніі (1895, 1897), сімф. карціны «Німфы» (1889), «Кедр і пальма» (1898); 2 інтэрмецца (1896, 1897); п’есы для фп., хары а капэла; рамансы, музыка да трагедыі «Цар Барыс» А.К.Талстога (1898) і інш.
Літ. тв.: Письма, документы, материалы. Т. 1—2. М., 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІСА́РАВА (Марыя Іванаўна) (17.8.1904, с. Андрэеўскае Сусанінскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 5.5.1988),
расійская паэтэса і перакладчыца. Скончыла Ленінградскі пед.ін-т (1930). Аўтар зб-каў вершаў «Першазімак» (1928), «Пераправа» (1932), «Самае дарагое» (1962), «Дарога да сяброў» (1968), «Чаканне сустрэчы» (1973), паэмы «Ліза Чайкіна» (1955), у якіх апяванне чалавека працы, клопат аб прыродзе, тэма кахання. Уражанні ад паездак на Беларусь у вершах «Беларусі», «Купалава крыніца», «Твая зямля», «Янку Купалу» і інш. На рус. мову перакладала творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, П.Броўкі, П.Глебкі, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка, Э.Агняцвет, К.Буйло, А.Звонака. На бел. мову асобныя яе вершы пераклалі С.Грахоўскі, М.Калачынскі, П.Макаль, К.Цвірка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ЕВА (Ганна Аляксандраўна) (27.12.1893, г. Перм, Расія — 22.5.1979),
руская пісьменніца. Скончыла Вышэйшыя (жаночыя) Бястужаўскія курсы ў Петраградзе (1916). У 1931—38 гал. рэдактар час. «Молодая гвардия», у 1941—43 газ. «Правда». Друкавалася з 1922. Аўтар аповесці «Двор» (1926), рамана «Лесазавод» (1928). Праблемы маральнага выхавання чалавека ў зб-ках «Апавяданні аб пазнанні» (1934), «Першае пакаленне» (1959), раманах «Лена з Жураўлінага гаю» (1938), «Грані жыцця» (1963). Праца ў тыле ў Вял.Айч. вайну — тэма трылогіі «Радзіма» (1943—50; Дзярж. прэмія СССР 1951). Аўтар кн. дзённікаў «Вечназялёныя лісты» (1963), успамінаў «Зорная сталіца» (1968). Напісала ўспаміны пра Я.Купалу «Вялікі сын Беларусі» (1962). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.Бахта, С.Дарожны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ІЧАЎ (Леў Сяргеевіч) (н. 16.5.1936, г. Разань, Расія),
бел. пісьменнік. Скончыў БПІ (1960). З 1953 працаваў у буд. установах, выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (1967—76), газ. «Звязда», на кінастудыі «Беларусьфільм», у час. «Нёман», Тэатры юнага гледача, газ. «Известия» (да 1986). Друкуецца з 1958. Піша на бел. і рус. мовах. У п’есах «І выхавай сына» (паст. 1967 пад назвай «Мала сказаць — люблю»), «Зорныя ночы» (паст. 1977 пад назвай «Трэцяга не дадзена»), «Слова гонару» (1982), «І на ўсе часы» (1985), «Апанаванасць» (1989), аповесці «Двое на востраве» (1994) ставяцца актуальныя маральна-этычныя праблемы сучаснасці. Аўтар эсэ «Таямнічасць і дакор Багдановіча» (1991), крытычных і публіцыстычных артыкулаў, вершаў, інсцэніровак для радыё, кінасцэнарыяў дакумент. фільмаў. Стваральнік, кіраўнік і рэжысёр аўтарскага камернага т-ра (1998, паст. п’есы «Яна і Ён» пра Я.Купалу, аўтарскія «Што наша жыццё», «Бацька Мінай» і інш.).