ВАРО́НКА (Язэп) (Іосіф Якаўлевіч; 17.4.1891, Сакольскі пав. Гродзенскай губ. — 4.6.1952),

бел. паліт. дзеяч, журналіст, публіцыст. У 1909—14 вольнаслухач Пецярбургскага ун-та. У пач. 1917 уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, з чэрв. 1917 чл. яе ЦК. Уваходзіў у склад Асобай нарады па выпрацоўцы палажэння аб выбарах ва Усерас. Устаноўчы сход, быў чл. Бюро Савета нац. сацыяліст. партый Расіі. Удзельнічаў у рабоце Дзярж. нарады (жн. 1917, Масква). У прамове на Усерас. дэмакр. нарадзе (вер. 1917, Петраград) ад імя Цэнтр. рады бел. арг-цый выказаўся супраць урадавай кааліцыі сацыяліст. партый з буржуазнымі. Уваходзіў у склад Часовага савета Рас. рэспублікі (Перадпарламента). Да снеж. 1917 старшыня к-та Бел. т-ва ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. На 2-й сесіі Цэнтр. рады бел. арг-цый (кастр. 1917, Мінск) падтрымаў прапановы пра ўстанаўленне аўтаноміі Беларусі явачным парадкам. Адзін з кіраўнікоў Усебел. з’езда 1917 у Мінску. У лют. — ліп. 1918 старшыня Народнага сакратарыята Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Рэдагаваў газ. «Белорусская земля», час. «Варта». З канца 1918 арыентаваўся на Літоўскую тарыбу, разглядаючы яе як натуральнага саюзніка ў барацьбе за бел. дзяржаўнасць; у снеж. 1918 — крас. 1920 міністр бел. спраў і чл. кабінета міністраў Літвы. Лідэр Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, з ліст. 1922 старшыня т-ва «Беларуская грамада ў Каўнасе». Аўтар гіст.-публіцыстычных брашур, у якіх абагульняў асн. факты з гісторыі бел. нац. руху ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны, аналізаваў тагачаснае паліт. становішча. У 1923 выехаў у Чыкага (ЗША). Адзін з пачынальнікаў бел. паліт. руху ў ЗША. Узначальваў Бел.-Амерыканскую нац. асацыяцыю, выдаваў газ. «Белорусская трибуна».

Тв.:

Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции: Ист.-полит. очерк. Ковна, 1919;

Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920. Рэпрынт. Мн., 1991.

С.​С.​Рудовіч.

Я.Варонка.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВАСТО́ПАЛЬСКАЯ АБАРО́НА 1854—55,

349-дзённая (25.9.1854—8.9.1855) абарона Севастопаля рас. войскамі ад узбр. сіл саюзных дзяржаў (Францыя, Вялікабрытанія, Турцыя, Сардзінскае каралеўства) у Крымскую вайну 1853—56. Пасля паражэння рас. войск на р. Альма саюзныя войскі падышлі да Севастопаля. Абарону горада ўзначаліў нач. штаба Чарнаморскага флоту віцэ-адм. У.А.Карнілаў, яго памочнікі — віцэ-адм. П.С.Нахімаў і контр-адм. У.​І.​Істомін. Пад іх кіраўніцтвам Севастопаль быў абаронены з боку мора, паводле плана інж.-падпалк. Э.І.Татлебена на сушы пабудаваны ўмацаванні, якія прыкрывалі подступы да Малахава кургана. Каб праціўнік не прарваўся ў порт, каля ўвахода ў Паўн. бухту былі затоплены 7 старых караблёў, з якіх знялі частку гармат, а з экіпажаў (10 тыс. чал.) сфарміравалі 22 батальёны. Нягледзячы на колькасную перавагу ў войсках і тэхн. сродках, неаднаразовыя штурмы, армія саюзнікаў доўгі час не магла поўнасцю блакіраваць крэпасць і зламаць яе абаронцаў. Толькі накіраваўшы гал. сілы супраць ключавой пазіцыі абароны — Малахава кургана, праціўнік 8.9.1855 захапіў яго. Рас. войскі пакінулі Севастопаль; яны страцілі каля 102 тыс. чал., праціўнік — каля 71 тыс. чал. Гераічная С.а. паўплывала на вынік мірных перагавораў. У час С.а. вызначыліся 54-ы Мінскі, 27-ы Віцебскі, 28-ы Полацкі, 51-ы Літоўскі пях. палкі. Мужна змагаліся на абарончых пазіцыях ураджэнцы Мінскай губ. браты Ігнацій і Іосіф Ляскоўскія (выпускнікі Брэсцкага кадэцкага корпуса), ураджэнцы Гродзенскай губ. І.Сержпутоўскі і Р.Траўгут; загінулі выпускнікі Полацкага кадэцкага корпуса паручнікі А.​Пісарэўскі, В.​Маркевіч, А.​Бушкоўскі, капітан М.​Фядотаў і інш. Ў Севастопалі пастаўлены помнікі Карнілаву, Нахімаву, Татлебену, матросу П.​М.​Кошку, затопленым караблям Чарнаморскага флоту, створана панарама «Абарона Севастопаля» і інш.

Літ.:

Зайончковский А.М. Оборона Севастополя: Подвиги защитников. 2 изд. СПб., 1904;

Тарле Е.В. Героическая Севастопольская оборона 1854—1855. М., 1957;

гл. таксама пры арт. Крымская вайна 1853—56.

А.​М.​Лукашэвіч, В.​А.​Юшкевіч.

Да арт. Севастопальская абарона 1854—55. Фрагмент панарамы «Абарона Севастопаля». Мастак Ф.​Рубо. 1902—04.

т. 14, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫЯ́РХ (ад грэч. patriarches пачынальнік роду),

вышэйшы епіскапскі тытул у правасл. царкве, кіраўнік памеснай правасл. царквы. У Стараж. Іудзеі П. наз. старшыню сінедрыёна — вышэйшага калегіяльнага органа ўлады. У хрысц. царкве з 4 ст. П. — кіруючы епіскап некаторых гарадоў і зямель (александрыйскі, іерусалімскі, канстанцінопальскі, антыяхійскі, рымскі). З канца 6 ст. канстанцінопальскі П. атрымаў тытул Усяленскага з правам склікаць Усяленскія саборы і прызначаць мітрапалітаў. Папа рымскі разглядаўся тады як П. зах. часткі Візантыі. Аднак рым. царква пасля свайго аддзялення не пагадзілася з гэтым і з 13 ст. ўвяла тытул П. для епіскапаў асобных стараж. епархій у падпарадкаванні папы. Тытул П. існуе таксама ў армяна-грыгарыянскай, копцкай ў Егіпце, эфіопскай і інш. стараж. усх. цэрквах. Правасл. царква на Беларусі з пачатку свайго існавання і да 1596 знаходзілася пад амафорам (апекай) канстанцінопальскага П. Са згоды апошняга ставіліся мітрапаліты Кіеўскай мітраполіі, да якой першапачаткова адносіліся і бел. правасл. епархіі. У 1596 канстанцінопальскі П. накіраваў свайго экзарха Нікіфара на правасл. сабор у Брэсце, які выступіў супраць Брэсцкай уніі 1596. У 1620—86 адноўленая правасл. царк. арг-цыя Беларусі зноў знаходзілася пад апекай канстанцінопальскага П., у 1686—1700 і з 1917 — П. маскоўскага і ўсяе Русі. Першы маскоўскі П. пастаўлены ў 1589 (у 1700—1917 П. не было). Ён кіруе царквой сумесна са Свяшчэнным сінодам і Архірэйскім саборам, выбіраецца пажыццёва на Памесным саборы (сходзе прадстаўнікоў духавенства і вернікаў царквы). За час існавання Маскоўскага патрыярхата было 16 П.: Іоў (1589—1605); Ігнац ш (1605—06); Гермаген (1606—12); Філарэт (1619—33); Іаасаф I (1634—40); Іосіф (1642—52); Нікан(1652—67), пры якім патрыяршаства дасягнула найб. паліт. магутнасці; Іаасаф II (1667—72); Піцірым (1672—73); Іаакім (1674—90); Адрыян (1690—1700); Ціхан (1917—25); Сергій (1925—27 — намеснік, у 1927—43 — месцаахоўнік, 1943—44 — патрыярх); Аляксій (1945—70); Пімен (1970—90); Аляксій II (з 1990), які ў 1991, 1995 і 1998 наведваў Беларусь. У наш час П. ўзначальваюць таксама Канстанцінопальскую, Александрыйскую, Антыяхійскую, Іерусалімскую, Груз. (каталікос-П.), Сербскую, Балг., Рум. памесныя правасл. цэрквы.

Літ.:

Под Патриаршим омофором. М., 1989.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 12, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ШЧА (Язэп) (сапр. Плашчынскі Іосіф Паўлавіч; 20.5.1902, в. Каралішчавічы Мінскага р-на — 14.9.1964),

бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1925—27), Ленінградскім ун-це (1927—29). Настаўнічаў (1921—26), працаваў у Інбелкульце (1926), Бел. дзярж. выд-ве (1929—30). Адзін з заснавальнікаў літ. аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». 25.7.1930 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у г. Шадрынск на Урале, у саўгасе «Джэмтэ» каля Анапы. У 1937—41 у Манькаўскай сярэдняй школе Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. Пасля вайны працаваў настаўнікам, дырэктарам Чаадаеўскай сярэдняй школы Мурамскага р-на. Рэабілітаваны ў 1956. З 1958 у Мінску. Друкаваўся з 1922. Аўтар паэт. зб-каў «Раніца рыкае» (1925), «Vita» (1926), «Дні вясны» (1927), «Песні на руінах» (1929). Раннім вершам уласцівы тонкае лірычнае светаадчуванне, шырыня асацыяцый, метафарычнасць, ускладненасць вобразнага мыслення, светлыя радасныя фарбы, бадзёрасць і жыццесцвярджальнасць. Захапляўся паэзіяй С.​Ясеніна, у чым яго абвінавачвала вульгарызатарская крытыка. Асабліва жорстка крытыкавалі яго «Лісты да сабакі» (1927). У віну паэту ставілі сум па родных мясцінах, тое, што адарваўся ад вёскі і не прыжыўся да гарадскіх муроў. У 1930 падрыхтаваны да друку зб-кі «Мой маніфест» і «Грэшная кніга» (не выдадзены). Паэмы «Песні вайны» (1927—28), «Крывавы плакат» (1930) пра грамадз. і імперыяліст. войны. Барацьбе бел. народа супраць фаш. акупантаў прысвечаны паэмы «Бор шуміць» (нап. 1957) і «Людвіся» (апубл. 1968). Пасляваен. лірыка П. вызначаецца аптыміст. настроем, мажорным гучаннем. На яго словы напісана шмат песень. Аўтар зб. для дзяцей «На Бабрыцы» (1960). На бел. мову пераклаў аповесць А.​Талстога «Дзяцінства Мікіты» (1960), вершы У.​Сасюры, Е.​Стулпана і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1993—94.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Акрыленая рэвалюцыяй: (Паэзія «Маладняка»), Мн., 1962;

Глебка П. Паэзія барацьбы і перамогі. Мн., 1973;

Звонак А. Неспакойныя сэрцы. Мн., 1973;

Хведаровіч М. Незабыўнае. Мн., 1976;

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979;

Ярош М., Бечык В. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;

Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг. Мн., 1985.

Л.​М.​Гарэлік.

Я.Пушча.

т. 13, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМО́ЙЛАВЫ,

сям’я рускіх акцёраў.

Васіль Міхайлавіч (17.4.1782, Масква — 23.7.1839), артыст пецярбургскага Вял. т-ра (1803—39). Выступаў пераважна ў оперы (у тэнаровых і барытонавых партыях); іграў і ў драм. спектаклях. Найб. поспех меў у лірыка-драм. і гераічных партыях у операх К.​А.​Каваса, Ф.​Паэра і інш. Соф’я Васілеўна (народжаная Чэрнікава; 1787—3.3.1854), драм. і оперная артыстка. Жонка Васіля Міхайлавіча. Скончыла тэатр. вучылішча (1804). У 1804 дэбютавала на пецярбургскай сцэне. Выступала ў операх і операх-вадэвілях. Пакінула сцэну ў 1843. Васіль Васілевіч (25.1.1813, С.-Пецярбург — 8.4.1887), драм. акцёр. Сын Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. Скончыў Горны корпус (1829), Лясны ін-т (1832). Дэбютаваў у 1834 у партыі Іосіфа (опера «Іосіф» Э.​Мегюля). У 1835—75 у Александрынскім т-ры. Лепшыя ролі «з пераапрананнем»; Макар Губкін («Студэнт, артыст, харыст і аферыст» Ф.​Коні), Стружкін («Акцёр» М.​Някрасава) і інш. У п’есах У.​Шэкспіра і А.​Астроўскага не здолеў узняцца над узроўнем меладраматычнага псіхалагізму і дэкаратыўна падкрэсленай этнаграфічнасці. Вера Васілеўна (1824, С.-Пецярбург — 20.11.1880), драм. актрыса. Дачка Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. У 1841—53 у Александрынскім т-ры. З артыстызмам, грацыяй, лёгкасцю выконвала лірыка-драм. і камедыйныя ролі: Эльміра («Тарцюф» Мальера). Выдатна валодала мастацтвам вядзення дыялогу, тонка перадавала стыль аўтара. І.​Тургенеў для яе напісаў камедыі «Дзе тонка, там і рвецца», «Правінцыялка». Надзея Васілеўна (18.1.1818, С.-Пецярбург — 30.3.1899), драм. актрыса. Дачка Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. У 1838—59 у Александрынскім т-ры. Займала амплуа інжэню ў вадэвілях. Павел Васілевіч (11.7.1866, С.-Пецярбург — 16.4.1931), драм. акцёр. Засл. арт. Рэспублікі (1923). Сын Васіля Васілевіча. Сцэн. дзейнасць пачаў у Пецярбургу (1888). Іграў у правінцыі, у т. л. ў трупе М.​Барадая, у 1891—93 у Т-ры Корша (Масква), у 1904—05 у Драм. т-ры імя В.​Камісаржэўскай (Пецярбург), у 1900—04 і 1920—24 у трупе б. Александрынскага т-ра. Напаўняў сваю ігру настроямі трывогі, усведамленнем трагічнай няздольнасці ўвасобіць ідэалы: Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Старыцын («Прафесар Старыцын» Л.​Андрэева), Освальд («Прывіды» Г.​Ібсена) і інш.

т. 14, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ВЕ́НГРЫЯ, Аўстра-Венгерская манархія, Дунайская манархія,

дуалістычная (двухадзіная) дзяржава ў 1867—1918. Пл. 676,615 тыс. км², нас. 52,8 млн. чал. (1914). Гал. адм. цэнтры — Вена і Будапешт. Створана ў выніку рэарганізацыі Аўстрыйскай імперыі Габсбургаў на аснове пагаднення (чэрвень 1867) паміж Аўстрыяй і Венгрыяй. Падзялялася (па р. Лейта) на 2 часткі: Аўстрыйскую імперыю («Каралеўствы і землі, прадстаўленыя ў рэйхсраце»),

ці Цыслейтанію (тэр. на З ад Лейты: Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Ціроль, Штырыя, Карынтыя, Зальцбург, Форарльберг, Багемія, Маравія, Сілезія, Крайна, Далмацыя, Герц і Градзішка, Істрыя, Трыест з вобласцю, Галіцыя, Букавіна), і Каралеўства венграў («землі свяшчэннай венгерскай кароны»), ці Транслейтанію [тэр. на У ад Лейты: Венгрыя, Харватыя, Славенія, Славакія, Трансільванія, Закарпацкая Украіна, Ваяводзіна, порт Рыека (Фіуме)]. Венгрыя і Аўстрыя прызнаваліся суверэннымі часткамі дзяржавы. Узначальвалася аўстр. імператарам (ён жа венг. кароль), улада якога фармальна абмяжоўвалася ў Аўстрыі рэйхсратам, у Венгрыі — сеймам. Імператарамі Аўстра-Венгрыі былі Франц Іосіф I і Карл I. Разам з самаст. аўстр. і венг. мін-вамі дзейнічалі 3 агульныя мін-вы (замежных спраў, ваен.-марское, фінансавае), падпарадкаваныя імператару. Агульнадзярж. канстытуцыі не было. Выдаткі на агульныя справы вызначаліся для абедзвюх частак манархіі ў пэўнай прапорцыі, рэгуляваліся пагадненнем рэйхсрата і сейма. Заканадаўчая ўлада ажыццяўлялася т.зв. дэлегацыямі, якія склікаліся штогод (па 60 чал. ад рэйхсрата і сейма). Пасля эканам. спаду 1873—95 гаспадарка Аўстра-Венгрыі ажывілася і набыла аграрна-індустрыяльны кірунак (да 1900 65—85% прамысл. прадукцыі давала Цыслейтанія, гал. чынам яе чэшскія землі), значныя капіталы ў яе ўкладалі інвестары (пераважна Германія). У сельскай гаспадарцы панавала буйн. памешчыцкае землеўладанне. У знешняй палітыцы Аўстра-Венгрыя арыентавалася на Германію, была чл. Траістага саюза 1882. У 1878 акупіравала, у 1908 анексіравала Боснію і Герцагавіну (гл. Баснійскі крызіс 1908—09), што прывяло да пагаршэння адносін з Расіяй. Як саюзнік Германіі ўдзельнічала ў 1-й сусв. вайне. Распалася ў кастр.—ліст. 1918 у выніку паражэння ў 1-й сусв. вайне, уздыму нац.-вызв. і рэв. руху ў краіне. На яе тэр. ўтварыліся самаст. дзяржавы Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія, частка зямель увайшла ў склад Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў, Румыніі, Польшчы. Гл. таксама гіст. нарыс у арт. Аўстрыя.

Літ.:

Австро-Венгрия и славяно-германские отношения. М., 1965;

Полтавский М.А. История Австрии: Пути гос. и нац. развития. Ч. 2. От революции 1948 г. до революции 1918—1919 гг. М., 1992. С. 86—303.

т. 2, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ СПА́СКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 2-й пал. 16 — пач. 20 ст. ў Магілёве. Комплекс уключаў мураваныя будынкі ў стылі барока: Спаса-Праабражэнскую царкву, манастырскі корпус, агароджу з брамай і званіцай. З Магілёўскім архірэйскім палацам і Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкамі ўтвараў адзіны буйны горадабудаўнічы ансамбль. Драўляная Спаская царква вядома з 1478, у 1594 пабудавана новая, драўляная (згарэла ў 1709). З канца 15 ст. пры царкве існавалі драўляныя будынкі, дзе размяшчаліся манаскія келлі. Каля 1600 правасл. брацтва (вядома ў 1597) засн. пры манастыры школу. З 1618 да сярэдзіны 17 ст. манастыр пераходзіў да уніятаў, у 2-й пал. 17 ст. вернуты праваслаўным. У 1740—42 магілёўскі епіскап Іосіф Ваўчанскі пачаў будаваць мураваную Спаса-Праабражэнскую царкву. Буд-ва яе амаль завершана да 1748 пад кіраўніцтвам епіскапа Ераніма Ваўчанскага (згарэла ў 1748, засталіся муры і сцены). З 1756 буд-вам царквы кіраваў архіепіскап Г.​Каніскі, у 1762 дабудаваў яе арх. І.​К.​Глаўбіц (да 1802 была кафедральным саборам). Царква ўяўляла сабой крыжова-купальны храм з 2-вежавым гал. фасадам. Над сяродкрыжжам на высокім светлавым 8-гранным барабане ўзвышаўся сферычны купал, завершаны галоўкай. Да глухіх граней барабана далучаліся 4 2-ярусныя вежачкі з невысокімі купаламі, якія разам стваралі 5-купальную кампазіцыю. Гал. фасад завяршалі 2-ярусныя вежы, паміж якімі быў высокі ступеньчатага абрысу франтон. Сцены фасадаў завяршаліся шырокім тонкапрафіляваным карнізам, рытмічна чляніліся лучковымі аконнымі праёмамі з дэкар. ляпнымі дэталямі, паміж аконнымі праёмамі — спараныя пілястры з дарычнымі капітэлямі. У інтэр’еры былі творы мясц. майстроў: жывапісца М.​Пігарэвіча і чаканшчыка П.​Слізіка (Сліжыка). Царква разбурана ў Вял. Айч. вайну, пазней знесена, частка пабудоў захавалася. У 1785 завершана буд-ва мураванай агароджы з брамай і манастырскага корпуса. Г-падобны ў плане манастырскі корпус разам з агароджай абкружаў усю тэр. манастыра і ўтвараў трапецападобны ў плане ўнутр. дворык. Корпус складаўся з 2-павярховай часткі (дзе размяшчалася кансісторыя, захавалася) і 1-павярховага крыла (манаскія келлі, убудаваная царква, гасп. памяшканні, частка захавалася). Гал. фасад 2-павярховага корпуса аздоблены на ўсю вышыню пілястрамі і іанічнымі капітэлямі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы дэкарыраваны ліштвамі з замковым каменем, падаконнымі прамавугольнымі нішамі. Фасады 1-павярховага крыла расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі, міжаконнымі лапаткамі. У 1918 манастыр закрыты.

Т.​І.​Чарняўская.

Да арт. Магілёўскі Спаскі манастыр. Спаса-Праабражэнская царква.

т. 9, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУЛЬПТУ́РА ДРАЎЛЯ́НАЯ Вядома ў мастацтве многіх народаў з глыбокай старажытнасці. На тэр. Беларусі самыя раннія ўзоры вядомыя з эпохі неаліту

(статуэтка мужчыны са стаянкі Асавец). З 14 ст. развівалася пераважна ў рэліг. мастацтве. С.д. размяшчалася ў касцёлах у алтарах храмаў і характарызавалася цеснай узаемасувяззю з архітэктурай і пануючымі маст. стылямі. З канца 14 — пач. 15 ст. ўзмацніліся зах.-еўрап. ўплывы. Рысы раманскага стылю ўласцівы «Укрыжаванню» з в. Галубічы Глыбоцкага р-на, выявам Міколы Мажайскага і Параскевы Пятніцы (16 ст). Маст. каштоўнасцю вылучаецца разны абраз пінскага разьбяра Ананія «Премудрость созда себе храм. Праздники» (1459—1525). У познегатычных традыцыях выкананы алтарныя кампазіцыі 15 ст. «Марыя з дзіцем» (г.п. Рось Ваўкавыскага р-на, в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на),

выявы пач. 16 ст. Марыі і Іаана Багаслова (в. Мсцібава Ваўкавыскага р-на) з характэрнымі напружанымі позамі, парывістымі паваротамі, выцягнутымі прапорцыямі. Рысы позняй готыкі і Адраджэння прасочваюцца ў С.д. 16 — пач. 17 ст.: «Гжэгаж» (Полацк), Ганна і Іаакім (в. Здзітава Жабінкаўскага р-на). Уплывы рэнесансу праяўляюцца ў выбары тыпажу, індывідуалізацыі вобразаў, імкненні выявіць формы чалавечай фігуры; Кацярына, Лізавета (г.п. Шарашова Пружанскага р-на), Марыя з дзіцем (Нясвіж), алтарная скульптура касцёлаў у в. Будслаў Мядзельскага р-на і Воўпа Ваўкавыскага р-на (17 ст.). У С.д. праваслаўных храмаў была пашырана рэльефная разьба ў афармленні іканастасаў, царскіх варот. У 2-й пал. 17 ст. шмат бел. разьбяроў працавалі ў Расіі (гл. Беларуская рэзь). Вядомы скульптуры «Укрыжаванне» і «Мікола Мажайскі», выкананыя старцам Іпалітам. Пад уплывам барока ў С.д. павысіліся эмацыянальнасць, пачуццёвасць, кантрасты маштабаў, святлоценявыя эфекты. Яна арганічна звязваецца з прасторавай кампазіцыяй інтэр’ера, утвараючы разам з інш. элементамі дэкору цэласны ансамбль (алтары касцёлаў і кляштараў езуітаў у Гродне, францысканцаў у Пінску, 18 ст.), асобныя скульптуры, што ўваходзілі ў алтарныя ансамблі (Пётр і Павел у в. Дварэц Дзятлаўскага р-на, Хрыстос ля слупа ў в. Сакалова Бярозаўскага р-на). З 2-й пал. 18 ст. С.д. набыла рысы ракако (выявы евангелістаў з в. Нягневічы Навагрудскага р-на, Іосіф з дзіцем з в. Правыя Масты Мастоўскага р-на і інш.). Творы канца 18—19 ст. з прыкметамі класіцызму вылучаюцца ўрачыстасцю поз, спакойным рытмам аб’ёмаў (Маці Божая з в. Ганута Вілейскага р-на і інш.). У нар. С.д. гэтага перыяду таксама панавала рэліг. тэматыка. Зробленыя нар. майстрамі выявы святых ставілі ў невял. храмах, капліцах, на крыжах, мемарыяльных слупах і інш. Своеасаблівасць пласт. мовы нар. С.д. — статычнасць, франтальнасць поз, выразнасць сілуэта, непрапарцыянальная ўзбуйненасць галавы і рук, паліхромная размалёўка, у якой пераважалі насычаныя чырвоны, сіні, белы, зялёны колеры. Вобразы святых вызначаюцца жыццёвасцю, непасрэднасцю і шчырасцю пачуццяў: выявы архістратэга Міхаіла, Ядвігі, Іосіфа з дзіцем з в. Забалаць Воранаўскага р-на, «Укрыжаванне» з Брэстчыны і інш. Сярод найб. вядомых разьбяроў 18—19 ст. І.​Астапчык, Булоўскі, І.​Гарбацэвіч, А.​Занеўскі, А.​Івашкевіч, Каліноўскі, А.​Малышэвіч, В.​Пікулік, П.​Якавіцкі.

У 1930—50-я г. ў самадзейнай творчасці сярод вобразаў пераважалі дзярж. і паліт. дзеячы, сюжэтныя кампазіцыі на тэмы працы і ваен. падзей. Сярод майстроў С.д. — М.​Астроўскі, А.​Бялоў, С.​Бык, С.​Вольскі, М.​Івінскі, У.​Мацюк, Г.​Паварыч і інш. Уплыў нар. мастацтва, лаканізм, унутр. напружанасць вылучаюць творы прафес. скульптара А.​Грубэ. У 1970—90-я г. самадзейныя майстры (Г.​Асіпкова, Б.​Васількоў, А.​Міхеенка, А.​Пупка, С Шаўроў) побач з сюжэтна-тэматычнымі і партрэтнымі кампазіцыямі працавалі ў пластыцы малых форм (гл. Скульптура малых форм), звярталіся да анімалістычнага, быт. і гіст. жанраў, багатай фалькл. і культ. спадчыны. Традыцыі нар. С.д. працягвалі П.​Зяляўскі (культавая скульптура), Ф.​Максімаў (сатыр. кампазіцыі, работы на тэмы нар. казак, легенд і інш.), М.​Рышкевіч (быт. тэматыка), І.​Супрунчык (кампазіцыі на тэмы нар. свят, сельскага побыту, вобразы дзеячаў бел. гісторыі). Прафес. скульптары шмат увагі аддаюць стварэнню партрэтных вобразаў герояў Вял. Айч. вайны, гіст., культ., грамадскіх і паліт. дзеячаў (С.​Вакар, А.​Глебаў, Л.​Гумілеўскі, Г.​Мурамцаў). Пратэст супраць вайны і гераізм народа ў творах А.​Бачкарова, Л.​Давідзенкі, Л.​Зільбера, У.​Церабуна. У пошуках эмацыянальна напоўненай выразнай формы скульптары выкарыстоўваюць сімвалы і алегорыі (Г.​Буралкін, Г.​Гаравая, У.​Слабодчыкаў, А.​Фінскі і інш.). Самадзейныя скульптары ўдзельнічаюць у стварэнні мемарыяльных помнікаў-комплексаў: «Коласаўскі шлях» (1991; скульптары У.​Балдоўскі, У.​Ганчарук, Т.​Дзялендзік, М.​Корабаў, М.​Скляр, Супрунчык), святах-конкурсах («Дрэва жыцця» ў г.п. Мір Карэліцкага р-на, 1999; В.​Казлоў, А.​Маголін, А.​Пагажэльскі, В.​Пятровіч, В.​Сілкоў, Скляр, У.​Яленскі).

Літ.:

Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;

Высоцкая Н.Ф. Скулыпура и резьба Беларуси XII—XVIII вв.: Каталог. Мн., 1998.

А.​К.​Лявонава.

Да арт. Скульптура драўляная. Невядомы мастак. Разныя царскія вароты. 16 ст.
Да арт. Скульптура драўляная. Пётр. Вёска Нягневічы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл. Сярэдзіна 18 ст.
Да арт. Скульптура драўляная. Іосіф. Скульптура алтара касцёла ў в. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобл. 1633—44.
Да арт. Скульптура драўляная. П.​Зяляўскі. Маці Божая. 1980—90-я г.
Да арт. Скульптура драўляная. У.​Слабодчыкаў. Спелыя яблыкі. 1980.

т. 14, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ ТЭА́ТР РАДЗІВІ́ЛАЎ,

прыдворны т-р кн. Радзівілаў у г. Нясвіж Мінскай вобл. ў 1740—91. З 1746 пры кн. Ф.​У.​Радзівіл аматарскі, у спектаклях побач з прыгоннымі ўдзельнічалі члены княжацкай сям’і, шляхта, кадэты нясвіжскага корпуса (першы спектакль — «Узор справядлівасці»), Паказы ў суправаджэнні Нясвіжскай капэлы Радзівілаў адбываліся ў спец. будынку — «камедыхаўзе» (пабудаваны ў 1747—48, арх. К.​Ждановіч).

Паводле інвентара 1767 цэнтр. памяшканнем т-ра была вял. партэрная зала, вырашаная амфітэатрам, над якім размяшчаліся ложы. Сцены і столь былі аздоблены размаляванымі палатнянымі шпалерамі. Сцэна была адгароджана ад залы жоўтай тканай заслонай з выявамі герба Радзівілаў. Абапал сцэны былі хоры для капэлы. Тэатр. залу асвятлялі 53 метал. ліхтары. Спектаклі ставіліся таксама ў Альбе, пад адкрытым небам у «зялёным тэатры» і ў палацы «Кансаляцыя» (пабудаваны ў 1748, арх. М.​Педэці, перабудаваны ў 1770-я г. арх. Л.​Лутніцкім, рэстаўрыраваны ў 1809 М.​Цэйзікам; не захаваўся).

Спектаклі ішлі на польск., італьян., ням. і франц. мовах. У рэпертуары творы Ф.​У.​Радзівіл: камедыі «Дасціпнае каханне» (1746), «Каханне — зацікаўлены суддзя» (1747), «Убачанае не мінае» (1749), «Гульня фартуны» і «Кансаляцыя ў клопатах» (1750); трагедыі «Суддзя, пазбаўлены розуму» (1748), «Золата ў агні» (1750), «Несумленнасць у пастцы» (1751); оперы «Сляпое каханне не зважае на вынікі» і «Шчаслівае няшчасце» (1752); перакладзеныя і пераробленыя Ф.​У.​Радзівіл творы Мальера, Вальтэра, балеты, пантамімы. Рэжысёр т-ра Я.​П.​Фрычынскі (з 1746), балетмайстар Шрэтэр (з 1746), капельмайстры Е.​Бакановіч (з 1749), Я.​Ценціловіч (з 1751). У 1753—62 кн. М.​К.​Радзівіл Рыбанька папоўніў трупу нанятымі акцёрамі, стварыў пры капэле Нясвіжскую музычную школу і Нясвіжскую балетную школу, аркестр нар. інструментаў (т.зв. «літоўская музыка»), павялічыў прыдворную капэлу. Тэатр набыў прафес. характар і стаў прыдворным. Рэпертуар папоўніўся творамі Ф.​У.​Радзівіл, камедыямі Мальера («Маскарыль» і «Сганарэль», 1755; «Жорж Дандэн», 1757, і інш.), Вальтэра («Заіра», 1757), С.​Мыцельскага («Парыс» і «Іосіф Патрыярх»), В.​Ржавускага («Жалкеўскі» і «Уладзіслаў пад Варнай», 1761), італьян. і ням. камічнымі операмі і балетамі. Тэатр выязджаў у Слуцк, Белае, Жоўкву, Алыку. Пры кн. К.​С.​Радзівілу Пане Каханку ў 1777—86 у т-ры працавалі антрэпрыза Л.​Перажынскага (з 1783; сярод акцёраў К.​Аўсінскі, комік Я.​Закжэўскі, спевакі В.​Ясінскі, М.​Вернер, З.​Закжэўская, М.​Ясінская, М.​Перажынская, Т.​Маруноўская, М.​Лазанская), група італьян. спевакоў, новы склад капэлы (44 чал.), балет (больш за 20 прыгонных танцораў). У рэпертуары балеты А.​Пуціні, оперы Дж.​Паізіела, Я.​Голанда (камічная опера «Агатка, або Прыезд пана», лібр. М.​К.​Радзівіла), К.​В.​Глюка («Арфей і Эўрыдыка»; абедзве 1784) і інш. З 1786 т-р працаваў нерэгулярна.

Літ.:

Барышаў Г.І. Тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку // Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г. Мн., 1983;

Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990. С. 170—180, 215—223.

Да арт. Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Сцэна з оперы «Шчаслівае няшчасце». Мастак М.​Жукоўскі.

т. 11, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ЦАРКО́ЎНЫ САБО́Р 1839,

сход іерархаў уніяцкай царквы на Беларусі і Украіне (у межах Расійскай імперыі), які прыняў рашэнне аб яе далучэнні да Рускай праваслаўнай царквы. Адбыўся 24.2.1839 у Полацку. Пачынаючы з дзейнасці мітрапаліта Іраклія Лісоўскага (1806—09), у кіраўніцтве уніяцкай царквы (гл. Беларуская грэка-каталіцкая царква) выявіліся тэндэнцыі да збліжэння з праваслаўем (напачатку ў форме вяртання ад лац. да ўсх. абраднасці). Палітыка царскіх улад да уніяцкай царквы пры Кацярыне II, Паўле I, Аляксандру I была непаслядоўнай: ад масавага пераводу ў праваслаўе пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай да падтрымкі уніяцкага духавенства, каб мець у ім сац. апору. У 1820-я г. пры Мікалаю I праводзілася палітыка ўзмацнення «рускага элемента» ў зах. губернях; беларусы і ўкраінцы былі абвешчаны неадрыўнай часткай рус. народа, што выклікала пытанне аб іх рэліг. уніфікацыі. Гэта супадала з жаданнем шэрагу уніяцкіх іерархаў, якія хацелі далучыцца да праваслаўя — пануючага веравызнання як па ідэалаг. меркаваннях, так і для паляпшэння свайго сац. статуса. Ініцыятарам далучэння стаў у 1827 асэсар 2-га (уніяцкага) дэпартамента Рымска-каталіцкай калегіі Іосіф Сямашка (з 1829 епіскап). У канцы 1820-х—30-я г. з дапамогай дзярж. улад быў ажыццёўлены шэраг мер па збліжэнні грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем: уніятам забаронена пераходзіць у лац. абрад; замест 4 уніяцкіх епархій пакінуты 2 — Полацкая (Беларуская) і Віленская (Літоўская); прымаліся захады па павышэнні адукац. ўзроўню белага духавенства, найб. схільнага да праваслаўя; закрываліся манастыры і школы базыльян; пашыраліся служэбнікі маскоўскага друку; ва уніяцкіх храмах інтэр’еры мяняліся паводле правасл. узораў; у епіскапы былі пасвячоны паплечнікі Сямашкі — Васіль Лужынскі і Антоній Зубко. Ідэя пераходу ў праваслаўе ахоплівала ўсё больш прадстаўнікоў духавенства; святароў, якія адмаўляліся даць распіску аб згодзе з праваслаўем, каралі пераводам у горшыя прыходы, паніжэннем у пасадзе, аж да зняволення ў манастырах. Смерць у 1838 апошняга праціўніка аб’яднання з праваслаўем мітрапаліта Ігнація Іасафата Булгака зняла апошнія перашкоды для скасавання Брэсцкай уніі 1596. Скліканы 24.2.1839 у Полацку сабор з 3 епіскапаў (Сямашка, Зубко, Лужынскі) і 21 інш. высокай духоўнай асобы, прыняў Акт з 2 пунктаў: у 1-м абвяшчалася адзінства з правасл. царквой, у 2-м змяшчалася просьба да Мікалая I садзейнічаць хутчэйшаму далучэнню уніятаў да праваслаўя. Да саборнага Акта прыкладаліся абавязацельствы 1305 святароў і манахаў, пасля прыняцця Акта іх колькасць павялічылася да 1607. Паводле распараджэння Мікалая I 6.4.1839 прынята пастанова Св.Сінода аб далучэнні уніятаў да праваслаўя. Напачатку ў храмах дазвалялася захоўваць уніяцкія абрады, аднак пры замене уніяцкіх царк. атрыбутаў праваслаўнымі быў нанесены значны культурны ўрон (страчаны многія старыя кнігі, абразы, посуд і інш.). Паводле Акта П.ц.с. да правасл. царквы далучана каля 1,5 млн. чал. Найб. цяжка скасоўвалася уніяцтва ў паўн. Беларусі, дзе лацінізацыя грэка-каталіцкай царквы была найб. глыбокая, частка уніятаў там перайшла ў рыма-католікі. Уніяцкая царква ў Царстве Польскім (у Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ.) далучана да праваслаўя ў 1875.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990 [рэпр. выд.: Буэнос-Айрес. 1966];

Уния в документах. Мн., 1997. С. 415—490;

Шейкин Г.Н. Полоцкая епархия. Мн., 1997. С. 32—48.

В.​Р.​Кірэеў.

т. 12, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)