Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЙСТУТ (7—1382),
князь ВКЛ, сын Гедзіміна, бацька Вітаўта. У 1345 разам з братам Альгердам выступіў супраць свайго малодшага брата Яўнута, які пасля смерці Гедзіміна (1341) займаў велікакняжацкі пасад. К. захапіў Вільню і ўзяў у палон Яўнута, аднак вял. князем прызнаў Альгерда, бо за ім як уладаром большай усх. часткі дзяржавы бачыў магутную сілу. На К., які ўладарыў у зах. частцы ВКЛ, прыпадаў гал. цяжар барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і Польшчай. У шэрагу выпадкаў дапамагаў Альгерду ў пашырэнні межаў дзяржавы на У і Пд. Маючы рэзідэнцыю ў Троках, К. пранікся інтарэсамі Жамойці і пасля смерці Альгерда (1377) імкнуўся навязаць сыну апошняга Ягайлу, які стаў вял. князем, палітыку, выгадную для яе. У 1381 выступіў супраць Ягайлы, але ў хуткім часе быў ім захоплены, прывезены ў замак Крэва і там задушаны. Трагічная смерць К. азначала крах імкненняў жамойцкай знаці заняць вядучае месца ў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕА... (ад грэч. archaios старажытны, старадаўні),
першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «старажытны», «які адносіцца да старажытнасці», напр., археалогія, археаптэрыкс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТРАХАЛО́ГІЯ (ад грэч. batrachos жаба + ...логія),
устарэлая назва раздзела заалогіі, які вывучае земнаводных. Часцей замяняецца больш шырокім паняццем — герпеталогія (даследуе і земнаводных, і паўзуноў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАА..., зоа... (ад грэч. zōon жывёла, жывая істота), першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да жывёл, жывёльнага свету, напр., заалогія, зоагеаграфія.