ДЖЭ́КСАН (Jackson) Махалія (Мехейлія; 26.10.1911, г. Новы Арлеан, ЗША — 27.1.1972),

амерыканская спявачка. З 1928 працавала з рознымі хар. і інстр. групамі, вылучылася пераважна выкананнем негрыцянскіх рэліг. песень і гімнаў (т. зв. «госпел»), а таксама спірычуэл. Яе першы запіс створаны ў 1934, найб. поспех набыла яе версія песні-госпел «Уздыміся крыху» (1945). У 1950-я г. шмат выступала на радыё і тэлебачанні, спявала на інаугурацыі Дж.​Кенэдзі, у прэстыжных залах, у т. л. «Карнегі-хол», з аркестрам Э.Элінгтана, гастраліравала ў Еўропе. Па рэліг. матывах не выконвала блюзы, аднак зазнала ўздзеянне традыцыі іх выканання.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 6, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСЭ́ЙСКІЯ ДАГАВО́РЫ,

заключаны ў 1854—58 ЗША, Вялікабрытаніяй, Расіяй, Францыяй, Нідэрландамі з Японіяй у гады Ансэй [афіц. назва гадоў царавання (1854—60) імператара Камэй). Ансэйскія дагаворы паклалі канец больш як двухвяковай ізаляцыі Японіі ад знешняга свету; устанавілі свабоду гандлю замежных купцоў з Японіяй і ўключылі яе ў міжнар. рынак, далі іншаземцам права экстэрытарыяльнасці і консульскай юрысдыкцыі, пазбавілі Японію мытнай аўтаноміі, навязалі нізкія ўвазныя пошліны. Спробы ўрада Японіі скасаваць нераўнапраўныя для яе Ансэйскія дагаворы не мелі поспеху да 1894, калі былі заключаны новыя дагаворы з Вялікабрытаніяй і інш. дзяржавамі. У гандл. пагадненнях 1911 адменены апошнія абмежаванні мытнай аўтаноміі Японіі.

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́ЦКІЯ,

наўгародская баярская сям’я. У 15 ст. ім належала 714 вёсак з 1458 сял. дварамі. Марфа (гл. Марфа Пасадніца), удава пасадніка Ісака Андрэевіча Барэцкага, і яе сын Дзмітрый Ісакавіч у 1471 узначалілі варожую Маскве партыю наўгародскіх баяраў, якая вяла перагаворы з літ. вял. князем Казімірам IV аб пераходзе ў яго падданства. У бітве на р. Шалонь (1471) паміж маскоўскай раццю і наўгародскім апалчэннем на чале з Дзмітрыем Барэцкім наўгародцы пацярпелі паражэнне. Дзмітрый трапіў у палон, яму, як і інш. баярам — прыхільнікам саюзу з ВКЛ, Іван III загадаў адсекчы галаву. Марфа і яе сын Фёдар працягвалі варожую Маскве дзейнасць.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛЬГА́РНЫ МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ,

філасофская плынь сярэдзіны 19 ст., якая спрашчала і агрубляла асн. прынцыпы матэрыялізму. Яе прадстаўнікі К.​Фогт, Л.​Бюхнер, Я.​Молешот адмаўлялі сац. прыроду свядомасці, лічылі, што яе змест абумоўлены гал. чынам хім. саставам прадуктаў харчавання, атаясамлівалі мысленне з матэрыяльнымі фізіял. працэсамі, што адбываюцца ў чалавечым мозгу (мозг выдзяляе думку накшталт таго, як печань жоўць). Вульгарны матэрыялізм — у многім рэакцыя на ідэаліст. (асабліва ням.) дыялектыку, якую яго прадстаўнікі характарызавалі як філас. шарлатанства і з свайго боку спадзяваліся вырашыць усе філас. праблемы праз канкрэтныя прыродазнаўчыя даследаванні. У тлумачэнні сац. з’яў вульгарны матэрыялізм прымыкае да сацыял-дарвінізму.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОБРАНАДЗЕ́ЙНАСЦЬ,

адно з маральна-этычных і паліт. паняццяў, якое адлюстроўвае адносіны дзяржавы і яе спец. органаў, грамадскіх і інш. арг-цый да асобы. Па меры развіцця грамадства ўдакладняўся і ўскладняўся механізм кантролю за грамадска-паліт. і асабістым жыццём грамадзян, іх адносінамі да рэлігіі, палітыкі дзяржавы і яе мясц. органаў. Са з’яўленнем тэхнатронных сродкаў і камп’ютэрызацыі з’явілася магчымасць татальнага нагляду за Д. грамадзян у межах дзяржавы і міжнар. маштабе.

На Беларусі ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай за Д. грамадзян назіралі царква і прадстаўнікі ўлады, у Расіі спец. дзярж. орган — жандармерыя, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 — органы ДПУ, АДПУ, НКУС, КДБ.

т. 6, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭВАГРЫ́ЗЫ (Lyctidae),

сямейства жукоў падатр. рознаедных. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. у тропіках. Шкоднікі драўніны і вырабаў з яе. На Беларусі часцей трапляецца Д. баразнаваты, або лінейны (Lyctus linearis).

Даўж. 2,5—5 мм. Цела прадаўгаватае, зверху пляскатае, бурае. Пярэдняспінка з прытупленымі вугламі, з шырокай падоўжнай баразёнкай пасярэдзіне. Надкрылы з тонкімі кропкавымі баразёнкамі і тонкімі валаскамі. Лапкі 5-членікавыя з рэдукаваным першым членікам; вусікі з 2-членікавай булавой. Лічынкі бязногія, белыя. Развіваюцца ў сухой драўніне, якой кормяцца лічынкі і жукі. Пракладваюць хады ў драўніне і ператвараюць яе паверхневыя слаі ў парахню.

Дрэвагрыз баразнаваты.

т. 6, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУГА́, ў геаметрыі,

частка крывой паміж двума яе пунктамі. Д. плоскай крывой вызначаюць заданнем каардынат усіх яе пунктаў пры дапамозе неперарыўных функцый x = 𝑓(t), y = φ(t) некаторага параметра t: α ≤ t ≤ β; пры гэтым лічаць, што розным значэнням t адпавядаюць розныя пункты Д. Напр., параметрычныя ўраўненні x=Rcost, y=Rsint, дзе 0 ≤ t ≤ ​π/2, вызначаюць Д. AB (​1/4 акружнасці радыуса R з цэнтрам у пачатку каардынат). Д. прасторавай лініі вызначаецца параметрычнымі ўраўненнямі x = 𝑓(t), y = φ(t), z = ψ(t), α ≤ t ≤ β.

Да арт. Дуга.

т. 6, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯ́МЕТР (ад грэч. diametros папярочнік) акружнасці

(круга),

адрэзак прамой, які злучае 2 пункты акружнасці і праходзіць праз яе цэнтр, а таксама даўжыня гэтага адрэзка. Даўжыні ўсіх Д. акружнасці аднолькавыя і роўныя 2 радыусам. Д. канічнага сячэння — прамая, якая праходзіць праз сярэдзіны яго паралельных хордаў. Усе Д. эліпса і гіпербалы праходзяць праз іх цэнтры. Д. парабалы паралельныя яе восі. Д. адвольнай замкнёнай фігуры — найб. адлегласць паміж двума пунктамі гэтай фігуры. У гэтым сэнсе Д., напр., эліпса роўны даўжыні яго вялікай восі; Д. куба — даўжыні яго дыяганалі.

Дыяметр: а — эліпса; б — гіпербалы; в — парабалы.

т. 6, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАКРА́Т (436 да н.э., Афіны — 338 да н.э.),

старажытнагрэчаскі прамоўца, настаўнік рыторыкі і публіцыст. Стваральнік тэорыі класічнай антычнай прозы, увёў падзел на мовы паэтычную і празаічную. Каля 390 да н.э. заснаваў у Афінах школу рыторыкі — прататып агульнаадук. школы; яе праграму выклаў у прамовах супраць сафістаў. Прыхільнік прамакедонскай партыі і прапагандыст яе праграмы («Панегірык», 386; «Арэапагітык», 355; «Панафінейская прамова», 342—339). Лічыў манархію лепшай формай дзярж. кіравання. Пасля разгрому грэкаў у 338 да н.э. каля Херанеі македонцамі на чале з Філіпам II І. скончыў самагубствам. Захавалася 21 яго прамова (у т. л. 6 судовых) і 9 лістоў.

т. 7, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВІ́С (Lavisse) Эрнест (17.12.1842, Ле-Нув’ён-ан-Цьераш, Францыя — 18.8.1922),

французскі гісторык. Чл. Франц. акадэміі (1892), праф. Сарбоны (1888). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1865), у 1904—19 яе дырэктар. Пасля паражэння Францыі ў франка-прускай вайне 1870—71 вывучаў гісторыю Германіі, пераважна Прусіі, спрабуючы знайсці тлумачэнне яе ваен. і паліт. поспехам. Адзін з рэдактараў (з А.Рамбо) і аўтараў калект. прац «Сусветная гісторыя з IV ст. да нашага часу» (т. 1—12, 1893—1901), «Гісторыя Францыі са старажытнасці да рэвалюцыі» (т. 1—9, 1903—11) і «Гісторыя сучаснай Францыі ад рэвалюцыі да міру 1919» (т. 1—10, 1920—22).

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)