Ra, радыеактыўны хім.элемент II групы перыяд. сістэмы, ат н. 88, ат. м. 226,0254, адносіцца да шчолачназямельных металаў. У прыродзе трапляюцца ізатопы з масавымі лікамі 223, 224, 226, 228, якія з’яўляюцца членамі прыродных радыеактыўных радоў. Найб. устойлівы ізатоп 226Ra (перыяд паўраспаду 1600 гадоў, α-выпрамяняльнік); прадукт распаду Р. — радон. Рэдкі і рассеяны элемент; у зямной кары 10−10% па масе. Адкрыты ў 1898 П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры; назва ад лац. radius — прамень.
Серабрыста-белы бліскучы метал, tпл 969 °C, шчыльн. 5500—6000 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей падобны на барый, але больш актыўны. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з азотам, кіслародам (у паветры метал. Р. хутка пакрываецца цёмнай плёнкай з сумесі нітрыду і аксіду), вадой [утвараецца водарастваральны гідраксід Ra(OH)2 і вылучаецца вадарод], растворамі кіслот, галагенамі. Вылучаюць Р. у выглядзе хларыду RaCl, і інш. солей як пабочны прадукт перапрацоўкі уранавых руд (пасля вылучэння з іх урану; у рудзе на 1 т урану прыпадае не больш за 0,34 г Р.); метал. Р. атрымліваюць электролізам раствору RaCl2 на ртутным катодзе. Выкарыстоўваюць у медыцыне як крыніцу радону для радонавых ваннаў, у сумесі з берыліем у ампульных крыніцах нейтронаў, у геалогіі 228Ra для вызначэння ўзросту акіянічных асадкавых парод і мінералаў. Вельмі таксічны; дапушчальная канцэнтрацыя ў атм. паветры 226Ra 3,1∙10−5Бк/л.
Літ.:
Погодин С.А., Либман Э.П. Как добыли советский радий. 2 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОК-СЕ́КЦЫЯ,
закончаны для блакіроўкі аб’ёмна-планіровачны элемент (частка) збудавання. Найб. пашырана ў жыллёвым, выкарыстоўваецца ў прамысл. і грамадскім буд-ве. Аўтаномна забяспечана ўсімі інж. сістэмамі, выкарыстоўваецца самастойна і ў спалучэнні з інш. элементамі. Бываюць рáдавыя, тарцовыя, вуглавыя, паваротныя. Даюць магчымасць ствараць эстэтычна выразныя арх. формы і горадабуд. кампазіцыі масавай забудовы, дыферэнцыраваць тыпавыя праекты будынкаў. На Беларусі прыкладам выкарыстання блок-секцыйнага метаду з’яўляюцца дамы жылых раёнаў Усход, Зялёны Луг, Серабранка ў Мінску, Форты ў Гродне, Маскоўскі праспект у Віцебску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬТАМПЕ́РНАЯ ХАРАКТАРЫ́СТЫКА (ВАХ),
залежнасць падзення напружання на элеменце эл. ланцуга ад сілы току, што працякае праз яго (або залежнасць сілы току праз элемент ланцуга ад прыкладзенага напружання). Калі супраціўленне элемента не залежыць ад току, то ВАХ — прамая лінія, якая праходзіць праз пачатак каардынат. ВАХ нелінейных элементаў (эл.-вакуумныя, газаразрадныя і цвердацелыя прылады) маюць нелінейныя ўчасткі і розную форму. Гл. таксама Адмоўнае супраціўленне.
Тыповая вольтамперная характарыстыка паўправадніковага дыёда з p—n-пераходам: U — напружанне на дыёдзе; I — ток праз дыёд; U* і I* — найбольшае дазволенае адваротнае напружанне і адпаведны адваротны ток; Uст — напружанне стабілізацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́Я (франц. allēe),
дарога ў парках, лесапарках, скверах, на бульварах, вуліцах, абапал абсаджаная дрэвамі або кустамі. Важны кампазіцыйны элемент паркавых ландшафтаў і азелянення нас. пунктаў, выконвае ахоўныя функцыі. Тыпы алей — прамыя ў рэгулярных і крывалінейныя ў пейзажных парках і садах.
Для алей часцей выкарыстоўваюць высакарослыя і шыракакронавыя пароды (дуб звычайны, ліпа драбналістая, клён вастралісты, лістоўніца еўрапейская, граб звычайны, елка, вяз і інш.). Сярэдняя адлегласць паміж дрэвамі 5 м, паміж радамі 10 м. У прысадах часам ствараюць нішы для лавак, скульптуры малых арх. формаў.
Бярозавая алея ў Цэнтральным батанічным садзе АН Беларусі ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАНІ́ЦА,
канструкцыйна-дэкаратыўны элемент афармлення аконнага праёма (гл.Акно). Узнікла ў стараж.-рус. архітэктуры ў выглядзе засавак (дошак на палазах), якімі зачынялі незашклёныя валаковыя вокны курных хат. У сял. буд-ве бытавала да канца 19 ст. З развіццём вял. акон, аздобленых ліштвамі, паявіліся аканіцы на «бегунах», або «пятках» (спец. шыпах, на якіх паварочваліся), з 16 ст. — на метал. завесах у замкавым, сядзібным і гар. жыллёвым буд-ве. У сучаснай нар. архітэктуры аканіцы аздабляюцца філёнгамі, дэкар. ўстаўкамі, разьбой.
Аканіцы жылога дома ў вёсцы Моцеўкі Міёрскага раёна Віцебскай вобл.Аканіцы жылога дома ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІФО́РЫУМ, біфора (ад лац. biforis скразны, на абодва бакі),
двухчасткавы арачны праём або элементаркады, падзелены на 2 часткі па восі слупам (калонкай). Біфорыум перакрываецца цыркульнай (раманская і візант. архітэктура), спічастай (готыка), лучковай (барока, эклектыка) аркамі. Прамежак паміж малымі (унутранымі) і вял. (знешняй) аркамі можа быць глухі, аздоблены дэкар.-пластычным элементам і ажурны. У бел. архітэктуры біфорыум выкарыстаны ў Сар’еўскім касцёле, Каменкаўскім Антоніеўскім касцёле, у царкве ў в. Азерцы Гродзенскага р-на (пач. 20 ст.) і інш.
Г.А.Лаўрэцкі.
Біфорыум вежы касцёла ў в. Каменка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЛАБ АКІЯНІ́ЧНЫ, глыбакаводны жолаб,
вузкае доўгае паніжэнне дна акіяна, элемент рэльефу пераходнай зоны паміж мацерыком і акіянам. Даўжыня дасягае некалькіх тысяч кіламетраў, шырыня — дзесяткаў і соцень кіламетраў, глыб. больш за 5000 км, сярэдняя стромкасць схілаў каля 5°, у месцах глыбінных разломаў схілы бываюць вельмі стромкія. Размяшчаюцца ўздоўж горных узбярэжжаў мацерыкоў (напр., Перуанскі і Чылійскі жалабы каля зах. берагоў Паўд. Амерыкі) або са знешняга боку астраўных дуг (Алеуцкі, Курыла-Камчацкі, Японскі, Філіпінскі жалабы). З Ж.а. звязаны макс. глыбіні Сусветнага ак., у т. л.найб. на Зямлі глыб. 11022 м (у Марыянскім жолабе Ціхага ак.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЕЛ,
у беларусаў бандарны выраб для захоўвання адзення, даматканага палатна, каштоўных рэчаў. К. рабілі з доўгіх (да 120—140 см) асінавых ці хваёвых клёпак, якія расстаўлялі вакол круглага, радзей эліпсоіднага днішча і сцягвалі 4—7 абручамі. Дзве больш доўгія процілеглыя клёпкі, што выступалі зверху, утваралі вушкі (былі К. і без іх). Неабходны элемент К. — накрыўка (простая ці з векам), якая заціскалася зверху засаўкай, прасунутай праз вушкі; на адным канцы цуркі часам была проразь для замка. К. быў неабходным атрыбутам вясельнай абраднасці і шырока ўжываўся да пач. 20 ст. У наш час трапляецца эпізадычна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮТЭ́ЦЫЙ (лац. Lutetium),
Lu, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 71, ат. м. 174,967; адносіцца да лантаноідаў. Прыродны складаецца з 2 ізатопаў: 175Lu (97,4%) і радыеактыўнага 176Lu (перыяд паўраспаду 2,4 ∙ 1010 гадоў). У зямной кары 8 ∙ 10−5% па масе. Адкрыты франц. хімікам Ж.Урбенам у 1907, названы па лац. назве Парыжа (Lutecia).
Серабрыста-белы метал, tпл каля 1660 °C, шчыльн. 9849 кг/м³. У паветры пакрываецца ўстойлівай аксіднай плёнкай. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з мінер. к-тамі, пры награванні — з галагенамі, серай, вадародам і інш. неметаламі. Метал. атрымліваюць аднаўленнем трыфтарыду LuF3 кальцыем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКМІ́ЛАН, Мак-Мілан (McMillan) Эдвін Матысан (18.9.1907, Рэдонда-Біч, ЗША — 7.9.1991), амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1947). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал.ін-т (1928). У 1933—73 у Каліфарнійскім ун-це ў Берклі (з 1946 праф.), адначасова ў Радыяцыйнай лабараторыі імя Э.Лоўрэнса (у 1958—71 дырэктар). Навук. працы па адз. фізіцы і тэхніцы паскарэння элементарных часціц. Адкрыў першы штучны трансуранавы элемент — нептуній (1940; разам з Ф.Эйблсанам) і плутоній (1940; разам з Г.Т.Сібаргам). Прапанаваў прынцып аўтафазіроўкі (1945) і пабудаваў электронны сінхратрон на 330 МэВ (1947). Нобелеўская прэмія 1951 (разам з Сібаргам).