ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры 18—19 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Касцёл пабудаваны ў 1765—86 з цэглы ў стылі барока (з 1830-х г. Варварынская царква) на месцы драўлянага касцёла пач. 18 ст. Прамавугольны ў плане аднанефавы храм з паўкруглай алтарнай апсідай. Гал. фасад аздоблены пілястрамі, карнізамі, нішамі і завершаны 3-лопасцевым франтонам. Перспектыву інтэр’ера замыкае размалёўка апсіды ў тэхніцы грызайль. Захаваўся помнік іканапісу 16 ст. — абраз «Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская». У пач. 19 ст. побач узведзены мураваны 2-павярховы корпус кляштара (у 1832 скасаваны; у 1858—75 тут размяшчаўся правасл. Пінскі Варварынскі манастыр, у 1993 адноўлены).

Драўляны касцёл Міхаіла Архангела пабудаваны ў 1712 у прадмесці Пінска Каралін па фундацыі М.​Вішнявецкага і яго жонкі Кацярыны з Дольскіх. Аднанефавы прамавугольны ў плане будынак быў накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад з трохвугольным франтонам і арачным парталам увахода фланкіравалі 2 трох’ярусныя вежы (2 ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні васьмерыковы, завершаны купалком). Побач стаяў невял. 1-павярховы драўляны будынак кляштара. Касцёл і кляштар адлюстраваны на карце бернардзінскіх кляштараў літ. правінцыі, выгравіраванай Г.​Ляйбовічам у 1750—60-я г.

Р.​В.​Баравы, Ю.​А.​Якімовіч, А.​А.​Ярашэвіч.

Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. Варварынская царква. Здымак 2000.

т. 12, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖА́НСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры позняга рэнесансу ў г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1617 з цэглы па фундацыі Л.​Сапегі на месцы драўлянага храма, закладзенага ў 1596 Язлавецкімі. У 1768 прыбудаваны капліцы св. Крыжа, у 1787 — св. Варвары. У 1779 касцёл рэканструяваны ў стылі ранняга класіцызму (арх. Я.​С.​Бекер): звонку прыбудаваны зах. партал і паўн. сакрысція, унутры сцены апрацаваны пілястрамі і карнізамі дарычнага ордэра, адноўлены хоры, бакавыя алтары, амбон і інш. Рамантаваўся ў 1850 і 1894. Храм 1-нефавы, з паўкруглай апсідай і 4-яруснай вежай пры ўваходзе, арыентаваны на З. Па баках нефа знаходзяцца капліцы, прэсбітэрыя — сакрысціі. Сцены нефа звонку ўмацаваны контрфорсамі, паміж імі — аконныя праёмы з арачнымі завяршэннямі. Вежа (3 васьмерыкі на чацверыку) накрыта стромкім шатром, мае 3 уваходы. Маст. афармленне храма вырашана ў стылях позняга барока і ракако. Інтэр’ер багата ўпрыгожаны арх. пластыкай, скульптурай і жывапісам. У апсідзе 4-калонны гал. алтар з раскрапаваным лучковым франтонам, які ўпрыгожваюць скульптуры анёлаў, ляпны арнамент і герб 2 жонак Сапегі. Абапал калон — драўляныя паліхромныя выявы святых Пятра і Паўла. Прэсбітэрый ад нефа аддзяляе каваная рашотка 18 ст. Стукавая і драўляная скульптура работы І.​Прукнера (1789), М. і К. Роўбваў. Захаваліся кандэлябры, абразы 18 ст., габеленавыя і шаўковыя арнаты.

В.​В.​Калнін.

Ружанскі Троіцкі касцёл.

т. 13, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ МА́РКАЎ (ТРО́ІЦКІ) МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 1633—1918 у Віцебску, на правым беразе Зах. Дзвіны. Засн. аршанскім цівуном Л.​С.​Агінскім і браслаўскім земскім суддзёй С.​Мірскім. У 1638 фундатары падаравалі манастыру зямлю на Маркаўшчыне (дзе ў 16 ст. нейкі Марк пабудаваў царкву, адсюль назва) і фальварак Шыдлоўшчыну. У 18 ст. меў шэраг вёсак і юрыдыкі ў Віцебску. У 1751 зроблена няўдалая спроба павярнуць манастыр да уніяцтва. Традыцыйна быў у падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі. У 1773 прылічаны да Пскоўскай епархіі, у 1795 — да Магілёўскай, у 1833 — да Полацкай. З 1798 меў ранг архімандрыт да яго быў прыпісаны Невельскі заштатны манастыр. У 1842 залічаны да манастыроў 1-га класа, мог мець 20 манахаў, атрымліваў ад дзяржавы 3185 рублёў серабром, маёнткі былі ўзяты ў казну (апрача 150 дзес. зямлі). Меў майстэрні, пач. школу для слабадскіх дзяцей. Пасля закрыцця манастыра будынкі [акрамя Пакроўскай (зараз вядома як Казанская) царквы] знесены.

Царква — помнік архітэктуры барока з рысамі ранняга класіцызму. Пабудаваны з цэглы да 1752 як Пакроўская царква. У 1847 да яе з захаду прыбудавана Мітрафанаўская царква. Першапачаткова храм быў крыжова-купальны. Да асн. кубападобнага аб’ёму з трыма паўкруглымі апсідамі далучаны развіты прытвор. Сцены прарэзаны высокімі арачнымі вокнамі і раскрапаваны пілястрамі. Бакавыя фасады царквы і прытвора завершаны трохвугольнымі франтонамі з арачнымі праёмамі. На цэнтр. апсідзе размешчана ляпная дэкар. рама-бленда.

А.​А.​Ярашэвіч.

Да арт. Віцебскі Маркаў (Троіцкі) манастыр. Пакроўская (Казанская) царква.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́Н (ням. Kamin ад грэч. kaminos печ, ачаг),

прысценная печ з адкрытай топкай у выглядзе нішы і прамым дымаходам. Прызначаецца для награвання памяшкання (пераважна за кошт цеплавога выпрамянення агню ў час згарання дроў ці вугалю) і аздаблення інтэр’ера. Бываюць таксама электрычныя, газавыя К. Будуюць іх з каменю, цэглы, дрэва, атынкаванага гіпсам. Аздабляюць маёлікай, металам, керамічнай пліткай. Прылады да К. — экран (размаляваная або вышываная тканіна, нацягнутая на каркас), рашотка. шчыпцы, шуфлік, качарга — звычайна выконваюцца на высокім маст. узроўні.

Вядомы ў Стараж. Рыме, з 12 ст. ў Зах. і Паўн. Еўропе. У сярэдневяковых К. наверша выносілася на кансолях далёка наперад, звужалася ўверсе, дасягала скляпенняў. У перыяд готыкі К. набыў адметныя арх. формы, багата ўпрыгожваўся і быў дэкар. дамінантай інтэр’ера. Паступова наверша знікала (дымаход будавалі ў сцяне) або захоўвалася ў якасці дэкар. элемента. Рэнесансавыя і барочныя К. вылучаліся пышным аздабленнем разьбой, барэльефам, гарэльефам, скульптурай і інш. У 17—19 ст. пераважала строгая класіцыстычная форма прамавугольнага К. З гарыз. плітой уверсе, на якую звычайна ставілі гадзіннік, падсвечнік і інш.

На Беларусі захаваліся К. з 16 ст. Іх будавалі ў замках, палацах, сядзібах, гар. асабняках (замак у Нясвіжы). Цяпер К. будуюць у інтэр’ерах грамадскіх будынкаў (камінныя залы гасцініцы спарт. комплексу «Раўбічы» пад Мінскам, Дома літаратара ў Мінску, санаторыя «Беларусь» у Крыме), дамах індывід. забудовы.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

т. 7, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ РА́ТУША І ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,

помнікі архітэктуры 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Ратуша ўзведзена каля 1596 з цэглы на б. Рыначнай пл. Перабудавана ў 1752 у стылі позняга барока. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з 6-яруснай вежай (4 ніжнія чацверыкі, 2 верхнія васьмерыкі), завершанай гранёным купалам з ліхтаром. У 1836 пажарам знішчана завяршэнне вежы. У сярэдзіне 19 ст. чацверыкі накрыты пакатым шатровым дахам; асн. аб’ём — высокім кроквенным дахам з вальмай на паўд. тарцы. У 1990-я г. адноўлена ў першапач. выглядзе паводле праектнага плана канца 16 ст. і гравюры Т.​Макоўскага 17 ст. Фасады амаль пазбаўлены дэкору. Узроўні ярусаў вежы і памяшканняў ратушы не супадаюць і злучаны драўлянымі ўсходамі. Гандлёвыя рады спачатку размяшчаліся сіметрычна абапал ратушы па даўжыні будынка. Паміж імі былі нешырокія праезды з арачнымі брамамі на тарцах. Ячэйкі-крамы былі адкрыты праёмамі ў бок праездаў; частка гандл. памяшканняў знаходзілася ў 1-м ярусе ратушы. У сярэдзіне 18 ст. гандл. рады перабудаваны: прадоўжаны за будынак ратушы, абкружылі яе з трох бакоў, утвараючы П-падобны ўнутр. замкнёны дворык; ячэйкі-крамы пераарыентаваны праёмамі да плошчы і прылеглых вуліц. Невысокія падоўжаныя карпусы гандл. радоў накрыты 1-схільнымі дахамі (са схілам у бок унутр. двара). Вулічныя фасады вырашаны ў выглядзе аркады, завершаны высокім атыкам. У дэкоры выкарыстаны прафіляваныя карнізы, абрамленні праёмаў, філянговыя нішы.

Т.​В.​Габрусь.

Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады.

т. 11, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСО́К,

дробнаабломкавая рыхлая асадкавая горная парода. Складаецца з абкатаных і вуглаватых зерняў (пясчынак) розных мінералаў, абломкаў горных парод, шкілетаў арганізмаў. Існуе шмат класіфікацый П., найчасцей карыстаюцца геалагічнай, дзе паводле пераважных памераў зерняў П. падзяляецца на тонказярністы (0,05—0,1 мм), дробназярністы (0,1—0,25 мм), сярэднезярністы (0,25—0,5 мм), буйназярністы (0,5—1 мм). У інжынерна-геал. класіфікацыі вылучаецца грубазярністы П. (1—2 мм). У горнай справе П. вызначаецца памерам часцінак да 5 мм. П. змяшанай зярністасці прыблізна ў роўнай колькасці наз. розназярністым. У саставе П. — кварц (больш за 50 %), палявы шпат, слюда, глаўканіт, вулкан. шкло; як дамешкі — ільменіт, магнетыт, рагавая падманка, цыркон, рутыл, гранат, турмалін і інш. Паводле мінер. саставу вылучаюць монамінер. П. (пераважна 1 мінерал, напр., кварцавыя), алігаміктавыя П. (1 мінерал і некалькі падпарадкаваных яму, напр., кварцавапалявашпатавыя), паліміктавыя П. (з розных мінералаў). Паверхня зерняў часам укрыта плеўкай з гідраксідаў жалеза, гліністага або карбанатнага рэчыва; сцэментаваныя такім матэрыялам П. ўтвараюць пясчанікі. Выкарыстоўваюцца П. ў шкляной, керамічнай прам-сці, буд-ве, вытв-сці дынасавай цэглы, ліцейных форм. Змяшчаюць россыпныя радовішчы карысных выкапняў, падземныя воды. На Беларусі П. рознага ўзросту (ад дакембрыю да антрапагену ўключна), звязаны з адкладамі марскога, алювіяльнага, азёрнага, водна-ледавіковага, эолавага і інш. паходжання. Складаюць 39% аб’ёму антрапагенавых адкладаў, на паверхні займаюць 45% плошчы рэспублікі, дзе ўтвараюць пясчаныя глебы. Гл. таксама Неметалічныя карысныя выкапні, Абломкавыя горныя пароды, Псаміты.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 13, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧА́РНЫ ГО́РАН,

печ для абпальвання ганчарных вырабаў, якая выкарыстоўваецца пры высокаразвітым ганчарстве. Абпальванне ажыццяўляецца гарачымі (700—900 °C) газамі, якія атрымліваюцца пры згаранні паліва. Працэс бывае акісляльны (найб. пашыраны) і ўзнаўляльны (пры недастатковым доступе кіслароду). У сучаснай вытв-сці выкарыстоўваюць горны верт. і гарыз. тыпаў (электрычныя, на мазутным або газавым паліве). Першыя ганчарныя горны вядомы з канца 4-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Былі адкрытага і закрытага тыпаў, 1-, 2-, 3-ярусныя. У Еўропе пашыраны з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э., на ўсходнеслав. землях — з 12—13 ст. На Беларусі выяўлены горны ў Мінску (16 ст.), Оршы (17 ст.), Міры (18 ст.). Іх муравалі з цэглы, камянёў, гліны, пераважна 1- і 2-ярусныя, круглыя (грушападобныя) ці чатырохвугольныя ў плане, з адкрытым і купалападобным (скляпеністым) верхам. Ніжні (топачны) ярус заглыблялі ў зямлю, верхні па баках засыпалі грунтам і агароджвалі зрубам, часам умацоўвалі бярвеннем, жэрдкамі, метал. прутамі, дротам, каменнем і дзёрнам. Для агню рабілі яму, у якую выходзіла вусце топкі. Ярусы (камеры) падзяляліся гарыз. перакрыццем (скляпеннем) з адтулінамі (люхтамі) для праходу гарачых газаў. Звычайна ганчарныя горны былі разлічаны на адначасовую тэрмічную апрацоўку 300—350 (часам 800—1000) вырабаў, якая працягвалася 9—14 гадз.

В.​М.​Ляўко.

Беларускія ганчарныя горны (двух’ярусныя): 1 — круглы з адкрытым верхам; 2 — чатырохвугольны з закрытым верхам.
Прамысловы ганчарны горан вертыкальнага тыпу: 1 — малая печ (топка); 2 — под; 3 — вялікая печ; 4 — загрузачная адтуліна; 5 — дымаходы.

т. 5, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры барока 17 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў гіст. цэнтры горада. Калегіум разам з мураваным касцёлам св. Станіслава (пабудаваны ў 1636—46, у 1956 разбураны) уваходзіў у ансамбль кляштара езуітаў. Узведзены ў 1651—1738 з цэглы. Яго трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак паўд. фасадам арыентаваны да набярэжнай р. Піна. Тут размяшчаліся вучэбныя класы, трапезная, службовыя памяшканні. Фасады члянёны аконнымі праёмамі з ляпнымі абрамленнямі. Паўд.-зах. вугал фланкіруе 6-гранная вежа-контрфорс. Будынак завершаны 2-схільным дахам з заломам. Яго тарцы ўпрыгожаны складанымі франтонамі з дэкар. валютамі. З 1638 у калегіуме знаходзілася філас.-тэалагічная школа; у 1645 адкрыта муз. бурса, у 1694 — аптэка; увесь час дзейнічаў т-р, у 1727—35 — друкарня, меліся б-ка, шпіталь для бедных. У 1773 калегіум закрыты. Касцёл у 1786 перададзены уніятам і стаў кафедральным саборам Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі, у 1800 належаў правасл. Пінскаму Богаяўленскаму манастыру. У 1848 сюды пераведзена з Лядаў духоўнае вучылішча. У 1919 касцёл вернуты езуітам, у 1923 аднавілася навуч. дзейнасць калегіума. З 1925 пры калегіуме працавала духоўная семінарыя, з 1937 — навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). У 1939 калегіум закрыты. У будынку размяшчаліся адм. ўстанова і карцінная галерэя, з 1995 пасля рэстаўрацыі — Музей Беларускага Палесся.

Літ.:

Адамовіч С. Комплекс Пінскага езуіцкага кляштара // Наша вера. 1999. № 3.

Ю.​А.​Якімовіч, А.​А.​Ярашэвіч.

Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Будынак былога калегіума. Здымак 2000.
Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Фота пач. 20 ст.

т. 12, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ ЗЕМЛЯРО́БЧЫ ІНСТЫТУ́Т.

Існаваў у г. Горкі Магілёўскай вобл. ў 1848—64 і 1919—25. Адна з першых ВНУ с.-г. профілю на Беларусі і ў Рас. імперыі. Засн. ў выніку рэарганізацыі ў ін-т вышэйшага разраду Горы-Горацкай земляробчай школы. Рыхтаваў аграномаў. Тэрмін навучання 4 гады. У розныя гады ў ін-це навучалася ад 112 да 222 студэнтаў. Выкладаліся фізіка, хімія, батаніка, заалогія, паляводства, жывёлагадоўля, лесаводства і інш. спец. дысцыпліны, а таксама бухгалтэрыя, архітэктура, геадэзія, палітэканомія (з 1859), рус. і замежная мовы, гісторыя рус. л-ры, права, логіка і інш. Пры ін-це дзейнічаў з-д па вырабе цэглы і дрэнажных труб, майстэрня с.-г. машын, сыраварня, пчальнік, музеі (заалагічны, анатамічны, с.-г. машын), бат. сад (калекцыя больш за 3870 раслін), б-ка (больш за 7 тыс. тамоў). Праводзіліся навук. даследаванні, вынікі якіх друкаваліся ў «Записках Горы-Горецкого земледельческого института» (1852—57), інш. навук. выданнях. Сярод выпускнікоў ін-та А.В.Саветаў, І.А.Сцебут, А.М.Бажанаў, А.​П.​Людагоўскі, І.​М.​Чарнапятаў, С.​С.​Касовіч і інш. За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1863—64 ін-т пераведзены ў Пецярбург, дзе ў 1877 аб’яднаны з Пецярбургскім лясным ін-там. У 1919 адноўлены ў Горках. Меў ф-ты: агранамічны, меліярацыйны, лясны, с.-г. машыназнаўства. У 1925 да ін-та далучаны Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (засн. ў Мінску ў 1922) і на іх базе створана Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія.

Літ.:

Цитович С.Г. Горы-Горецкий земледельческий институт — первая в России высшая сельскохозяйственная школа (1836—1864). Горки, 1960;

Белорусская... сельскохозяйственная академия: 150 лет: [Краткий очерк истории и деятельности]. Мн., 1990.

У.​М.​Ліўшыц.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́МУС (ад ням. Lehmhaus),

старадаўні тып гасп. пабудовы для захоўвання харч. прадуктаў, збожжа, адзення, каштоўнай маёмасці, прылад працы, а таксама для жылля ўлетку. Быў пашыраны ў Літве, Польшчы, некаторых раёнах Украіны. На Беларусі вядомы ў 2-й пал. 16 — 1-й пал. 20 ст. Будавалі з дрэва, цэглы, каменю або ў тэхніцы «прускага муру». Пад Л. рабілі паграбы. Л. былі 1—3-павярховыя (у ніжнім паверсе гасп. памяшканні, у верхніх — жылыя), прамавугольныя або квадратныя ў плане, завершаныя 2-схільнымі вальмавымі, шатровымі ці ламанымі дахамі. Сцены часам звонку атынкоўвалі.

Паводле кампазіцыі Л. падзяляліся на цэнтрычныя і франтальныя. Цэнтрычныя мелі квадратны ці шматвугольны (звычайна 8-гранны) план. 2-і і 3-і паверхі з балюстраднымі галерэямі па перыметры, якія кансольна навісалі над ніжнім паверхам або апіраліся на мураваныя ці драўляныя слупы (в. Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Нова-Ясневічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.). Л. франтальнай кампазіцыі былі звычайна 2-павярховыя, мелі ў плане форму выцягнутага прамавугольніка (радзей квадрата), з галерэямі на гал. фасадзе (Гродзенскі лямус) або па перыметры ўсяго будынка. У некаторых замках 18 ст. (г. Камянец Брэсцкай вобл.) Л. размяшчалі над брамамі. У канцы 18—19 ст. пад уплывам стыляў класіцызму і ампір Л. набылі манум. выгляд: цэнтр гал. фасада вылучаўся прамавугольным парталам з калонамі дарычнага ці тасканскага ордэра, ашаляваныя звонку сцены былі ўпрыгожаны фрызамі з трыгліфамі і метопамі, над будынкам узвышаўся бельведэр (в. Дунілавічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.).

Ю.​А.​Якімовіч.

Лямус у вёсцы Вялікае Мажэйкава Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. 1970-я г.

т. 9, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)