помнік абарончага дойлідства ў в. Мураванка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў пач. 16 ст. Трохнефавае 4-стаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане — прамавугольнік, блізкі да квадрата), завершанае высокім 2-схільным дахам са шчытамі на тарцах, адной паўкруглай апсідай (на ўсю шырыню асн. аб’ёму) і 4 круглымі вуглавымі вежамі, накрытымі шатрамі. Вітыя ўсходы вежаў вялі да байніц абарончага пояса ў верхняй частцы храма. Сцены і вежы ўпрыгожаны яруснай кампазіцыяй плоскіх атынкаваных нішаў, завершаных падвойнымі аркамі. Падобны дэкор мае фігурны шчыт на гал. фасадзе. Гатычныя скляпенні царквы вызначаюцца тонкім малюнкам (спляценне гуртоў і нервюр зорчатых скляпенняў утварае трохвугольнікі і ромбы розных абрысаў і памераў). Пад храмам — скляпеністае сутарэнне. Да пач. 19 ст. ў царкве былі герсы (пад’ёмныя дзверы-краты). У час рэканструкцый (1817, 1871—72) да гал. фасада прыбудаваны прытвор, надбудаваны зах. вежы, паніжаны дах, зроблены карнізы і павялічаны аконныя праёмы.
А.М.Кулагін.
Мураванкаўская царква-крэпасць. Малюнак 2-й пал. 19 ст. Мастак В.Гразноў.Мураванкаўская царква-крэпасць. Сучасны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІ́ЦЦЕЎСКАЯ ПРАЧЫ́СЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́, царква Раства Багародзіцы,
помнік драўлянага дойлідства ў в. Павіцце Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1912 з брусоў (18 × 18 см) пад кіраўніцтвам чэш. майстра Гута. У плане традыц. 4-часткавая схема: званіца, трапезная, асн. аб’ём, апсіда. Да асн. аб’ёму з 4 бакоў прымыкаюць прыбудовы: з 3 два ўваходы, з У дзяканнік з асобным уваходам і ахвярнік, аб’яднаныя гал. алтаром. У інтэр’еры 2-ярусны разны іканастас пач. 20 ст. Ў арх.-стылявой структуры спалучаюцца рысы традыц.нар. драўлянага дойлідства (разьба на навесах ганкаў, барабанах і інш.), рэтраспектыўна-рус. (планіроўка, форма і канструкцыя званіцы, 5-купалле асн. аб’ёму, выкарыстанне 3-лопасцевых какошнікаў і інш.) і неарускага (ламаныя абрысы завяршэння гал. барабана, падзораў цвінтара) стыляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ СІМЯО́НАЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1865 у Брэсце. Храм цэнтрычнай 5-купальнай кампазіцыі: кубападобны асн. аб’ём, прытвор і паўкруглая апсіда. У кампазіцыі і дэкар. пластыцы асн. аб’ёму выкарыстаны прыёмы класіцызму (ордэрная сістэма, трохвугольныя франтоны, высокі прафіляваны карніз і філянговы фрыз, гранітны цокаль), у завяршэнні — формы маскоўскага дойлідства сярэдзіны 17 ст. (кілепадобныя какошнікі, 8-гранныя барабаны, цыбулепадобныя галоўкі, шатры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГІ́НАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1886 з цэглы ў в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. Храм 4-часткавай падоўжна-восевай кампазіцыі: званіца, трапезная, асн. аб’ём з прыдзеламі, апсіда.
Прыдзелы і апсіда вырашаны паўратондамі. 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца надбудавана над прытворам і завершана цыбулепадобнай галоўкай. Над сяродкрыжжам буйны 8-гранны светлавы барабан накрыты самкнутым сферычным купалам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБЯНЕ́ЦКАЯ ПРАЧЫ́СЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ўсходнепалескай школы (гл. ў арт.Палескія школы дойлідства). Пабудавана ў 1718 у в. Дубянец (Столінскі р-н Брэсцкай вобл.). Мае рысы стылю барока. Трохзрубны аб’ём глыбінна-прасторавай кампазіцыі складаецца з прамавугольнага бабінца (у 19 ст. да яго прыбудавана званіца), квадратных у плане нефа і алтара з рызніцай. Неф завершаны масіўным светлавым васьмерыковым барабанам, накрытым купалам. Сцены гарызантальна ашаляваныя. У інтэр’еры ветразі барабана аздоблены размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ШЧЫЦКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры з элементамі класіцызму і псеўдарус. стылю. Пабудавана ў 1845 у в. Кішчыцы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма развіта па падоўжнай восі. Цэнтр. квадратны ў плане аб’ём накрыты пакатым шатровым дахам з цыбулепадобнай галоўкай. Яго фасады завершаны кілепадобнымі франтонамі. З боку гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца. У дэкар. аздабленні выкарыстаны пілястры, франтоны, сандрыкі, нішы, прафіляваныя карнізы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю. Пабудавана ў 2-й пал. 19 ст. з цэглы ў г. Браслаў (Віцебская вобл.) каля стараж. замчышча. Чатырохчасткавы ў плане будынак 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) званіца з цыбулепадобнай гранёнай галоўкай на шатровым завяршэнні, невысокая трапезная, вялікі асн. аб’ём з пяцікупаллем на 4-схільным даху і 5-гранная апсіда. Фасады з кілепадобнымі аконнымі праёмамі і парталам, вуглавым рустам, ордэрнай сістэмай. У інтэр’еры трох’ярусны іканастас. Сцены ўпрыгожаны арнаментальнай размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЭ́ЛЬВЕНСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 19 ст. з элементамі. псеўдарускага стылю. Пабудавана на фундаменце драўлянай царквы 1443 у г.п. Зэльва (Гродзенская вобл.). Цагляны 1-нефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём з квадратнай званіцай і паўкруглай апсідай пад 2-схільным дахам. Аконныя праёмы прамавугольныя. Званіца 2-ярусная, з паўцыркульнымі вокнамі і шатровым дахам, над якім узвышаецца невял. купал на круглым барабане. У інтэр’еры над уваходам размешчаны хоры з драўлянай агароджай, упрыгожанай разным геам. арнаментам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры псеўдарус. стылю ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудавана ў 1894 з цэглы на цэнтр. плошчы горада. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём храма выцягнуты па папярочнай восі. Да яго прымыкаюць закругленая апсіда, дадатковы аб’ём і бабінец з ганкам. Па баках апсіды і бабінца размешчаны дапаможныя памяшканні. Асн. аб’ём завершаны 5-купаллем, бабінец — шатровай званіцай з галоўкай. У дэкоры фасадаў выкарыстаны какошнікі, арнаментальныя паяскі, ліштвы, паўцыркульныя нішы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОНСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудавана з дрэва ў 1826 у в. Блонь (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.). Сіметрычны прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай апсідай. Над бабінцам званіца (васьмярык на чацверыку) са шпілем, над сяродкрыжжам 8-гранны светлавы барабан са шлемападобным купалам. Гал. фасад акцэнтаваны манум. порцікам, які ўтвараюць 4 мураваныя калонкі і трохвугольны франтон. Сцены гарызантальна ашаляваны, завершаны карнізам з поясам «сухарыкаў», разным фрызам. У інтэр’еры асн. частка 3-нефавая, над бабінцам хоры.