«АНА́ЛАЎ» ШКО́ЛА кірунак у гістарыяграфіі, які склаўся ў Францыі вакол заснаванага ў 1929 час. «Annales d’histoire économique et sociale» [«Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі»; цяпер «Annales. Ekonomies, sociétés, civilisations» («Аналы. Эканоміка, грамадства, цывілізацыі»)]. Стваральнікі і рэдактары часопіса — франц. гісторыкі М.Блок і Л.Феўр, іх пераемнікі — Ф.Брадэль, Ж.Ле Гоф, Э.Леруа Ладзюры, М.Феро і інш. Прадстаўнікі «Аналаў» школы засяроджваліся на глыбінных працэсах, якія рухаюць гісторыю, пашырылі паняцце сац. гісторыі, разумеючы гіст. чалавека не толькі ў межах яго паліт. паводзін, але і ў звычайным жыцці і сац. псіхалогіі. Разглядаюць гіст. падзею, факт, біяграфію гіст. дзеяча як прызму, праз якую можна больш поўна аднавіць карціну жыцця людзей мінулых эпох; вывучаюць ментальныя працэсы ў грамадстве. У цяперашні час «Аналаў» школа (наз. таксама «новая гіст. навука») — моцны інтэлектуальны рух, які аб’ядноўвае вучоных Францыі, ЗША Англіі, Германіі, Аўстрыі, Італіі, Польшчы і інш. краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬБЕ́Р ((Colbert) Жан Батыст) (29.8.1619, г. Рэймс, Францыя — 6.9.1683),
французскі дзярж. дзеяч. Прадстаўнік меркантылізму (у Францыі атрымаў назву кальбертызм). З 1651 інтэндант кардынала Дж.Мазарыні, з 1661 дарадчык караля Людовіка XIV, з 1665 ген. кантралёр фінансаў, з 1669 марскі міністр. Амаль цалкам сканцэнтраваў у сваіх руках кіраўніцтва ўнутр. палітыкай Францыі. Прыхільнік абс. улады, імкнуўся да цэнтралізацыі дзярж. кіравання, ліквідаваў прывілеі правінцый і гарадоў, падпарадкаваў іх адзінаму заканадаўству. Дамагаўся павелічэння дзярж. даходаў шляхам стварэння мануфактур, заахвочвання прам-сці, павелічэння вывазу прамысл. тавараў і ўвозу сыравіны. Ініцыятар стварэння манапольных знешнегандл. кампаній (Вест-Індскай, Ост-Індскай і інш.). Спрыяў пракладцы і паляпшэнню дарог, каналаў, павелічэнню ваен. флоту (з 18 да 276 суднаў; 1683). Заснаваў некалькі акадэмій, у т. л. Акадэмію навук (1666), Каралеўскія акадэміі музыкі (1669), архітэктуры (1671). З 1667 чл.Франц. акадэміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК-МАГО́Н ((Mac-Mahon) Мары Эдм Патрыс Марыс) (13.6.1808, замак Сюлі, Францыя — 17.10.1893),
дзяржаўны і ваен. дзеяч Францыі. Нашчадак стараж.ірл. роду. Маршал Францыі (1859). Скончыў Сен-Сірскую ваен. школу (1827). З 1830 удзельнічаў у заваяванні Алжыра. У Крымскую вайну 1853—56 дывізія М.-М. 8.9.1855 авалодала пад Севастопалем Малахавым курганам, што прадвызначыла падзенне горада. Удзельнік аўстра-італа-французскай вайны 1859. У 1864—70 ген.-губернатар Алжыра. У час франка-прускай вайны 1870—71 няўдала камандаваў арміяй, разам з якой трапіў ў палон да герм. войск пасля паражэння пад Седанам (1870). Пасля вяртання з палону камандуючы арміяй, якая задушыла Парыжскую камуну 1871. Прэзідэнт франц. рэспублікі ў 1873—79. У 1877 удзельнічаў у падрыхтоўцы няўдалай спробы манархічнага дзярж. перавароту. У студз. 1879 датэрмінова пайшоў у адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТГО́МЕРЫАламейнскі
(Montgomery of Alamein) Бернард Лоу (17.11.1887, Лондан — 25.3.1976),
брытанскі ваен. дзеяч, фельдмаршал (1944), віконт (1946). Скончыў ваен. вучылішча ў Сандхерсце (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У пач. 2-й сусв. вайны (1939—40) удзельнічаў у баях на тэр.Францыі і Бельгіі. З жн. 1942 камандуючы 8-й англ. арміяй у Паўн. Афрыцы, нанёс паражэнне італа-герм. войскам (гл.Эль-Аламейнская аперацыя 1942). Са студз. 1944 камандуючы саюзнымі арміямі, якія высадзіліся ў Францыі і дзейнічалі ў Нармандыі, Бельгіі і Паўн. Германіі (гл.Нармандская дэсантная аперацыя 1944). З 1945 галоўнакамандуючы брыт. акупацыйнымі войскамі ў Германіі. З 1946 на розных ваен. пасадах, у т. л. ў 1951—58 першы нам. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі НАТО. Узнагароджаны ордэнамі СССР «Перамога» і Суворава 1-й ступені. Аўтар успамінаў (1958).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШАЛ (ад франц. maréchal),
1) у сярэдневяковай Францыі каралеўскі слуга; з 12 ст. — прыдворны саноўнік, які кіраваў целаахоўнікамі, коннай стражай, каралеўскімі стайнямі (гл. таксама Маршалак). У 13—15 ст. камандуючы часткай каралеўскіх войск.
2) Вышэйшае воінскае званне ў Францыі (з 16 ст.) і інш. краінах у 19—20 ст. У Расіі званню М. адпавядаў чын ген.-фельдмаршала. У 1894 гэтага звання ўдастоены І.У.Гурка (гл. ў арт.Гуркі). У СССР з 1935 існавала вышэйшае воінскае званне М. Сав. Саюза, з 1943 — М. родаў войск і Гал. М. родаў войск, якое адпавядала званню генерала арміі (адмірала флоту). У ліку М. Сав. Саюза былі А.М.Васілеўскі, Г.К.Жукаў, К.К.Ракасоўскі, В.Д.Сакалоўскі, І.І.Якубоўскі і інш. Ва Узбр. сілах Беларусі званне М. не існуе.
3) У Польшчы — званне некаторых службовых асоб (М. сейма, віцэ-М. сейма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТЭРА́Н ((Mitterrand) Франсуа) (26.10. 1916, Жарнак, Францыя — 8.1.1996),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Парыжскі ун-т, журналіст, адвакат. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення. У жн.—вер. 1944 ген. сакратар па справах ваеннапалонных ва ўрадзе Ш. дэ Голя. Пасля вайны міністр у розных кабінетах Чацвёртай рэспублікі 1946—58. Дэп. Нацыянальнага сходу Францыі (1946—58 і з 1962), сенатар (1959—62). Старшыня Федэрацыі левых дэмакр. і сацыяліст. сіл (1965—68), 1-ы сакратар Франц.сацыяліст. партыі (1971—81). У 1981—95 прэзідэнт Францыі. У знешняй палітыцы выступаў за паліт., эканам. і валютны саюз 12 еўрап. дзяржаў (гл.Еўрапейская эканамічная супольнасць), садзейнічаў яго інтэграцыі. Пасля распаду СССР і камуніст. блока прапанаваў канцэпцыю еўрап. канфедэрацыі. Аўтар кніг «Выклік Кітая» (1961), «Сацыялізм магчымага» (1971), «Палітыка» (1977) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1763,
мірны дагавор паміж Вялікабрытаніяй і Партугаліяй з аднаго боку, Францыяй і Іспаніяй — з другога, які завяршыў удзел гэтых краін у Сямігадовай вайне 1756—63. Падпісаны 10 лют. ў Парыжы. Паводле дагавора ў Амерыцы да Вялікабрытаніі адыходзілі ад Францыі — Новая Францыя (Канада), в-аў Кап-Брэтон, усе землі на У ад р. Місісіпі (Усх. Луізіяна, за выключэннем Новага Арлеана), шэраг астравоў Карыбскага м.; у Афрыцы — б.ч. калоніі Сенегал; у Індыі — амаль усе франц. ўладанні. Францыя вяртала Вялікабрытаніі захоплены ў 1756 в-аў Менорка ў Міжземным м. Іспанія перадавала Вялікабрытаніі Фларыду ў Паўн. Амерыцы, за што атрымлівала ад ФранцыіЗах. Луізіяну. Франц. войскі пакідалі Гановер і (разам з ісп. войскамі) Партугалію. П.м.д. азначаў перамогу Вялікабрытаніі над Францыяй у барацьбе за калан. і гандл. першынство.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАНСА́ЛЬСКАЯ МО́ВА, аксітанская мова,
адна з раманскіх моў (гала-раманская група). Пашырана на ПдФранцыі і ў Альпійскай Італіі. Мае 2 групы дыялектаў: паўн.-аксітанскія (лімузінскі, авернскі, праванса-альпійскі), сярэдне-аксітанскія (лангедокскі, праванскі) і гасконскі дыялект. У фанетыцы — адкрыты тэмбр галосных, захаванне пераднаціскных е і э, дыфтонгаў ai, oi, ou, ue, вымаўленне зычнага за насавым галосным, вял. колькасць слоў з націскам на перадапошнім складзе; у марфалогіі — спецыфічныя асаблівасці ўжывання часу дзеяслова, развітыя флексіі і інш.Літ. мова з 11 ст., з 13 ст.наз. П.м. У 12—13 ст. на П.м. шырока развіта паэзія трубадураў, сфарміравалася агульнаправансальская пісьм.-літ. мова. Пасля далучэння Праванса да Паўн.Францыі ў 13 ст. П.м. распалася на дыялекты. Пісьменства на аснове лац. графікі. Найб. старажытныя помнікі датуюцца 10—11 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭЖЭ́ (франц. agrege літар. прыняты ў таварыства),
вучоная ступень, уведзеная ў Францыі з 1808. Прысуджаецца выпускнікам ун-та пасля здачы спец. конкурсных экзаменаў. Дае права выкладаць у ліцэях, на прыродазнаўчанавук. і гуманітарных ф-тах ун-таў. Дыплом агрэжэ прыкладна эквівалентны дыплому, што атрымліваюць выпускнікі ун-таў СНД.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫ́ЧНАЯ СТРАФА́,
від 10-радковай страфы. Ужывалася ў паэзіі 16—17 ст. у Францыі, потым у Германіі і Расіі, дзе ў 18 ст. была традыцыйнай для ўрачыстых одаў. Адычная страфа аб’ядноўвала 4- і 6-радкоўе па схеме АбАбВВгДДг, пісалася 4-стопным ямбам з пэўным чаргаваннем рыфмаў.