ДЭПАРДЗЬЁ (Depardieu) Жэрар Ксаўе (н. 27.12.1948, г. Шатару, Францыя),

французскі кінаакцёр. Скончыў курсы драм. мастацтва Ш.​Дзюлена і Школу драм. мастацтва Ж.​Л.​Кашэ. У 1969—73 у аматарскай групе «Кафэ дэ ла гар». З 1968 у т-ры «Шаё». З 1966 у кіно. Пачынаў з роляў праставатых і цынічных хлопцаў, потым праявіў сябе як майстар псіхал. партрэта. У фільмах «Дваццатае стагоддзе», «Жанчына з Ганга», «Суседка», «Апошняе метро», «Дантон», «Пад сонцам Сатаны», «Сірано дэ Бержэрак» і інш. раскрывае складанае ўнутр. жыццё сваіх герояў.

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНО́ (Carnot) Нікала Леанар Садзі (1.6.1796, Парыж — 24.8.1832),

французскі фізік і інжынер, адзін са стваральнікаў тэрмадынамікі. Скончыў Політэхн. школу (1814). Выказаў ідэю стварэння цеплавой машыны, даў адну з першых фармулёвак 2-га закону тэрмадынамікі (1824). Увёў паняцце кругавога і абарачальнага працэсаў (гл. Карно цыкл), вызначыў ккдз ідэальнай цеплавой машыны Працы К. набылі шырокую вядомасць дзякуючы Б.Клапейрону, які ў 1834 надаў ім строгую матэм. форму.

Тв.:

Рус. пер. — Размышления о движущей силе огня и о машинах, способных развивать эту силу. М.;

Пг., 1923.

Н.Карно.

т. 8, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНКРЭ́ (Lancret) Нікала (22.1.1690, Парыж — 14.9.1743),

французскі жывапісец, прадстаўнік ракако. Вучыўся ў П.​Дзюлена (да 1708), К.​Жыло (1712—18). Зазнаў уплыў А.Вато. З 1719 чл. Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры. Аўтар вытанчаных галантных тэатр. і быт. сцэн, дэкар. пейзажаў, напісаных у мяккай жывапіснай манеры: «Канцэрт у парку», «Урок музыкі», «Танец», «Баль», «Вясковае вяселле» (1737), «Поры года» (1738) і інш. Партрэты распрацоўваў як жанравыя сцэны («Сям’я Бурбон-Канці»; «Танцоўшчыца Камарго», 1730). Ілюстраваў «Байкі» і «Казкі» Ж.​Лафантэна.

Н.Ланкрэ. Танцоўшчыца Камарго. 1730.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПМА́Н (Lippmann) Габрыэль (16.8. 1845, Халерых, Люксембург — 12.7. 1921),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1886). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1912). Скончыў Нармальную школу ў Парыжы (1868). З 1883 праф. Парыжскага ун-та. Навук. працы па малекулярнай фізіцы, механіцы і оптыцы. Распрацаваў метад каляровай фатаграфіі, заснаваны на інтэрферэнцыі святла, атрымаў першую каляровую фатаграфію сонечнага спектра (1891). Прапанаваў метад інтэгральнай фатаграфіі для атрымання аб’ёмных відарысаў (ліпманаўская фатаграфія; 1908), прынцыпы якога знайшлі ўвасабленне ў галаграфіі і растравых аптычных сістэмах. Нобелеўская прэмія 1908.

т. 9, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСО́ (Marceau) Марсель (н. 22.3. 1923, г. Страсбур, Францыя),

французскі акцёр-мім. Вучань рэжысёра Ш.​Дзюлена, акцёра Э.​Дэкру. Развіваў традыцыі мастацтва Ж.Б.Г.Дэбюро. У 1947—60 выступаў са сваёй трупай «Садружнасць мімаў». Творчасць вылучаецца драматызмам, паэтычнасцю, вастрынёй думкі, змястоўнымі вобразнымі абагульненнямі. Стварыў лірычны і наіўны вобраз Біпа, які з’яўляецца цэнтр. фігурай разнастайных паводле сюжэта і асн. тэмы мімічных сцэнак. Сярод лепшых работ: пантамімы «Шынель» (паводле М.​Гогаля), «Парыж плача, Парыж смяецца», мініяцюры «Юнацтва, сталасць, старасць, смерць», «У майстэрні масак», «Давід і Галіяф».

М.Марсо.

т. 10, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУАЗЁЙЛЬ, Пуазёй (Poiseuille) Жан Луі Мары (22.4.1799, Парыж — 26.12.1869), французскі ўрач і фізік. Чл. Франц. мед. акадэміі (1842). Вучыўся ў Політэхн. школе ў Парыжы. Навук. працы па фізіялогіі дыхання, дынаміцы кровазвароту, малекулярнай фізіцы і гідраўліцы. Выкарыстаў ртутны манометр для вымярэння крывянога ціску ў жывёл (1828). Эксперыментальна ўстанавіў закон выцякання вадкасці (гл. Пуазёйля закон). У гонар П. названа адзінка дынамічнай вязкасці — пуаз.

Літ.:

Воларович М.П. Работы Пуазейля о течении жидкости в трубах // Изв. АН СССР. Сер. физ. 1947. Т. 11, № 1.

т. 13, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАУ́ЛЬ (Raoult) Франсуа Мары (10.5.1830, Фурн-ан-Веп, Францыя — 1 4.1901),

французскі хімік і фізік Чл.-кар. Парыжскай АН (1890). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1899). Вучыўся ў Парыжскім ун-це. З 1853 выкладаў у розных ліцэях. З 1867 у Грэнобльскім ун-це (з 1870 праф.). Навук. працы па электра- і тэрмахіміі, аналіт. хіміі, даследаванні раствораў. Устанавіў законы, названыя яго імем (гл. Рауля законы), распрацаваў метад крыяскапіі. Аўтар манаграфіі «Крыяскапія» (1901).

Літ.:

Джуа М. История химии: Пер. с итал. М., 1975. С. 404.

т. 13, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫГЕ́М, ван Тыгем (van Tieghem) Філіп (19.4.1839, г. Баёль, Францыя — 30.4.1914), французскі вучоны ў галіне батанікі. Чл. (1877), віцэ-прэзідэнт (1898) і прэзідэнт (1899) Парыжскай АН. Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1908). З 1864 у Вышэйшай нармальнай школе, з 1879 праф. музея прыроднай гісторыі. Навук. працы па анатоміі раслін. Аўтар сістэмы кветкавых раслін, засн. на будове семязавязі і семені. Стварыў вучэнне (стэлярная тэорыя) пра тыпы будовы і заканамернасці эвалюцыі стэлы (цэнтр. ч. сцябла і кораня) вышэйшых раслін.

В.​Ф.​Ермакоў.

т. 16, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРНАНДЭ́ЛЬ [Fernandel, сапр. Фернан Кантандэн (Contandin); 8.5.1903, г. Марсель, Францыя — 26.2.1971],

французскі акцёр. Працаваў на эстрадзе, з 1931 у кіно. Вядомасць атрымаў як камед. акцёр у фільмах «Забавы эскадрона» (1932), «Сезар» (1936), «Францыск I» (1937), «Казімір» (1950), «Алі-Баба і сорак разбойнікаў» (1954) і інш. Майстэрства гратэскнага камізму, пераходу ад фарса да драмы выявілася ў фільмах «Бальная запісная кніжка» (1937), «Чырвоная гасцініца» (1951), «Закон ёсць закон» (1958), «Д’ябал і дзесяць запаветаў» (1962), серыі фільмаў пра Дона Каміла, меладраме «Паездка бацькі» (1966) і інш.

т. 16, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭДЭРЫ́К-ЛЕМЕ́ТР [Frédérick-Lemaître; сапр. Леметр (Lemaître) Антуан Луі Праспер; 29.7.1800, г. Гаўр, Францыя —26.1.1876],

французскі акцёр. З 1816 выступаў у дэмакр. т-рах бульвараў Парыжа. Прадстаўнік дэмакр. рамантызму і пачынальнік рэалізму ў франц. т-ры. Рэфарматар сцэн. мастацтва — адмовіўся ад класіцысцкага прынцыпу ідэалізацыі вобразаў. Сярод роляў: Рабер Макер («Заезны двор Адрэ» Анцье, Сент-Амана і Паліянта), Джэнара, Руі Блаз («Лукрэцыя Борджа», «Руі Блаз» В.​Гюго), бацька Жан («Парыжскі анучнік» Ф.​Пія), Жорж дэ Жэрмані («Трыццаць гадоў, ці Жыццё гульца» В.​Дзюканжа).

т. 16, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)