ГРЫГАРЫ́ШЫНА (Ірына Валер’еўна) (н. 5.4.1966, Мінск),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Дачка В.І.Грыгарышынай. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1981), Бел.АМ (1993). Працуе пераважна ў фарфоры. Сярод твораў: кампазіцыі «Метамарфозы», «Зімовы сад», серыі анімалістычнай пластыкі «Знакі задыяка», дэкар. блюд «Папараць-кветка», кубкаў «Адвечнае», сервізы «Тэатральны», «Перламутр», «Рэтра», «Святочны», «Брыганціна» і інш. (усе 1992—96). Валодае вытанчаным пачуццём колерапластыкі, стварае адметную вобразнасць і стылістыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎДАКІ́МАЎ (Уладзімір Мікітавіч) (н. 6.5.1939, г. Об Новасібірскай вобл., Расія),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1988). Скончыў Новасібірскі інж.-буд. ін-т (1971). З 1961 працаваў у Ін-це «Сібакадэмпраект». З 1971 у ін-це «Гроднаграмадзянпраект». Асн. работы ў Гродне: Дом піянераў і школьнікаў (1976), будынкі аблвыканкома (1982), упраўлення «Гроднасельбуд» (1981), кардыялагічнага цэнтра (1984), гасцініцы «Гродна» (1985), кінатэатра «Кастрычнік» (1987), аэравакзала (1991, усе ў сааўт.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЯЗО́ЎСКІ (Анатоль Пятровіч) (н. 5.2.1943, в. Крапіўна Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. празаік. Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1968). З 1987 дырэктар Дома літаратара, з 1989 намеснік старшыні СП Беларусі, з 1994 старшыня праўлення Бел.літ. фонду. Друкуецца з 1973. Уздымае маральна-этычныя праблемы жыцця сучасніка (кн. прозы «Пералом», «Чаканне шчасця», «ІДУ з надзеяй», усе 1981, «Горкі хлеб», 1985, п’еса «Людзі ліхалецця», 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБАНІ́Д,
апошні цар Вавілонскага царства, правіў у 556—539 да н.э. Паходзіў з арамеяў. Захапіў прастол пасля смерці цара Лабашы-Мардука. Імкнуўся аб’яднаць усе арамейскія плямёны Пярэдняй Азіі ў адзіную дзяржаву для барацьбы супраць Персіі. Заваяваў г. Тайма ў цэнтр. Аравіі і перанёс туды сваю рэзідэнцыю, намеснікам Вавілоніі пакінуў свайго сына Валтасара. Праводзіў рэліг. рэформы. У 539 Вавілонію захапілі персы, Н. трапіў у палон і загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛЕ́СНІК (Mercurialis),
род кветкавых раслін сям. малачаевых. 8 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 від — П. шматгадовы (M. perennis), нар. назвы сіневароць, сінярод. Трапляецца ў шыракалістых і мяшаных лясах, хмызняках.
Адна- і шматгадовыя травы без млечнага соку. Лісце супраціўнае, цэласнае. Кветкі аднаполыя (расліны двухдомныя), дробныя, зеленаватыя, беспялёсткавыя, сабраныя ў суквецце або адзіночныя. Плод — каробачка. Усе віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РВІС (англ. service служба),
дабраякасныя абслугоўванне, рамонт ці наладка тэхн. сродкаў, быт. апаратуры, камунальнай тэхнікі і г.д. Адрозніваюць С. перадпрадажны (уключае ліквідацыю няспраўнасцей, выяўленых пасля транспартавання тавару або пры апрабаванні) і пасляпродажны (падзяляецца на гарантыйны і паслягарантыйны). У гарантыйны перыяд спецыялісты службы С. бясплатна выконваюць усе работы па забеспячэнні бесперабойнай эксплуатацыі вырабу, уключаючы і навучанне спажыўца прыёмам карыстання. У паслягарантыйны перыяд работы выконваюцца за плату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАФІ́ТЫ [ад аэра... + ...фіт(ы)],
«паветраныя» расліны, якія атрымліваюць усе неабходныя пажыўныя рэчывы з атмасферы. Да іх належаць эпіфіты, некаторыя імхі, што пасяляюцца на ствалах і галінках дрэў (у тропіках — нават на лісці), нешматлікія водарасці, якія жывуць на кары дрэў, і некаторыя лішайнікі (напр., т.зв. лішайнікавая манна). Аэрафітамі называюць таксама расліны, якія нармальна развіваюцца толькі на добра аэраваных глебах (у флоры Беларусі, напрыклад, розныя віды псамафітаў — аўсяніца палеская, смалёўка армерыяпадобная, ціпчак і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗАДХО́ДНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
асобная вытворчасць або прамысловы комплекс, у якім на аснове выкарыстання безадходных тэхналогій забяспечваецца максімальнае атрыманне прадукцыі высокай якасці без адходаў (ці пры іх мінімальнай колькасці). Прынцып безадходнай вытворчасці запазычаны ў прыроды, якая дзейнічае па замкнёнай схеме. Безадходная вытворчасць магчыма пры такім спалучэнні тэхналогій, якое дазваляе максімальна утылізаваць усе кампаненты выкарыстанай сыравіны і ўжываць унутры прадпрыемства адходы аднаго віду прадукцыі для вырабу другога і інш., да поўнай ліквідацыі адходаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РАНАЎ (Ігар Леанідавіч) (н. 20.1.1936, г. Екацярынбург, Расія),
рускі спявак (барытон). Засл. арт. Расіі (1970). Скончыў Горкаўскую кансерваторыю (1960), выкладаў у ёй (1980—92). У 1961—87 саліст Горкаўскага т-ра оперы і балета. З 1993 у Бел. акадэміі музыкі. На сцэне Опернай студыі акадэміі паставіў оперы «Утаймаванне свавольніцы» В.Шабаліна, «Любоўны напітак» Г.Даніцэці, «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага, кампазіцыю паводле оперы «Так робяць усе» В.А.Моцарта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛГЕБРЫ АСНО́ЎНАЯ ТЭАРЭ́МА,
класічная тэарэма існавання, якая сцвярджае, што кожны мнагасклад з камплекснымі каэфіцыентамі мае камплексны корань. Упершыню выказаў ням. матэматык П.Ротэ (1608), першым дакладна даказаў К.Гаўс (1799). Усе доказы абапіраюцца на тапалагічныя ўласцівасці мностваў камплексных і рэчаісных лікаў. З алгебры асноўнай тэарэмы вынікае: колькасць каранёў мнагаскладу супадае са ступенню мнагаскладу; кожны паліном з рэчаіснымі каэфіцыентамі раскладаецца ў здабытак лінейных і квадратычных множнікаў з рэчаіснымі каэфіцыентамі.