ВУЛКАНАГЕ́ННА-АСА́ДКАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

паклады карысных выкапняў, якія ўтварыліся пры асаджэнні мінер. прадуктаў вулканічных вывяржэнняў на дне стараж. мораў і акіянаў, на астравах, уздоўж берагоў. Вулканагенны матэрыял на плошчы асадканамнажэння можа паступаць у растворах газу і гарачых вод вулканічнага паходжання, у адсарбіраваным выглядзе на паверхні часцінак попелу, як кампанент вышчалочвання лаў і попелаў. Формы пакладаў — пліты, пласты, жаўлакі. Вядомы вулканагенна-асадкавыя радовішчы жалеза, марганцу, медзі, цынку, свінцу, баксітаў, фасфарытаў і інш. Мяркуюць, што намнажэнні жаўлаковых руд жалеза і марганцу на дне Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў (жалезамарганцавыя канкрэцыі) таксама ўтварыліся з прадуктаў падводных вывяржэнняў маладых вулканаў.

У.​Я.​Бардон.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ СВІНО́,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 35 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 3,44 км², даўж. 4,12 км, найб. шыр. 1,47 км, найб. глыб. 9,8 м, даўж. берагавой лініі каля 13,5 км. Пл. вадазбору 180 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м (на З і ПдЗ да 15 м). Берагі нізкія, параслі водна-балотнай расліннасцю. Дно пясчанае, глыбей за 1,5—3 м выслана глеямі. Уздоўж берагоў паласа расліннасці шыр. да 220 м. У возера ўпадае р. Чарнец і 4 ручаі, выцякае р. Асмоціца; злучана пратокай з воз. Малое Свіно.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ СУПО́НЕЦ,

возера на мяжы Глыбоцкага і Ушацкага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Альзініца, за 19 км на З ад г.п. Ушачы. Пл. 0,42 км², даўж. 960 м, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 23,8 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,6 км. Пл. вадазбору 6,13 км². Схілы катлавіны выш. 15—18 м (на Пн 5—10 м, спадзістыя) пад лесам, на ПнЗ разараныя. Дно складанай будовы (чаргуюцца ўпадзіны і мелі). Зона мелкаводдзя вузкая, выслана пяскамі і глеямі, глыбей — сапрапелем. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. 8—50 м. Злучана пратокай з воз. Малы Супонец.

т. 4, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІЯ́НСКАЯ НІЗІ́НА,

прыбярэжная нізіна на ПнУ Паўд. Амерыкі, у Гаяне, Сурынаме і Франц. Гвіяне. Размешчана ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак., паміж дэльтай р. Арынока і 4° паўн. шыраты. Шыр. да 200 км. Складзена з марскіх і алювіяльных адкладаў; месцамі ўзнімаюцца стараж. крышт. пароды, якія ў рэльефе ўтвараюць астраўныя ўзвышшы. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэдняя т-ра ад 26 да 28 °C, ападкаў да 3300 мм за год. На Пн і Пд пераважаюць вечназялёныя лясы, у цэнтр. ч. — саванны, уздоўж узбярэжжа — мангравыя зараснікі, балоты. Плантацыі рысу, цукр. трыснягу; вырошчваюць каву, какаву, трапічную садавіну.

т. 5, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БРЫНА,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Зах. Дзвіна, за 10 км на ПдЗ ад Віцебска. Пл. 0,37 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 15,2 км². Схілы катлавіны выш. да 20 м (на Пн і Пд да 5 м), у верхняй ч. разараныя, на У пад хмызняком. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, уздоўж урэзу вады параслі хмызняком, на Пн нізкія, пераўвільготненыя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — сапрапелі; глеі. Зарастае слаба. У возера ўпадае ручай, на Пн выцякае ручай у Зах. Дзвіну.

т. 6, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬНЯ,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Яльнянка, за 16 км на ПдУ ад г. Міёры, у межах гідралагічнага заказніка Ельня, сярод вярховага балота Мох. Пл. 5,4 км², даўж. 4,9 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,5 м, даўж. берагавой лініі каля 15 км. Пл. вадазбору 14,4 км². Схілы катлавіны невыразныя. Берагі на З і Пн выш. да 1,5 м, на У і ПнУ пясчана-жвіровыя, шмат валуноў. Дно плоскае, сапрапелістае, каля зах. берага тарфяністае, каля ўсх. — пясчана-жвіровае. Уздоўж берагоў рэдкі трыснёг і чарот. Сцёк у воз. Чорнае.

Возера Ельня (Міёрскі раён).

т. 6, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫТНЯ́К (Agropyron),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн. Афрыцы, Азіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі. На Беларусі як занесены і натуралізаваны трапляецца Ж. грэбенепадобны (A. pectinatum). Расце каля дарог, на пустках, газонах і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным звычайна слабашурпатым сцяблом і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкае, лінейнае, іншы раз уздоўж згорнутае, часта з тонкімі шыпікамі. Агульнае суквецце — яйцападобны, падоўжаны ці лінейны сціснуты двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, з 3—10 кветкамі. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны, замацоўваюць рухомыя пяскі.

Г.​У.​Вынаеў.

Жытняк грэбенепадобны.

т. 6, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭ́ННА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 28 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 0,57 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 25 м, даўж. берагавой лініі 3,7 км. Пл. вадазбору 10,9 км². Схілы катлавіны выш. 15—25 м (на Пн і У 5—8 м), пад лесам і хмызняком. Мелкаводдзе вузкае, дно да глыб. 6—8 м пясчанае, ніжэй глеістае. На ПдУ упадае ручай з воз. Лешна, на ПдЗ выцякае ручай у воз. Крывое. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шыр. да 20 м.

т. 6, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭ́РЫНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Усвейка, за 9 км на У ад г. Чашнікі. Пл. 8,74 км², даўж. 6,6 км, найб. шыр. 1,7 км, найб. глыб. 3,6 м, даўж. берагавой лініі 14,8 км. Пл. вадазбору 45,8 км². Схілы катлавіны выш. да 2 м (на ПдУ і З да 10 м), пераважна пад лесам і хмызняком. Берагі сплавінныя, на З пясчаныя, параслі хмызняком. Дно сапрапелістае, уздоўж зах. берага пясчанае. У паўд. частцы востраў пл. 14 га. Зарастае. Упадаюць 6 ручаёў, выцякае ручай у р. Усвейка.

Жэрынскае возера.

т. 6, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ КАРДЫЛЬЕ́РА А́НДАЎ (Cordillera Occidental),

горны хрыбет, найб. высокі зах. край горнай сістэмы Андаў. Размешчана на тэр. Калумбіі, Эквадора, Перу, Балівіі, уздоўж чылійска-балівійскай мяжы. Даўж. каля 400 км. Выш. рэльефу ад 2500 м да 5000 м і больш. Найб. выш. 6768 м (г. Уаскаран). Складзена з трыясава-юрскіх вапнякоў, кангламератаў, пясчанікаў, гіпсаў, сланцаў, якія перамяжаюцца вулканічнымі пародамі і пранізаны інтрузіямі гранадыярытаў. Старажытны і сучасны вулканізм, шматлікія дзеючыя і патухлыя вулканы (Чымбараса, 6267 м; Карапуна, 6425 м; Сахама, 6520, і інш.). На самых высокіх вяршынях снежнікі і ледавікі. Радовішчы золата, плаціны, серы, руд медзі і жалеза.

т. 7, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)