ЛЕВЕР’Е́ ((Le Verrier) Урбен Жан Жазеф) (11.3.1811, г. Сен-Ло, Францыя — 23.9.1877),
французскі астраном. Чл. Парыжскай АН (1846). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1848). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1833). З 1854 дырэктар Парыжскай абсерваторыі. Навук. працы па нябеснай механіцы і тэорыі руху вял. планет Сонечнай сістэмы. На аснове даследавання ўзбурэнняў Урана вызначыў (1846, незалежна ад Дж.К.Адамса) арбіту і становішча планеты, названай Нептунам (адкрыта ў 1846 ням. астраномам І.Г.Гале). Адкрыў векавы рух перыгелія Меркурыя, што знайшло тлумачэнне ў агульнай тэорыі адноснасці.
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966. С. 391—396.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ ((Lie) Марыус Софус) (17.12.1842, г. Нурф’ёрдэйд, Нарвегія — 18.2.1899),
нарвежскі матэматык. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1896). Скончыў ун-т у Крысціяніі (Осла, 1865). Праф. ун-таў у Крысціяніі (з 1872) і Лейпцыгу (1886—98). Навук. працы па тэорыі груп і дыферэнцыяльнай геаметрыі. Стварыў класічную тэорыю неперарыўных груп (групы Лі), якая зрабіла вял. ўплыў на развіццё тэорыі дыферэнцыяльных ураўн., алгебры, геаметрыі, тапалогіі, тэарэт. фізікі. У выніку прац Лі і Ф.Клейна геаметрыя была перабудавана на базе тэарэтыка-групавых пераўтварэнняў. Міжнар. прэмія імя М.І.Лабачэўскага 1897.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́СЕЎ (Уладзіслаў Валянцінавіч) (28.4. 1938, пас. Жывёлагадоўчы Саўгас Горкаўскага р-на Омскай вобл., Расія — 18.11.1990),
бел. вучоны ў галіне тэорыі перадачы інфармацыі, стваральнік навук. школы па лічбавай апрацоўцы і кадзіраванні інфармацыі. Д-ртэхн.н. (1983), праф. (1985). Скончыў Уральскі політэхн.ін-т у Свярдлоўску (1960). З 1968 у Мінскім радыётэхн. ін-це. Навук. працы па лічбавых метадах апрацоўкі сігналаў, спектральным аналізе, тэорыі кадзіравання, ахове інфармацыі.
Тв.:
Обнаружение и исправление ошибок в дискретных устройствах. М., 1972 (у сааўт.);
Надежное хранение информации в полупроводниковых запоминающих устройствах. М., 1986 (разам з В.К.Канапелькам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НГЕР ((Menger) Карл) (23.2.1840, г. Новы-Сонч, Польшча — 27.2.1921),
аўстрыйскі эканаміст, заснавальнік аўстрыйскай эканамічнай школы; адзін з заснавальнікаў гранічнай карыснасці тэорыі. Вучыўся ў Пражскім і Венскім ун-тах. Д-рэканам.н. У 1879—1903 праф. Венскага ун-та. У цэнтр канцэпцыі ставіў індывіда, яго патрэбнасці і сродкі іх задавальнення лічыў зыходным пунктам даследавання. У сферы размеркавання развіў ідэі, якія ляглі ў аснову тэорыі стаўлення. Лічыў, што каштоўнасць сродкаў вытв-сці вызначаецца меркаванай каштоўнасцю спажывецкага прадукту; прапанаваў спосаб вызначэння ўкладу, які робіць кожны з фактараў вытв-сці. Асн. праца «Асновы палітычнай эканоміі» (1871).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАТЭО́РЫЯ,
тэорыя, аб’ектам даследавання якой з’яўляецца якая-небудзь інш. тэорыя, якая аналізуе ўласцівасці, структуру, метады, лагічныя асновы (доказнасць, супярэчлівасць, строгасць і інш.) прадметнай тэорыі. М. ўстанаўлівае памеры тэорыі, спосабы ўвядзення новых паняццяў, дае магчымасць пабудаваць яе больш рацыянальным спосабам. Вынікі М. могуць фармалізавацца і вывучацца далей. Фармулюецца М. на метамове. Найб. пашырана М. логікі (металогіка) і матэматыкі (метаматэматыка). Задачай М. з’яўляецца даследаванне ўмоў фармалізацыі навук. тэорый, а таксама сінтакс. (лагічны сінтаксіс) і семантычных (семантыка лагічная) уласцівасцей фармалізаваных моў. Такія даследаванні набываюць асаблівае значэнне ў сувязі з развіццём кібернетыкі і выліч. тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Барыс Мікалаевіч) (11.3.1913, г. Смаленск, Расія — 23.8.1980),
расійскі вучоны ў галіне механікі і аўтам. кіравання. Акад.АНСССР (1960, чл,кар. з 1953). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі энергет.ін-т (1939). З 1939 у Ін-це праблем кіравання, з 1963 акад.-сакратар Аддз. механікі і працэсаў кіравання, з 1979 віцэ-прэзідэнт АНСССР. З 1966 старшыня Савета «Інтэркосмас» пры АНСССР. Навук. працы па аналітычнай механіцы, тэорыіаўтам. кіравання рухомымі аб’ектамі, тэорыі саманаладжвальных сістэм. Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМЕ́ННЫ КАПІТА́Л,
у марксісцкай эканам.тэорыі — частка капіталу, якая затрачана на фарміраванне рабочай сілы; можа мяняць сваю вартасць у працэсе вытв-сці, таму што ўтварае дадатковую прадукцыю або прыбавачную вартасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЁМА (грэч. axiōma),
палажэнне, якое прымаецца без лагічных доказаў на падставе непасрэднай пераканаўчасці; сапраўднае зыходнае палажэнне, на якім грунтуюцца доказы інш. палажэнняў навук.тэорыі. Сістэма аксіёмы не з’яўляецца раз і назаўсёды закончанай і, як і самі аксіёмы, змяняецца з развіццём чалавечага пазнання. Тэрмін «аксіёма» ўпершыню сустракаецца ў Арыстоцеля, потым праз працы паслядоўнікаў і каментатараў Эўкліда трывала ўвайшоў у геаметрыю. У сярэднявеччы пранік ў інш. навукі, а праз іх — у штодзённы побыт, дзе аксіёмай наз. суджэнні, шмат разоў правераныя на практыцы. Доўгі час аксіёма разглядалася як вечная і непарушная ісціна, што не патрабуе доследу і не залежыць ад яго. Лічылася, што спроба абгрунтавання можа толькі падарваць яе відавочнасць. Пераасэнсаванне праблемы абгрунтавання аксіёмы змяніла і змест самога тэрміна, паводле якога аксіёма не зыходны пачатак пазнання, а хутчэй яго прамежкавы вынік. Яна абгрунтоўваецца не сама па сабе, а як неабходны састаўны элемент тэорыі, пацвярджэнне якой ёсць адначасова і пацвярджэнне яе аксіёмай. У сучаснай навуцы пытанне пра ісціннасць аксіёмы вырашаецца ў рамках іншых навук. тэорый або шляхам інтэрпрэтацыі дадзенай тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
адзін з тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (разам з моцным, эл.-магн. і слабым), які характарызуецца ўдзелам у працэсах узаемадзеяння гравітацыйнага поля (поля прыцягнення). У адрозненне ад іншых узаемадзеянняў мае універсальны характар: гравітацыйнае ўзаемадзеянне ў аднолькавай ступені ўласціва ўсім матэрыяльным аб’ектам — ад элементарных часціц да зорак і галактык.
У гравітацыйным узаемадзеянні ўдзельнічаюць усе класы элементарных часціц (напр., фатон, лептоны, адроны). З-за іх малых мас гравітацыйнае ўзаемадзеянне з’яўляецца самым слабым з усіх тыпаў узаемадзеянняў элементарных часціц і ў тэорыі элементарных часціц звычайна не ўлічваецца. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне можа стаць істотным пры ўліку эфектаў квантавай тэорыі гравітацыі, паводле якой гравітацыйнае ўзаемадзеянне тлумачыцца як вынік абмену квантамі гравітацыйнага поля — гравітонамі. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне мае бясконца вял. радыус дзеяння і адыгрывае важную ролю ў макрасвеце, з’яўляючыся асн. фактарам узаемадзеяння і эвалюцыі планет, зорак, галактык і самога Сусвету. Для дастаткова слабых гравітацыйных палёў выконваецца сусветнага прыцягнення закон. Гравітацыйныя эфекты, рух цел і эвалюцыя астрафіз. аб’ектаў у моцных палях прыцягнення падпарадкоўваюцца законам агульнай адноснасці тэорыі. Гл. таксама Прыцягненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ЎСКІ (Мікалай Ягоравіч) (17.1.1847, г. Арэхава-Зуева Уладзімірскай вобл., Расія — 17.3.1921),
рускі вучоны, заснавальнік сучаснай гідра- і аэрамеханікі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1894). Скончыў Маск. ун-т (1868). Праф. Маск. ун-та (з 1886) і Маск. вышэйшага тэхн. вучылішча (з 1887). Арганізатар і першы кіраўнік (з 1918) Цэнтр. аэрагідрадынамічнага ін-та (ЦАГІ). Навук. працы па тэорыі авіяцыі, механіцы цвёрдага цела, гідрадынаміцы, гідраўліцы, астраноміі, матэматыцы і інш. Стварыў тэорыю гідраўлічнага ўдару (1898), адкрыў закон, які вызначае пад’ёмную сілу крыла самалёта (гл.Жукоўскага тэарэма), тэарэтычна прадказаў шэраг магчымых траекторый лёту (напр., «мёртвую пятлю», якую выканаў рус. лётчык П.М.Несцераў, 1913). У 1912—18 распрацаваў віхравую тэорыю паветр. вінта; вызначыў найб. прыдатныя профілі крылаў і лопасцей вінта самалёта. Прапанаваў тэорыю ўтварэння каметных хвастоў, метад вызначэння элементаў планетных арбіт, выканаў шэраг грунтоўных даследаванняў па тэорыі механізмаў, тэорыі ўстойлівасці руху і інш. Стварыў некалькі навук. школ у галіне дастасавальнай механікі.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—7. М.; Л., 1948—50.
Літ.:
Космодемьянский А.А. Н.Е.Жуковский. М., 1969;
Н.Е.Жуковский — библиография печатных трудов. М., 1968.