МАЗЫ́РСКІ КЛУБ-ТЭА́ТР,

помнік архітэктуры канструктывізму ў г. Мазыр Гомельскай вобл. Узведзены ў 1929—32. 2-павярховы асіметрычны П-падобны ў плане мураваны будынак. Мае дакладна размежаваныя тэатр. і клубную часткі, кожная з асобным уваходам і вестыбюльнай групай, злучаныя паміж сабой папярочным крылом-пераходам. Маст. аблічча будынка вырашана лаканічнымі сродкамі. На гал. фасадзе вылучаецца паўкруглы з 6 калонамі аб’ём з уваходам у глядзельную частку. У будынку працавалі Мазырскія т-ры: рабочай моладзі (з 1935), калг.-саўгасны (1935—38), Палескі абл. драматычны (1938—41, 1944—46).

А.​А.​Воінаў.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ТЭА́ТР «ЛЯ́ЛЬКА».

Створаны ў 1990 у Віцебску з трупы лялечнікаў, якая працавала пры Бел. т-ры імя Я.​Коласа з 1986. Маст. кіраўнік В.​Клімчук, гал. мастак А.​Сідараў (з 1990). 20.4.1986 паказаны першы спектакль трупы «Дзед і Жораў» В.​Вольскага. Як самастойны тэатр адкрыўся ў 1990 спектаклем «Казка пра Ямелю» Я.​Тарахоўскай. У супрацоўніцтве з бел. аўтарамі створаны спектаклі: «Прыгоды трох парасят» Н.​Мацяш, «Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка» П.​Сіняўскага, «Іванава шчасце» А.​Дыбчы (паводле бел. нар. казак), «Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка» У.​Граўцова (паводле твораў Я.​Баршчэўскага). Сярод інш. пастановак: «Усмешка клоуна» Я.​Чапавецкага, «Казкі Андэрсена» (інсцэніроўка рэж. Я.​Угрумава), «Чорная курыца» А.​Пагарэльскага, «Папялушка» Я.​Шварца, «Лялечнік» М.​Стывенса, «Дапытлівы слонік» Р.​Кіплінга, «Хлопчык-зорка» О.​Уайльда. Акцёры працуюць з лялькамі розных сістэм (марыянеткі, трысцёвыя, планшэтныя, пальчатачныя).

Дз.​У.​Стэльмах.

Да арт. Беларускі тэатр «Лялька». Удзельнікі спектакля «Дзед і Жораў» В.​Вольскага.

т. 2, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНГЕ́РСКІ О́ПЕРНЫ ТЭА́ТР,

буйнейшы муз. тэатр Венгрыі ў Будапешце. Засн. ў 1837 у Пешце (з 1840 Нац. т-р). Ставіў оперныя і драм. спектаклі. У 1884 аркестр і оперная трупа вылучаны ў самаст. т-р (Каралеўскі оперны т-р, цяпер Венгерскі оперны т-р), які перайшоў у новы будынак (пабудаваны ў стылі рэнесансу, упрыгожаны фрэскамі і скульпт. творамі; глядзельная зала на 1398 месцаў). У рэпертуары т-ра венг. нац. оперы і балеты, творы замежнай, у т. л. рус., класікі. Філіял — Т-р імя Ф.​Эркеля (з 1951). Сярод кіраўнікоў і дырыжораў т-ра Ф.Эркель, Г.Малер, А.Нікіш, О.Клемперэр.

т. 4, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР 4/232; 7/221; 9/136; 12/62э, 639

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Гомельскі абласны тэатр лялек 3/535, 548, 549; 10/370, 371; 12/639

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР імя І.​Мележа.

Створаны ў 1990 у г. Мазыр Гомельскай вобл. на базе нар. т-ра гар. Дома культуры; да 1994 наз. Бел. эксперыментальны т-р «Верасень». Заснавальнік і першы кіраўнік М.​Колас. З 1992 дырэктар і маст. кіраўнік С.​Кліменка, з 1994 маст. кіраўнік В.​Ласоўскі. Т-р працуе ў будынку б. Дома культуры, мае вял. і малую сцэны.

У рэпертуары пераважаюць спектаклі камед. жанру. Т-р плённа працуе з бел. драматургамі, эксперыментуе ў галіне муз. відовішча: «Несцерка» В.​Вольскага, «Welcome ў нашу вёску» Г.​Марчука, «Хачу быць мільянерам» А.​Дзялендзіка, «Шкірдзюкі займаюць абарону» В.​Ткачова, «Мар’я» А.​Кудраўцава, «Купальская ноч» і «Гуляць дык гуляць» («Вяртаецца муж з камандзіроўкі») Ю.​Куліка, «Трышчан ды Іжота» С.​Кавалёва і інш. Значнае месца ў рэпертуары займаюць творы класічнай і сучаснай замежнай драматургіі: «Даходнае месца» А.​Астроўскага, «Пад адным дахам» Л.​Разумоўскай, «Ехай» Н.​Садур, «Стваральніца цуда» і «Утаймаванне тырана» У.​Гібсана, «Як пазнаёміцца з бацькам» («Хачу здымацца ў кіно») паводле Н.​Саймана і інш. Сярод пастановак для дзяцей: «Прыгоды Люстрынкі, ці Несусветнае зладзейства» І.​Сідарука, «Прынцэса і Янка» У.​Ягоўдзіка, «Беласнежка і сем гномаў» Л.​Усцінава і А.​Табакова, «Птушка, што забыла сваю песню» паводле Г.​Пракопа і інш. Лепшыя спектаклі т-ра вызначаюцца музычнасцю, дынамічным рытмам, сакавітым гумарам і рэжысёрскай фантазіяй. Тэатр — лаўрэат Міжнар тэатр. фестывалю «Студыйныя каляды» ў Мінску (1991).

В.​А.​Грыбайла.

Мазырскі драматычны тэатр імя І.​Мележа. Сцэна са спектакля «Утаймаванне тырана».

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГІ́ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР, Другі чырвонаармейскі паказальны тэатр пры палітаддзеле 16-й арміі Заходняга фронту. Існаваў з восені 1920 да ліп. 1921. Сфарміраваны ў Бабруйску з акцёраў Петраградскага нар. дома, рус. труп і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Меў філіял у авіяатрадзе «Ілья Мурамец». Начальнікі т-ра С.​Бахрах, В.​Няволін, рэж. А.​Пакрасаў-Гяцэвіч. Меў важнае значэнне для аб’яднання творчых работнікаў, узаемаабагачэння бел. і рус. тэатр. культур. У рэпертуары пераважалі рус. класічная драматургія, агітацыйныя п’есы і канцэрты.

Сярод пастановак: «Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна, «Без віны вінаватыя», «Апошняя ахвяра», «Беднасць не загана», «Беспасажніца» А.​Астроўскага, «Горкі лёс» А.​Пісемскага, «Павел I» Дз.​Меражкоўскага, «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, «Жывы труп» Л.​Талстога, «Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна, «Дні нашага жыцця» Л.​Андрэева, «Рэвізор» і «Жаніцьба» М.​Гогаля, «На дне» М.​Горкага, «Патанулы звон» Г.​Гаўптмана, «Атэла» У.​Шэкспіра. У трупе т-ра было каля 80 чал., у т. л. акцёры Б.​Быхоўскі, М.​Дняпроў, К.​Замешына, В.​Зярноў, К.​Кулакоў, Няволін, У.​Фарасаў. Вясной 1921 т-р быў рэарганізаваны і перададзены палітупраўленню Зах. фронту, узначальваў яго Дняпроў. Неўзабаве расфарміраваны.

т. 6, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ РА́ТУШНЫ ТЭА́ТР,

назва гар. т-ра, які дзейнічаў у 1847—51 у памяшканні Мінскай ратушы. У ім выступалі пастаянныя гар. антрэпрызы Я.​Хелмікоўскага, В.​Вяржбіцкага, В.​Драздоўскага, ставілі драм. і муз. спектаклі на рус., польск. і ўкр. мовах. Фае, зала і ложы т-ра былі размаляваны гар. дэкаратарам Я.​Кураткевічам. Былі пастаўлены п’есы І.​Катлярэўскага («Наталка-Палтаўка», «Маскаль-чараўнік»), Р.​Квіткі-Аснаўяненкі («Шальменка — валасны пісар», «Сватанне на Ганчароўцы»), П.​Грыгор’ева («Дачка рускага акцёра»), П.​Каратыгіна («Школьны настаўнік»), М.​Някрасава («Шыла ў мяшку не ўтоіш...»), М.​Гогаля («Рэвізор», упершыню на Беларусі), М.​Загоскіна («Высакародны тэатр»), Дз.​Ленскага («Леў Гурыч Сінічкін»), У.​Шэкспіра і інш.

т. 10, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дзяржаўны польскі тэатр БССР 3/13; 4/29, 229—230; 8/512; 12/635

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Заслаўскі калгасна-саўгасны тэатр 2/166; 4/506; 5/251; 8/441; 10/91

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)