ДЫХАГА́МІЯ (ад грэч. dicha асобна, паасобку + ...гамія),
розначасовае выспяванне пыльнікаў і рыльца кветкі або органаў рознага полу ў споравых раслін. Адзін з механізмаў, які перашкаджае самаапыленню і садзейнічае перакрыжаванаму апыленню. Адрозніваюць пратандрыю, калі пыльнікі раскрываюцца раней, чым выспявае рыльца (напр., у большасці гваздзіковых, гераніевых і інш.), і пратагінію, калі раней выспявае рыльца кветкі (напр., у крыжакветных, ружавых і інш.), што бывае радзей. Тып Д. зрэдку можа залежаць ад умоў надвор’я (напр., у асаковых у гарачую вясну замест пратаганіі можа назірацца пратандрыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕА́С (ад італьян. galeazza вялікая галера),
гальес, парусна-вяслярны ваенны карабель 16—17 ст. у еўрап. флотах. Прамежкавы тып судна паміж галерай і ветразевым суднам. Даўж. да 80 м, шыр. 9—16 м, па 1 раду вёслаў з кожнага борта (па 9—10 весляроў-нявольнікаў), 3 мачты з косымі ветразямі, 2 палубы (ніжняя для весляроў, верхняя для салдат і гармат). Узбраенне да 70 гармат рознага калібру, надводны таран. Каманда 800—1200 чал. Упершыню выкарыстаны венецыянцамі ў баі з туркамі пры Лепанта (1571).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎНУХАІДЫ́ЗМ (ад грэч. eunuchos кастрат + eidos від),
спалучэнне недаразвіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет з дыспрапарцыянальным целаскладам. Абумоўлены гіпафункцыяй палавых залоз. Найчасцей бывае ў мужчын. Адрозніваюць 2 формы Е.: еўнухаідны гігантызм і еўнухаіднае атлусценне; звычайна назіраецца змешаны тып. Прыкметы Е.: парушэнне росту — гігантызм і дыспрапорцыі шкілета (доўгія канечнасці, асабліва ніжнія, пры кароткім тулаве), тонкія косці, вузкія плечы, шырокія памеры таза (у жанчын — вузкі таз), атлусценне, адсутнасць расліннасці на твары, лабку, у падпахавых упадзінах, высокі тэмбр голасу; палавыя пачуцці рэзка зніжаны. Лячэнне: гармонатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
тып вытворчасці, які характарызуецца адзінкавым вырабам прадукцыі разнастайнай і непастаяннай наменклатуры. Да І.в. адносяцца прадпрыемствы, што вырабляюць буйныя турбіны, пракатныя станы, судны, унікальныя станкі, металург і горнае абсталяванне, а таксама рамонтныя і доследныя з-ды. У адрозненне ад масавай вытворчасці і серыйнай вытворчасці пры І.в. дапускаецца нерэгламентаваны рух вырабу па рабочых месцах і свабодны рытм работы. Працэс вытв-сці кожнага заказу праектуецца індывідуальна. Разнастайная наменклатура прадукцыі, а таксама унікальнасць заказаў патрабуе выкарыстання працы больш кваліфікаваных рабом — універсалаў, спец. абсталявання і прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФЕРЭ́НЦЫЯ (ад лац inter паміж + ferio б’ю, паражаю) у біялогіі, тып храмасомнага ўзаемадзеяння, пры якім красінговер, што ўтвараецца ў адным участку храмасомы, перашкаджае ўзнікненню інш. красінговераў ва ўчастках, размешчаных паблізу. У большасці выпадкаў І. перашкаджае ці амаль цалкам выключае красінговер (станоўчая І.). Ступень І. памяншаецца па меры аддалення ад месца красінговера, які ўжо адбыўся; выражаецца ў долях адзінкі ці працэнтах. І. наз. таксама ўласцівасць аднаго віруса прыгнечваць рэпрадукцыю другога пры змяшанай інфекцыі. Выкарыстоўваюць для выяўлення, ідэнтыфікацыі і цітравання патагенных вірусаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРВЕ́Т (франц. corvette),
1) лёгкі карабель для разведкі, пасыльнай службы і выканання інш. задач у ветразевым ваенным флоце 17—19 ст. У сярэдзіне 19 ст. з’явіліся колавыя, а потым вінтавыя ветразева-паравыя К.
2) Баявыя караблі спец. пабудовы для процілодачнай і проціпаветр. абароны і нясення вартавой службы ў флатах Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краін у час 2-й сусв. вайны.
3) У шэрагу сучасных марскіх дзяржаў тып найменшага ваен. карабля (водазмяшчэннем 500—1000 т) для канваіравання і абароны ад падводных лодак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМЕ́НІІ (Clymeniida),
атрад вымерлых галаваногіх малюскаў надатрада аманітаў. Назва з грэч. міфалогіі (Клімена — німфа, дачка Акіяна). Каля 30 родаў. Жылі ў познім дэвоне — раннім карбоне (каля 350 млн.г. назад). На Беларусі рэшткі К. зрэдку трапляюцца ў адкладах фамену (верхні дэвон) у Прыпяцкім прагіне.
Дыяметр ракавіны 1—50 см. Плоскаспіральныя ракавіны мелі ганіятытавы тып лопасцевай лініі. Адметная рыса будовы — сіфон, які прылягаў да спіннога боку (у большасці аманітаў — да брушнога); сіфонныя дудкі значнай даўжыні. Па рэштках К. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТА́ЎКА,
у беларусаў традыц. рыбалоўная прылада ў выглядзе адкрытага зверху і знізу ўсечанага конуса. Архаічны тып — плеценая з дубцоў, пазнейшы — сеткавая на драўляным каркасе (рабіўся з двух злучаных прутамі абручоў). Каркас абцягвалі адной густой і адной або дзвюма рэдкімі сеткамі. Н. рыбачылі ў зарослых травой і зеллем вадаёмах; невял. Н. лавілі ў брод, вял. — з лодкі. Н. вертыкальна апускалі на дно і як бы абгароджвалі ім рыбу. якую заганялі шастом або вяслом у сетку. Была пашырана на Палессі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́МНЫ МОСТ,
тыпмоста, статычная схема якога ўяўляе сабой раму. Пралётныя канструкцыі яго жорстка злучаны з маставымі апорамі (стойкамі, калонамі). Існуюць рамна-падвесныя масты (з бэлькамі, падвешанымі да канцоў рыгеляў) і рамна-кансольныя (з Т-падобных рам, злучаных пасярэдзіне пралёта шарнірам). Невялікія Р.м. звычайна выкарыстоўваюцца як пуцеправоды. Будуюць Р.м. пераважна з жалезабетону (маналітнага і зборнага), часам са сталі.
І.І.Леановіч.
Схемы рамных мастоў: а, б — з вертыкальнымі і нахіленымі стойкамі; в — рамна-падвеснага; 1 — стойка; 2 — рыгель; 3 — шарнір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАСЛАВЯНАФІ́ЛЬСТВА,
плынь у рас. філасофіі канца 19 ст., заснаваная на новым тэарэт. абгрунтаванні ідэі славянафілаў аб процілеглым грамадскім развіцці Усходу і Захаду і асобай гіст. ролі славян, асабліва Расіі. Прадстаўнікі Н. (М.Данілеўскі, М.Страхаў, К.Лявонцьеў, У.Салаўёў) выступалі супраць ідэй франц. матэрыялістаў і рас.рэв. дэмакратаў, адмаўлялі прынцыпы дарвінізму, магчымасць развіцця Расіі па шляху еўрап. цывілізацыі, падтрымлівалі рас. самадзяржаўе, абгрунтоўвалі тэзіс пра «асаблівыя пачаткі» рас. гісторыі. Імкнуліся даказаць «богаабранасць Расіі», лічылі яе вольнай ад сац. варожасці і рэвалюцыянізму, сцвярджалі, што толькі моцная царская ўлада і рэліг.-этычны пачатак (праваслаўе) уратуюць краіну ад «згубнага ўплыву гніючага Захаду». Данілеўскі прапанаваў тэорыю адасобленых «культурна-гіст. тыпаў» (цывілізацый), якія развіваюцца на ўзор біял. арганізмаў і праходзяць праз этнагр., племянны (юнацтва), дзярж. (сталасць) і цывілізаваны (старасць, заняпад) перыяды. Якасна новым ён лічыў «славянскі» тып, паколькі Расія ўступіла ў перыяд росквіту, а еўрапейскі тып перажывае перыяд заняпаду, таму славянскае супольніцтва на чале з Расіяй будзе садзейнічаць «усяму высокаму» ў чалавецтве. Прыхільнікам ідэі месіянізму быў і Салаўёў. Лявонцьеў і Страхаў з пазіцый Н. прапагандавалі тэорыю «почвеніцтва», засн. на ідэі збліжэння народа («глебы») і «адукаваных саслоўяў». Ідэі Н. крытыкавалі М.Чарнышэўскі, Дз.Пісараў, М.Салтыкоў-Шчадрын, К.Ціміразеў і інш. прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку ў філасофіі.