выкладанне муз. твора для выканання аркестрам ці інстр. ансамблем. Да арк. музыкі выкарыстоўваюць і тэрмін аркестроўка. І. ўвасабляецца ў партытуры, дзе запісаны партыі ўсіх інструментаў і галасоў муз. твора. Тэрмін «І.» часта пашыраюць і на сферу хар. шматгалосай музыкі (т.зв. харавая І.). Асн. прынцыпы І.: збалансаванае спалучэнне кантрастных груп інструментаў; функцыян. трактоўка арк. груп і іх узаемаадносіны; стварэнне мелодыка-тэматычных, рытмавых, гарманічных пластоў арк. фактуры, выкарыстанне педалей, фонаў, контрапунктычных утварэнняў; тэхніка перадачы і перапляцення арк. галасоў (інстр. ліній); верт. складанне і гарыз. развіццё шматпланавай арк.тканіны.
Развіццё І. пачалося з зацвярджэннем гамафоннага стылю муз. пісьма (гл.Гамафонія). Важную ролю ва ўсведамленні драматург. ролі тэмбраў адыграў оперны т-р (16—17 ст.). У 18—19 ст. сфарміраваўся класічны склад сімфанічнага аркестра, чаму садзейнічала творчасць Л.Бетховена, І.Гайдна, В.А.Моцарта, якія імкнуліся пераадолець абмежаванасць тагачаснага інструментарыя, павялічыць і ўдасканаліць сімф. аркестр. На базе класічнага аркестра 19 ст. склаўся народжаны ідэямі муз. рамантызму і імпрэсіянізму сімф. аркестр 20 ст., які задавальняе маст. патрэбы кампазітараў розных кірункаў і індывідуальнасцей.
Гіст. развіццё арк. музыкі суправаджалася пошукамі новых тэмбравых спалучэнняў, удасканаленнем інструментарыя і стварэннем новых інструментаў для ўзмацнення маляўнічасці, выразнасці музыкі. Разам з выкарыстаннем «чыстых» (сольных) тэмбраў як носьбітаў тэмы (лейтматыву) кампазітары пачалі выкарыстоўваць мяшаныя тэмбры. У залежнасці ад маст. задумы і творчай індывідуальнасці кампазітара І. (аркестроўка) можа быць (з улікам пераважнай тэндэнцыі) акустычна ўраўнаважанай (больш блізкая венскім класікам; асн. ўвага аддаецца дынамічнай збалансаванасці гучання, арган. спалучэнню гарызанталі і вертыкалі) ці тэмбральна-каларыстычнай (больш блізкая рамантыкам і імпрэсіяністам; пераважае характарыстычнасць тэмбраў, выяўленчасць, маляўнічасць гучання). У бел. музыцы да першай больш схіляюцца А.Багатыроў, Я.Цікоцкі, да другой — Г.Вагнер, Я.Глебаў, С.Картэс, А.Мдывані, Дз.Смольскі. Курс І. выкладаюць у кансерваторыях і інш.спец.муз.навуч. установах.
Літ.:
Геварт Ф.О. Новый курс инструментовки: Пер. с фр. 2 изд. М.;
Лейпциг, 1913;
Римский-Корсаков Н.А. Основы оркестровки // Полн. собр. соч. Лит. произв. и переписка. М., 1959. Т.З;
Берлиоз Г. Большой трактат о современной инструментовке и оркестровке: Пер. с фр. [4 ] 1—2. М., 1972;
Витачек Ф.Е. Очерки по искусству оркестровки XIX в. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́Ж (франц. collage літар. наклейванне),
1) у выяўленчым мастацтве — тэхніка выканання маст. твора спосабам наклейвання на якую-н. аснову розных па сваёй прыродзе, фактуры і колеры матэрыялаў; твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. Выкарыстоўваецца ў графіцы, фотамастацтве, жывапісе для дасягнення большай эмацыянальнай выразнасці і незвычайнасці суадносін фактуры твора.
Тэхніка К. вядома з сярэдневякоўя для надання творам сакральнага характару праз дэкар. ўрачыстасць і святочнасць (візант. і стараж.-рус. абразы з элементамі німбаў і фонаў, выкананых пры дапамозе залатых наклеек). Выкарыстоўваўся ў творах некат. мастакоў Адраджэння (С.Батычэлі і інш.), зах.-еўрап. і рус. мастакоў 18—19 ст., асабліва пашырылася ў творчасці прадстаўнікоў мадэрну, якія надавалі работам выразнае дэкар. гучанне праз выкарыстанне ў жывапісных кампазіцыях разнастайных матэрыялаў (тканіны, сярэбранай ніткі, фольгі, каменьчыкаў і інш.). Як самаст. від маст. дзейнасці і творчага метаду, што адлюстроўваў прынцыпы своеасаблівага ўспрыняцця свету, уведзены ў 20 ст. кубістамі (кампазіцыі П.Пікасо, Ж.Брака і інш.). У якасці вобразных сродкаў яны выкарыстоўвалі газеты, шпалеры, этыкеткі, часткі аб’яў і інш. К. стаў адным з гал. прынцыпаў мастацтва авангарду, пашырыўся ў творчасці прадстаўнікоў футурызму (Дж.Северыні, А.Кручоных), дадаізму (К.Швітэрс, Ж.Грос, М.Рэй), супрэматызму (К.Малевіч, У.Татлін), сюррэалізму (Ж.Міро, М.Эрнст), поп-арту (Р.Гамільтан, Дж.Дайн) і інш.
У бел. мастацтве тэхніка К. выкарыстоўвалася ў некат. абразах 18—19 ст., у творах мастакоў У.Стржамінскага, У.Мудрогіна, М.Данцыга, М.Паўлоўскага, М.Селешчука, Г.Хацкевіча-Мінскага, В.Смаляк, Л.Кальмаевай і інш., асобных кампазіцыях мастакоў тэатра і кіно.
2) У музыцы — выкарыстанне ў муз. творах стылістычна іншародных цытат (з твораў інш. кампазітараў ці ўласных) дзеля дасягнення асаблівых сэнсавых вынікаў. Адзін з прыёмаў тэхнікі полістылістыкі, пашыраны ў 20 ст. Сустракаецца ў творах Ч.Айвза (квартэт № 2), А.Берга (Канцэрт для скрыпкі), Л.Берыо (сімфонія), Дз.Шастаковіча (сімфонія № 15), Р.Шчадрына (балет «Ганна Карэніна»); у бел. музыцы — у Дз.Смольскага («Элегія і Таката памяці Дз.Шастаковіча»). Эфект К. не ўзнікае пры стылявой асіміляцыі цытаты (паэма «1812 год» П.Чайкоўскага), у творах з запазычаным тэматызмам («Варыяцыі па тэму Паганіні» І.Брамса, «Пацалунак феі» І.Стравінскага).
Літ.:
Музыкальные культуры народов: Традиции и современность. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЕ́ННЕ,
штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Яго агульны выгляд залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабу гасп. дзейнасці, нац. традыцый, узроўню развіцця вытв. сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. У гісторыі грамадства выконвала і выконвае функцыі магічную, абрадавую, адрознення паводле полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этн. і рэліг. прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага становішча, найперш утылітарную і эстэтычную. Нясе ў сабе і маст. вобраз, таму выступае як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і залежыць ад маст. стылю эпохі.
Адзенне ўзнікла ў сярэднім старажытнакаменным веку і прайшло складаны шлях эвалюцыі. Як сац. з’ява і як прадмет мастацтва ўвасабляла ўяўленні розных гіст. эпох аб ідэальным чалавеку, яго ўнутр. сутнасці і фіз. абліччы. Так, адзенне стараж. грэкаў з іх ідэалам доблеснага і прыгожага воіна-атлета толькі злёгку падкрэслівала гарманічнасць фігуры; адзенне сярэднявечча згодна з хрысціянскімі догмамі пра грахоўнасць цела хавала яго пад цяжкімі бясформеннымі тканінамі; у эпоху Адраджэння, калі нормай прыгажосці стаў прызнавацца чалавек, адзенне стала больш зручным, як бы выяўляла гармонію ўнутр. і знешняга ў чалавеку; у перыяд Асветніцтва, калі эталонам прыгожага была прырода, а ўзорам для пераймання антычнасць, адзенне набыло натуральныя спакойныя формы. Спалучэнне ў адзіным маст. стылі кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць, стварае ансамбль, які наз. касцюмам. Касцюмы падзяляюцца на 3 асн. тыпы: драпіраваны (з абгорнутага вакол цела кавалка тканіны, замацаванага непасрэдна на фігуры), накладны (надзяваецца праз галаву і як бы накладаецца на плечы), раслінны (мае спераду разрэз зверху данізу).
Вытокі бел. адзення ў культуры ўсх.-слав. плямёнаў. Умерана кантынентальны клімат вымагаў закрытага, цёплага адзення. Тканіны выраблялі з лёну (радзей канапель) і воўны, упрыгожвалі нашываннем, натыканнем, вышываннем ці набіўным узорам. Баярства шыла адзенне пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт, тафта, камка); аздобаю служыла вышыўка шоўкам і жэмчугам. Амаль усе віды адзення былі накладныя. Аснову мужчынскага гарнітура складалі кашуля з поясам і нагавіцы, жаночага — кашуля (даўжэйшая за мужчынскую) і паясное адзенне тыпу панёвы; верхняя вопратка — світа (зімой падшытая футрам). Мужчыны насілі шапкі з футра, сукна ці лямцу, дзяўчаты — вянец, замужнія жанчыны — чапец, а паверх — убрус. Абуваліся ў пасталы, поршні ці боты (жаночыя часта вышывалі). Гэтыя асаблівасці перайшлі ў адзенне насельніцтва ВКЛ, дзе ў 13—16 ст. сфарміравалася бел. народнасць. У касцюме беларусаў адчуваецца блізкасць да касцюма літоўцаў і палякаў, а таксама рускіх і інш.еўрап. народаў. Выпрацоўка ў Зах. Еўропе асн. спосабаў і прыёмаў крою, удасканаленне кравецкага рамяства прывяло адзенне да істотных змен. Адзенне магнатаў, шляхты і гар. знаці развівалася ў рэчышчы зах.-еўрап. моды. Важнымі часткамі іх мужчынскага гарнітура былі атласны жупан, зверху кунтуш, падпяразаны доўгім поясам, воўчае (вільчура) і бабровае футра, жаночае — ферэзія, чамара, аблямаваныя карункамі або футрам собаля, куніцы, лісы, кабат з рукавамі. Спрашчэнне адзення арыстакратаў пачалося з канца 18 ст. Народнае адзенне больш яскрава, чым адзенне інш. слаёў грамадства, выяўляла маральныя нормы і эстэт. густы. Нар. касцюм уздзейнічаў на касцюм вышэйшых класаў і сам зазнаваў яго ўплыў. У ім найлепш захаваліся традыцыі нац. адзення. У 14—16 ст.бел. касцюм узбагаціўся новымі відамі (андарак, гарсэт) і прынцыпамі афармлення (спосабы завязвання наміткі). Ён меў характэрныя прыкметы касцюма готыкі і рэнесансу, а з найб. спецыфічных — тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі белага колеру, спалучэння белага з чырвоным у каларыстыцы, геам. узораў у арнаментыцы. Бел. касцюм у гэты час набыў сваю завершанасць, утылітарны і маст. вобраз. Яго развіццё ў 17 — сярэдзіне 19 ст. ішло па шляху мадыфікацыі асобных элементаў адзення, насычэння колеравай гамы, пераасэнсавання арнаментальных матываў, замацавання рэгіянальных адметнасцяў. У перыяд фарміравання бел. нацыі захоўвалася выразнае этнагр. аблічча бел.нар. адзення. Касцюм сялян той пары — класічны ўзор бел.нар. мастацтва. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці святы, надзяваць на вяселле ці на радзіны, падчас радасці ці жалобы. У традыц. комплекс мужчынскага адзення ўваходзілі кашуля, нагавіцы і камізэлька. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абгортвалі анучамі і запраўлялі ў скураныя пасталы, лапці, боты, зімой — у валёнкі. Галаўнымі ўборамі былі саламяны капялюш (брыль) ці валеная магерка, зімой заечая ці аўчынная аблавуха. Мужчынскае адзенне мела сціплае аздабленне, у ім пераважаў белы колер. Найб. ўзлёту фантазіі і майстэрства бел. адзенне дасягнула ў жаночым касцюме, своеасаблівасць якога вызначае адметнасць нац. касцюма беларусаў увогуле. Жаночая кашуля кроілася з прамавугольных кавалкаў ільняной тканіны. Найб. ўвага аддавалася ўпрыгожанню рукавоў, што звязана з маст. тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту. Разнастайнае паясное адзенне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Фартух гарманіраваў з кашуляй. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі. Шылі яго звычайна з крамных тканін (аксаміт, парча, шоўк), аздаблялі вышыўкай, аплікацыяй, нашыўкамі тасёмак, стужак, гузікаў. Касцюм мог дапаўняцца разнаколерным поясам з кутасамі. Галаўныя ўборы залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. У дзяўчат гэта былі перавязкі накшталт вузкіх ручнікоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй жанчыне не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка), каптуровыя (каптур, чапец, падвічка). Самы пашыраны і адмысловы — намітка. Будзённым абуткам жанчыны былі лапці, святочным — пасталы і чорныя хромавыя чаравікі. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок). Насілі таксама бравэрку, каптан, кабат. Пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў «размывала» жанравыя межы традыц.нар. касцюма. У 20 ст. многія віды і састаўныя часткі традыц. адзення выйшлі з ужытку. Нар. адзенне аднатыпнае на ўсёй тэр. Беларусі, але ў ім вылучаюць 4 асн. комплексы (залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым касцюме): са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом і гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя 2 вядомыя ўсюды, 2 другія — ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах. Комплексы маюць шэраг лакальных разнавіднасцяў, якія вылучаюцца як нар. строі. Найб. вывучаны строі Зах. і Усх. Палесся, Падняпроўя, Цэнтр. Беларусі, Панямоння, Паазер’я (пра кожны строй гл. адпаведны артыкул). Паасобныя матывы традыц. адзення выкарыстоўваюць мадэльеры пры распрацоўцы сучаснага касцюма.
Літ.:
Маслова Г.С. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. // Восточнославянский этнографический сборник. М., 1956;
Беларускае народнае адзенне. Мн., 1975;
Каминская Н.М. История костюма. М., 1977;
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Слонім, 1994.
М.Ф.Раманюк.
Адзенне: 1 — княжацкае 11-12 ст.; 2 — баярскае 12-13 ст.; 3 — гараджан 12-13 ст.; 4-5 — магнатаў 16—17 ст.; 6 — сялян 15 ст.Да арт.Адзенне. 1—2 — селянін і сялянка. Паводле Норбліна (канец 18 — пач. 19 ст.); 3—4 — дзяўчына і жанчына з Піншчыны. Паводле Рабцэвіча (канец 18 — пач. 19 ст.).Да арт.Адзенне. 1 — селянін. Паводле А.Рыгельмана (канец 18 ст.); 2 — сялянка з цэнтральнай Беларусі. Паводле К.Вуйціцкага (пач. 19 ст.); 3—4 — селянін з Палесся і жанчына з-пад Кобрына. Паводле Ю.Крашэўскага (1-я чвэрць 19 ст.).Да арт.Адзенне. К.Русецкі. Жняя. 1845.Да арт.Адзенне. І.Рэпін. Беларус. 1892.
Да арт.Адзенне. Партрэт Лізаветы Соф’і Радзівіл. Невядомы мастак. 1-я пал. 17 ст.
Беларускае народнае адзенне. Строі Цэнтральнай Беларусі і Панямоння: пухавіцкі (1), ляхавіцкі (2), капыльска-клецкі (3), слуцкі (4), вілейскі (5), мастоўскі (6), навагрудскі (7), ваўкавыска-камянецкі (8—9).Беларускае народнае адзенне. Строі заходняга і ўсходняга Палесся: дамачоўскі (10), маларыцкі (11), кобрынскі (12), пінска-івацэвіцкі (13), мотальскі (14), давыд-гарадоцка-тураўскі (15), турава-мазырскі (16), калінкавіцкі (17), брагінскі (18).Беларускае народнае адзенне. Строі Прыдняпроўя і Наддзвіння: магілёўскі (19—20), краснапольскі (21), буда-кашалёўскі (22), неглюбскі (23), лепельскі (24), дубровенскі (25), астравецка-дзісенскага рэгіёна (26—27).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБІВА́НКА, набойка, выбойка,
спосаб аздаблення тканіны ўзорам з дапамогай дошкі-клішэ з рэльефным малюнкам; тканіна, аздобленая такім спосабам; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Вядома з 3-га тыс. да н.э. ў Індыі, пашырана ў многіх народаў свету. На Беларусі існавала са старажытнасці, была развітым відам мастацтва ў 12 ст.Найб. росквіту дасягнула ў 16—17 ст. у сувязі з дзейнасцю рамесніцкіх цэхаў. Цэнтрамі вырабу Н. ў 19 ст. былі Бабруйск, Веліж (цяпер Смаленская вобл.), Віцебск, Магілёў, Невель (цяпер Пскоўская вобл.), Орша, Полацк, была пашырана ў вёсках Віцебшчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны. У канцы 19 ст. рамяство заняпала ў сувязі з фабр. вытв-сцю набіваных тканін. Да сярэдзіны 20 ст. Н. выраблялі асобныя майстры.
Н. рабілі двума спосабамі: дошку з афарбаваным плоскім рэльефным малюнкам клалі на тканіну і прыціскалі ўдарам драўлянага малатка, у выніку каляровы малюнак адбіваўся на натуральным неафарбаваным фоне (набойка); на афарбаваную дошку з контррэльефным малюнкам клалі тканіну і прыціскалі валікам, у выніку атрымлівалі неафарбаваны малюнак на каляровым фоне (выбойка; спосаб пашыраны да 18 ст.). Звычайна Н. рабілі ў адзін колер, найчасцей сіні (таму набойшчыкаў часта называлі сінейшчыкамі). Рысунак набівалі і на афарбаваную тканіну (крашаніна). Выкарыстоўвалі пераважна алейныя фарбы. У 19 ст. быў пашыраны спосаб «набойкі глінай»: тканіну з нанесеным белай глінай, купарвасам, вішнёвым клеем і інш. рысункам фарбавалі (пераважна ў сіні колер), пасля чаго гліну і інш. адмывалі, у выніку атрымлівалі неафарбаваны рысунак на сінім фоне. Пры вырабе рознакаляровых Н. для кожнага колеру рабілі асобную дошку, якую цалкам выразалі з дрэва. З 19 ст. для перадачы тонкіх ліній і кропак разны ўзор дошак сталі чаргаваць з метал. (тонкімі пласцінамі і цвікамі, набітымі ў дошку), што давала магчымасць ствараць тонкі разнастайны рысунак. У зах. раёнах Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. для Н. выкарыстоўвалі штампікі з нескладаным геам. узорам (разеткі, крыжыкі, елачкі, галінкі і інш.), выразаныя з бульбы або рэпы. Рысунак бел. Н. лаканічны, найчасцей закампанаваны «ў клетачку», «у сетку», «у шлячкі». Найб. пашыраны геам. (зорачкі, кругі, клеткі) і стылізаваны расл. арнамент (кветкі, пупышкі вярбы, лісце, хвалістыя сцяблінкі і інш.). Трапляюцца зааморфныя матывы (выявы жывёл, фантаст. птушак). Бел. Н. характэрна выкарыстанне ў адным рысунку невял. колькасці дэкар. элементаў, што пры рапортным паўторы стварала гармонію форм і рытму. Стылістычна бел. Н. звязана з інш. відамі нар. мастацтва (ткацтва, вышыўка, размалёўка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛІ,
горад, сталіца Індыі і адм. ц. саюзнай тэр. Дэлі. Знаходзіцца на Пн краіны на р. Джамна (прыток р. Ганг), каля паўн.-ўсх. падножжа ўзгорыстай грады Аравалі. 7,2 млн.ж., з прыгарадамі 8,4 млн.ж. (1991). Складаецца са Старога Д. (Шахджаханабада, гіст. ядро горада), тэр.ваен. пасялення і Новага Д. (Нью-Дэлі з нас. 301,3 тыс.ж., 1993), які лічыцца афіц. сталіцай. Вузел 5 чыгунак і 11 аўтадарог. Міжнар. аэрапорт (Палам). Буйны прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Развіты галіны прам-сці, што абслугоўваюць патрэбы сталіцы: тэкст. (баваўняныя і шарсцяныя тканіны), швейная, трыкат., хім., фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, шклокерамічная, металаапр., паліграф., буд., некат. галіны машынабудавання (станкабудаванне, радыёэлектронная прам-сць). Маст. рамёствы (філігранныя сярэбраныя і залатыя ювелірныя вырабы, кераміка, разьбярства па слановай косці і камені, вырабы з пап’е-машэ), саматужнае ткацтва. Цэнтр турызму. 4 ун-ты. Акадэмія музыкі, танца і драмы.
Паводле «Махабхараты» ў 1-м тыс. да н.э. горад быў рэзідэнцыяй царскай дынастыі Пандаваў і меў назву Індрапрастха. Сучасная назва з 736 пасля буд-ва на месцы стараж. гарадзішча г. Дхіліка (Дэлі). У 1206—1526 сталіца мусульман Дэлійскага султаната, з 1658 — імперыі Вялікіх Маголаў. У 1803 захоплены англічанамі, якія ў 1858 перанеслі сталіцу ў Калькуту. Адзін з цэнтраў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. З 1911 сталіца Брыт. Індыі, з 1947 — дамініёна, з 1950 — Рэспублікі Індыя.
У Старым горадзе захаваліся гар. муры з брамамі (часткова), Саборная мячэць (1644—58), крэпасць Лал-Кіла (Чырвоны форт, 1639—48, з палацамі Ранг-Махал, Дывані-Ам, Дывані-Кхас, усе 1639—48, і Жамчужнай мячэццю, каля 1660). На Пд ад Старога горада — руіны г. Фіразабад (1351—88), палацава-крапасны ансамбль Пурана-Кіла (закладзены ў 1540; мячэці Кулан, 1380, і Кілаі-Кухна, 1545), маўзалей Хумаюна (2-я пал. 16 ст.). Прыкладна за 20 км на Пд ад Старога горада — 4 гарады-крэпасці: Сіры (будаваўся з 1303), Джаханпанах (14 ст.), Туглакабад (1325; маўзалей Гіяс-ад-дзіна) і Лал-Кот (канец 12 ст.; жал. калона, 415; руіны мячэці Куват-уль-Іслам, пачата ў 1193; мінарэт Кутб-Мінар, каля 1200—20; маўзалей Ільтутмыша, пасля 1235). Новы Д. — буйны раён з шэрагам плошчаў, паркаў і вуліц, якія радыяльна ад іх разыходзяцца. Уключае ансамбль урадавых будынкаў 1912—30-х г., «Браму Індыі» (помнік салдатам, якія загінулі ў сусв. войнах), нац. стадыён, абсерваторыю Джантар Мантар (1725), храм багіні Лакшмі Нараян (1938—39), мемар. музей М.Гандзі (канец 1960-х г., арх. А.Канвіндэ). Музеі: Нац. музей Індыі, нац. галерэя сучаснага мастацтва, Міжнар. музей лялек, мемар. музеі М.Гандзі, Дж.Нэру і інш.
Літ.:
Короцкая А.А., Сапожников Б.Н. Дели. Л., 1983.
Да арт.Дэлі. Брама ў Чырвоным форце.Да арт.Дэлі. Храм багіні Лакшмі. Нараян. 1938—39.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭР’Е́Р (ад франц. interieur унутраны) у архітэктуры, унутраная прастора будынка або памяшкання.
Функцыян прызначэнне вызначае яго арх. вырашэнне (памеры, прапорцыі) і характар убрання (мэбля, абсталяванне). Сінтэз арх. форм і манум.-дэкар. мастацтва стварае ў ім маст. вобраз — асяроддзе, здольнае выклікаць у чалавека пэўную эмацыянальную рэакцыю (грандыёзныя І. храмаў Стараж. Егіпта і сярэдневяковай Еўропы, пышныя залы італьян. палацца эпохі Адраджэння, парадныя І. рус. архітэктуры 18—19 ст.). Сродкі гэтага ўздзеяння: характар асяроддзя, асвятленне і колеравае вырашэнне, метрарытміка яго элементаў і іх падпарадкаванне зададзенаму маштабнаму строю. Для розных арх. стыляў характэрна пэўная планіровачная і прасторавая структура, канстр. сістэма, аддзелачныя матэрыялы, мэбля і інш. На Беларусі ў 11—12 ст. характар І храмаў вызначала сістэма масіўных слупоў і цыліндрычных скляпенняў, значную ролю адыгрывалі фрэскі. У 13—16 ст. І. замкаў, некат. культавых пабудоў адлюстроўваў абарончы характар раманскай і гатычнай архітэктуры. Значную дэкар. ролю мелі крыжовыя і зорчатыя скляпенні. З 16 ст. пад уплывам барока І. палацаў вызначаўся анфіладнай планіроўкай, багатым аздабленнем (творы жывапісу, маст.тканіны, шпалеры, разная мэбля, абліцаваныя кафляй каміны і інш.). У культавай архітэктуры павялічылася роля разных іканастасаў і алтароў са скульптурай. У І. класіцызму гарманічная строгасць форм, прапорцый, маштабнасці. Рысамі эклектыкі адзначаны І. 2-й пал. 19 ст., пач. 20 ст. — рысамі стылю мадэрн.
Традыцыйныя І. нар. жылля перыяду феадалізму вызначаўся сціпласцю, стрыманасцю, адсутнасцю аздаблення. У канцы 19 ст. ў І. з’яўляюцца мэбля, часта аздобленая разьбой, дэкар.тканіны, размалёўкі. Сучасны І. вызначаецца арган. спалучэннем традыц. прыёмаў і сродкаў аздаблення з новымі (маст. вырабы прамысл. характару, рэпрадукцыі з карцін і інш.). І. сучаснага гар. жылля ствараецца індустр. метадамі на аснове тыпізацыі элементаў жылога дома і яго абсталявання. З 1960-х г. у І. шырока выкарыстоўваюць металапластыку, кераміку, габелены, вітражы, мазаіку, сграфіта і інш. І. сучасных грамадскіх будынкаў вызначаюцца высокімі эстэт.-выразнымі якасцямі, выкарыстаннем найноўшых матэрыялаў і тэхналогій, спалучэннем сродкаў архітэктуры і выяўл. мастацтваў, сувяззю з нац. традыцыямі.
У выяўленчым мастацтве І. — жанр, які адлюстроўвае прастору грамадскіх, культавых, жылых, прамысл. і інш. памяшканняў Звязаны з адпаведным стылем эпохі, характарам жылля, спосабам жыцця гаспадара Часта спалучаецца з інш. жанрамі мастацтва як элемент вобразнага свету (быт. і гіст. жанры).
Элементы І. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта і Двухрэчча, у ант. мастацтве (арх. кампазіцыі фрэсак у Пампеях з незвычайнай фантаст. перспектывай). У Італіі ў эпоху Адраджэння набыў рысы самаст. жанру (творы Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна і інш.). У І. нідэрл. мастакоў асн. ўвага аддавалася адлюстраванню свету жыцця гаспадара (творы Я. ван Эйка, Р. ван дэр Вэйдэна). Вял. значэнне для развіцця І. мела адкрыццё лінейна-геам. і паветр, перспектывы, распрацаванай Леанарда да Вінчы і А.Бальдавінеці, і адлюстраванне ў жывапісе трохмернай прасторы. У 17 ст. пашырыўся ў франц., англ., італьян. мастацтве, дасягнуў росквіту ў галандскім і флам. жывапісе (Я.Стэн., А. ван Астадэ). У рус. мастацтве 17—18 ст. выкарыстоўваўся ў якасці арх. фону ў абразах і фрэсках (т.зв. «нутровыя палаты») і выконваўся па законах адваротнай перспектывы. У еўрап. мастацтве 18 ст. цікавасць да адлюстравання І. ўзмацнілася ў час панавання сентыменталізму, што было звязана з імкненнем да перадачы ідэальнага асяроддзя і настальгіяй па мінулым. Успрымаўся як правобраз новага перспектывізму, часам уяўляў сабой умоўна пабудаваную перспектыўную схему з канкрэтнымі рэчамі. У канцы 18 — пач. 19 ст. з аналітычнай дакладнасцю І. стваралі прадстаўнікі класіцызму (Ж.Л.Давід, Ж.А.Д.Энгр). Прадстаўнікі рэалізму аддавалі перавагу сац. характарыстыцы (Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле), прадстаўнікі рамантызму — суадносінам І. з характарам чалавека, прадстаўнікі імпрэсіянізму кадравалі прастору памяшканняў, якую адлюстроўвалі. Найб. росквіту дасягнуў ў рус. жывапісе 1820—30-х г. (мастакі кола А Венецыянава). З сярэдзіны 19 ст. ў развіцці жанру адбываецца пэўны спад; І. сталі больш эмацыянальныя, пачуццёвыя (творы П.Сезана, А.Тулуз-Латрэка, В. ван Гога, В.Сярова і інш), у канцы 19 ст. — больш камерныя, ненаўмысна арганізаваныя («выпадковыя»). З’явіліся разнавіднасці І. (заводскі, інтымны і інш.). Цікавасць да І. як да самаст. жанру пабольшала ў 20 ст. (творы П.Сіньяка, А.Матыса, П.Пікасо, М.Урубеля і інш.). Вельмі пашыранай разнавіднасцю І. сталі кампазіцыі «ў майстэрні мастака».
У бел. мастацтве фрагменты І. трапляюцца ў фрэсках і абразах 16—18 ст., партрэтах і мініяцюрах 16—17 ст. Як самаст. жанр упершыню сустракаецца ў гравюрах канца 16 ст., пабудаваных па законах перспектывы. Найб. пашырэнне атрымаў у 19 ст. У творах І.Хруцкага, С.Жукоўскага, Ф.Гарэцкага, Б.Залескага асн. месца займае камерны, хатні І. з адлюстраваннем жылых пакояў («рэтраспектыўны» І.), які вылучаецца агульным настроем сумнага любавання мінулым, вытанчанасцю маст. стылю. У бел. мастацтве 20 ст. І. вял. пашырэння не меў і часта ператвараўся ў рэчава-прасторавы дадатак да кампазіцыі. Новы рост цікавасці да І. пачаўся з 1970-х г. Ён становіцца ўсё больш разнастайным па жывапіснай арганізацыі і тэматыцы, вызначаецца імкненнем да эмацыянальнасці і перадачы настрою. Пашыраны т.зв. канцэптуальны І., які вылучаецца дэталёва распрацаванай арх. прасторай. У жанры І. працавалі А.Казак, П.Данелія, М.Бут, І.Бархаткоў, Я.Красоўскі, У.Ткачэнка, У.Сулкоўскі і інш.
Літ.:
Пономарева Е.С. Интерьер гражданских зданий. 2 изд. Мн., 1991.
Інтэр’ер сялянскай хаты. Канец 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.Інтэр’ер сучаснага гарадскога жылля.Інтэр’ер касцёла бернардзінак у г. Слонім Гродзенскай вобл.Да арт.Інтэр’ер. В. ван Гог. Начная кавярня ў Арлі. 1888.Да арт.Інтэр’ер. П.Тутукін. Павільённая зала ў Эрмітажы (С.-Пецярбург). 1837.Да арт.Інтэр’ер. С.Жукоўскі. Інтэр’ер. 1916.
М.Л.Цыбульскі (у выяўл мастацтве), Я.С.Аграновіч-Панамарова, Я.М.Сахута (у архітэктуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІ ВО́БРАЗ,
спосаб і форма адлюстравання і стварэння свету ў мастацтве; катэгорыя маст. дзейнасці. Існуе ў канкрэтна-пачуццёвай форме, г. зн. у працэсе станаўлення М.в. адбываецца абагульненне канкрэтнага, адзінкавая з’ява паўстае адначасова як асаблівая і як усеагульная. Гэта абагульненне адметнае цэласнасцю, у якой рацыянальны пачатак цесна зліваецца з эмацыянальным. М.в. мае шматгранную прыроду. Т.зв. мікравобраз — малая часцінка маст.тканіны твора (у паэзіі — метафары, метаніміі, у музыцы — такты ў мелодыі, у выяўл. мастацтве — фрагмент і г.д.). У больш буйным плане М.в. — вобраз героя, дзеючай асобы маст. твора (вобразы Яўгена Анегіна А.Пушкіна, Сымона-музыкі Я.Коласа, Караля Стаха У.Караткевіча, вобразы зняволеных у канцлагеры ў цыкле карцін М.Савіцкага «Лічбы на сэрцы»), Максімальны маштаб вобраза — цэласнае ўтварэнне мастацкасці ўвогуле (спектакль, скульптура, раман, будынак ці сістэма будынкаў). Як дыялектычна супярэчлівае, рухомае адзінства зместу і формы М.в. суадносіцца з асн.эстэт. катэгорыямі (прыгожае, трагічнае, агіднае, камічнае, узнёслае). У залежнасці ад характару гэтага адзінства — гарманічнай тоеснасці ці антаганістычнай проціпастаўленасці — атрымлівае адпаведную эстэт. ацэнку, што прадвызначае ролю М.в. ў працэсе маст. выхавання. Стылявыя разнавіднасці, выкарыстанне розных метадаў мастацкіх, рэалізацыя ідэалаў эстэтычных (грамадскага, выпрацаванага эпохай і часам, і асабістага, індывідуальнага ідэалаў мастака) у маст. творчасці спараджаюць шматлікія сістэмы маст. вобразнасці. Рэалізацыя ў мастацтве сац. і эстэт. ідэалаў садзейнічае стварэнню мадыфікаваных сістэм маст. вобразнасці ў межах нават аднаго кірунку: маст.-вобразная сістэма ў творчасці першых прадстаўнікоў бел. рамантызму (В.Дунін-Марцінкевіч, В.Каратынскі, Я.Чачот) значна адрозніваецца ад сістэмы маст. вобразаў у творах больш позніх прадстаўнікоў рамантызму (раннія вершы і паэмы Я.Купалы і Я.Коласа, большасць твораў М.Багдановіча). Першапачаткова М.в. узнікае ў свядомасці мастака. Пры яго стварэнні важнае значэнне набывае светасузіральная пазіцыя творцы, якая разам з маст. вымыслам, інтуіцыяй, густам эстэтычным выступае ў якасці кампанента маст. творчасці. М.в. знаходзіць пэўнае рэчыўнае афармленне ў розных відах мастацтва, дзе яго інтэрпрэтацыя абумоўлівае выкарыстанне спецыфічнай мовы пэўнага віду мастацтва (слова ў маст. л-ры, фарбы ў жывапісе, лініі ў графіцы, гук у музыцы і г.д.), раскрываецца ў мастацкай ідэі, якая дыктуе вырашэнне тэмы і сюжэта, кампазіцыю твора. Сваё пэўнае завяршэнне М.в. набывае ў працэсе яго ўспрымання, перажывання і ацэнкі рэцыпіентам мастацтва.
Літ.:
Выготский Л.С. Психология искусства. 2 изд. М., 1968;
Горанов К. Художественный образ и его историческая жизнь: Пер. с болг. М., 1970;
Гачев Г.Д. Жизнь художественного сознания: Очерки по истории образа. М., 1972;
Храпченко М.Б. Горизонты художественного образа // Контекст, 1980. М., 1981;
Малахов В.А. Искусство и человеческое мироотношение. Киев, 1988;
Малинина Н.Л. Диалектика художественного образа. Владивосток, 1989;
Салеев В.А. Искусство и его оценка. Мн., 1977;
Яго ж. Нацыянальная самасвядомасць і мастацкая культура. Мн., 1990;
Яковлев Е.Г. Художник: личность и творчество. М., 1991;
Махлина С.Т. Язык искусства в контексте культуры. СПб., 1995;
Лихачев Д.С. Очерки по философии художественного творчества. СПб., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,
творчасць па стварэнні маст. рэчаў, пераважна для побыту (посуд, мэбля, дробная пластыка, прылады працы, маст.тканіны, адзенне, ювелірныя вырабы і інш.); раздзел дэкаратыўнага мастацтва. Творы Д.-п.м. класіфікуюць паводле матэрыялу (метал, кераміка, шкло, косць, тэкстыль, дрэва) ці тэхнікі выканання (ліццё, чаканка, коўка, разьба, інкрустацыя, размалёўка, ткацтва, пляценне, вышыўка). Д.-п.м. вырашае практычныя і маст. задачы, садзейнічае маст. арганізацыі прадметнага асяроддзя, якое адпавядае эстэт. запатрабаванням чалавека. Творы Д.-п.м. неаддзельныя ад матэр. культуры сучаснай ім эпохі, звязаны з яе звычаямі, этнічнымі і нац. асаблівасцямі, сац.-групавымі адрозненнямі. Эстэт. каштоўнасць вырабаў Д.-п.м., мэтазгоднасць і выразнасць форм дасягаюцца канстр. і пластычнымі магчымасцямі матэрыялу, разнастайнасцю прыёмаў яго апрацоўкі. Сродкі розных відаў выяўл. мастацтва (скульптуры, жывапісу, графікі) і арнамент выкарыстоўваюць у Д.-п.м. для стварэння дэкору і для формаўтварэння вырабаў (посуд у выглядзе расліны, жывёлы, чалавека, фігурныя дэталі мэблі і інш.). У прадметах утылітарнага характару дэкор можа адсутнічаць, эстэт. якасці дасягаюцца выразнасцю формы вырабу, што падкрэслівае яго прызначэнне. Адзінства маст. і утылітарнай функцый, формы і дэкору выяўляюць сінт. характар Д.-п.м.
Д.-п.м. ўзнікла на ранняй стадыі развіцця грамадства і на працягу стагоддзяў было адной з важных галін маст. творчасці, уласцівай усім народам. Найб.стараж. творы Д.-п.м. адлюстроўвалі разнастайныя ўяўленні чалавека пра сусвет і навакольнае асяроддзе, вызначаюцца ўвагай да эстэтыкі матэрыялу, змястоўнасцю вобразаў, рацыянальнасцю форм, падкрэсленых дэкорам. З узнікненнем класавага грамадства з’явіліся творы Д.-п.м., што адлюстроўвалі густы і ідэалогію пануючых класаў. Быт. мэтазгоднасць у іх часта адсутнічала, вылучаліся багацце матэрыялу і дэкору, апошні нярэдка станавіўся самамэтай і траціў сувязь з формай. Д.-п.м. кожнай гіст. эпохі развівалася ў агульным рэчышчы маст. стыляў, характэрных для інш. відаў мастацтва.
На тэр. Беларусі найб.стараж. ўзоры Д.-п.м. адносяцца да позняга палеаліту (каля 30 тыс.г. назад). У неаліце з пераходам да аселага жыцця мастацтва ўзнялося на больш высокую ступень. Знойдзены арнаментаваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, бурштыну, дробныя пластычныя заа- і антрапаморфныя выявы з каменю, керамічны посуд, аздоблены наколкамі, нарэзкамі, грабеньчатым і ямкавым арнаментам. У канцы неаліту і ў бронзавым веку арнамент ускладніўся, пашырэнне набыла салярная сімволіка. Больш разнастайнымі сталі формы глінянага посуду, які аздабляўся арнаментам у выглядзе паскаў, ялінкавых узораў з насечак, пракрэсленых рысак. З адкрыццём выплаўкі медзі і бронзы пашырыліся метал. ўпрыгожанні. Разнастайнасцю вызначаецца Д.-п.м. жалезнага веку: гліняныя статуэткі жывёл, фібулы, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі, бранзалеты, вырабы з бісеру і інш. ўпрыгожанні, аздобленыя арнаментам, часам выемчатымі эмалямі. З падзелам грамадства на класы Д.-п.м. вылучылася ў самаст. галіну маст. дзейнасці. Майстры-рамеснікі, што працавалі ў гарадах і пры княжацкіх дварах, спецыялізаваліся ў асобных відах рамёстваў. Шырокае развіццё набылі разьба па косці, разьба па дрэве, ліццё мастацкае, ювелірнае мастацтва. Вырабляліся прадметы побыту, зброя, посуд, дробная пластыка (абразкі, шахматныя фігуркі), тканіны, абклады да кніг і абразоў, крыжы (гл.Крыж Ефрасінні Полацкай) і інш. Выкарыстанне ганчарнага круга спрыяла пашырэнню ганчарства і паляпшэнню якасці вырабаў. У аздабленні твораў пераважаў тэраталагічны стыль, а таксама разнастайны арнамент геам. і расл. характару, звычайна гравіраваны. У 10—12 ст. Д.-п.м. развівалася ў агульным рэчышчы мастацтва Кіеўскай Русі, адчуваўся ўплыў Візантыі. У 14—16 ст. Д.-п.м. звязана з зах.-еўрап. мастацтвам, больш разнастайным стаў дэкор. У 15 ст. ўзніклі першыя рамесныя аб’яднанні — цэхі (цэх шкларобаў у Гродне), у якіх у 16 ст. канцэнтравалася асн.ч. рамеснікаў. Стварэнне цэхаў садзейнічала развіццю Д.-п.м., узбагачэнню асартыменту і дэкору вырабаў. Дасягнула росквіту ювелірнае мастацтва, развівалася шкларобства, ружэйная справа, выраб паліхромнай рэльефнай кафлі з геам., расліннымі, геральдычнымі кампазіцыямі. У 17—18 ст. Д.-п.м. зазнала ўплыў барока, творы набылі дынамічную кампазіцыю, дэкар. пышнасць, пластычнасць і экспрэсіўнасць форм. Плоскасны характар дэкору саступіў месца аб’ёмнасці і шматпланавасці, шырока ўжываўся багаты раслінны арнамент у спалучэнні з дынамічна выгнутымі ракавінападобнымі элементамі, вітымі калонкамі, фігурнымі выявамі і інш. Многія віды Д.-п.м. актыўна ўключаліся ў інтэр’ер, набылі манум.-дэкаратыўны характар. Пашырыліся коўка мастацкая, чаканка, рэльефная паліхромная кафля, росквіту дасягнула аб’ёмна-ажурная разьба (беларуская рэзь). Многія бел. майстры-ювеліры, разьбяры, цаніннікі, збройнікі працавалі ў Маск. дзяржаве. У 18 ст. ўзнікаюць мануфактуры шкларобчыя, ткацкія, фаянсавыя, а таксама жалеза- і медналіцейныя заводы. Вядомасць набылі слуцкія паясы, карэліцкія шпалеры, урэцка-налібоцкае шкло. Часта прадукцыя выраблялася паводле зах.-еўрап. узораў, але пад уплывам мясц.нар. мастацтва набывала своеасаблівую інтэрпрэтацыю: больш рэалістычна трактаваўся дэкор, уводзіліся элементы нар. мастацтва. У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам класіцызму характар Д.-п.м. стаў больш стрыманы, ураўнаважаны, у дэкор уключыліся выявы ант. матываў, ваен. атрыбутыкі, картушаў і інш. Масавае буд-ва ў гарадах выклікала пашырэнне маст. ліцця і кавальства ў архітэктуры. У 19 — пач. 20 ст. Д.-п.м. характарызуецца моцным узаемаўплывам 2 кірункаў: прамысл. і народнага. Ручныя цэхавыя і мануфактурныя рамёствы прыходзяць у заняпад, на базе мануфактур і нар. промыслаў узнікаюць прадпрыемствы маст. прамысловасці, што напаўнялі рынак таннай, але часта маламастацкай, эклектычнай прадукцыяй. Пашырэнне прамысл. прадукцыі адмоўна ўплывала на нар.маст. промыслы, некат. з іх заняпалі (напр., набойка, пернікарства). Адначасова развівалася традыц.народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, пашырыліся яго віды, звязаныя з аздабленнем нар. жылля. Развіццю яго садзейнічалі адкрытыя земствамі на аснове мясц. промыслаў рамесніцкія школы і майстэрні, дзе рыхтавалі кваліфікаваных спецыялістаў. Аднак у цэлым Д.-п.м. пач. 20 ст. перажывала крызіс, які паглыбіўся ў сувязі з 1-й сусв. вайной. Пошукамі новага стылю вызначаецца Д.-п.м. 1920-х г. У 1919 створаны спец. керамічныя майстэрні ў Віцебску і Магілёве, ткацка-вышывальная ў Слуцку, дрэваапрацоўчая ў Гомелі, пабудавана 1-я чарга Аршанскага льнокамбіната (1928—37). Аднак слабаразвітая прам-сць не магла задаволіць патрэбы насельніцтва ў зручных і прыгожых прадметах Д.-п.м., іх маст. ўзровень часта быў недастаткова высокі. Недахоп прамысл.маст. вырабаў часткова кампенсавалі творы народных мастацкіх промыслаў. Патрэбу ў керамічным посудзе гасп. і маст. прызначэння задавальнялі традыц. ганчарныя цэнтры: у Бабінавічах, Благаўцы, Гарадку, Гарадной, Дуброўне, Крэве, Міры, Копысі, Поразаве, Пружанах, Івянцы, Ракаве і інш. (гл.Бабінавіцкая кераміка, Дубровенская керамікаі г.д.). Нар. майстры аб’ядноўваліся ў арцелі, у 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз. Да канца 1940-х г. створана прамысл. база для развіцця Д.-п.м., адноўлены разбураныя ням.-фаш. захопнікамі прадпрыемствы маст. прам-сці. Пачалі працаваць Віцебскі дывановы камбінат (1946), Мінскі фаянсава-фарфоравы завод (1951), аднавілі работу Аршанскі льнокамбінат, шклозаводы ў Барысаве і Бярозаўцы (Лідскі р-н). Мастакі звярталіся да класічнай спадчыны, традыц. форм і дэкору. Аднак такое спалучэнне было часам эклектычнае, творы, асабліва выставачныя, вызначаліся залішняй пампезнасцю, складанасцю і надуманасцю форм, празмерным мех. выкарыстаннем арнаменту. З пач. 1960-х г. пашыраецца вытв-сць вырабаў Д.-п.м., прызначаных для штодзённага побыту. Барацьба супраць параднасці, састарэлых і нежыццёвых форм адыграла значную ролю ў абнаўленні і развіцці маст. прам-сці, пашырыла і зацвердзіла важнае значэнне Д.-п.м., але адначасова выклікала пашырэнне твораў занадта спрошчаных. У сярэдзіне 1960-х г. лаканізм саступае месца адлюстраванню сучаснасці, творчаму засваенню нац. традыцый, разнастайнасці і багаццю форм, каларыстыкі, дэкору. 1960—70-я г. — якасна новы перыяд у развіцці Д.п.м. Пасля рэарганізацыі Белмастпрамсаюза ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці БССР (1960) пашырыўся асартымент і тэматыка маст. вырабаў, павысілася іх якасць. Палепшылася і пашырылася вытв. база Д.п.м.: рэарганізаваны вытв. цэхі Маст. фонду БССР, пачаўся выпуск прадукцыі на Брэсцкім дывановым камбінаце (1963—65), павялічаны магутнасці шклозавода «Нёман» і Барысаўскага хрусталёвага завода, Аршанскага льнокамбіната. Для падрыхтоўкі спецыялістаў адкрылася аддзяленне Д.-п.м. ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (1961). Асн. прынцыпам Д.-п.м. становіцца прастата геам. форм, функцыянальнасць, строгасць, умелае выкарыстанне дэкар. уласцівасцей матэрыялу, яго натуральнай прыгажосці ў спалучэнні з разнастайнасцю і смеласцю дэкар. рашэнняў. Развіваюцца маст. шкло, фарфор, маст. кераміка, маст.тканіны. Д.-п.м. актыўна ўключаецца ў грамадскі інтэр’ер, набывае манум. характар (гл.Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва), у сувязі з гэтым развіваюцца новыя ці адраджаюцца забытыя яго віды: габелен, коўка мастацкая, чаканка. Майстры Д.-п.м. актыўна звяртаюцца да індывід. творчых вырашэнняў, новых відаў і жанраў. Дэманстрацыяй дасягненняў, праблем і тэндэнцый развіцця з’явілася рэсп. выстаўка Д.-п.м. «Гармонія і асяроддзе» (1986). Яна засведчыла прыкметны працэс станкавізацыі, часам нават адмовы ад прыкладной функцыі і імкненне да стварэння ўзораў скульптурна-пластычнага, жывапіснага, манум.-дэкар. характару. Многія майстры бяруцца за вырашэнне агульначалавечых, філас. задач, падуладных раней толькі станковым відам мастацтва. Складанае становішча перажывае Д.-п.м. з канца 1980-х г. Спыніў дзейнасць Маст. фонд БССР, што пазбавіла прафесійнае Д.-п.м. эканам. базы, выключыла са сферы манум.-дэкар. мастацтва, вымусіла майстроў пераходзіць на стварэнне невял. рэчаў масавага побыту.
Літ.:
Чекалов А.К. Основы понимания декоративно-прикладного искусства. М., 1962;
Моран А. История декоративно-прикладного искусства от древнейших времен до наших дней: Пер. с фр.М., 1982;
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Падвеска. 11 ст. Бронза.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Люстра. 18 ст. Урэцкае шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Фрагмент слуцкага пояса. 18 ст.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Флеты і келіх. Пач. 18—1-я чвэрць 19 ст. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Царскія вароты. 18 ст. Саломапляценне.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шафа. 18 ст. Разьба па дрэве.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.Прыешкін. Дэкаратыўнае пано «Жнівень». 1981. Шамот, глазура.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Н.Сухаверхава. Габелен «Сонечны». 1983.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Л.Мягкова. Кампазіцыя «Птушыны двор». 1980. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У.Жохаў. Кампазіцыя «Сёння на світанні». 1985. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Гатальскі. Вазы з серыі «У пушчах Палесся». 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВА́Н,
мастацкі тэкстыльны выраб, звычайна з шматколерным узорам, прызначаны пераважна для ўпрыгожвання і ўцяплення жылля. Бываюць ворсавыя і бязворсавыя (кілімы, паласы, шпалеры, габелены), маляваныя на тканіне, радзей паперы або цыраце. Вырабляюцца ручным спосабам, з сярэдзіны 19 ст. і машынным з воўны, шоўку, ільну, бавоўны, штучных валокнаў. Маст. асаблівасці вызначаюцца фактурай тканіны, характарам матэрыялу і фарбавальнікаў, фарматам, суадносінамі бардзюра і цэнтра поля Д., характарам і кампазіцыяй арнаменту, колеравым строем.
Найб. раннія Д. выяўлены пры раскопках Пазырыкскіх курганоў Горнага Алтая і датуюцца 5—4 ст. да н.э. Захаваліся звесткі пра Д. ў Асірыі, Вавілоне, Егіпце. З Д. Усходу найб. вядомы іранскія, перс., туркм.. азерб. і інш. У Зах. Еўропе вядомы з 11 ст. (Д. з Баё, Францыя, і інш.). З 16 ст. асаблівае месца займаюць шпалеры (флам., франц., нямецкія), у 17—18 ст. вылучаюцца ворсавыя Д. мануфактуры Саванеры (засн. ў 1624 у Парыжы). У 19 ст. з развіццём фарб. вытворчасці маст. ўзровень рэзка падае і пачынае адраджацца толькі з сярэдзіны 20 ст.
На Беларусі дыванаткацтва мае даўнія традыцыі, нац. характар узораў, кампазіцыі колераў, тэхнікі. Побач з дэкар. посцілкамі ткалі нар. Д., якімі ўпрыгожвалі жылыя памяшканні і інтэр’еры храмаў. Нар. бязворсавыя Д. ткалі ў тэхніцы кіліма, закладання, 2-асноўнай, тыпу габелена (напр., Гродзенскія падвойныя Д.). У розных раёнах мелі сваю традыц. расфарбоўку і арнамент. Ткалі Д. з геам. і раслін. арнаментам, антрапа- і зааморфнымі выявамі. У гарадах і мястэчках ткалі на заказ т. зв. дворскія бязворсавыя Д., блізкія па кампазіцыі да нар., або пераймалі зах.-еўрап. стылі і матывы дэкору. У 18—1-й пал. 19 ст. вылучаюцца вырабы Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, магнацкіх мануфактур у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Слоніме і інш., якія вызначаліся высокай тэхнікай ткацтва і прыгажосцю. З 19 ст. вядомасць набылі маляваныя Д., ствараліся на аснове багатых традыцый узорыстых тканых Д. і посцілак (творы А.Кіш, Я.Драздовіча і інш.). Маст. вобраз такіх Д. аналагічны творам наіўна-рэаліст. кірунку. Сучасныя нар. майстры вырабляюць і бязворсавыя Д. Ворсавыя Д. машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста». Гал. кірунак — стварэнне Д. з бел. арнаментам, што адпавядаюць сучаснаму інтэр’еру па стылявым і колеравым вырашэнні. Бел. Д. экспанаваліся на міжнар. выстаўках у Германіі, Італіі, Польшчы, Інданезіі, дзе адзначаны дыпломамі. Вырабы акц.т-ва «Дываны Брэста» ўзнагароджаны брыльянтавай зоркай у Мексіцы (1994) і «Залатой аркай» у Іспаніі (1995).
Літ.:
Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981;
Maríkowski T. Dawnie tkaniny i hafty w Polsce w XVI—XVIII w. Wrocław, 1954;
Моран А. де. История декоративно-прикладного искусства: От древнейших времен до наших дней: [Пер. с фр.]. М., 1982.
Азербайджанскі дыван «куба». 19 ст.Туркменскі дыван «бешыр». 1900.Персідскі дыван «фараган». 19 ст.Да арт.Дыван. У.Гусеў. Дыван «Арнаментальны». 1979. Брэсцкі дывановы камбінат.Дыван маляваны. А.Кіш. Рай. 1930—40-я г.Да арт.Дыван. Л.Цыбульская. Жакардавы дыван. 1984.Турэцкі дыван «кула». 17 ст.Дыван маляваны з Мядзельскага раёна Мінскай вобл. 1950-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕРНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць тэхнал. прыёмаў і спосабаў апрацоўкі, змены ўласцівасцей, стану і формы матэрыялу або паўфабрыкату з дапамогай выпрамянення лазераў. Асн. аперацыі Л.т. звязаны з цеплавым дзеяннем лазернага выпрамянення (пераважна цвердацелых лазераў і газавых лазераў). Эфектыўнасць Л.т. абумоўлена высокай лакальнасцю і кароткачасовасцю ўздзеяння, вял. шчыльнасцю патоку энергіі ў зоне апрацоўкі, магчымасцю вядзення тэхнал. працэсаў у празрыстых асяроддзях (у вакууме, газе, вадкасці, цвёрдым целе). Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы і электравакуумнай тэхніцы, паліграфіі, машынабудаванні, у прам-сці буд. матэрыялаў для свідравання адтулін, рэзкі і скрайбіравання (нанясення малюнкаў на паверхню) плёнак і паўправадніковых пласцін, зваркі (гл.Лазерная зварка), загартоўкі, гравіроўкі, нарэзкі рэзістараў, рэтушы фоташаблонаў і інш.
Свідраванне адтулін звычайна робіцца імпульсным лазерам (працягласць імпульсу 0,1—1 мс) у любых матэрыялах (цвёрдых, крохкіх, тугаплаўкіх, радыеактыўных). Лазерам свідруюць алмазныя фільеры для валачэння дроту, стальныя і керамічныя фільеры для вытв-сці штучных валокнаў, рубінавыя камяні для гадзіннікаў, ферытавыя пласціны для запамінальных прыстасаванняў ЭВМ, дыяфрагмы электронна-прамянёвых прылад, керамічныя ізалятары, вырабы са звышцвёрдых сплаваў і інш.Лазерная рэзка вядзецца ў імпульсным і бесперапынным рэжыме, з падачай у зону рэзкі струменю газу (звычайна паветра або кіслароду). Выкарыстоўваецца для раздзялення дыэлектрычных і паўправадніковых падложак (таўшчынёй 0,3—1 мм), скрайбіравання паўправадніковых пласцін, рэзання крохкіх вырабаў са шкла, сіталу і пад. (метадам тэрмічнага расколвання) і інш.Фігурная апрацоўка паверхні — стварэнне мікрарэльефа на матэрыялах выпарэннем, тэрмаапрацоўкай, акісляльна-аднаўляльнымі і інш рэакцыямі, выкліканымі награваннем, тэрмастымуляванымі дыфузійнымі працэсамі. Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы, паліграфічнай прам-сці, пры апрацоўцы цвёрдых сплаваў, ювелірных камянёў і інш. У электроннай тэхніцы перспектыўныя кірункі Л.т.: паверхневы адпал паўправадніковых пласцін з мэтай узнаўлення структуры іх крышталічнай рашоткі пры іонным легіраванні, стварэнне актыўных структур на паверхні паўправаднікоў, атрыманне p-n-пераходаў метадам лакальнай дыфузіі з лазерным нагрэвам, нанясенне тонкіх метал. і дыэл. плёнак лазерным выпарэннем і інш. У фоталітаграфіі Л.т. выкарыстоўваюцца для вырабу звышмініяцюрных друкарскіх плат, інтэгральных схем, відарысаў і інш. элементаў мікраэлектроннай тэхнікі; у хім. і мікрабіял. вытв-сці — для селектыўнага стымулявання хім. і біял. актыўнасці малекул; у медыцыне — для лячэння скурных захворванняў, язваў страўніка, кішэчніка і інш. Магутныя (ад 1 кВт і вышэй) лазеры выкарыстоўваюцца для рэзкі і зваркі тоўстых стальных лістоў, паверхневай загартоўкі, наплаўлення і легіравання буйнагабарытных дэталей, ачысткі будынкаў ад паверхневых забруджванняў, рэзкі мармуру, граніту, раскрою тканіны, скуры і інш.
На Беларусі распрацоўкі па Л.т. вядуцца ў ін-тах Нац.АН (фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, фізіка-тэхнічным, прыкладной фізікі, фотабіялогіі і інш.), Ін-це прыкладных фіз. праблем БДУ, Гомельскім ун-це, у шэрагу галіновых НДІ.
Літ.:
Лазерная и электронно-лучевая обработка материалов. М., 1985;
Дьюли У. Лазерная технология и анализ материалов: Пер. с англ.М., 1986;
Промышленное применение лазеров: Пер. с англ.М., 1988.
В.В.Валяўка, В.К.Паўленка.
Да арт.Лазерная тэхналогія. А. Схема лазернай рэзкі з тэлекантролем працэсу. 1 — дэталь, якая апрацоўваецца; 2 — прыстасаванне факусіроўкі лазернага праменя; 3 — лазер; 4 — замкнёная тэлевізійная сістэма; 5 — дысплей. Б. Схема станка з рубінавым лазерам для святлопрамянёвай апрацоўкі: 1 — імпульсная лямпа; 2 — кандэнсатар; 3 — паралельныя люстэркі; 4 — штучны рубін; 5 — лінза; 6 — выраб, які апрацоўваецца.