ФАСФІ́ДЫ,

хімічныя злучэнні фосфару з больш электрададатнымі элементамі, пераважна металамі.

Паводле тыпу хім. сувязі Ф. падзяляюць на іонныя, кавалентныя і металападобныя. Іонныя (Ф. шчолачных і шчолачназямельных металаў) — солепадобныя рэчывы, якія лёгка гідралізуюцца вадой, добра раствараюцца ў к-тах з вылучэннем гідрыду фосфару (фасфіну) PH3. Кавалентныя (Ф. элементаў IIIA і IVA падгруп перыяд. сістэмы хім. элементаў, акрамя талію) — тугаплаўкія рэчывы (напр., Ф. бору BP мае tпл 2250 °C), пераважна тыповыя паўправаднікі (напр., Ф. галію GaP і індыю InP з шырынёй забароненай зоны 2,25 эВ і 1,28 эВ адпаведна). Металападобныя — Ф. пераходных металаў, састаў якіх звычайна не адпавядае валентнасці элементаў (напр., Ф. хрому Cr3P, кобальту Co2Р), тугаплаўкія рэчывы, устойлівыя да ўздзеяння вады і кіслот. Асн. метад атрымання Ф. — сінтэз з простых рэчываў у вакууме, інертнай атмасферы або пад ціскам пары фосфару. Выкарыстоўваюць пераважна GaP і InP як паўправадніковыя і оптаэлектронныя матэрыялы, а таксама Ф. цынку Zn3P2 як заацыд (для барацьбы з грызунамі). Ф. таксічныя з прычыны вылучэння PH3 (ядавіты бясколерны газ з пахам гнілой рыбы, ГДК 0,1 мг/м³).

т. 16, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРА́КТАРНЫ ТА́НЕЦ,

разнавіднасць сцэнічнага танца; адзін з выразных сродкаў балетнага спектакля.

У пач. 19 ст. ўвасабляў танец з характэрнымі нац. рысамі, адметнымі асаблівасцямі вобраза пэўнага персанажа; пазней — нар. танец, пабудаваны на аснове школы класічнага танца, і выконваўся ў балетных спектаклях. Узоры Х.т. стварылі рас. балетмайстры А.​Горскі, Л.​Іваноў, М.​Петыпа, М.​Фокін, сав. балетмайстры В.​Вайнонен. К.​Галяйзоўскі, Р.​Захараў, Ф.​Лапухоў. В.​Чабукіяні і інш. Для сучасных балетаў характэрны сінтэз з класічным танцам і інш. формамі пластыкі. што ўзбагачаюць лексіку балета.

На бел. сцэне Х.т. як важны сродак выразнасці з вызначэннем нац. своеасаблівасці харэаграфічнай мовы спектакляў і састаўная частка ў іх драматургіі прадстаўлены ў нац. балетах «Салавей» М.​Крошнера (балетмайстры А.​Ермалаеў, Лапухоў), «Князь-возера» В.​Залатарова і «Падстаўная нявеста» Г.​Вагнера (балетмайстар К.​Мулер), «Мара» Я.​Глебава і «Святло і цені» Вагнера (балетмайстар А.​Андрэеў) і інш.

Літ.:

Лопухов А.В., Ширяев А.В., Бочаров А.И. Основы характерного танца. Л.;

М., 1939;

Добровольская Г. Танец. Пантомима. Балет. Л., 1975;

Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983.

Ю.​М.​Чурко.

т. 16, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́МІЯ ВЫСОКАМАЛЕКУЛЯ́РНЫХ ЗЛУЧЭ́ННЯЎ,

раздзел хіміі, які вывучае спосабы атрымання, структуру і ўласцівасці рэчываў, малекулы якіх складаюцца з вял. колькасці звёнаў, злучаных паміж сабой хім. сувязямі. Разглядае асаблівасці ў агульных хім. заканамернасцях, паняццях і метадах, выкліканых макрамалекулярнай будовай сінт. і прыродных рэчываў.

Х.в.з. уключае раздзелы, якія вывучаюць: макрамалекулярную структуру (канфігурацыя, канфармацыя, гнуткасць, малекулярная маса); надмалекулярную структуру аморфных і крышт. палімераў; метады атрымання палімераў (полімерызацыя радыкальная, іонная і іонна-каардынацыйлая, полікандэнсацыя, полімераналагічныя пераўтварэнні); хім. і фіз. дэструкцыі; старэнне і стабілізацыю палімераў; эксплуатацыйныя ўласцівасці арыентаваных і ізатропных палімерных матэрыялаў у залежнасці ад іх структуры. Тэхналогія высокамалекулярных злучэнняў грунтуецца на хіміі і фізіцы палімераў і ўключае сінтэз палімернага рэчыва, увядзенне ў яго дапаможных рэчываў (стабілізатараў, пластыфікатараў, фарбавальнікаў і інш.) і наданне яму формы (плёнкі, валакна, вырабу) з пэўнай надмалекулярнай структурай, якая разам з хім. будовай макрамалекул абумоўлівае эксплуатацыйныя ўласцівасці матэрыялаў і вырабаў.

Літ.:

Кулезнев В.Н., Шершнев В.А. Химия и физика полимеров. М., 1988;

Тугов И.И., Кострыкина Г.И. Химия и физика полимеров. М., 1989;

Киреев В.В. Высокомолекулярные соединения. М., 1992.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 17, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛКО́ВЫ АБМЕ́Н,

сукупнасць хім. пераўтварэнняў бялкоў і амінакіслот у жывых арганізмаў; важнейшая частка абмену рэчываў (у спалучэнні з пераўтварэннямі інш. азотазмяшчальных рэчываў утварае сістэму азоцістага абмену). Два ўзаемазвязаныя бакі бялковага абмену ў арганізме — распад (катабалізм) і біясінтэз (анабалізм) бялкоў. Першая стадыя аднаўлення бялкоў — іх гідроліз да амінакіслот пры дапамозе ферментаў катэпсінаў (тканкавых пратэіназаў), што лакалізаваны пераважна ў лізасомах (дзейнічаюць у кіслым асяроддзі). Амінакіслоты ўтвараюцца і пры гідролізе (ператраўленні) харч. бялкоў пад уздзеяннем пратэалітычных ферментаў (пратэазаў) страўнікава-кішачнага тракту (пепсін, трыпсін, хіматрыпсін, эластаза, экзапептыдазы), якія ўсмоктваюцца ў ім і трапляюць у клетку. Толькі такім шляхам паступаюць у арганізм неабходныя яму незаменныя амінакіслоты. У клетках амінакіслоты ўтвараюць амінакіслотны фонд клеткі, выкарыстоўваюцца на сінтэз пептыдаў, бялкоў, пурынаў, пірымідзінаў, гемапратэінаў, вугляводаў, ліпідаў, нізкамалекулярных гармонаў і інш. рэчываў, уступаюць у асн. агульныя рэакцыі абмену: пераамініраванне, дэзамініраванне і дэкарбаксіліраванне.

Пры пераамініраванні (трансмініраванні) α-амінагрупа адшчапляецца ад L.-амінакіслот і пераносіцца ў асноўным на α-вуглярод α-кетаглутаравай кіслаты. Гэта рэакцыя мае асабліва вял. значэнне пры біясінтэзе амінакіслот у раслінах: нітраты і нітрыты, што трапляюць у расліны з глебы, аднаўляюцца з утварэннем аміяку, які звязваецца з α-кетаглутаравай кіслатой; утвараецца глутамінавая кіслата. Амінагрупа гэтай кіслаты ў працэсе рэакцыі пераносіцца на кетакіслоты з утварэннем інш. амінакіслот. Пры дэзамініраванні адбываецца распад амінакіслот з выдзяленнем аміяку. Найб. значэнне ў арганізме жывёл і чалавека мае акісляльнае дэзамініраванне, пры якім утвараецца кетакіслата і аміяк. Утвораныя пры пераамініраванні і акісляльным дэзамініраванні α-кетакіслоты здольныя аднаўляцца з утварэннем амінакіслот, якія ў працэсе катабалізму могуць выкарыстоўвацца на сінтэз глюкозы і ацэтонавых цел. Пры дэкарбаксіліраванні амінакіслот вылучаецца вуглякіслы газ (CO2) і ўтвараюцца аміны, а пры дэкарбаксіліраванні араматычных амінакіслот — біягенныя аміны (трыптамін, сератанін, гістамін, γ-амінамасляная кіслата). Аміяк, што ўтвараецца пры дэзамініраванні амінакіслот і амінаў, таксічны для арганізма. Абясшкоджванне яго адбываецца пры аднаўленчым амініраванні, у рэакцыях сінтэзу глутаміну і аспаргіну, у цыкле сінтэзу мачавіны ў печані (у чалавека, млекакормячых і некат. інш. жывёл) ці мачавой кіслаты (у птушак, рэптылій, насякомых). У чалавека і жывёл мачавіна выдаляецца з арганізма з мачой, часткова ў выглядзе аманійных соляў, у раслін магчыма паўторнае яе ўключэнне ў працэсы сінтэзу бялку. Збалансаваны па паступленні (у т. л. ў складзе незаменных амінакіслот) і выдаленні азоту, бялковы абмен вызначае фарміраванне ў арганізме стану азоцістай раўнавагі, калі патрэба яго ў бялках можа быць мінімальнай (гл. Бялковы мінімум). Рэгулюецца бялковы абмен у чалавека і жывёл ферментамі, гармонамі пры ўдзеле нерв. сістэмы (гл. Нейрагумаральная рэгуляцыя, Гарманальная рэгуляцыя).

Літ.:

Строев Е.А. Биологическая химия. М., 1986;

Николаев А.Я. Биологическая химия. М., 1989;

Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 2 изд. М., 1990.

В.​К.​Кухта.

т. 3, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАНЕ́ЗЕ (Veronese; сапр. Кальяры; Caliari) Паала

(1528, г. Верона, Італія — 19.4.1588),

італьянскі жывапісец позняга Адраджэння. З 1553 працаваў пераважна ў Венецыі. Прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мікеланджэла, Рафаэля, Карэджа, Тыцыяна. Аўтар шматфігурных кампазіцый у час святочных баляў, шэсцяў і аўдыенцый, дзе чалавек выступае ва ўзаемасувязі з наваколлем («Шлюб у Кане Галілейскай», 1563, «Пакланенне вешчуноў», «Баль у доме Левія», абедзве 1573, і інш.). У сваім стылі спалучаў лёгкі вытанчаны малюнак і пластыку форм з каларыстычнай гамай, заснаванай на складаных сугуччах чыстых колераў, аб’яднаных серабрыстым тонам. Яго манум.-дэкар. жывапісу ўласцівыя святочнасць, выразнасць ракурсаў і руху, багацце колераў, сінтэз жывапісу і архітэктуры («Старасць і Юнацтва», 1553, «Трыумф Венецыі», 1578—85, «Знаходжанне Майсея», каля 1580, фрэскі для загарадных венецыянскіх віл). Стварыў мноства разнастайных па кампазіцыі алтароў («Мадонна з дзіцем і святымі», каля 1562). Нешматлікія партрэты вылучаюцца мяккай лірычнасцю, часам маюць адценне жанравасці («Граф да Порта з сынам Адрыяна», каля 1556). У 1570—80-я г. ў творчасці Веранезе прыкметны крызіс рэнесансавага светапогляду: у парадных палотнах назіраецца халодная афіцыйнасць, меланхолія, смутак («Мадонна з сям’ёй Кучына», 1571, «Аплакванне Хрыста», паміж 1576 і 1582, і інш.).

П.Веранезе. Знаходжанне Майсея. Каля 1580.

т. 4, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРВІНІ́ЗМ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,

тэарэтычная плынь у грамадазнаўстве канца 19 — сярэдзіны 20 ст., якая імкнулася прычыны і кірункі грамадскага развіцця тлумачыць заканамернасцямі біял. эвалюцыі, прынцыпы прыроднага адбору, барацьбы за існаванне і выжыванне пераносіць на жыццё грамадства і чалавечых супольнасцей. Заснавальнік Д.с. англ. сацыёлаг Г.Спенсер. У межах Д.с. склаліся розныя кірункі. Прадстаўнікі антрапалагічнай школы ў сацыялогіі (Х.​Чэмберлен, Ж.​Лапуж, О.​Аман) прынцыпы барацьбы за існаванне пераносілі непасрэдна на ўзаемаадносіны паміж сац. групамі, народамі, дзяржавамі. Польска-аўстр. сацыёлаг Л.​Гумплавіч тлумачыў сац. з’явы з пазіцый натуралізму, а ўзаемаадносіны паміж сац. групамі трактаваў як бязлітасную барацьбу, якая вызначае не толькі сац. канфлікты, але і сац. жыццё ў цэлым. Г.​Ратцэнгофер, У.​Самнер, У.​Беджгат лічылі, што барацьба паміж расавымі, этн. і культ. групамі абумоўлена сутыкненнем інтарэсаў, якія з’яўляюцца ўвасабленнем біял. імкненняў. Прадстаўнікі сацыябіялогіі (Э.​Уілсан, Р.​Александэр, Р.​Трыверс і інш.) выступаюць за новы сінтэз біял. і сац. навук, сцвярджаюць, што сфармуляваныя імі прынцыпы паводзін жывёл неабходна пашырыць на жыццё грамадства, бо гэта дасць магчымасць зразумець біял. асновы зыходных формаў чалавечых паводзін (сямейныя адносіны, сац. зносіны, сац. няроўнасць, агрэсія, альтруізм і інш.).

Я.​М.​Бабосаў.

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІХЕ́ЙСТВА,

рэлігійнае вучэнне, якое ўзнікла ў 3 ст. на Б. Усходзе. Заснавальнік Мані (каля 216—277). Мела шмат прыхільнікаў на тэр. ад Кітая да Італіі. Аснова М. — сінтэз халдзейска-вавілонскіх, персідскіх (парсізм, зараастрызм, маздаізм) ідэй з хрысціянствам. Звычайна М. звязваюць з гнастыцызмам, ад якога яно ўзяло канцэпцыю дуалізму душы і цела, святла і цемры, дабра і зла. Паводле вучэння М., у сусвеце суіснуюць царствы святла і цемры, духоўны і матэрыяльны пачаткі. У царстве святла, заснаваным на прынцыпе дабра, пануе Бог з анёламі, а ў царстве цемры, прасякнутым злом, — д’ябал з дэманамі. Барацьба Бога з д’яблам заканчваецца глабальнай катастрофай у выглядзе пажару, які спапяляе ўсё цялеснае і выслабаняе дух. Зямны чалавек, паводле М., створаны д’яблам, але можа зменшыць уплыў зла, калі будзе спрыяць светламу, Боскаму пачатку. Ён павінен клапаціцца аб чысціні душы і цела, засвойваць вучэнне М., якое Бог дае людзям праз свайго сына Ісуса. Але гал. пасланнікам свету з’яўляецца сам Мані. У 8—9 ст. М. праследавалася прыхільнікамі ісламу, у далейшым спыніла існаванне як рэлігія і ў Еўропе, і ў Азіі. Хрысціянства лічыла М. ерассю, якая дала пачатак такім рухам, як паўлікіяне, багамілы, катары і альбігойцы.

А.​А.​Цітавец.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВЫЯ З’Я́ВЫ,

сукупнасць з’яў, звязаных з асаблівасцямі ўласцівасцей паверхняў, што падзяляюць датыкальныя целы (фазы). Адыгрываюць значную ролю ў прыродных працэсах (выветрыванне горных парод, атм. працэсы, глебаўтварэнне і інш.), у біялогіі (функцыянаванне клетачных мембран), у тэхніцы (трэнне, знос, змазачнае дзеянне і інш.).

Падзяляюцца на некалькі груп. Фізічныя П.з.: каалесцэнцыя, змочванне, адгезія, трэнне, капілярныя з’явы, звязаныя з лішкам свабоднай (гл. Паверхневае нацяжэнне) ці поўнай энергіі, энтрапіі або інш. тэрмадынамічных велічынь у паверхневым слоі. Вызначаюць форму кропель вадкасцей, газавых пузыроў, крышталёў у раўнаважным стане, умовы ўзнікнення зародкаў новай фазы. Хімічныя П.з. абумоўлены зменай хім. саставу паверхні ў выніку адсорбцыі. Уплываюць на мех. ўстойлівасць дысперсных сістэм (гл. Паверхнева-актыўныя рэчывы), ліяфільнасць рэчываў (гл. Ліяфільнасць і ліяфобнасць), павышаюць хім. ўстойлівасць (напр., супраць карозіі). П.з., звязаныя з фіз.-хім. і структурнымі ўласцівасцямі паверхневых слаёў. Уплываюць на кінетыку гетэрагенных працэсаў (каталіз, гарэнне, фазавыя пераходы). Электрапаверхневыя з’явы: электракінетычныя з’явы, электронная эмісія, паверхневая праводнасць і інш. абумоўлены ўтварэннем падвойнага электрычнага слоя іонаў і ўзнікненнем скачкоў патэнцыялу на паверхні падзелу фаз. На выкарыстанні П.з. заснаваны шматлікія тэхнал. працэсы: флатацыя, фільтрацыя, мех. апрацоўка і ўшчыльненне матэрыялаў, хім. сінтэз з выкарыстаннем гетэрагенных каталізатараў і інш.

Г.​С.​Раманаў.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІБЕ́ЛІУС (Sibelius) Ян (Юхан; 8.12.1865, г. Хямеэнліна, Фінляндыя —20.9.1957),

фінскі кампазітар, педагог; заснавальнік нац. кампазітарскай школы; адзін з буйн. прадстаўнікоў сусв. сімфанізму. Вучань М.​Вегеліуса. З 1891 выкладаў у Хельсінкскай кансерваторыі. Для яго творчасці характэрны віртуознае валоданне тэхнікай кампазіцыі і інструментоўкі, сінтэз класічных і рамантычных традыцый, імкненне да праграмнасці. Арганічна перапрацоўваў муз. фальклор, выкарыстоўваючы яго ладава-гарманічныя і гарманічныя асаблівасці. Творы вылучаюцца своеасаблівай строгасцю і адначасова непасрэднасцю выказвання, для іх характэрны патрыят. матывы, заснаваныя на фін. нар. паэзіі, гісторыі, міфалогіі і эпасе. Сярод твораў: сімфонія «Кулерва» для салістаў, хору і арк. (1892), 7 сімфоній для арк. (1899—1924), праграмныя арк. творы, у т. л. сюіта «Лемінкяйнен» (1893—96), 4 легенды (у т. л. «Туанельскі лебедзь» на сюжэт «Калевалы»), сімф. паэмы, у т. л. «Сага» (апошняя рэд. 1901), «Вясновая песня» (1894), «Фінляндыя» (1899), «Дачка Поўначы» (1906), «Начная скачка і ўсход сонца» (1907), «Тапіёла» (1926), канцэрт для скр. з арк. (1903), «Сумны вальс»; інстр. ансамблі і п’есы; кантаты і хары, каля 100 рамансаў і песень, музыка да драм. спектакляў і інш. З 1951 штогод праводзіцца Міжнар. муз. фестываль «Тыдзень Сібеліуса» (Хельсінкі).

Літ.:

Александрова В.Н., Бронфин Е.Ф. Ян Сибелиус. М., 1963.

І.​Ю.​В’югінава.

Я.Сібеліус.

т. 14, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́МІЯ КААРДЫНАЦЫ́ЙНЫХ ЗЛУЧЭ́ННЯЎ,

раздзел хіміі, які вывучае ўласцівасці каардынацыйных злучэнняў і спосабы іх атрымання.

Са стараж. часоў людзі выкарыстоўвалі прыродныя каардынацыйныя злучэнні ў побыце, медыцыне і вытв-сці. У 18—19 ст. гэтыя злучэнні пачалі мэтанакіравана сінтэзаваць; узнікалі тэорыі, якія тлумачылі іх будову. У 1893 А.Вернер прапанаваў каардынацыйную тэорыю, якая грунтуецца на ўяўленнях аб каардынацыі, «галоўнай» і «пабочнай» валентнасці, каардынацыйнай лічбе, унутр. і знешняй сферах, геаметрыі комплекснай малекулы. Уклад у развіццё Хк.з. зрабілі Л.А.Чугаеў, Э.О.Фішэр, Т.Таўбе і інш. Найб. актыўна развіваюцца кірункі Х.к.з. — металакомплексны аналіз, каардынацыйная хімія паверхні, біянеарган. хімія і інш.

На Беларусі даследаванні пачаліся ў 1950-я г. ў БДУ і Ін-це хіміі, вядуцца ў ін-тах хім. профілю Нац. АН, БДУ, Бел. тэхнал. ун-це. Вывучаюцца фотахім. і радыяцыйна-хім. пераўтварэнні каардынацыйных злучэнняў у водных растворах; комплексаўтварэнне галагенідаў металаў у газавай фазе; сінтэз матэрыялаў з каштоўнымі ўласцівасцямі (ферамагнетызм, тэрмахімізм, біял. актыўнасць) і інш.

Літ.:

Кукушкин В.Ю., Кукушкин Ю.Н. Теория и практика синтеза координационных соединений. Л. 1990;

Костромина Н.​А.​Кумок В.Н., Скорик Н.А. Химия координационных соединений. М., 1990;

Логинова Н.В. Биолеорганическая химия: металлокомплексы в медицине. Мн., 2000.

Н.​В.​Логінава.

т. 17, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)