прылада для вымярэння расходу (аб’ёму, масы) сыпкіх, цвёрдых ці кускавых матэрыялаў, вадкасцей, пары, газу. Да Р. адносяцца таксама дыферэнцыяльныя манометры і розныя лічыльнікі.
Адрозніваюць Р. індукцыйныя (вымяраюць расход рэчыва па значэнні эрс, якая наводзіцца ў яго патоку магн. полем), цеплавыя (расход вадкасці вызначаецца па інтэнсіўнасці пераносу цеплавой энергіі), масавыя (на адчувальным элеменце ўзнікае інерцыйны вярчальны момант, Карыяліса сіла ці гіраскапічны эфект, што фіксуюцца прыладай). вяртушкавыя (расход вымяраецца па частаце вярчэння крыльчаткі — вяртушкі, што рухаецца пад уздзеяннем патоку рэчыва) і інш. Выкарыстоўваюць для ўліку колькасці розных прадуктаў пры іх вытв-сці, транспарціроўцы. захоўванні, а таксама для рэгулявання тэхнал. і цеплаэнергетычных працэсаў у аўтам. сістэмах кіравання і кантролю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЁЛ (Equus asinus),
млекакормячае роду коней атр. няпарнакапытных. Сустракаецца ва Усх. Афрыцы (Самалі, Эфіопія). Жыве ў пустынях і стэпах. 2 падвіды: асёл самалійскі (Equus asinus somalicus) і асёл нубійскі (Equus asinus africanus).
Выш. ў карку 1,1—1,4 м. Афарбоўка пясчана-шэрая з 2 цёмнымі палосамі, адна з якіх праходзіць уздоўж хрыбта і перасякаецца з другой на лапатках. Грыва невялікая, даходзіць толькі да вушэй. Хвост тонкі з кутасом доўгіх валасоў. Вушы 25—35 см. Трымаецца невял. табунамі. Корм раслінны. Прыручаны 5—6 тыс.г. назад у Егіпце і Эфіопіі. Ад дзікага асла паходзяць многія свойскія пароды, якія выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Пад пагрозай знікнення, у Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНІ́ЧНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,
крыніца электрычнага току, у якой хім. энергія пераўтвараецца ў электрычную. Складаецца з 2 электродаў: катод (мае акісляльнік) і анод (аднаўляльнік), якія кантактуюць з іонаправодным рэчывам (электралітам). Паміж электродамі ўсталёўваецца рознасць патэнцыялаў (электрарухальная сіла), якая вызначаецца свабоднай энергіяй акісляльна-аднаўляльнай рэакцыі. Бываюць аднаразовага выкарыстання (першасныя гальванічныя элементы), шматразовага дзеяння (другасныя, або абарачальныя, гальванічныя элементы; гл.Электрычны акумулятар) і гальванічныя элементы, якія могуць бесперапынна працаваць за кошт пастаяннага падводу да электродаў рэагентаў і адводу прадуктаў рэакцыі (паліўныя элементы).
Гальванічныя элементы: а — «сухі» (1 — вугальны стрыжань з кантактавым каўпачком, 2 — пастападобны электраліт, 3 — актываваны вугаль, 4 — цынкавы корпус у кардоннай упакоўцы); б — паліўны вадародна-кіслародны (1 — кісларод, 2 — электраліт, 3 — вадарод).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ТЫ (франц. dynamite ад грэч. dynamis сіла),
сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы, якія маюць больш за 15% нітрагліцэрыны. Іх шчыльнасць, пластычнасць, устойлівасць да ўздзеяння вады, таксама адчувальнасць да мех. уздзеянняў (трэнне, удары) узрастаюць з павелічэннем колькасці нітрагліцэрыны ў сумесі.
Адрозніваюць гурдынаміты (вынайдзены А.Нобелем, 1867), у якіх нітрагліцэрына змяшана з інертным парашкападобным напаўняльнікам (напр., кізельгурам, талькам), і больш устойлівыя жэлаціндынаміты, дзе нітрагліцэрына жэлацінавана калаксілінам (гл.Нітраты цэлюлозы), напр., грымучы студзень (раствор 7—8% калаксіліну ў нітрагліцэрыне) — найб. магутны жэлаціндынаміт. З канца 19 ст. выкарыстоўвалі для многіх відаў узрыўных работ. Зараз карыстаюцца больш бяспечнымі выбуховымі рэчывамі (напр., аманіткі. дынамоны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКРУ́ТКІН (Віталій Аляксандравіч) (27.3.1908, г. Феадосія, Украіна — 9.10.1984),
рускі пісьменнік. Скончыў Благавешчанскі пед.ін-т (1932). Друкаваўся з 1926. Першая аповесць «Акадэмік Плюшчоў» (1940). Творы ваен. часу ў кнігах «Карычневая чума» (1941), «Сіла» (1942), «Каўказскія запіскі» (1947). Працоўныя будні рыбакоў у рамане «Плывучая станіца» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951). Аўтар рамана-эпапеі «Стварэнне свету» (кн. 1—3, 1955—78, Дзярж. прэмія СССР 1982), рамана «Ля мора Азоўскага» (1946), аповесці «Маці Чалавечая» (1969; на бел. мову ўрывак пераклаў У.Шахавец) і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. Ростов н/Д, 1977—80;
Бел.пер. — у кн.: Квітней, Радзіма, красуй, жыццё. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДАЦЬЕ́Р (італьян. condottieri наёмнік),
1) кіраўнік наёмнага ваен. атрада ў Італіі ў 14—16 ст. Набылі вял. значэнне ва ўмовах пастаянных войнаў паміж італьян. дзяржавамі. У 14 ст. вербаваліся пераважна з іншаземнага рыцарства, з 15 ст. італьянскія К. выцеснілі чужаземцаў. Найб. вядомыя К.: Л.Вісконці, А. да Барбіяна, Б. да Мантоне, Б.Калеоні, Ф.Сфорца і інш. Некаторыя з іх стварылі ўласныя арміі (кампаніі), самастойна вялі войны, захапіўшы ўладу ў гарадах, засноўвалі тыраніі (напр., Сфорца ў Мілане). З канца 15 ст., калі пяхота і артылерыя пачалі адыгрываць большую ролю, чым конніца (гал.сіла кандацьерскіх атрадаў), інстытут К. паступова знік.
2) Чалавек, які для асабістай выгады гатовы брацца за любую справу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́НА (санскр. дыханне),
у індыйскай метафізіцы і ідэалістычных сістэмах абазначае тонкую энергію Сусвету, крыніцу ўсіх сіл, руху і нават мыслення. У шэрагу выпадкаў атаясамліваецца з паняццямі «пракрыці» (пачатковая сіла) і «атман» — (душа). Адначасова П. мае і касм. значэнне, блізкае да паняцця «сусветная душа», злучыцца з якой імкнецца П. індывіда. На практыцы П. звычайна абазначае энергію дыхання. Ёгі сцвярджаюць, што акрамя П. дыхання ў чалавечым арганізме (і ў Сусвеце) існуюць яшчэ 4 тонкія энергіі: апана — токі, якія вядуць уніз, да выхаду з кішэчніка; в’яна — токі, што размеркаваліся па целе паміж пранай і апанай, удана — токі, накіраваныя ўверх, канцэнтруюцца ў горле, самана — токі, што збіраюцца каля пупка і садзейнічаюць страваванню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,
фізічная велічыня, якая характарызуе скорасць змены эл.-магн. энергіі, назапашанай у шпулі індуктыўнасці і кандэнсатары, а таксама скорасць перадачы энергіі ад крыніцы да прыёмніка і назад. Абазначаецца Q, вымяраецца ў вольт-амперах рэактыўных.
У ланцугах сінусаідальнага току роўная Q = UIsinφ, дзе U — напружанне, I — сіла току, φ — вугал зруху фаз паміж напружаннем і токам. Звязана з поўнай S і актыўнай магутнасцюP суадносінамі:
(гл.Магутнасць электрычная). Цыркуляцыя рэактыўнай энергіі ў эл. ланцугах выклікае дадатковыя страты энергіі і падзенне напружання ў ЛЭП, загружае эл. сетку і генератары. Таму Р.м. у эл. сетках звычайна кампенсуюць падключэннем токапрыёмнікаў, якія ствараюць процілеглы зрух фаз (эл. кандэнсатараў, сінхронных кампенсатараў, рэактараў электрычных і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМСО́Н (стараж.-яўр.Шымшон, магчыма, ад шэмеш — хвоя),
у Бібліі (Стары запавет) старажытнаяўрэйскі герой-асілак, надзелены звышчалавечай сілай і адвагай; дванаццаты з «суддзяў ізраілевых». Здзейсніў шматлікія подзвігі ў барацьбе з філістымлянамі (знішчыў 1000 ворагаў, выкраў вароты г. Газа і інш), але закахаўся ў філістымлянку Далілу, якая выведала, што неадольная сіла С. — у яго валасах. У час сну філістымляне абстрыглі С., асляпілі і закавалі ў ланцугі. Калі валасы ў С. адраслі, ён разбурыў храм, пад абломкамі якога загінулі філістымляне і С. Біблейскія сюжэты, звязаныя з С., шырока ўвасоблены ў мастацтве: гравюра А.Дзюрэра, карціны Рэмбранта, А. ван Дэйка, А.Мантэньі, статуя М.І.Казлоўскага для фантана ў Пецяргофе, опера К.Сен-Санса і інш.