існавалі ў 11—17 ст. Абарончыя збудаванні мелі ўсе асн. раёны стараж.Полацка: Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак, Вял. і Запалоцкі пасады. Паводле летапісных звестак, яны былі зроблены з дрэва. «Сага аб Цідрыку Бернскім» (запіс адносіцца да 13 ст.) паведамляе пра наяўнасць у Полацку мураваных умацаванняў. Больш падрабязныя звесткі ёсць у дакументах 15—17 ст. ’Паводле іх, у 1552 на Верхнім замку былі драўляныя сцены-гародні. Уздоўж сцен па перыметры замка стаялі вежы: Вусцейская, Асвейская, Міхайлаўская, Багародзіцкая, Сафейская і 4 безыменныя. У 17 ст., пасля ўмацавання замка, вежы перабудаваны, некат. пастаўлены ў інш. месцах. Паводле дакумента 1654, было 10 вежаў: Чырвоная (раней Каралеўская), Праезная, Гуська, Раждзественская (новая), Бык (раней Вежа-фортка), Новая (Усць-Палаты), Бык (раней Ваяводзіцкая), Машна (новая), Бык (раней Брусяная), Баярская (старая) і 2 брамы — праезная і фортка. Магчыма, што вежа Чырвоная была мураваная. Умацаванні Вял. пасада вядомы з 11 ст. У 16—17 ст. яны былі аналагічныя фартыфікацыі Верхняга замка. Абарончая сцяна пачыналася ад Варварынскай вадзяной вежы Верхняга замка, якая стаяла на беразе Зах. Дзвіны, цягнулася ўздоўж правага берага прыблізна на 1,5 км уверх па цячэнні ракі да крайняй Міронаўскай вежы, тут паварочвала на Пн, ўздоўж глыбокага рова да р. Палата. Былі вежы: Ложная (праезная), Ільінская, Скарбная, Невельская і Навугольная (вуглавая паўн.-ўсх.). Ад апошняй сцяна ішла па левым беразе р.Палата на З да Кабыльчынай вежы (побач з сучасным Чырвоным мостам). Далей стаяла вежа-фортка, а за ёй, уздоўж левага берага Палаты да Верхняга замка, — сцяна без вежаў. На Ніжнім замку ў 17 ст. вежы і сцены заменены «тынам стаячым». Абарончыя збудаванні Запалоцця вядомы з 12 ст. У 16 ст. яны былі аналагічныя ўмацаванням Верхняга замка і Вял. пасада. Аднак тут адсутнічалі валы, а замест зрубаў-гародняў быў падвойны «стаячы тын». Археал. даследаванні П.г.у. праводзілі В.А.Булкін (1979), С.В.Тарасаў (1986—89). Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
Літ.:
Гл. пры арт.Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІЛІМО́НТАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18 ст. ў в. Чырвоная Зорка (б. Радзівілімонты) Клецкага р-на Мінскай вобл. Размешчаны ў б. летняй рэзідэнцыі мінскага ваяводы кн. Ю.Радзівіла, роду якога маёнтак належаў з 1586. У 2-й пал. 19 ст. належаў Вітгенштэйнам. У комплекс уваходзілі палац, драўляныя флігелі, будынак канцылярыі (1809), гасп. пабудовы, капліца (не захавалася), парк. Па-за межамі комплексу былі вадзяны млын, сушня, вятрак. Палац пабудаваны ў 1780—83 у стылі класіцызму (арх. К.Спампані, Я.Бэнса). Аднапавярховы выцягнуты па папярочнай восі прамавугольны ў плане будынак пад вальмавым дахам. Канструкцыя будынка мяшаная; вонкавыя сцены з дубовых брусоў, унутр. падоўжныя — мураваныя. У сім.-восевай кампазіцыі гал. фасада вылучаўся дарычны 4-калонны мансардавы порцік, выдзелены на фоне гарыз. шалёўкі сцен, якая імітавала руст. З дрэва былі выкананы пабеленыя элементы класічнага дэкору — трыгліфы, мадульёны, разеткі, дэнтыкулы. Драўляныя калоны кампазітнага і іанічнага ордэраў, карнізы і разеткі былі апрацаваны ў тэхніцы стука. Пасля пажару 1909 палац адбудаваны. У нішах інтэр’ера знаходзіліся кафляныя печы, малюнак якіх, як і інтэр’ерны жывапіс, выкананы ў 1780 маст. А.Смуглевічам. Ад палаца засталіся руіны. У гасп. частцы размяшчаліся дамы аканома і парабкаў, бровар, варыўня, стайні, адрына, абора. гумны, валовы млын, свіран. Свіран — прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным гонтавым дахам на кроквах. Фасад мае значны вынас даху, пад ім — галерэя на высокіх слупах (служыла для падняцця грузаў на вышку). На вільчыку даху — вежачка з невял. звонам і флюгерам. Дзверы з узорыста выкладзеных дошак аформлены маст. коўкай. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. каля 13 га) ахоплівае палац падковай. Высаджаны над р. Цапра, на якой створаны каскад ставоў. Перад палацам — вял. партэр. Элементы рэгулярнасці ў яго планіроўку ўносяць прамыя грабавыя, каштанавыя і ліпавыя алеі. У пач. алей устаноўлены памятны камень з інфарм. надпісам, што алея высаджана ў 1875 князёўнай М.Радзівіл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНА́МЕНТ (ад лац. ornamentum упрыгожанне),
узор з рытмічна ўпарадкаваных элементаў для аздаблення твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, прадметаў побыту, арх. збудаванняў і інш. У залежнасці ад твора, яго формы, матэрыялаў, спосабу выканання можа быць маляваны, разьбяны, вышываны, тканы, плецены, інкруставаны, набіваны, гравіраваны і інш. Паводле характару бывае геаметрычны, раслінны (пальмета, акант), тэраталагічны (стылізаваныя малюнкі звяроў, птушак), камбінацыі геам. і раслінных матываў (арабескі). У якасці матываў арнаменту выкарыстоўваюць розныя знакі і эмблемы (гербы). Вядомы ўсім народам свету, вобразна адлюстроўвае іх нац. асаблівасці, характар пануючага маст. стылю. На Беларусі арнамент вядомы з часоў палеаліту, асабліва разнастайны ў эпоху неаліту. Тагачаснаму арнаменту на вырабах з косці, дрэва, гліны надавалася сэнсавае і магічнае значэнне. Спецыфічныя рысы набыў у працэсе фарміравання бел. народнасці ў 13—16 ст., развіваўся ва ўзаемадзеянні з культурай інш. народаў. Адметнасцю вызначаюцца разьбяныя па ляўкасе арнаментальныя фоны бел. абразоў 16—18 ст. Шырокую вядомасць набыла беларуская рэзь, арнамент на слуцкіх паясах, кафлі, вырабах урэцка-налібоцкага шкла і інш.Нац. рысы арнаменту найб. ярка ўвасобіліся ў нар.дэкар.-прыкладным мастацтве. У вышыўцы і ткацтве пераважае геам. (пераважна рамбічны) чырвона-чорны арнамент на белым фоне палатна; у разьбяным дэкоры на прадметах побыту — зубчыкі, крыжыкі, шматпраменныя разеткі; у аздабленні нар. жылля — геам. салярны, стылізаваны раслінны і зааморфны. У цяперашні час арнамент. страціў сваё сімвалічнае значэнне і выконвае чыста дэкар. ролю. Лепшыя ўзоры бел. арнаменту, узбагачаныя сучаснай рэчаіснасцю, выкарыстоўваюцца ў лёгкай і маст. прам-сці, архітэктуры, дэкар.-прыкладным мастацтве, маст. творчасці.
Літ.:
Соколова Т. Орнамент — почерк эпохи: [Альбом]. Л., (1972);
Беларускі народны арнамент: [Альбом]. Мн., 1955;
Peesch R. Ornamentik der Volkskunst in Europa. Leipzig, 1981.
Я.М.Сахута.
Ручнік з арнаментам. Мінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Мастра». 1990-я г.Да арт.Арнамент. 1. Вязанне. 1920. Магілёўская вобл. 2. Вышыўка. 18 ст. 3. Тканіна. 1920. Гродзенская вобл. 4, Тканіна. 1950. Гомельская вобл. 5. Тканіна. Канец 19 ст. Мінская вобл. 6. Посцілка. 1900. Піншчына. 7. Фрагмент ручніка. 1934. Талачынскі р-н, Віцебская вобл. 8. Вышыўка. 1920. Брэсцкая вобл.Да арт.Арнамент. Франтыспіс Карана Аргун-шаха. Егіпет. 1368—88.Да арт.Арнамент. Ворсавы дыван «Мараза». Шырванская група. Пач. 19 ст.Да арт.Арнамент. Маёлікавая абліцоўка сцен у палацы Таш-Хаўлі ў Хіве. 1830-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРА́ЦЫЯ (позналац. decoratio літар. ўпрыгожанне) у тэатры і кіно, афармленне трохмернай прасторы, у межах якой адбываецца дзеянне спектакля або фільма. Існуе для вобразнай характарыстыкі гіст. абставін, умоў і атмасферы спектакля або фільма — асяроддзя, у якім дзейнічае акцёр. Ствараецца з дапамогай архітэктуры, жывапісу, графікі, маст. планіроўкі месца дзеяння, спец. фактур, асвятлення і тэхнікі.
Сістэмы тэатр. Д.: кулісная перасоўная — мяккія навясныя кулісы або цвёрдыя на рухомых рамах, размешчаныя ад партала ўглыб сцэны (вядома з 1628); кулісна-арачная пад’ёмная — жывапісныя палотны, зробленыя з улікам перспектывы і сшытыя ў выглядзе арак (вядома з 17 ст.; разнавіднасць кулісна-арачнай Д. — ажурная, умацоўваецца на сетцы або апліцыруецца на цюлі); павільённая — сценкі-рамы, зацягнутыя маляваным палатном, перакрытыя столлю (з 1794); аб’ёмная — камбінацыя плоскіх сцен і аб’ёмных дэталей: станкоў, лесвіц, пандусаў і інш. (з 1870); для змены аб’ёмнай Д. ўжываюцца рухомыя пляцоўкі-фуркі, паваротны круг і інш.; праекцыйная Д. заснавана на праекцыі на экран статычных і дынамічных выяў — арх. і пейзажных матываў, дажджу, полымя і да т.п. (з 1908). Сярод прыёмаў — афармленне з ужываннем розных сістэм Д.: сімультантны (адначасовы паказ розных месцаў дзеяння), умоўны (афармленне ў нейтральных сукнах ці шырмах або ў іх спалучэнні з арх. і бытавымі дэталямі па рухомай устаноўцы), прасторавы (сцэна з Д. акружае гледача з усіх бакоў). Кінадэкарацыі робяцца трохмерныя з улікам умоў здымкі (план, ракурс, асвятленне), характару здымкі і стужкі. Ім дадаюць жывапісную і фактурную апрацоўку: умоўна-абагульненую для агульных і аддаленых планаў і ілюзорна-натуральную для буйных і сярэдніх планаў. Д. ў кіно робяцца ў натуральную велічыню аб’екта або ў выглядзе яго фрагмента (т.зв. «ігравой часткі»), Фрагмент Д. часам дапаўняецца макетамі і рознымі фонамі, якія ў кадры злучаюцца ў адно цэлае. Развіццё мастацтва Д. цесна звязана з развіццём тэатра, кіно, драматургіі, выяўл. мастацтва. Актыўным творчым пошукам адметныя работы мастакоў тэатра і кіно М.Апіёка, М.Блішча, Б.Герлавана, А.Грыгар’янца, Я.Ждана, А.Марыкса, П.Масленікава, Дз.Мохава, С. і Я.Нікалаевых, Ю.Тура, Я.Чамадурава і інш.Гл. таксама Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва.
Літ.:
Козлинский В.И., Фрезе Э.П. Художник и театр. М., 1975;
Мастацтва беларускіх дэкаратараў. Мн., 1989.
Г.І.Барышаў.
Да арт.Дэкарацыя. М.Апіёк. Эскіз дэкарацыі да спектакля «Варвары» М.Горкага. 1966.Да арт.Дэкарацыя. П.Масленікаў. Эскіз дэкарацыі да оперы «Яснае світанне» А.Туранкова. 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на З і р. Іпуць на У (тэр.Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.
Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.
Літ.:
Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;
Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;
Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ СПА́СА-ЕФРАСІ́ННЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р, Полацкі Спаскі манастыр,
помнік архітэктуры 12 — пач. 20 ст. ў г. Полацк Віцебскай вобл. Знаходзіцца на ўскраіне горада, на правым беразе р. Палата. Засн. ў пач. 12 ст. князёўнай Ефрасінняй Полацкай як абарончы фарпост Полацка (з Пн), за 2 км ад горада, у в. Сяльцо, на месцы, дзе знаходзілася драўляная царква Спаса. У 1579 кароль Рэчы Паспалітай Стафан Баторый заняў Полацк і заснаваў у манастыры сваю рэзідэнцыю, потым перадаў яе езуітам. У 1656 паводле загаду рас. цара Аляксея Міхайлавіча манастыр пераасвячоны і вернуты праваслаўным. З 1667 зноў належаў езуітам, пасля 1820 перайшоў да піяраў. З 1832 вернуты праваслаўным, з 1841 жаночы манастыр. У 1844 пры манастыры адкрыта 3-класнае жан. вучылішча, сіроцкі прытулак, багадзельня. Найб. росквіту манастыр дасягнуў у канцы 19 ст. пры ігуменні Яўгенні (Гаваровіч). У 1910 сюды з Кіева перавезены мошчы св. Ефрасінні Полацкай. У пач. 20 ст. ў манастыры былі мураваныя храмы, якія ўтваралі невял. плошчу пры ўваходзе, а таксама каля 20 драўляных і мураваных жылых і гасп. пабудоў, сад, агарод. У1928 манастыр закрыты. У Вял.Айч. вайну на тэр. манастырскага комплексу быў лагер сав. ваеннапалонных, многія пабудовы разбураны. З 1943 манастыр пачаў дзейнічаць. У 1960 зноў закрыты (насельніцы пераведзены ў Жыровіцкі Успенскі манастыр). З 1989 манастыр аднавіў сваю дзейнасць. У ансамбль уваходзяць: цэрквы Спаса-Праабражэнская і Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая), Крыжаўзвіжанскі сабор, жылы дом, брама-званіца з жылым манастырскім корпусам, падмуркі храма-пахавальні. У 1998—2000 узведзены манастырскі жылы корпус, гасп. пабудовы, майстэрні. Спаса-Праабражэнская царква — помнік архітэктуры Полацкай школы дойлідства. Размешчана ў цэнтры манастырскага комплексу. Пабудавана паміж 1152—61 дойлідам Іаанам на заказ Ефрасінні Полацкай як саборны храм. З пераходам манастыра да езуітаў царква была ператворана ў касцёл. У 1833 часткова перабудавана (арх. А.Порта). Мураваны 3-нефавы 6-стаўповы крыжова-купальны храм (8 χ 12). Цэнтр. неф з У завершаны паўкруглай масіўнай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. Паўд. і паўн. фасады расчлянёны пілястрамі з паўкалонамі, якія рытмічна падзяляюць паверхню на 3 вузкія і 2 шырокія прасценкі (чаргуюцца), прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі на 2 узроўнях (ніжнія ў 1,5 раза большыя за верхнія, з т.зв. броўкамі з 4 радоў плінфы). Напачатку царква мела пазакамарнае пакрыццё асн. аб’ёму і больш нізкага нартэкса. Барабан купала ўзвышаўся над скляпеннямі асн. аб’ёму і апіраўся на квадратны ў плане пастамент, на гранях якога былі какошнікі. Закамары і какошнікі мелі кілепадобнае завяршэнне, што стварала ярусную кампазіцыю верху. У 19 ст. пазакамарнае пакрыццё заменена 3-схільным дахам. Уваход на хоры — у паўн. частцы зах. сцяны. Па баках хораў 2 маленькія келлі, адна з іх, паводле падання, прызначалася для Ефрасінні Полацкай. Інтэр’ер аздоблены фрэскамі 12 ст. — унікальнымі творамі стараж.-рус.манум. мастацтва. Даследаванні паверхні сцен, скляпенняў і слупоў даюць падставу меркаваць, што ўвесь храм багата ўпрыгожаны фрэскамі, якія закрыты напластаваннямі тынку і алейнай размалёўкай 5 832—35 і 1840. Расчыстка сценапісу праводзілася ў 1937, 1938, 1940, 1950, 1972. Адкрыта 8 фрагментаў фрэсак 12 ст. Тры з іх знаходзяцца ў алтарнай частцы: на лапатках паўд. і паўн.сцен выявы невядомых святых ва ўвесь рост з кнігамі ў руках, на паўд. сцяне побач з бакавым праёмам выява святога, што моліцца на фоне высокай вежы. 5 фрагментаў у цэнтр. частцы: на паўд. сцяне 2 з выявамі святых манашак; на паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. слупах франтальныя выявы святых ва ўвесь рост са скруткамі ў руках; на паўн.-зах. слупе, які падтрымлівае хоры, выява невядомай маладой святой. У апошнія гады пазнейшыя алейныя размалёўкі пачалі ападаць. Адкрылася шмат новых фрагментаў і сюжэтных кампазіцый у цэнтр. (10 выяў) і бакавых апсідах, цэнтр. частцы, у келлі Ефрасінні Полацкай. Фрэскі вылучаюцца выразнасцю індывід. характарыстык, натхнёнасцю, эмацыянальнасцю, суровай экспрэсіяй. Выявы святых пададзены ў класічных прапорцыях: з прадаўгаватымі тварамі, вял. міндалепадобнымі вачыма, цёмнымі вачніцамі, сціснутымі, але прыгожымі і жывымі вуснамі. Стараж. фрэскамі таксама была размалявана вонкавая паўд. сцяна (не захавалася). У 1161 Лазар Богша для царквы зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. Крыжаўзвіжанскі сабор размешчаны з левага (паўн.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. Узведзены ў 1893—97 з цэглы (паводле праекта У.Ф.Коршыкава) у руска-візант. стылі. З пач. 1990-х г. вядзецца расчыстка і кансервацыя размалёвак (мастак-рэстаўратар І.В.Ракіцкі). Уяўляе сабой крыжова-купальны 3-нефавы храм, 4-слуповы, 5-купальны, з 3 прытворамі і паўцыркульнай апсідай. Цэнтр. шлемападобны купал на высокім светлавым 12-гранным барабане. Па вуглах ад яго 8-гранныя вежы, завершаныя шлемападобнымі купаламі. У дэкар. аздабленні фасадаў выкарыстаны закамары, арачныя ўваходныя парталы, паўкалонкі, круглыя медальёны. У 1990 праведзена рэстаўрацыя сабора.
Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая) царква размешчана з правага (паўд.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. У 1847 1-павярховы жылы дом быў прыстасаваны пад царкву, у 1849 перабудаваны. Уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб’ём з 5-граннай апсідай (з У), 4-гранным прыдзелам (з Пд) і прытворам (з 3). Накрыта 2-схільным дахам, у цэнтры якога невял. купал з галоўкай на драўляным 8-гранным барабане. Уваход у выглядзе арачнага партала з шырокай лесвіцай, сцены дэкарыраваны рустам, аконныя праёмы паўцыркульныя з ліштвамі. У 1989 царква адрэстаўрыравана. Жылы корпус размешчаны на ПдУ ад Спаса-Праабражэнскай царквы (каля храма-пахавальні). Пабудаваны ў пач 18 ст. з цэглы як жылы, пазней — летняя рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэна. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з уваходам з усх. боку. Сцены прарэзаны невял. аконнымі праёмамі з ліштвамі, вуглы дэкарыраваны руставанымі лапаткамі і ўмацаваны (з боку яра) 2 масіўнымі контрфорсамі. Брама-званіца і манастырскі корпус размешчаны пры ўваходзе на тэр. манастыра з боку вул. Фрунзе. Брама-званіца, узведзеная ў 1882 з цэглы, уяўляла сабой 1-арачны пралёт, перакрыты цыліндрычным скляпеннем і завершаны вежай-званіцай (не захавалася; у 1992 адноўлена). Да яго з 2 бакоў далучаліся 1-павярховыя флігелі. Да левага флігеля ў 1902 прыбудаваны 3-павярховы (1-ы паверх цокальны) мураваны жылы манастырскі корпус. Фундаменты храма-пахавальні размешчаны за 100 м на ПнУ ад Спаса-Ефрасіннеўскай царквы. Існаваў у 1-й пал. 12—1-й пал. 17 ст. Уваходзіў у ансамбль манастыра. Быў пабудаваны ў традыцыях Полацкай школы дойлідства. Паводле археал. даследаванняў 1947, 1961—62, 1964, 1976 храм быў 3-нефавы, 4-стаўповы, крыжова-купальны (шыр. 14,85 м, даўж. без апсіды 17,2 м), 3-апсідны (бакавыя апсіды размешчаны ў тоўшчы ўсх. сцяны). З паўд., зах. і паўн. бакоў абнесены галерэяй (шыр. 4,1 м), якая пераходзіла ў невял. капліцы з самаст. апсідамі. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы муроўкі са «схаваным радам». Фасады аформлены лапаткамі ступеньчатага профілю. Унутры храм быў багата аздоблены. Знойдзена шмат кавалкаў тынкоўкі з фрэскавай размалёўкай: з арнаментам, выявамі святых і анёлаў. Узорыстая мазаічная падлога была выкладзена з керамічных паліваных плітак рознай формы; малюнкі выкладаліся са смальты ў форме квадратаў, трохвугольнікаў і палосак. Выяўлены таксама рэшткі мужчынскіх пахаванняў ў цагляных камерах. Храм быў пахавальняй полацкіх епіскапаў. Захаваліся падмуркі і часткова ніжнія ч.сцен. Комплекс манастыра ўваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. З 1997 у манастыры знаходзіцца адноўлены Крыж Ефрасінні Полацкай (маст. М.Кузьміч). У 2000 у гонар 2000-годдзя Раства Хрыстова і 100-годдзя смерці ігуменні Яўгенні (Гаваровіч) у саборы ўстаноўлена памятная дошка (аўтары: А.Інькова, Г.Лаўрэцкі, А.Царык).
Літ.:
Монастырь у церкви Спаса: Полоцкий Спасо-Ефросиниевский монастырь с древности до наших дней: Фотоальбом. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р,
помнік архітэктуры 11—18 ст. у г. Полацк Віцебскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 11 ст. пры кн. Усяславе Брачыславічу як правасл. храм. Будынак 5-нефавы крыжова-купальны (7 купалаў, паводле інш. звестак 5) з 3 гранёнымі апсідамі. На кожным фасадзе (акрамя ўсходняга) было 6 прамавугольных плоскіх лапатак, якія адпавядалі ўнутр. падзелу памяшкання 16 слупамі на нефы, 3 сярэднія нефы заканчваліся апсідамі. Над сяродкрыжжам сабора быў цэнтр. купал на барабане. Сцены складзены з прыроднага каменю і плінфы ў тэхніцы паласатай муроўкі (муроўка са «схаваным радам», што стварала 2-колерную гаму паверхні), характэрнай для Полацкай школы дойлідства. У канцы 15 — пач. 16 ст. перабудаваны ў 5-вежавы храм абарончага тыпу. Неаднаразова быў разбураны (у 1607 і 1643 спалены, у 1710 пашкоджаны выбухам). Паміж 1738—50 перабудаваны (арх. І.К.Глаўбіц, каменшчык Б.Касінскі) у стылі позняга барока. Храм арыентаваны з Пд на Пн. У 18 ст. сабор — 3-нефавая мураваная базіліка з 2 шмат’яруснымі вежамі на гал. фасадзе. З усх. боку ў кампазіцыю сабора ўключаны рэшткі сцен і гранёныя апсіды храма сярэдзіны 11 ст. (даўжыня старой пабудовы вызначыла шырыню новай). Стараж. апсіды і сіметрычная прыбудова да зах. фасада ўтвараюць своеасаблівы трансепт, гранёныя крылы якога завершаны ў цэнтры купалам з ліхтарыкамі. Цэнтр. неф на гал. фасадзе і з боку алтарнай апсіды завершаны фігурнымі атыкавымі франтонамі. Гал. фасад дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі на пілястрах, авальнымі нішамі на гранёных крылах, пінаклямі на вуглах ярусаў вежаў і франтонаў. Бакавыя фасады аздоблены спаранымі пілястрамі і ляпнымі гірляндамі. У інтэр’еры 3-ярусная каменная алтарная перагародка, на якой захаваліся маляўнічыя кампазіцыі 18—19 ст., у т. л. «Тайная вячэра», «Спас нерукатворны» і скульпт. кампазіцыя «Тройца новазапаветная». У стараж. частцы храма (усх. апсіда) захаваліся рэшткі фрэсак 11 ст. У будынку сабора пасля рэстаўрацыі (1985, арх. В.Слюнчанка) размешчана канцэртная зала з арганам і Музей гісторыі і архітэктуры Сафійскага сабора. П.С.с. уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Літ.:
Ткачоў М.А. Новае пра Сафійскі сабор // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. №2;
Трусов О.А. Археологическое изучение Полоцкой Софии // Древности Белоруссии и Литвы. Мн., 1982;
Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
найстарэйшая навуч. ўстанова Беларусі і Літвы. Засн. ў Вільні ў 1570 езуітамі як калегіум, які на падставе прывілея караля Стафана Баторыя ў 1579 пераўтвораны ў акадэмію. Першы рэктар П.Скарга. Меў ф-ты філасофскі і тэалагічны, у 1641 адкрыты юрыд.ф-т. Студэнты ўсіх ф-таў вывучалі бел. мову. Пры акадэміі існавалі б-ка, друкарня, астр. лабараторыя. Апрача служыцеляў культу акадэмія рыхтавала выкладчыкаў для езуіцкіх калегіумаў. Сярод яе выпускнікоў М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, А.Каяловіч і інш. У сувязі са спыненнем дзейнасці ордэна езуітаў (1773) акадэмія перайшла пад апеку Адукацыйнай камісіі, у 1781 пераўтворана ў Гал. школу Вял.кн. Літоўскага. Яе рэктар М.Пачобут-Адляніцкі рэфармаваў Гал. школу і надаў адукацыі амаль свецкі характар. Гал. школа мела ф-ты: маральны, фізічны, а пасля далучэння да яе Гродзенскай мед. школы — медыцынскі. У 1781 пры Гал. школе Ж.Жыліберзасн. батанічны сад. У 1803 Гал. школа рэарганізавана ва ун-т з 4 ф-тамі (маральных і паліт.Навук. фізіка-матэм., мед., літ. і вольных мастацтваў). Быў адм. цэнтрам Віленскай навучальнай акругі. Пры ун-це дзейнічалі мед., вет., агранамічны ін-ты, абсерваторыя, адна з найбагацейшых у Еўропе б-ка і бат. сад. Сярод выкладчыкаў І.Анацэвіч, М.Баброўскі, І.Лялевель, А.Снядэцкі і інш. З яго сцен выйшлі вядомыя паэты і пісьменнікі А.Міцкевіч, Ю.Славацкі, Ю.Крашэўскі, гісторык І.Даніловіч, геолаг І.Дамейка і інш. У апошнія гады існавання Віленскага універсітэта з 47 прафесараў 36 былі ўраджэнцамі Беларусі і Літвы. Ун-т быў цэнтрам перадавой навук. і грамадскай думкі. У 1817—23 ва ун-це існавалі тайныя т-вы філаматаў, філарэтаў. Сярод студэнтаў распаўсюджваліся антысамадзяржаўныя і патрыятычныя ідэі. Трэцяя частка студэнтаў удзельнічала ў паўстанні 1830—31, за што рас. імператар Мікалай I у 1832 закрыў Віленскі універсітэт. На яго базе былі створаны Віленская медыка-хірургічная акадэмія і Духоўная рымска-каталіцкая акадэмія (у 1842 пераведзена ў Пецярбург). У сценах б. ун-та засталася толькі абсерваторыя (закрыта ў 1883). У 1919 дзейнасць Віленскага універсітэта была адноўлена, яму прысвоена імя Стафана Баторыя. Меў 5 ф-таў: тэалагічны, права і грамадскіх Навук.мед., гуманітарны, матэм.-прыродазнаўчы, мастацтва. Працавалі прафесары Ю.Дэмбоўскі, Л.Калянкоўскі, В.Камарніцкі, Г.Лаўмянскі, В.Урублеўскі і інш. Пасля перадачы Віленскага краю Літве літ. ўлады закрылі Віленскі універсітэт (15.12.1939), у 1940 у яго будынак перавялі некаторыя ф-ты Каўнаскага ун-та. 19.3.1943 і гэтыя ф-ты зачынены ням.акупац. ўладамі. У 1945 у будынку Віленскага універсітэта аднавіў дзейнасць пераведзены з Каўнаса ун-т (цяпер Вільнюскі ун-т, у 1955—89 імя В.Капсукаса; у 1995/96 навуч г. на яго 13 ф-тах і ў 2 ін-тах вучылася 9709 студэнтаў).
В.Ф.Шалькевіч.
Вялікі двор Віленскага універсітэта. Літаграфія. 1850.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ЗА́МКІ,
сістэма абарончых збудаванняў сярэдневяковага Віцебска. Складаліся з Верхняга, Ніжняга і Узгорскага замкаў. Першыя 2 пабудаваны кн. Альгердам на месцы былога дзядзінца і вакольнага горада.
Верхні замак (14—18 ст., пл. каля 4 га) размяшчаўся на левым беразе р. Віцьба пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. У плане нагадваў трапецыю, меў 8 вежаў. Уключаў гарадзішча ранняга жал. веку (у пісьмовых крыніцах наз. гара Ламіха, дзядзінец Віцебска) і мыс Заходнядзвінскага ўзвышша, умацаваныя валам у 1130-я г. У сярэдзіне 14 ст. на грэбені вала стаялі мураваныя абарончыя сцены і вежы. З моманту пабудовы мураваны замак перажыў каля 15 аблог з выкарыстаннем артылерыі. Моцна ён пацярпеў пасля 3 асад войскамі Івана IV Грознага ў час Лівонскай вайны 1558—83, аднак паступова адноўлены. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ходзе ген. штурму 28.11.1654 узяты рус. войскам і толькі ў 1667 зноў здадзены Рэчы Паспалітай. Паводле звестак за 1655, агульная даўжыня мураваных умацаванняў замка дасягала 623 м. У 1708 замак спалены па загадзе Пятра I. Адноўлены да сярэдзіны 18 ст., пасля двух пажараў 1757 разабраны.
З Пд да Верхняга замка прымыкаў Ніжні замак (14—18 ст., пл. 7—7,5 га) з 7 мураванымі вежамі. Мураваны абарончы пояс гэтага замка дасягаў 1750 м. Пасля аблог 1393, 1396, 1435, 1502, 1516, 1519, 1534, 1535, 1536 з выкарыстаннем артылерыі, бамбардзіровак войскам Івана IV Грознага ў 1562, 1563 і 1568 у Лівонскую вайну 1558—83 ад сцен замка засталіся руіны і асобныя ўчасткі вежаў, якія рамантаваліся каменем і дрэвам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак заняты рус. войскам восенню 1654, пасля працяглых штурмаў быў істотна рэканструяваны. У вер. 1708 спалены карным атрадам калмыкаў на чале з капітанам рус. арміі Салаўёвым. Быў адноўлены, канчаткова знік пасля пажару. 1752 і двух пажараў 1757.
Узгорскі замак (1-я пал. 17—18 ст., пл. каля 10 га) пабудаваны паміж рэкамі Зах. Дзвіна і Віцьба (на яе правым беразе), на Пн ад Верхняга і Ніжняга замкаў. Меў 3 брамы і 7 драўляных вежаў. Мостам цераз Віцьбу злучаўся з Ніжнім замкам. У 1656 лінія ўмацаванняў Узгорскага замка дасягала 1800 м, у плане ён меў канфігурацыю, блізкую да чатырохвугольнай. Замак не раз гарэў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Канчаткова спалены ў ходзе Паўн. вайны 1700—21 па загадзе Пятра I 28.9.1708 рус. войскам пры адступленні.
Літ.:
Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987.
М.А.Ткачоў.
Да арт.Віцебскія замкі (злева направа): Вялікая праезная брама Верхняга замка; вежа «Валконскі круглік» Ніжняга замка; ратуша, гасціны двор і гандлёвыя рады Узгорскага замка. З «Чарцяжа» Віцебска 1664.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗАБЕТО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,
элементы будынкаў і збудаванняў, вырабленыя з жалезабетону. Бываюць: маналітныя (фармуюцца ў апалубцы на месцы буд-ва), зборныя (састаўляюцца з асобных элементаў, папярэдне зробленых на спец. з-дах і палігонах) і зборна-маналітныя (спалучаюць зборныя элементы з маналітным бетонам, які ўкладваецца на буд. пляцоўцы); звычайныя (іх разнавіднасць — армацэментавыя канструкцыі) і папярэдне напружаныя канструкцыі; з стальной, шклапластыкавай арматурай і дысперснаарміраваныя (з фібрабетону); вібраўшчыльненыя, центрыфугаваныя, прасаваныя, вакуумаваныя, атрыманыя камбінаванымі спосабамі і інш.
Маналітныя канструкцыі выкарыстоўваюцца пераважна пры асабліва вял. нагрузках (фундаменты, каркасы і перакрыцці шматпавярховых прамысл. будынкаў, гідратэхн. аб’екты, пакрыцці аўтадарог, элементы мастоў, пуцеправодаў і інш.). Зборныя канструкцыі пашыраны пры індустр. буд-ве. Ідуць на фундаменты і падземныя часткі будынкаў і збудаванняў (фундаментальныя блокі і пліты, панэлі і блокі сцен падвалаў), на каркасы будынкаў (калоны, рыгелі, прагоны, падкранавыя бэлькі, фермы), на вонкавыя і ўнутр. сцены (сценавыя і перагародачныя панэлі і блокі), на міжпавярховыя перакрыцці і пакрыцці будынкаў (панэлі, пліты, насцілы) і інш.Зборна-маналітныя канструкцыі выкарыстоўваюцца гал. чынам у перакрыццях шматпавярховых будынкаў, у мастах і пуцеправодах, пры ўзвядзенні некаторых абалонак і інш. Іх ужыванне асабліва мэтазгодна пры вял. дынамічных нагрузках (у т. л. сейсмічных), а таксама з-за ўмоў транспартавання і мантажу. У канструкцыях выкарыстоўваецца ў асн. гнуткая арматура ў выглядзе асобных стрыжняў, зварных сетак і каркасаў. Акрамя падоўжнай арматуры ўстанаўліваецца размеркавальная мантажная і папярочная арматура (хамуты, адгіны), часам прадугледжваецца ўскоснае арміраванне ў выглядзе зварных сетак і спіралей. Для папярэдне напружаных канструкцый выкарыстоўваюць высокатрывалую стрыжнёвую арматуру і дрот, а таксама пасмы і канаты з яго; для электраізалюючых. каразійнаўстойлівых і інш. канструкцый спец. прызначэння — шклапластыкавую арматуру (стрыжні з шкляных нітак, аб’яднаных палімернымі кампазіцыямі).
Літ.:
Баженов Ю.М., Комар А.Г. Технология бетонных и железобетонных изделий. М., 1984;
Ахвердов И.Н. Технология железобетонных изделий и конструкций специального назначения Мн., 1993;
Проектирование железобетонных конструкций:, Справ. пособие. 2 изд. Киев, 1990.
М.М.Гурбо.
Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі: а — жалезабетонны блок (1 — бетон, 2 — арматура са стальных стрыжняў); б — папярэдненапружаны блок (1 — стрыжні пад нацяжэннем, 2 — стальныя трубкі); в — бэлька з вязаным арматурным каркасам (1 — асноўная рабочая арматура, 2 — хамуты, 3 — мантажная арматура); г — калона з вязаным арматурным каркасам (1, 2 — асноўная і папярочная арматура).Жалезабетонныя вырабы і канструкцыіа — жалезабетонны каркас прамысловага будынка (1 — фундамент; 2, 8 — калоны вонкавая і ўнутраная; 3 — фундаментная бэлька; 4 — сценавая пліта; 5 — падкранавая бэлька; 6 — пліта пакрыцця; 7 — бэлька пакрыцця); б — зборныя канструкцыі буйнапанэльнага жылога будынка (1 — фундаментны блок, 2 — пліта перакрыцця, 3 — нясучая панэль папярочнай сцяны, 4 — дахавая пліта, 5 — вонкавая сценавая панэль).