горная краіна на ПнУ Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. З’яўляецца водападзелам басейнаў рэк Лена і Алдан, Амалой, Яна. Даўж. каля 1200 км ад дэльты Лены да р. Тампо (правы прыток Алдана). Утварае выпуклую на ПдЗ дугу шыр. ад 100 да 250 км. Складаецца са шматлікіх масіваў і хрыбтоў з высакагорным (Арулган) і згладжаным сярэднягорным (Хараўлахскі, Кулар) рэльефам і ўпадзін, што іх падзяляюць. Вышыні ад 700 да 900 м на Пн і Пд у сярэдняй ч. павялічваюцца да 2389 м. Верхаянскі хрыбет — антыклінорый, складзены з алеўралітаў, пясчанікаў, сланцаў, радзей вапнякоў. Месцамі асадкавыя пароды прарваны дайкамі дыябазаў і гранітнымі інтрузіямі. Да выш. 800—1200 м лістоўнічныя рэдкалессі, вышэй — хмызняковая вольха і кедравы сланік; на вяршынях высакагорных хрыбтоў халодная арктычная пустыня. Усюды пашырана шматгадовая мерзлата. Радовішчы золата, алавяных руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУНГА́РСКІ АЛАТА́У,
горная сістэма ў Сярэдняй Азіі, паміж воз. Алаколь і р. Ілі, у Казахстане і часткова ў Кітаі. Працягнулася з ПдЗ на ПнУ амаль на 450 км, шыр. ад 50 да 190 км. Складаецца з некалькіх паралельных хрыбтоў: Каратау, Баскантау, Таксанбай, Беджынтау і інш.Выш. ад 1500 да 3000 м, найб. — 4464 м (г. Бесбаскан). Паўн. раёны ўтвораны з пясчанікаў, алеўрытаў і сланцаў, паўднёвыя — з вулканагенных парод; у цэнтр.ч. выходзяць стараж.крышт. пароды. Радовішчы поліметал. руд, медзі, рэдкіх металаў; тэрмальныя мінер. крыніцы. Характэрна змена вышынных ландшафтных паясоў: на ніжніх схілах — пустыні, паўпустыні і стэп, які на выш. 1200 м пераходзіць у леса-лугавы пояс, вышэй 2600 м — субальпійскія і альпійскія лугі. Ледавікі (агульная пл. больш за 1000 км²), у т. л. ледавікі Джамбула і Берга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́НАВЫ ГО́РЫ (афрыкаанс Drakensberg),
у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, на ПдУ Афрыкі, ч.Уступу Вялікага. Працягласць каля 900 км. Найвыш. вяршыня Д.г. і Паўд. Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м); пераважаюць вышыні 2000—3000 м. Складзены з пясчанікаў і сланцаў сістэмы Кару (ад верхняга карбону да верхняга трыясу — ніжняй юры) і базальтаў, выліванне якіх адбылося ў пач. мезазойскай эры. Гарызантальнае заляганне адкладаў Кару абумовіла сплошчаныя вяршыні гор, расчлянёныя эрозіяй на стромкія схілавыя плато. З’яўляюцца водападзелам паміж рэкамі Індыйскага ак., якія праразаюць усх. стромкі схіл, і вярхоўямі р. Аранжавай. Клімат і расліннасць усх. і зах. схілаў рэзка адрозніваюцца. На ўсх. вільготных да 1200 м трапічныя дажджавыя лясы, вышэй лісцевыя і хвойныя лясы, калючыя хмызняковыя зараснікі, горныя лугі і каменныя россыпы. На сухіх зах. схілах лясы саступаюць месца саваннам і хмызнякам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААЛІ́Н (ад назвы хр. Каалінг у Кітаі),
асадкавая гліністая горная парода, складзеная пераважна з каалініту. Мае прымесі кварцу, палявых шпатаў і інш. Колер белы з адценнямі, навобмацак тлусты. У вільготным стане малапластычны, амаль не разбухае. Вогнетрывалы. Першасны К. утвараецца пры гідратэрмальным змяненні або выветрыванні ў кіслым асяроддзі алюмасілікатаў, палёвашпатавых парод (гранітаў, гнейсаў, пегматытаў, сланцаў і інш.). Адрозніваюць К. астаткавы (першасны), які залягае на месцы ўтварэння, і пераадкладзены (другасны, асадкавы), што ўтварыўся ў выніку размыву і пераадкладання прадуктаў выветрывання. Буйныя радовішчы К. прымеркаваны звычайна да кор выветрывання. Пераадкладзеныя К. залягаюць пластамі, лінзамі, гнёздамі. Багатыя радовішчы К. вядомы ў Кітаі, Вялікабрытаніі, Францыі, на Украіне, у Расіі і інш. На Беларусі К. выяўлены ў раёне Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу крышт. фундаменту — Сітніцкае, Дзедаўскае, Людзяневіцкае, Бярэзінскае радовішчы. Выкарыстоўваецца ў керамічнай, гумава-тэхн., папяровай, хім., парфумернай, будаўнічай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЎНАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ КО́МПЛЕКСНЫ ПРАЕ́КТНА-ПО́ШУКАВЫ І НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т (БелНДІпалівапраект) канцэрна Белпалівагаз. Засн. ў 1928 у Мінску. У 1960—77 Белдзіпраторф. З 1978 БелНДІпалівапраект, з 2000 рэсп. унітарнае прадпрыемства БелНДІпалівапраект. Асн. кірункі дзейнасці: вывучэнне рэсурсаў мясц. цвёрдага паліва і распрацоўка кірункаў рацыянальнага і эфектыўнага іх выкарыстання; распрацоўка новых і ўдасканаленне існуючых тэхнал. працэсаў здабычы торфу, вытв-сці новых відаў цвёрдага паліва на аснове бурага вугалю, торфу, лігніну і інш.; распрацоўка тэхнал. працэсаў і стварэнне сродкаў механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці торфабрыкетаў, аўтаматызаванага абсталявання па вытв-сці прадукцыі для сельскай гаспадаркі і насельніцтва на аснове торфу; выпрабаванне новых машын і абсталявання; комплексныя вышуканні радовішчаў торфу і інш.інж. вышуканні; праектаванне прадпрыемстваў па здабычы і перапрацоўцы торфу, бурага вугалю і сланцаў; праектаванне жылых пасёлкаў і аб’ектаў культ.-быт. прызначэння для прадпрыемстваў паліўнай прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я ГІМАЛА́І,
сістэма хрыбтоў і масіваў у сярэдняй частцы Гімалаяў, у Індыі і Непале. Цягнуцца прыблізна на 2000 км паралельна Вял. Гімалаям, на Пд ад іх. Шыр. ад 10—20 км на У да 100 км на 3. Пераважаюць выш. 3000—3500 м (найб. да 6000 м). Горныя хрыбты і масівы расчлянёны шырокімі падоўжнымі далінамі і катлавінамі. Папярочныя даліны вузкія і глыбокія. У грабянёвай зоне — кары, трогі, невял. ледавікі. Снегавая лінія на выш. 4,5 тыс.м на У і 5 тыс.м на 3. Складзены з парод палеазойскага і мезазойскага ўзросту (пераважна са сланцаў, кварцытаў, вапнякоў). Густая рачная сетка (пераважна прытокі р. Ганг). Рэкі асабліва паўнаводныя летам. На З — лістападныя мусонныя лясы, цвердалістыя вечназялёныя і хваёвыя, на У — вечназялёныя вільготныя, хваёвыя, якія з вышынёй змяняюцца вечназялёнымі дубовымі, хваёва-шыракалістымі і хваёвымі лясамі. Вышэй — хмызняковыя зараснікі, субальпійскія і альпійскія лугі. Да выш. 2,5 тыс.м — плантацыі цытрусавых, чаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНА́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ.
На З Азіі, паміж зал. Суэцкім і Акаба Чырвонага м.; тэр. Егіпта. Пл. каля 25 тыс.км². На Пд горы, складзеныя з гранітаў, гнейсаў, крышт.сланцаў (выш. да 2637 м, г. Катэрын — вышэйшы пункт Егіпта). На Пн паверхня зніжаецца да 500—1000 м. Пераважаюць моцна расчлянёныя камяністыя плато Эгма і Эт-Тых і пласкагор’і. Уздоўж Суэцкага зал. — вузкая пясчаная нізіна. Паўпустыні і пустыні. Радовішчы нафты (Судр, Абу-Рудайс, Эт-Тур), марганцавай руды (Ум-Бугма). Клімат пераходны ад субтрапічнага да трапічнага, гарачы, сухі. Ападкаў менш за 50 мм за год. Густая сетка вадзі. Расліннасць разрэджаная пустынная (паўхмызняковая і травяністая). Па сухіх рэчышчах калючыя хмызнякі і асобныя дрэвы. Качавая жывёлагадоўля, аазіснае земляробства (вырошчванне фінікавай пальмы, ячменю, проса, кукурузы). На С.п. знаходзіцца манастыр св. Кацярыны — помнік архітэктуры і мастацтва, засн. ў 4 ст. (найбагацейшы збор твораў візант. мастацтва, сярэдневяковыя рукапісы, хрысц. абразы 6 ст. ў тэхніцы васковага жывапісу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЫСЫША́НЬ, Трансгімалаі,
горная сістэма ў Азіі, на Пд Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Выш. да 7315 м (г. Алінг-Гангры). Працягнулася на 1600 км паралельна Гімалаям, аддзелена ад іх на Пд далінамі р. Цангпо (мясцовая назва р. Брахмапутра) і верхнім цячэннем р.Інд. Складзена пераважна з мезазойскіх гранітаў, кварцытаў, сланцаў, вапнякоў. Горныя ланцугі выцягнуты ў шыротным напрамку. Асн. хрыбты: Кайлас, Алінг-Гангры, Ньенчэн-Тангла і інш.Паўн. схілы гор звычайна слаба расчлянёныя, паўд. — больш стромкія. Пераважаюць выш. 5000—5500 м, адносныя перавышэнні невял. (500—1000 м). Ва ўнутр. раёнах — чаргаванне горных ланцугоў і міжгорных катлавін унутр. сцёку на выш. каля 4500 м; у катлавінах шмат азёр (Намца і інш.). Клімат высакагорны, рэзка кантынентальны. Высакагорны стэп і халодныя пустыні; на паўд., больш вільготных схілах — участкі лугоў і хмызнякоў; каля азёр дрэвападобныя ядлоўцы. Пашыраны камяністыя паверхні. Невял. ледавікі, снежнікі. Жывёльны свет: з капытных — які, бараны, антылопы, куку-яманы, з драпежнікаў — воўк, тыбецкі ліс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУАНДУ́Н,
правінцыя на Пд Кітая, на ўзбярэжжы Паўд.-Кіт.м.Пл. 197,4 тыс.км². Нас. 62,8 млн.чал. (1994), пераважна кітайцы. Адм. ц. — г.Гуанчжоў. У рэльефе — чаргаванне гор выш. да 1922 м і нізінных раўнін. На нізінах сярэдняя т-растудз. ад 8 °C да 16 °C, ліп. — 26—28 °C. Ападкаў 1200—2000 мм за год. Густая сетка рэк. Радовішчы каменнага вугалю, руд вальфраму, марганцу, сурмы. Апрацоўваецца каля 50% тэрыторыі. Штогод збіраюць 2—3 ураджаі. Асн. культура — рыс (каля 70% пл.), а таксама цукр. трыснёг, алейныя (арахіс, соя, кунжут, камелія, тунг, трапічныя эфіраносы), пладовыя культуры, джут, рамі, сізаль і інш. Шаўкаводства. Рыбалоўства і рыбагадоўля. Жывёлагадоўля (цяглавая буйн. раг. жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Здабыча бітумінозных сланцаў, руд вальфраму, марганцу, сурмы. Чорная металургія. Машынабудаванне, харчасмакавая (цукр. і плодакансервавая), тэкст., хім., папяровая прам-сць. На ўзбярэжжы — саляны промысел. Лесанарыхтоўкі. Рачное суднаходства, чыг. і аўтамаб. транспарт. Марскія парты Гуанчжоў, Чжаньцзян, Шаньтоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКА́НСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е, Дэкан (ад санскр. дакшына — поўдзень),
пласкагор’е ў Індыі, унутр.ч. п-ва Індастан. Пл. каля 1 млн.км². Ступеньчатыя раўніны — паверхні выраўноўвання мезазойскага і палеаген-неагенавага ўзростаў (на выш. 1000—1500 м, 600—900 і 300—500 м) з латэрытнымі корамі магутнасцю да 100 м, над якімі ўзвышаюцца асобныя горы выш. 1000—2000 м і купалападобныя ўзгоркі. Частка Індыйскай платформы, складзена з Пн архейскіх і пратэразойскіх гнейсаў, крышт.сланцаў і кварцытаў, пранізаных гранітнымі інтрузіямі.
На ПнЗ — базальтавае покрыва верхнемелавога і эацэнавага ўзростаў. Карысныя выкапні: жалеза, медзь, марганец, вальфрам, золата, каменны вугаль. Субэкватарыяльны мусонны клімат. Сярэдняя т-ра мая 29—32 °C, студз. 21—24 °C. Ападкаў 500—700 мм за год (пераважна летам). Рэкі Нармада, Маханады, Гадавары, Крышна, Каверы выкарыстоўваюцца ў асноўным для арашэння. Пераважныя тыпы глеб: чырвоныя латэрытныя, чырвона-бурыя, на трапах — чорныя трапічныя (рэгуры). На наветраных схілах — мусонныя лістападныя трапічныя лясы, у цэнтр. частцы — саванны і рэдкалессі.