рэчывы палавых клетак, якія ўдзельнічаюць у працэсах асемянення і апладнення. Вылучаны амер. вучоным Ф.Лілі ў 1912—21. Знойдзены ў водарасцей, грыбоў, многіх жывёл (у т. л. чарвей, малюскаў, ігласкурых). Паводле хім. прыроды падзяляюцца на ўласна гамоны (відаспецыфічныя, павышаюць рухомасць сперматазоідаў), глікапратэіны (забяспечваюць узаемадзеянне са спецыфічнымі паверхневымі рэцэптарамі палавых клетак, выклікаюць аглюцінацыю сперміяў), лізіны (выдзяляюцца пры акрасомнай рэакцыі). Адрозніваюць жаночыя гамоны, або гінагамоны (гінагамон I, гінагамон II, яйцавы антыферылізін), і мужчынскія гамоны, або андрагамоны (андрагамон I, андрагамон II, андрагамон III, спермалізіны — рэчывы, які раствараюць абалонкі яйца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯЛУРАНІДА́ЗА,
фермент, які каталізуе рэакцыі гідралітычнага расшчаплення і дэполімерызацыі гіялуронавай к-ты. У млекакормячых ёсць амаль ва ўсіх органах і тканках, найб. багатыя ім семяннікі і яечнікі. Прысутнічае таксама ў плазматычных мембранах хваробатворных бактэрый і інш. мікраарганізмаў, некат. паразітычных чарвей, у ядзе пчол, змей і інш. У бактэрый гідралізуе гліказідныя сувязі гіялуронавай к-ты і аблягчае пранікненне бактэрый у тканкі. У пазваночных у працэсе апладнення гідралізуе вонкавую абалонку яйцаклеткі і робіць яе больш пранікальнай для сперматазоідаў. Гіялуранідаза, якую атрымліваюць з семяннікоў быкоў, уваходзіць у лячэбныя прэпараты (ранідазы, лідазы), якія выкарыстоўваюць для зніжэння вязкасці эксудатаў і ацёкаў, а таксама для вызначэння гіялуронавай к-ты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ТКА (Нэлі Уладзіміраўна) (н. 31.3.1938, Мінск),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі раслін. Д-рбіял.н. (1991). Скончыла БДУ (1960). З 1964 працуе ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі. Навук. працы па экалагічнай фізіялогіі раслін, ксенабіяхіміі і фітаманіторынгу навакольнага асяроддзя. Распрацавала канцэпцыю адаптыўнай рэакцыі віду ў тэхнагенным асяроддзі; прапанавала схему біяхім. дэтаксікацыі чужародных злучэнняў у тканках ліста.
Тв.:
Вопросы индустриальной экологии и физиологии растений. Мн., 1973 (разам з П.П.Чуваевым, Ю.З.Кулагіным);
Устойчивость интродуцированных растений к газообразным соединениям серы в условиях Белоруссии. Мн., 1979 (разам з Я.А.Сідаровічам);
Растения в техногенной среде: Структура и функции ассимиляц. аппарата. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАНЕ́НТ (ад лац. componens састаўная частка),
складальная частка, элемент чаго-н. К. у хіміі і тэрмадынаміцы — кожнае з хім.індывід. рэчываў, найменшага ліку якіх дастаткова для ўтварэння ўсіх фаз сістэмы.
Маса кожнага К. ў сістэме не залежыць ад масы інш. К. можна ўводзіць у сістэму і выдаляць з яе. Калі рэчывы могуць уступаць у рэакцыю, колькасць К. ў сістэме вызначаецца рознасцю паміж лікам складальных рэчываў і лікам незалежных хім. рэакцый, якія могуць ісці ў сістэме. Калі хім.рэакцыі ў сістэме не адбываюцца (напр., сумесь бензолу і гліцэрыны), то такая сістэма наз. фізічнай і для яе лік К. роўны ліку складальных рэчываў. Гл. таксама Гібса правіла фаз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРША́К (Васіль Уладзіміравіч) (9.1.1909, с. Высокае Чарнігаўскай вобл., Украіна — 14.6.1988),
савецкі хімік. Акад.АНСССР (1976, чл.-кар. 1953). Скончыў Маскоўскі хіміка-тэхнал.ін-т (1931), дзе і працаваў, адначасова ў 1938—54 у Ін-це арган. хіміі, з 1954 у Ін-це элементаарган. злучэнняў АНСССР. Навук. працы па хіміі палімераў. Устанавіў асн. заканамернасці працэсу полікандэнсацыі. Адкрыў нераўнаважную полікандэнсацыю і інш.рэакцыі сінтэзу палімераў. Даказаў уплыў прасторавых фактараў на полімерызацыю ненасычаных злучэнняў. Сінтэзаваў валокнаўтваральныя поліаміды (1940, разам з С.Р.Рафікавым), карбін (1961), шэраг тэрмаўстойлівых палімераў: поліпіразолаў, полібензімідазолаў, поліімідаў і інш. Ленінская прэмія 1986. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МА (ад грэч. kōma глыбокі сон) у медыцыне, небяспечны для жыцця стан, які характарызуецца стратай свядомасці, рэзкім аслабленнем або адсутнасцю рэакцыі на знешнія раздражненні, згасаннем рэфлексаў да поўнага іх знікнення, парушэннем глыбіні і частаты дыхання, змяненнем тонусу сасудаў, частым або запаволеным пульсам, парушэннем тэмпературнай рэгуляцыі. Развіваецца з прычыны глыбокага тармажэння ў кары галаўнога мозга, распаўсюджаннем яго на падкорку і інш. аддзелы ц. н. с., пры парушэннях кровазвароту, запаленнях (энцэфаліт, менінгіт, малярыя) у галаўным мозгу, траўмах галавы, пры атручэннях, гепатыце, дыябеце цукровым, урэміі. Этыялогія і класіфікацыя К. (паводле М.К.Багалепава, 1950, 1962) уключае больш за 30 відаў К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМА́КА (Віктар Мацвеевіч) (н. 19.5. 1940, г.п. Алеўск Жытомірскай вобл., Украіна),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1990), праф. (1992). Скончыў БДУ (1962), дзе і працуе. Навук. працы па фізіцы і тэхніцы паўправаднікоў, мікраэлектроніцы, прыладабудаванні. Даследаваў механізмы радыяцыйнага пашкоджання паўправадніковых матэрыялаў і прылад. Выявіў вагальныя рэакцыі перабудовы і фазавыя пераходы 2-га роду цвёрдых раствораў структурных дэфектаў у матрыцы паўправадніка.
Тв.:
Колебательная реакция перестройки дефектов в кремнии (разам з П.В. Кучынскім, Л.М. Шахлевіч) // Письма в Журн. эксперимент. и теорет. физики. 1987. Т. 45, вып. 7;
Радиационные эффекты в приборах и интегральных схемах на арсениде галлия. Мн., 1992 (разам з Я.Р. Аствацатур’янам, Дз.В.Громавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАЭЛЕМЕ́НТЫ,
хімічныя элементы, што ўтрымліваюцца ў тканках жывёльных і раслінных арганізмаў у адносна высокіх канцэнтрацыях (10−2% і вышэй). Да М. адносяцца кісларод, вадарод, вуглярод, азот, кальцый, фосфар, натрый, калій, сера, хлор, магній; з іх утвораны неарган. (мінер. солі, вада) і арган. (бялкі, нуклеінавыя к-ты, тлушчы, вугляводы) рэчывы. Неарган. рэчывы ўдзельнічаюць у фарміраванні цвёрдых тканак (косці, зубы), уваходзяць у склад ферментаў, гармонаў, вітамінаў, нуклеінавых к-т. Разам з вадой мінер. рэчывы фарміруюць у арганізме асяроддзе, у якім працякаюць хім.рэакцыі. Арган. рэчывы ўдзельнічаюць у пабудове мяккіх тканак і клетак крыві. М. паступаюць у арганізм з ежай, вадой, паветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНАХІ́МІЯпалімераў,
раздзел хіміі высокамалекулярных злучэнняў, у якім даследуюцца хім. ператварэнні, што адбываюцца ў выніку паглынання сістэмай мех. энергіі.
Хім. ператварэнні, ініцыіраваныя ці паскораныя мех. уздзеяннем, наз.механахімічнымі рэакцыямі. Механахім. рэакцыі (пераважна мех.дэструкцыя палімераў) ідуць пры перапрацоўцы палімерных матэрыялаў на вальцах, у экструдэрах, змешвальніках, пры ўздзеянні на палімеры ультрагуку, пры эксплуатацыі вырабаў ва ўмовах статычных і дынамічных мех. нагрузак, пры розных відах мех. апрацоўкі і інш. М. вырашае шматлікія практычныя праблемы мадыфікацыі палімераў, удасканальвання тэхналогіі вытв-сці і мех. апрацоўкі палімерных матэрыялаў, заўчаснага выхаду са строю механізмаў і асобных дэталей, якія працуюць ва ўмовах інтэнсіўных мех. нагрузак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ЛЬНЫЯ НЕЙТРО́НЫ,
нейтроны з кінетычнай энергіяй, умоўна меншай за 100 кэВ. П.н. з кінетычнай энергіяй, большай за 10 кэВ, атрымліваюць з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц; іх энергія рэгулюецца зменамі напружання паскарэння пратонаў. Нейтроны з меншай энергіяй выдзяляюць з нейтронных пучкоў з дапамогай спец. фільтраў. Нейтроны з энергіяй, большай за 100 кэВ, наз.хуткімі нейтронамі; для іх запавольвання выкарыстоўваюцца запавольнікі (вада, графіт і інш.; гл.Запавольванне нейтронаў). Дэтэктыраванне П.н. праводзіцца на аснове рэгістрацыі прадуктаў выкліканых імі ядз. рэакцый (гл.Дэтэктары ядзернага выпрамянення). П.н. выкарыстоўваюцца для атрымання ланцуговай ядзернай рэакцыі, структурных даследаванняў крышталяў (гл.Нейтронаграфія), вывучэння ўласцівасцей ўзбуджэння ядз. узроўняў на аснове нейтронных рэзанансаў (гл.Мёсбаўэра эфект) і інш.