вандраванне, падарожжа веруючых да «святых месцаў» для пакланення. У хрысціян П. пачалося з вандроўкі ў Палесціну, адкуль паломнікі прывозілі пальмавую ветку (адсюль назва). Праваслаўныя наведваюць таксама гару Афон (Грэцыя), Бары (Італія), католікі — Рым, Ларэта, Кампастэла (Італія), Лурд (Францыя), Фатыму (Партугалія). Мусульмане робяць П. (хадж) у Мекку, Медыну (Саудаўская Аравія), Кербелу (Ірак), будысты і сінтаісты — у Нару (Японія), ламаісты — у Лхасу (Кітай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НЛІЙ КАПІТАЛІ́ЙСКІ (Марк) (Marcus Manlius Capitolinus; ? — 384 да н.э.),
старажытнарымскі палкаводзец, консул (392 да н.э.), патрыцый. Камандаваў рым. войскамі ў вайне з эквамі (392 да н.э.), выратаваў Капітолій ад галаў (387 да н.э., адсюль ганаровае імя Капіталійскі). У 385 да н.э. выступіў у абарону плебеяў, у т. л. супраць даўгавога рабства. У 384 да н.э. абвінавачаны патрыцыямі ў імкненні да тыраніі і скінуты з Тарпейскай скалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭС (Ірына Натанаўна) (н. 10.3.1939, г. Харкаў, Украіна),
расійская спартсменка (лёгкая атлетыка). Сястра Т.Н.Прэс. Засл. майстар спорту (1960). Канд.пед. навук (1972). Скончыла Ленінградскі ін-т інжынераў чыг.-дарожнага транспарту (1962). Чэмпіёнка і рэкардсменка XVII і XVIII Алімп. гульняў (1960, Рым; 1964, Токіо). 13-разовая чэмпіёнка СССР (1959—67). Шматразовая рэкардсменка свету і Еўропы (1959—65) у бар’ерным бегу і лёгкаатлетычным пяцібор’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́Н (Cato),
адгалінаванне стараж.-рым. роду Порцыяў. Найб. значныя прадстаўнікі:
Катон Старэйшы (ці Цэнзар) Марк Порцый (Marcus Porcius Cato Maior, Cato Censorius; 234, Тускулум, каля сучаснага г. Фраскаці, Італія — 149 да н. э.), дзярж. дзеяч, пісьменнік, заснавальнік рым.літ. прозы. З саслоўя коннікаў. Удзельнік 2-й Пунічнай вайны. У 198 прэтар у Сардзініі. У 195 консул, задушыў паўстанне мясц. плямён у Іспаніі. Напярэдадні 3-й Пунічнай вайны патрабаваў разбурэння Карфагена — моцнага гандл. канкурэнта Рыма. Аўтар працы «Пачаткі», прысвечанай гісторыі Рыма ад яго заснавання да 2-й Пунічнай вайны, трактата «Земляробства» пра эканоміку і стараж. звычаі Італіі і інш.
Катон Малодшы (ці Утыцкі) Марк Порцый (Marcus Porcius Cato Minor, Cato Uticensis; 95—8.4.46 да н. э.), рымскі дзярж. дзеяч, военачальнік. Праўнук К. Старэйшага. Удзельнік задушэння паўстання Спартака 74—71 да н. э. Нар. трыбун у 62, прэтар у 54. Праціўнік трыумвіраў, асабліва Юлія Цэзара, супраць якога напісаў 2 паліт. памфлеты. У час.грамадз. вайны 49—45 на баку Г Пампея; пасля паражэння пампеянцаў пры Фарсале (48) супраціўляўся Цэзару ў Афрыцы, пасля іх разгрому пры Тапсе (46) скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНО́НІЯ (Pannonia),
рымская правінцыя, якая ўтварылася ў 8 н.э. пасля падзелу рым. правінцыі Ілірык на Верхні Ілірык (Далмацыя) і Ніжні Ілірык — П. Займала зах.ч. сучаснай Венгрыі, паўн.ч. сучасных Харватыі і Югаславіі і ўсх.ч. сучаснай Аўстрыі. Назву атрымала ад панонцаў — групы ілірыйскіх плямён (гл.Ілірыйцы). Захоп тэр. правінцыі пачаўся пры імператару Аўгусце (35—33 да н.э.) і працягваўся Тыберыем (6—9 н.э.). У пач. 1 ст.н.э. адбывалася ваен. каланізацыя П. Яе гарнізон складаўся з 5, пасля 101 — з 4 легіёнаў. Паступова лагеры легіёнаў ператвараліся ў буйныя гарады, цэнтры рамяства і гандлю, якія ў 2—3 ст. атрымалі ад рым. улад правы самакіравання. У пач. 2 ст. правінцыя падзелена на Ніжнюю і Верхнюю П. Пры імператару Дыяклетыяне П. падзелена на 4 часткі, г. Сірмій стаў рэзідэнцыяй імператара і прэфекта прэторыя. За валоданне П. рымляне вялі пастаянныя войны з суседнімі плямёнамі: у 167 з маркаманамі, у 427 з гунамі і гепідамі, у пач. 6 ст. з лангабардамі, у 568 з аварамі. Беспаспяховай была спроба рымлян адваяваць П. ў сярэдзіне 5 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА БАГАМЕ́РЗКУЮ, НА ПАГА́НУЮ ЛАЦІ́НУ...»,
«На богомерзкую, на поганую латину, которые папежи хто что в них вымыслили в их поганой вере, сказанне о том», бел. ананімны палемічны твор 16 ст. Напісаны на старабел. мове ў Супрасльскім манастыры (цяпер Польшча). Захаваўся ў некалькіх спісах. Два з іх змешчаны ў зборніках Кіева-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра. Упамінанне пра ўвядзенне папам Грыгорыем XIII у 1582 новага календара сведчыць пра тое, што твор напісаны пасля гэтай падзеі. Аўтар палемізуе з кнігай П.Скаргі «Пра еднасць касцёла божага» (1577). Ён пералічвае новаўвядзенні 25 рым. пап (якіх часам блытае), пры гэтым за эталон бярэ стан сучаснай яму правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай, адзначае, што толькі ўсх. царква засталася нязменнай на працягу многіх стагоддзяў. Выступаючы супраць «паганай лаціны», аўтар абараняе культуру і мову правасл. насельніцтва Рэчы Паспалітай. У якасці крыніц выкарыстаны творы рым. аўтараў Плаціна і Грацыяна.
Літ.:
Попов А.Н. Историко-литературный обзор древнерусских полемических сочинений против латинян. М., 1875;
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 2. Старая западнорусская письменность. Пг., 1921. С. 183.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕДО́НІЯ,
гістарычная вобласць на Балканскім п-ве ў бас.р. Вардар і суседніх землях на 3, Пн, У. Заселена чалавекам з часоў неаліту. Першае гістарычна вядомае насельніцтва — ілірыйцы і фракійцы. З 5 ст. да н.э. на Пд М. існавала дзяржава Македонія Старажытная. З 148 да н.э.рым. правінцыя, латынізавана. З 395 н.э. ў складзе Усх.-Рым. імперыі (Візантыі). У 6—7 ст. заселена слав. плямёнамі, роднаснымі плямёнамі, што засялілі Балгарыю. У 2-й чвэрці 9 ст. б.ч. М. ў складзе Першага Балг. царства. У 9—10 ст. тут пашыралася хрысціянства. У 970-я г. М. — цэнтр Зах.-Балг. царства. З 1018 зноў у Візантыі, з 1230 у Другім Балг. царстве, з сярэдзіны 14 ст. ў складзе Сербіі. З 1371 (канчаткова з 1392) да 1912—13 пад уладай Асманскай імперыі, тут сяліліся албанцы, туркі, грэкі і інш.Тур. панаванне выклікала нац.-вызв. паўстанні, у т. л. ў 1875 і Іліндзенскае паўстанне 1903. У выніку Балканскіх войнаў 1912—13 падзелена паміж Сербіяй (Вардарская М., цяпер дзяржава Македонія), Грэцыяй (Эгейская М., цяпер прав. М.) і Балгарыяй (Пірынскі край).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РНЕМ (Arnhem),
горад на У Нідэрландаў. Адм. ц. правінцыі Гелдэрланд. Засн. на месцы рым. паселішча. 128 тыс.ж.; з прыгарадамі 293 тыс. (1985). Порт на правым беразе Рэйна. Машынабудаванне, хім., фармацэўтычная, саляная, скураная прам-сць, вытв-сць штучных тканін. Нідэрландскі музей пад адкрытым небам (нар. архітэктура, дэкар. мастацтва), сафары-парк. Паблізу Арнема, у Атэрло — музей Кролер-Мюлер з калекцыяй карцін В. ван Гога. Арх. помнікі 14—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАНДЭ́ЛЬ ((Blondel) Франсуа) (1617, паводле інш. звестак 15.7.1618, Рыбемон-сюр-Анкр, дэпартамент Сома, Францыя — 21.1.1686),
французскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Дырэктар Каралеўскай акадэміі архітэктуры (з 1672). Планаваў гарады і ўмацаванні, пабудаваў у Парыжы арку Сен-Дэні (1672), падобную на стараж.-рым. трыумфальныя аркі. У кн. «Курс архітэктуры» (1675—83) абвясціў арх. формы антычнасці і Адраджэння «вечнымі сапраўднымі законамі», імкнуўся знайсці для іх абс. лічбавае выражэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНЕ́Я (ад лац. vinea асадны навес),
прыстасаванне, якое выкарыстоўвалася стараж.-рым. арміяй у час аблогі ўмацаванняў. Уяўляла сабой лёгкае збудаванне на катках са сценамі і дахам з плеці або дошак, накрытымі шкурамі або дзёрнам. Бакавыя сцены мелі дзверы і амбразуры. У час руху вінеі да ўмацавання або сцяны крэпасці ззаду прыстаўляліся іншыя вінеі — атрымліваўся крыты ход. Наперадзе ставілася вінея большага памеру з нахіленым шчытом спераду, прызначаная для размяшчэння тарана.