БАГУШЭ́ЎСК,

гарадскі пасёлак у Беларусі, у Сенненскім раёне Віцебскай вобласці. За 37 км ад Сянна, 42 км ад Віцебска. Чыг. ст. Багушэўская на лініі Віцебск—Орша, аўтадарогамі злучаны з Сянном, Віцебскам, Оршай. 4,5 тыс. ж. (1995).

У 19 ст. вядомы як фальварак Багушэўка, дзе ў 1854—84 працаваў бровар. З пабудовай чыгункі Віцебск—Жлобін (1903) — чыг. ст. Багушэўская, вакол якой вырасла мяст. Багушэўск (Серакаротненская вол. Аршанскага пав.). З 1924 мястэчка Аршанскай акр. У 1926 у Багушэўску 1176 ж., у 1939 дзейнічалі арцель гнутай мэблі «Праца» (44 рабочыя) і вінзавод (34 рабочыя). З 27.9.1938 гар. пасёлак у Віцебскай вобл., у 1939 было 3,3 тыс. ж. З ліп. 1941 да 25.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў сувязі з блізкасцю да лініі фронту ператварылі Багушэўск у 1943 у апорны вузел абароны; тут адбыўся Багушэўскі бой 1941. У 1924—31, 1935—60 цэнтр Багушэўскага раёна, з 1960 у Сенненскім раёне.

Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці і па сац.-быт. абслугоўванні. Брацкія магілы сав. воінаў і партызанаў. Помнік у гонар войскаў 20-й арміі.

т. 2, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЭ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944—45,

контрнаступленне ням. армій у раёне Ардэнаў (Бельгія) 16.12.1944—28.1.1945 з мэтай разграміць амер.-англ. войскі і дасягнуць пералому ў 2-й сусв. вайне на карысць Германіі. 16 снеж. ням. 6-я танк. армія СС і 5-я танк. армія, аб’яднаныя ў групу армій «Б» (фельдмаршал В.​Модэль) пачалі наступленне ў раёне «Зігфрыда лініі». 4 амер. дывізіі, якія абараняліся на фронце працягласцю ў 115 км, панеслі вял. страты і адступілі. Да канца снеж. ням. войскі пашырылі прарыў да 90 км і прасунуліся да 100 км углыб. Саюзнае камандаванне перакінула да месца прарыву буйныя сілы войскаў і авіяцыі. У выніку паспяховага контрудару 3-й амер. арміі наступленне герм. войскаў было прыпынена, аднак становішча саюзнікаў заставалася напружаным. 12 студз. па іх просьбе сав. войскі пачалі (на 8 дзён раней запланаванага тэрміну) Вісла-Одэрскую аперацыю 1945. Ням. камандаванне вымушана было адмовіцца ад наступлення на захадзе і перакінуць 7 дывізій на сав.-герм. фронт. Да канца студз. саюзнікі аднавілі становішча на Зах. фронце. Іх страты ў гэтай аперацыі склалі каля 77 тыс. чал., страты ням. войскаў — каля 93 тыс. чал.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НШТЭЙН, Манштайн (Manstein) Эрых фон Левінскі (Lewinski; 24.11.1887, Берлін — 10.6.1973),

германскі ваен. дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1942). Скончыў ваен. акадэмію (1914). У арміі з 1906, удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1935—38 нач. Аператыўнага ўпраўлення і 1-ы обер-кватармайстар Генштаба сухап. войск. У 2-ю сусв. вайну нач. штаба групы армій «Поўдзень» у Польскую кампанію 1939, потым групы армій «А»; у Французскую кампанію 1940 камандзір 38-га корпуса; камандзір 56-га танк. корпуса (1941) і кіраўнік баявых дзеянняў (жн.ліст. 1942) у раёне Ленінграда, каманд. 11-й арміяй у Крыме (вер. 1941 — ліп. 1942), групамі армій «Дон» у раёне Сталінграда (з ліст. 1942) і «Поўдзень» на Украіне (люты 1943 — сак. 1944). Адхілены ад камандавання і залічаны ў рэзерв з-за рознагалоссяў з А.​Гітлерам. У 1949 асуджаны брыт. ваен. трыбуналам на 18 гадоў зняволення, у 1952 вызвалены. Аўтар кніг успамінаў «Страчаныя перамогі» (1955) і «З салдацкага жыцця, 1887—1939» (1958).

Тв.:

Рус. пер. — Утерянные победы. М., 1999.

Літ.:

Бузукашвили М.И. Крах «Зимней грозы». М., 1984.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЁННЫ СУД,

асноўнае звяно сістэмы агульных судоў у Рэспубліцы Беларусь. Уведзены Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 14.2.1995. Утвараецца ў раёне, горадзе абл. падпарадкавання, які не мае раённага падзелу, раёне ў горадзе. Складаецца са старшыні суда, суддзяў і суддзяў па адм. справах і выканаўчых вядзеннях. Пры наяўнасці 5 і больш суддзяў уводзіцца і пасада намесніка старшыні гэтага суда. Колькасць суддзяў для кожнага Р.с. ўстанаўліваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па сумесным прадстаўленні міністра юстыцыі і старшыні Вярх. Суда Рэспублікі Беларусь. Р.с. разглядае ўсе цывільныя, крымінальныя і адм. справы, за выключэннем спраў, што аднесены заканадаўствам да кампетэнцыі інш. судоў. У выпадках, прадугледжаных заканад. актамі рэспублікі, Р.с. разглядае матэрыялы аб выкананні рашэнняў, прыгавораў, пастаноў і вызначэнняў, вывучае і абагульняе суд. практыку, а таксама ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі. Старшыня Р.с. назначаецца Прэзідэнтам рэспублікі па сумесным прадстаўленні міністра юстыцыі і старшыні Вярх. Суда тэрмінам на 7 гадоў. Правы і абавязкі старшыні Р.с. і яго намесніка вызначаны заканадаўствам. Да ўтварэння Р.с. яго функцыі ў 1917—94 выконвалі нар. суды.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БЧА,

возера ў Беларусі, у Лепельскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 16 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,2 км², даўж. 0,87 км, найб. шыр. 0,35 км, найб. глыб. 13 м, даўж. берагавой лініі 2,07 км. Пл. вадазбору 1,95 км².

Схілы катлавіны выш. 10—15 м, на У 20—22 м. Берагі нізкія, на Пн і У тарфяністыя. Дно глеістае, мелкаводдзе пясчанае. Выцякае ручай у воз. Кабак.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́КШТЫ,

вёска ў Беларусі, у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобл., на р. Бярэзіна (бас. Нёмана). Цэнтр сельсавета і аб’яднанай сельскай гаспадаркі. За 25 км на У ад г.п. Іўе, 188 км ад Гродна, 25 км ад чыг. ст. Юрацішкі. 885 ж., 389 двароў (1995). Бакштаўскі лесапункт па нарыхтоўцы драўніны. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, клуб, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Помнік партызанам.

т. 2, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА, Белае Сурміно,

у Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль, за 40 км на Пн ад г. Гарадок. Пл. 2,4 км², даўж. 2,8 км. найб. глыб. 7,9 м. Пл. вадазбору 6 км².

Катлавіна выцягнутая з ПнУ на ПдЗ. Схілы катлавіны спадзістыя, выш. 2—5 м, пад лесам, берагі нізкія, месцамі забалочаныя. Дно пясчана-глеістае. У возеры Белаазёрскае радовішча сапрапелю. Зарастае. Злучана пратокай з воз. Чорнае.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Чашніцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Свячанка, за 17 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,5 км², даўж. 21 км, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 8,5 м, даўж. берагавой лініі 6,4 км. Пл. вадазбору 5,6 км².

Схілы катлавіны выш. 3—8 м, разараныя, часткова пад хмызняком. Берагі нізкія. Дно пясчанае і глеістае. Злучана ручаямі з воз. Чорнае і р. Свяча.

т. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРАБА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямёнаў эпохі позняй бронзы (9—8 ст. да н.э.), што жылі на тэр. Стараж. Харэзма (нізоўе р. Амудар’я). Назва ад стаянак у раёне канала Амірабад (Каракалпакія). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. Жыло на паселішчах з 15—20 прамавугольных паўзямлянак. Для іх керамікі характэрна плоскае дно і акруглая форма тулава. На паселішчы Яке-Парсан-2 знойдзены бронзавыя наканечнікі стрэл, сярпы і формы для іх адліўкі.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКІ БОЙ 1942.

Адбыўся ў Вял. Айч. вайну паміж партыз. атрадам імя Шчорса (камандзір П.​В.​Пранягін і ням.-фаш. захопнікамі 13.9.1942 у раёне Агінскага канала. Атрад з баямі выйшаў 10—13.9.1942 да 10-га шлюза, захопленага карнікамі (каля 100 гітлераўцаў), частка атрада перайшла ўброд р. Шчара і ўдарыла ў фланг праціўніка, асн. сілы партызан атакавалі ворага і ў выніку 5-гадзіннага бою знішчылі больш за 60 гітлераўцаў, захапілі зброю, боепрыпасы.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)