ЛУГ,

расліннае згуртаванне (біягеацэноз) шматгадовых траў, прыстасаваных да ўмоў сярэдняга ўвільгатнення. Травы нармальна развіваюцца ўвесь перыяд вегетацыі, без летняга перапынку, характэрнага для стэпаў. Займаюць каля 150—200 млн. га ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я (пераважна ў Еўропе) і ў Новай Зеландыі. Адрозніваюць мацерыковыя (сухадольныя ўвільгатняюцца атм. ападкамі, нізінныя — атм. ападкамі і грунтавымі водамі), заліўныя (на тэрасах рачных далін) і горныя (таксама высакагорныя). Агульная ўласцівасць Л. — утварэнне травастою і дзярніны (паверхневы слой глебы з каранямі і карэнішчамі траў). Маса падземных органаў раслін у 3—5 і болей разоў перавышае масу надземных. Характэрны травастой — асаковыя, бабовыя, злакі (мятлюжкакветныя), разнатраўе. Большасць прыродных Л. узнікае на месцы былых лясоў, балот, там, дзе кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць шматгадовым травам, а не дрэвам і кустам. Прыродныя Л. — важная крыніца каштоўных кармавых, харч., лек., меданосных, тэхн. раслін, рэзерват генет. фонду траў. Штучныя (сеяныя) Л. ўзнікаюць у выніку дзейнасці чалавека (напр., арашэнне стэпаў). Для павышэння прадукцыйнасці іх акультурваюць (ачышчаюць ад кустоў, падразаюць купіны, уносяць угнаенні і інш.). Выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На Беларусі Л. ўзніклі пераважна на месцы высечаных лясоў і хмызнякоў, з іх заліўных — 5,2%, мацерыковых — 94,8% (1996—97). Больш за 20 відаў рэдкіх лугавых раслін занесены ў Чырв. кнігу Беларусі: дрэмлік, касач сібірскі, першацвет веснавы, шпажнік чарапіцавы, ятрышнік мужчынскі і інш.

Літ.:

Санько П.М. Естественные луга Белоруссии, их характеристика и оценка. Мн., 1983;

Мееровский А.С., Касьянчик С.А. Опыт высокоэффективного использования пойменных лугов. Мн., 1986.

У.​П.​Пярэднеў.

Луг. 1 — заліўны; 2 — сухадольны.

т. 9, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІПЛАІДЫ́Я (ад грэч. polyploos шматразовы + eidos від),

эўплаідыя, спадчынная змена, звязаная з кратным павелічэннем колькасці храмасом у клетках арганізма. Найб. часта бывае ў раслін і прасцейшых, са шматклетачных жывёл — у дажджавых чарвей. Узнікае ў выніку парушэння разыходжання храмасом у мітозе ці меёзе пад уздзеяннем высокай або нізкай т-ры, іанізавальнага выпрамянення, хім. рэчываў (у прыродзе і ў эксперыменце). Пры П. бываюць адхіленні ад дыплоіднай колькасці храмасом у саматычных клетках і ад гаплоіднай — у палавых; могуць таксама ўзнікаць клеткі, у якіх кожная храмасома прадстаўлена тройчы (3n — трыплоіды), 4 разы (4n — тэтраплоіды), 5 разоў (5n — пентаплоіды) і інш. Адрозніваюць аўтаполіплаідыю (кратнае павелічэнне колькасці набораў храмасом аднаго віду), характэрную пераважна для відаў з вегетатыўным спосабам размнажэння (аўтапаліплоіды стэрыльныя з-за парушэння кан’югацыі гамалагічных храмасом у працэсе меёзу) і алаполіплаідыю (змена колькасці набораў храмасом на аснове міжвідавой гібрыдызацыі, пры якой звычайна адбываецца падваенне колькасці храмасом у бясплоднага дыплоіднага гібрыда і ён становіцца пладавітым). П. мае важнае значэнне ў эвалюцыі культурных і дзікарослых раслін, а таксама некат. груп жывёл (пераважна партэнагенет.). Паліплоіды часта характарызуюцца буйнымі памерамі, павышанай колькасцю шэрагу рэчываў, устойлівасцю да неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя і інш. гасп. карыснымі адзнакамі. Яны з’яўляюцца важнай крыніцай зменлівасці і выкарыстоўваюцца як зыходны матэрыял для селекцыі (на аснове П. створаны высокаўраджайныя сарты с.-г. раслін, устойлівыя да хвароб). У шырокім сэнсе тэрмін «П.» азначае кратную (эўплаідыя) і някратную (анеўплаідыя) змены колькасці храмасом у клетках арганізма.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХІ,

караткавусыя двухкрылыя (Brachycera) атр. двухкрылых насякомых. 2 падатр.: караткавусыя прамашыўныя (Brachycera-Orthorrhapha) і караткавусыя круглашыўныя (Brachycera-Cyclorrhapha). Каля 70 сям., больш за 80 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі трапляецца большасць сям., у т. л.: авадні, дразафілы, жужалі, журчалкі, злакавыя мухі, крывасоскі, ктыры, мініруючыя мушкі, мухі мясныя, муха пакаёвая, мухі сапраўдныя, сляпні, таўкачы, тахіны, вялікагалоўкі, ільвінкі, кветачніцы, М. гнаявыя, М. каласавыя, М. шведскія, саркафагі, стракатакрылкі і інш. Некат. віды — шкоднікі раслін, паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў розных хвароб, яец гельмінтаў.

Даўж. 1—55 мм. Цела ўкрыта валаскамі і шчацінкамі. Галава рухомая, ротавыя органы накшталт хабатка. Вочы фасетачныя. Вусікі 3-членікавыя. Адна (пярэдняя) пара перапончатых крылаў, заднія ператвораны ў кароткія булавападобныя прыдаткі (жужальцы). Канечнасці з прысоскамі. Кормяцца: лічынкі — расліннымі і жывёльнымі тканкамі і рэшткамі, ёсць драпежнікі, некат. — паразіты; дарослыя — нектарам кветак, крывёю жывёл, гноем. Размнажаюцца яйцамі, у некат. жыванараджэнне лічынак. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія і безгаловыя, развіваюцца ў глебе, гнаі, тканках і рэштках раслін і жывёл. Кукалкі без кокана або ў псеўдакокане.

А.​В.​Дзерункоў.

т. 11, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́КРЫЎНЫЯ ТКА́НКІ,

вонкавыя ўтварэнні арганізма на мяжы са знешнім асяроддзем. Асн. функцыі П.т. — ахова, абмен рэчываў (у т. л. газаабмен, транспірацыя), тэрмарэгуляцыя, дотык, выдаленне, часам жыўленне (напр., у стужачных чарвей, скрэбняў, паганафор). У раслін адрозніваюць П.т. першасныя і другасныя. Першасныя (эпідэрміс, або эпідэрма, і эпіблема) вылучаюцца з пратадэрмы. Эпідэрма развіваецца на парастках, лісці, ч. кветак, пладах, насенні; сценкі яе клетак укрыты кутыкулай. Эпіблема ўтвараецца на канцы кораня, выконвае функцыі двухбаковапранікальнай мембраны. Пасля яе адмірання абарончую функцыю выконвае экзадэрма, якая адасабляецца з вонкавых слаёў клетак першаснай кары. У голанасенных і двухдомных раслін на сцёблах і каранях першасныя П.т. замяняюцца на другасныя — корак (вытворнае фелагену), непранікальны для газападобных і вадкіх рэчываў. Ён уваходзіць у склад перыдэрмы, газаабмен у якой адбываецца праз рыхлыя ўчасткі — чачавічкі. У жывёл П.т. складаюцца з покрыўнага (скурнага) эпітэлію (эпідэрмісу). У некат. з іх (немертыны, галаваногія малюскі, пазваночныя) у састаў П.т. уваходзіць мезадэрмальны злучальнатканкавы слой, або дэрма. Для П.т. жывёл характэрны вытворныя: валасы, хіцін панцыра членістаногіх, кутыкула, ракавіны малюскаў, луска, пер’е, кіпцюры, пазногці, скурныя залозы і інш. З П.т. звязаны пігментныя клеткі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМІНТАЛО́ГІЯ (ад гельмінты + ...логія),

навука аб паразітычных чарвях — гельмінтах і хваробах (гельмінтозах), што імі выклікаюцца. Вывучае пашырэнне, жыццёвыя цыклы, хваробатворнае дзеянне гельмінтаў, распрацоўвае спосабы дыягностыкі і прафілактыкі гельмінтозаў у чалавека, жывёл і раслін. Даследаванні вядуцца па асн. кірунках: агульная гельмінталогія (вывучае агульныя заканамернасці развіцця паразітычных чарвей, іх сістэматыку і відаўтварэнне), медыцынская гельмінталогія (хваробы чалавека, выкліканыя гельмінтамі, іх дыягностыку, прафілактыку і лячэнне), ветэрынарная і агранамічная гельмінталогія (вывучаюць адпаведна гельмінтаў жывёл і раслін і распрацоўваюць меры барацьбы з імі).

Першыя звесткі пра гельмінты вядомы са старажытнасці (Гіпакрат, Арыстоцель, Авіцэна). Навук. гельмінталогія ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. Яе заснавальнік — ням. натураліст К.​Рудольфі, які заклаў асновы сістэматыкі і марфалогіі гельмінтаў. У 1863—76 апублікавана 2-томная праца ням. заолага Р.​Лейкарта пра паразітаў чалавека. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.эксперым. перыяд у гельмінталогіі. Заснавальнік сав. школы гельмінталогіі — К.І.Скрабін. Ён апісаў больш за 200 новых відаў гельмінтаў, распрацаваў асновы дэгельмінтызацыі (1925), што спалучаюць у сабе прынцыпы прафілактыкі і лячэння. Развіццю гельмінталогіі ў Расіі спрыялі працы В.​А.​Догеля, Р.​С.​Шульца і інш., на Украіне — А.​П.​Маркевіча.

На Беларусі вялікі ўклад у гельмінталогію зрабілі Х.С.Гарагляд, І.В.Меркушова, Ц.Г.Нікулін, Р.С.Чабатароў, І.​С.​Жарыкаў, В.​Ф.​Літвінаў, В.​А.​Шчарбовіч і інш. Даследаванні па гельмінталогіі вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі (Л.​І.​Бычкова), Ін-це эксперым. ветэрынарыі (М.​В.​Якубоўскі), у Мінскім і Віцебскім мед. ін-тах (Р.​Г.​Заяц, Я.​Л.​Бекіш), у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (А.​І.​Ятусевіч). і інш. Распрацаваны многія праблемы біяхіміі і фізіялогіі гельмінтаў, імунітэту і імунадыягностыкі, алергіі пры гельмінтозах і інш.

Літ.:

Чеботарев Р.С. Очерки по истории медицинской и ветеринарной паразитологии. Мн., 1977;

Меркушова И.В., Бобкова А.Ф. Гельминты домашних и диких животных Белоруссии. Мн., 1981;

Романенко Н.А. Санитарная гельминтология. М., 1982;

Гельминтозы человека: (Эпидемиология и борьба). М., 1985.

Р.​Г.​Заяц.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕ́ТЫКА (ад грэч. genesis паходжанне),

навука пра спадчыннасць і зменлівасць жывых арганізмаў і метады кіравання імі. Цесна звязана з малекулярнай біялогіяй, цыталогіяй, эвалюцыйным вучэннем, селекцыяй. У залежнасці ад аб’екта вывучэння адрозніваюць генетыку мікраарганізмаў, раслін, жывёл, чалавека, ад узроўню даследаванняў — малекулярную генетыку, цытагенетыку, біяхім., папуляцыйную і інш. Ідэі і метады генетыкі выкарыстоўваюць для вырашэння праблем медыцыны, сельскай гаспадаркі, мікрабіял. прам-сці.

Асновы генетыкі закладзены аўстр. натуралістам Г.Мендэлем, які адкрыў законы спадчыннасці (1865), і амер. навук. школай У.Моргана, што абгрунтавала храмасомную тэорыю спадчыннасці (1910-я г.). Вял. значэнне для развіцця генетыкі мелі працы амер. вучоных Г.​Мёлера, А.​Стэртэванта, Дж.​Бідла, Дж.​Уотсана, англ. генетыкаў Дж.​Холдэйна, Ф.​Крыка, ням. даследчыкаў Э.​Баўра, С.​Штубе, шведа Г.​Нільсана-Эле. У СССР у 1920—30-я г. значны ўклад у генетыку зрабілі працы М.І.Вавілава, М.К.Кальцова, С.С.Чацверыкова, А.С.Сераброўскага, М.П.Дубініна і інш. З сярэдзіны 1930-х г., асабліва пасля 1948, сав. генетыцы былі навязаны погляды Т.​Дз.Лысенкі (ён беспадстаўна называў сваё вучэнне мічурынскім), што да 1965 фактычна прыпыніла развіццё генетыкі; яна была аб’яўлена лжэнавукай, шальмаваліся вучоныя гэтых поглядаў, закрыліся буйныя генетычныя школы. За гэты час хуткае развіццё генетыкі за мяжой, асабліва малекулярнай генетыкі ў 2-й пал. 20 ст., дазволіла раскрыць структуру генетычнага матэрыялу, пазнаць механізмы яго функцыянавання.

На Беларусі першыя селекцыйна-генетычныя даследаванні праводзіў у 2-й пал. 19 ст. Горы-Горацкім земляробчым ін-це М.​В.​Рытаў. Развіццё генетыкі звязана з імёнамі вучоных А.Р.Жэбрака, А.М.Іпацьева, М.В.Турбіна, П.Ф.Ракіцкага, Л.У.Хатылёвай, У.К.Саўчанкі, Г.М.Палілавай, А.У.Канстанцінава, У.Я.Борматава, Г.І.Лазюка, Г.В.Краскоўскага і інш. Даследаванні вядуцца ў Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі, БДУ, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў Мін-ва аховы здароўя, н.-д. ін-тах земляробства і кармоў, жывёлагадоўлі, Горацкай с.-г. акадэміі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, мед. ін-тах і інш. Вывучаюцца генет. прынцыпы селекцыі раслін на гетэрозіс, механізмы фарміравання цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці, тэарэт. асновы генетыкі паліплоідных папуляцый. Распрацоўваюцца генет. асновы селекцыі раслін, жывёл і мікраарганізмаў, метады павышэння прадукцыйнасці культурных раслін і с.-г. жывёл, пытанні малекулярнай генетыкі і біятэхналогіі, папуляцыйнай генетыкі, імунагенетыкі, генетыкі чалавека, пухліннага росту, лячэння спадчынных хвароб (гл. Генетыка медыцынская). Вывучаюцца генетычныя вынікі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Літ.:

Жученко А.А. Экологическая генетика культурных растений: (Адаптация, рекомбиногенез, агробиоценоз). Кишинев, 1980;

Актуальные вопросы прикладной генетики в животноводстве. М., 1982;

Бочков Н.П., Захаров А.Ф., Иванов В.И. Медицинская генетика. М., 1984;

Айала Ф., Кайгер Дж. Современная генетика: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1987.

А.​Г.​Купцова.

т. 5, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРА́ЖСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

адно з самых стараж. зледзяненняў у Еўропе. Вылучана Л.М.Вазнечуком у 1961—65 як зледзяненне, якое ўкрывала амаль усю Паўн. Еўропу. Атаясамлівалася з першым з 2 міндэльскіх зледзяненняў, з 1971 — з нараўскім зледзяненнем. З 1990-х г. з варажскім зледзяненнем звязваюць варажскі гарызонт эаплейстацэну, які адпавядае скандынаўскаму зледзяненню. На тэр. Беларусі азёрныя і рачныя адклады варажскага зледзянення (алеўрыты, супескі, пяскі з рэшткамі арктабарэальных раслін) найб. пашыраны на Палессі. У час варажскага зледзянення адбылася змена палеамагнітных эпох: адмоўна намагнічаныя пароды эпохі Матуяма змяніліся дадатна намагнічанымі пародамі сучаснай эпохі Брунас каля 730 тыс. г. назад (гл. Палеамагнетызм).

А.​Ф.​Санько.

т. 3, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́СЕЛЬНІК, грабелькі,

журавельнік (Erodium),

род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я і ў Міжземнамор’і. На Беларусі трапляецца бусельнік цыкутавы (E. cicutarium) як пустазелле, а таксама на пустках і сметніках.

Адна-, двух- ці шматгадовыя травяністыя расліны з апушаным распасцёртым або ўзнятым сцяблом. Лісце супраціўнае, перыстае ці лопасцевае, ніжняе звычайна сабранае ў разетку. Кветкі пераважна пурпуровыя, ружовыя ці ліловыя з цёмнымі жылкамі, у шматкветкавых паўпарасоніках, радзей адзіночныя. Плод — зборны арэшак (стэрыгма). Лек. (вяжучы, кроваспыняльны, процісутаргавы сродак) і дэкар. расліны, маюць дубільныя рэчывы, вітамін C, карацін, арган. к-ты, смолы.

Бусельнік цыкутавы.

т. 3, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАЗОЛЬТЭРАПІ́Я,

метад клімататэрапіі, заснаваны на выкарыстанні прыродных і штучных аэразоляў, у склад якіх уваходзяць рэчывы з лек. ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюцца пераважна пры лячэнні органаў дыхання, мясцова — пры захворваннях скуры, поласці рота, гінекалагічных і інш. хваробах. Прыродныя аэразолі эфектыўныя на прыморскіх курортах, дзе ў паветры павялічаная колькасць ёду, брому, марскіх соляў; у мясцовасцях, дзе паветра насычана фітанцыдамі, прыроднымі араматычнымі злучэннямі і інш. выдзяленнямі хвойных, эўкаліптавых і інш. раслін, а таксама ў падземных салявых выпрацоўках. У штучных умовах аснову аэразольтэрапіі складае ўдыханне распыленых у паветры настояў (гл. Інгаляцыя) або інш. спосаб выкарыстання траў, антыбіётыкаў, гармонаў і інш. лек. рэчываў.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІПАРЫ́САВІК (Chamaecyparis),

род галанасенных раслін сям. кіпарысавых. 7 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы, Паўд.-Усх. Азіі. На Беларусі ў культуры 4 віды К.: гарохаплодны (C. pisifera), Лаўсона (C. lawsoniana), нутканскі (C. nootkatensis), тупалісты (C. obtusa).

Вечназялёныя аднадомныя кусты і дрэвы выш. 20—70 м. Парасткі плоскія з лускападобнай (у маладых дрэў іголкападобнай) крыжападобна размешчанай ігліцай. Мужчынскія кветкі яйцападобна-падоўжаныя, жоўтыя, жаночыя — амаль закругленыя з 6—8 лускавінкамі. Шышкі дыям. да 8 мм, шарападобныя, дравяністыя, з пукатай луской. Насенне дробнае, крылатае. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, карабле- і самалётабудаванні. Дэкар. расліны.

А.​Д.​Антанюк.

Кіпарысавік.

т. 8, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)