млекакормячае сям. качканосавых атр. аднапраходных. Пашыраны ва Усх. Аўстраліі і на в-ве Тасманія. Жыве па берагах вадаёмаў, на раўнінах і ў гарах да выш. 2 тыс.м. Вядзе паўводны лад жыцця. Ахоўваецца.
Даўж. цела да 45 см, хваста да 15 см. Верх цела чорна-буры, ніз шараваты. Футра густое, мяккае. Галава з плоскай «дзюбай» даўж. каля 6,5 см, з адчувальнай скурай. Зубы ў маладых жывёл; у дарослых — рагавыя пласцінкі. Хвост шырокі, пляскаты. Канечнасці пяціпальцыя, з плавальнай перапонкай. На задніх нагах у самцоў ядавітыя шпоры. Вочы і вушныя адтуліны пры ныранні закрываюцца складкай скуры. Корміцца дробнымі воднымі жывёламі. Самка раз у год адкладвае ў нары 1—2 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗАНІ́ЦА (Lysimachia),
род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях, асабліва ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды: Л. звычайная (L. vulgaris, нар. назвы жаўточнік, жывотнік, мятнушка), Л. манетчатая, або лугавы чай (L. nummularia, нар. назвы лазоўка, падбярэжнік) і 2 інтрадукаваныя: Л. ландышавая (L. clethroides) і кальчаковая (L. verticillaris). Трапляецца на вільготных мясцінах, берагах рэк, балотах, сярод хмызняку.
Шматгадовыя травы, радзей паўкусты з аблісцелымі прамастойнымі або сцелістымі сцёбламі. Лісце супраціўнае ці кальчаковае, суцэльнакрайняе. Кветкі глыбокапяціраздзельныя ў суквеццях, іншы раз адзіночныя або па 1—2 у пазухах лісця. Плод — каробачка. Лек., фарбавальныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ МАРСКА́Я АРГАНІЗА́ЦЫЯ (International Maritime Organization; IMO),
спецыялізаваная ўстанова AAH, міжнар. міжурадавая арг-цыя. Засн. ў 1959 як Міжурадавая марская кансультатыўная арг-цыя (да 1982) у мэтах садзейнічання міжнар. супрацоўніцтву ў галіне марскіх перавозак і марскому гандлю. Мэты ІМО: служыць апаратам для супрацоўніцтва і абмену інфармацыяй паміж урадамі па тэхн. пытаннях, якія адносяцца да міжнар.гандл. суднаходства; садзейнічаць адмене дыскрымінацыйных дзеянняў і залішніх абмежаванняў урадаў, закранаючых міжнар.гандл. суднаходства, а таксама прыняцце норм па забеспячэнні бяспекі на моры і папярэджанні забруджвання мора з суднаў. Вышэйшы орган ІМО — Асамблея, якая склікаецца раз у 2 гады. Паміж сесіямі Асамблеі работай ІМО кіруе Савет. Штаб-кватэра ІМО размешчана ў Лондане (Вялікабрытанія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАПЕ́РАД»,
газета дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася 12.12.1929—3.10.1930 у Вільні на бел. мове раз у тыдзень. Асн. задачай рэдакцыя лічыла аб’яднанне разрозненых у выніку рэпрэсій урада Ю.Пілсудскага сіл бел.вызв. руху, стварэнне адзінага бел.нац. фронту. Асвятляла пытанні эканам. і паліт. жыцця ў краіне і за яе межамі, выкрывала палітыку польск. ўрада ў справе насаджэння на бел. землях асадніцтва, адстойвала інтарэсы бел. працоўных перад адміністрацыяй. Змясціла статут Цэнтр. саюза бел.культ. і гасп. арг-цый і інфармацыю пра яго 1-ы з’езд. Друкавала асобныя творы бел. пісьменнікаў, у т. л.філас.-літ. эсэ «Янка Купала». Выйшаў 31 нумар. Закрыта ў сувязі з фін. цяжкасцямі выдаўцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАД СЦЯ́ГАМ КАМУНІ́ЗМУ»,
заходнебеларускі часопіс. Орган ЦККПЗБ. Выдаваўся ў 1927—30 у Вільні на бел. мове (рэдакцыя часопіса знаходзілася ў Мінску). Выходзіў 1 раз у 3 месяцы. Ставіў за мэту ўзброіць камуністаў ленінскім вучэннем, распрацоўваць новыя ідэалаг. і паліт. пытанні для парт. актыву, знаёміць з дзейнасцю Камінтэрна, ВКП(б), КПП, КП(б)Б і КПЗБ Шмат увагі аддаваў сацыяліст. будаўніцтву ў БССР. Асвятляў найб. важныя праблемы пралет. рэвалюцыі, нац. пытання, расстаноўкі і суадносін класавых сіл у Зах. Беларусі. Меў рубрыку «Хроніка міжнароднага жыцця». У 1930 выдаваў серыю брашур, у іх ліку «Вынікі пленумаў ЦККПЗБ», «Аб УКП(б)», «Аб прафсаюзах», «Аб нацыянальна-вызваленчай барацьбе», «Аб правым ухіле ў УКП(б)».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛУ́ГА (Huso huso),
рыба сям. асятровых атр. асетрападобных. Пашырана ў бас. Каспійскага, Чорнага, Азоўскага і Адрыятычнага мораў. Прахадная. Раней па Дняпры заходзіла ў рэкі Беларусі на нераст. Да пач. 20 ст. ў Сажы і Дняпры лавілі бялугу масай каля 300 кг, пазней не траплялася. У 1973—74 у рыбакамбінат «Белае» (Гомельская вобл.) завезены гібрыд бялугі і сцерлядзі (бесцер) для рыбагасп. выкарыстання.
Даўж. да 9 м, маса да 2 т. Жыве больш за 100 гадоў. Палавая спеласць самцоў у 12—14 гадоў, самак у 16—18. Ёсць азімыя і яравыя формы. Нерастуе раз у некалькі гадоў. Плоднасць да 8 млн. буйных ікрынак. Утварае гібрыды з інш. асятровымі. Дарослая корміцца рыбай, моладзь — доннымі беспазваночнымі. Каштоўная прамысл. рыба. Ікра — далікатэсны прадукт. Колькасць скарацілася. Аб’ект развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНІ́К,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — уладар вадаёмаў, жывых істот у іх. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека, укрытага водарасцямі і цінай, з зялёнай барадой, доўгімі валасамі на клінападобнай галаве, расплывістым тварам. Месца яго жыхарства — віры рэк, асабліва каля млыноў («вірнік»), дно азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў («ціхоня»). Яму прыпісвалі рух, памутненне вады, пару над ёю, разлівы рэк, разбурэнне рыбалоўных прылад, млыноў, гібель людзей і жывёл. У першыя замаразкі млынары іншы раз ахвяравалі яму мяса, а ў некаторых мясцінах рыбакі прасілі ўдалай лоўлі. Вобраз Вадзяніка страціў рэліг. значэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і знайшоў адлюстраванне ў фальклоры (марскі цар у рус. былінах і чарадзейных казках беларусаў і інш. народаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ГІСТО́РЫКАЎ (БАГ),
грамадская навуковая арг-цыя. Створана 5.2.1993 у Мінску на Усебеларускай канферэнцыі гісторыкаў. Аб’ядноўвае вучоных гісторыкаў, выкладчыкаў і настаўнікаў гіст. дысцыплін, бібліятэчных, музейных, архіўных работнікаў, краязнаўцаў. Мае на мэце садзейнічаць развіццю фундаментальных даследаванняў па гісторыі Беларусі і ўсеаг. гісторыі, пашыраць гіст. адукаванасць грамадства, папулярызаваць і распаўсюджваць гіст. веды, фарміраваць нац.гіст. свядомасць насельніцтва Беларусі. Удзельнічае ў каардынацыі навук. даследаванняў у галіновых навук. установах Беларусі і ВНУ, у рабоце па павышэнні кваліфікацыі кадраў гіст. навукі, садзейнічае публікацыі вынікаў навук. даследаванняў, праводзіць навук. канферэнцыі, супрацоўнічае з органамі дзярж. улады і кіравання. Складаецца з індывід. і калект. членаў. Вышэйшы орган БАГ — з’езд, які склікаецца раз у 3 гады. Кіруючы орган — рада. У перыяд паміж з’ездамі і пасяджэннямі рады дзейнасць БАГ накіроўвае прэзідыум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРО́Й БЕЛАРУ́СІ,
ганаровае званне, вышэйшая ступень адзнакі і дзярж. ўзнагарода за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам, звязаныя з подзвігам, здзейсненым у імя свабоды, незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь. Уведзены Законам «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» ад 13.4.1995. Званне прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь толькі адзін раз. Паводле Указа Прэзідэнта ад 15.1.1996 асобам, удастоеным звання Героя Беларусі, уручаецца медаль Герой Беларусі. Узнагароджанне можа быць праведзена пасмяротна. Героямі Беларусі могуць стаць не толькі грамадзяне Беларусі, але і замежныя грамадзяне ці асобы без грамадзянства за заслугі перад Рэспублікай Беларусь. Героі Беларусі карыстаюцца льготамі, прадугледжанымі заканадаўствам для Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сац. Працы, поўных кавалераў ордэнаў Славы, Працоўнай Славы. Упершыню званне Героя Беларусі прысвоена ў 1996 У.М.Карвату (пасмяротна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАД,
атмасферныя ападкі ў выглядзе сферычных часцінак шчыльнага лёду (градзін) памерамі ад 5 да 55 мм, зрэдку і больш. Утвараецца ў цёплую пару года ў магутных кучава-дажджавых хмарах з інтэнсіўным верт. рухам паветра, часам суправаджаецца ліўневымі ападкамі і навальніцай. Бывае рэдка, прыкладна 1 раз на 15 навальніц. На Беларусі адзначаецца з крас. да кастр., найчасцей у маі і чэрвені. Праходзіць звычайна вузкімі палосамі шыр. да 300—500 м, даўж. 2—5 км (бываюць выпадкі, калі шыр. паласы дасягае 2—3 км, даўж. 15 км). Працягласць выпадання ад некалькіх мінут да паўгадзіны, часцей 6—7 мін, можа ўтварыць покрыва таўшчынёй 20—30 см. У сярэднім штогод у кожным пункце град бывае 1—2, у асобныя гады да 5—7 сут.