МАГНІТАЦЕПЛАВЫ́Я З’Я́ВЫ,
змены цеплавога стану рэчыва пры зменах яго магн. стану (намагнічванні ці размагнічванні). Назіраюцца ва ўсіх рэчывах. М.з. ў некаторых парамагнетыках выкарыстоўваюцца для атрымання звышнізкіх т-р (гл. Магнітнае ахаладжэнне).
Тлумачыцца зменамі ўнутранай энергіі цела пры адпаведных зменах магн. стану. Найб. значныя М.з. ў фера-, антыфера- і ферымагнетыках і іх характар залежыць ад працэсаў намагнічвання ў гэтых матэрыялах. Адрозніваюць М.з. пры адыябатычным намагнічванні і размагнічванні, калі адбываюцца змены т-ры, і ізатэрмічныя М.з., пры якіх некаторая колькасць цеплаты выдзяляецца (ці паглынаецца).
т. 9, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКУ́ЛКІН (Якаў Пракопавіч) (29.4.1913, с. Падбужжа Хвастовіцкага р-на Калужскай вобл., Расія —3.12.1983),
дзяржаўны дзеяч БССР. Ген.-лейт. (1970). Скончыў Бранскі тэхнікум шляхоў зносін (1934). З 1940 у органах дзяржбяспекі. Да 1940 працаваў тэхнікам праектнага бюро Упраўлення на Д.-Усходняй чыг. З 1960 старшыня КДБ пры СМ Башкірскай АССР. З 1962 у апараце КДБ пры СМ СССР. З 1969 нам. нач. ўпраўлення КДБ пры СМ СССР па г. Масква і Маскоўскай вобл. У 1970—80 старшыня КДБ пры СМ БССР.
т. 11, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́РАДЖАНЫ ГАЗ,
квантавы газ, уласцівасці якога істотна адрозніваюцца ад уласцівасцей класічнага газу пры пэўных умовах. Гэта абумоўлена тоеснасцю аднолькавых часціц у квантавай механіцы (гл. Тоеснасці прынцып). Запаўненне часціцамі магчымых узроўняў энергіі залежыць ад наяўнасці на зададзеным узроўні інш. часціц. Таму залежнасць цеплаёмістасці і ціску выраджанага газу адрозніваецца ад ідэальнага класічнага газу; інакш выражаюцца патэнцыялы тэрмадынамічныя і інш. параметры.
Выраджаны газ існуе пры т-рах, меншых за тэмпературу выраджэння. Уплыў тоеснасці часціц больш істотны, пры меншай адлегласці паміж імі ў параўнанні з даўжынёй хвалі дэ Бройля. Т-ра выраджэння, што вызначае меры прыдатнасці класічнай тэорыі, вышэйшая пры меншай масе часціц газу і большай іх канцэнтрацыі. Напр., т-ра выраджэння электроннага газу ў металах каля 10000 К і таму гэты газ выраджаны пры ўсіх т-рах, пры якіх метал застаецца ў цвёрдым стане. Гл. таксама Квантавая вадкасць, Бозе-газ, Фермі-газ.
П.С.Габец.
т. 4, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАГЕМАТЭРАПІ́Я (ад аўта... + гема... + тэрапія),
метад лячэння хворага ўласнай крывёю, якая ўзята з яго вены і ўведзена ўнутрымышачна або падскурна. Выкарыстоўваецца пры фурункулёзе, хранічных гнойна-запаленчых працэсах, анеміі, трафічных язвах, насавых і некаторых унутраных крывацёках (напр., пры кроватачывых язвах страўніка і дванаццаціперснай кішкі), пры інш. захворваннях, якія патрабуюць агульнастымулявальнага ўздзеяння. Стымулюе кроваўтварэнне, павышае неспецыфічны імунітэт.
т. 2, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСО́РБЦЫЯ,
1) паглынанне рэчыва з газавай сумесі вадкасцю. Адбываецца ва ўсім аб’ёме паглынальніка, праводзіцца ў абсорберах. Выкарыстоўваецца ў хім. вытв-сці (напр., пры атрыманні азотнай, салянай, сернай кіслот, соды), а таксама пры ачыстцы газаў, у аўтаномных сістэмах жыццезабеспячэння.
2) Паглынанне эл.-магн. выпрамянення або гуку пры праходжанні праз рэчыва (гл. Паглынанне святла, Паглынанне гуку).
т. 1, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАЦЭ́НТР (ад гіпа... + цэнтр) землетрасення, цэнтральны пункт ачага землетрасення ў нетрах Зямлі. У гіпацэнтры раптоўна вызваляецца значная энергія (103—1018 Дж), якая выклікае каротка-перыядычныя ваганні зямной кары. Глыбіня гіпацэнтра пры звычайных землетрасеннях менш за 70 км, пры прамежкавых — 70—300 км, пры глыбокіх — 300—700 км (гл. таксама Эпіцэнтр).
т. 5, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШГУКАВО́Е ЦЯЧЭ́ННЕ,
рух газу, пры якім скорасць часціц перавышае мясц. скорасць гуку ў разгляданай вобласці газу. Ажыццяўляецца, напр., пры руху пары або газу праз звышгукавое сапло (сапло Лаваля), пры абцяканні паветраным патокам самалётаў, ракет, артыл. снарадаў, метэарытаў і інш., скорасць якіх перавышае скорасць гуку ў паветры. Суправаджаецца ўтварэннем скачкоў ушчыльнення (гл. Ударная хваля).
т. 7, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГУШЧА́ЛЬНІКІ,
апараты, у якіх адбываецца аддзяленне цвёрдых часцінак рэчыва ад вадкасці. Бываюць гравітацыйныя (часцінкі ападаюць пад дзеяннем сілы цяжару), інерцыйныя (выдаленне часцінак адбываецца за кошт узнікнення сіл інерцыі пры вярчэнні) і фільтрацыйныя (згушчэнне суспензіі адбываецца пры выдаленні часткі вадкасці). Выкарыстоўваюцца пры здабычы карысных выкапняў і высакародных металаў, у вытворчасці паперы і цэлюлозы.
т. 7, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЗІС у медыцыне,
пры хваробе рэзкая змена стану хворага (як правіла, да паляпшэння). Напр., пры інфекц. хваробах К. праяўляецца раптоўнай нармалізацыяй т-ры цела, моцным («праліўным») потавыдзяленнем, слабасцю, санлівасцю, інш. раз падзеннем сардэчнай дзейнасці. Ад К. адрозніваюць т.зв. несапраўдны К., ці псеўдакрызіс, пры якім паніжэнне т-ры цела і паляпшэнне стану хворага часовыя.
т. 8, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНДЭРАМАТО́РНАЕ ДЗЕ́ЯННЕ СВЯТЛА́ (ад лац. ponus вага, цяжар + motor які рухае),
механічнае ўздзеянне аптычнага выпрамянення (святла) на целы, часцінкі, асобныя атамы і малекулы. Выяўляецца ў тым, што святло надае целу імпульс пры апрамяненні (светлавы ціск) або пры выпрамяненні (светлавая аддача), а таксама момант імпульсу пры апрамяненні эліптычна палярызаваным святлом (гл. Садоўскага эфект).
т. 12, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)