ВІТРУ́ВІЙ

(Vitruvius),

рымскі архітэктар і інжынер 2-й пал. 1 ст. да н.э. Аўтар «Дзесяці кніг пра архітэктуру» — першай буд.-тэхн. энцыклапедыі, што захавалася. Трактат Вітрувія істотна паўплываў на засваенне ант. спадчыны, фарміраванне эстэтыкі і тэорыі архітэктуры ў эпоху Адраджэння; у 19 ст. быў важным дапаможнікам для археолагаў, крыніцай звестак пра ант. помнікі, архітэктараў і іх тэарэт. працы. Ён сфармуляваў «тры законы» архітэктуры, т.зв. трыяду Вітрувія: трываласць, карысць, прыгажосць (firmitas, utilitas, venustas).

т. 4, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАВА Вольга Мікалаеўна

(н. 24.12.1958, г. Магілёў),

бел. жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1978). У ранняй творчасці сімволіка-алегарычнае асэнсаванне рэчаіснасці (серыя з 9 работ «Успамін пра Русь», 1989—90). У творах «Збіральнікі галля» (1994), «Збіральнікі камення» (1995), «Малітва» (1997) і інш. асацыятыўна-філас. трактоўка вобразаў, увасобленая праз нюансавы колеравы лад. Працуе таксама ў плакаце («Не парушаць экалагічную раўнавагу!», «У што веру?»).

А.І.Атраховіч.

В.Даманава. Работа з серыі «Успаміны пра Русь». 1989—90.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВАЛЯ́НЕ, стадаране,

сярэдневяковае племя палабскіх славян, якое жыло ўздоўж р. Гавола (ням. Гафель), прытока Лабы (Эльбы). Уваходзілі ў плем. саюз люцічаў. Пра гісторыю гавалян гл. ў арт. Брандэнбург.

т. 4, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАЧЫ́ННАСЦЬ ПРАФЕСІЙНАЯ,

злачыннасць, якая мае ўстойлівы характар, сведчыць пра наяўнасць у злачынца пэўных ведаў і звычак, з’яўляецца крыніцай існавання, звязана ўстойлівымі сувязямі з антысацыяльным асяроддзем. Гл. таксама Арганізаваная злачыннасць.

т. 7, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ШНІК,

устарэлая назва перакупшчыка, гандлёвага пасрэдніка. У ВКЛ садзейнічаў куплі і продажу тавараў на рынках і кірмашах за пэўную ўзнагароду (барыш). Пры неабходнасці сведчыў на судзе пра гандл. здзелкі.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКЕ́ТА

(франц. enquête літар. расследаванне),

апытальны ліст для атрымання якіх-н. звестак пра таго, хто яго запаўняе, або адказаў на пытанні, складзеныя па пэўнай праграме (напр., у сацыялагічных апытаннях).

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ РА́ДНЫ»,

часопіс, орган муніцыпалітэтаў т.зв. самаўрадаў у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 27.11.1927 да 16.2.1929 (неперыядычна) у Вільні на бел. мове. Рэдактары-выдаўцы Я.Ярош, Т.Вернікоўскі, кіраўнік рэдакцыі Г.Канапніцкі. Асвятляў становішча ў Зах. Беларусі, дзейнасць органаў мясц. самакіравання і адносіны да іх польск. ўрада. Інфармаваў пра стан адраджэння краю, зруйнаванага 1-й сусв. вайной, пра яго прыродныя багацці і патэнцыяльныя эканамічныя магчымасці. Змяшчаў муніцыпальную і краёвую хроніку, юрыд. парады, матэрыялы па навуцы і тэхніцы і інш. Выйшла 12 нумароў.

А.С.Ліс.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЙДА,

герой укр. і бел. нар. песень-балад. Увасабляе ўяўленне народа пра мужнасць, адданасць радзіме, рыцарскую годнасць. За адмаўленне ажаніцца з турэцкай царэўнай павешаны за рабро на гак. Помсцячы за ганебнае для рыцара пакаранне, Байда забівае турэцкага цара, царыцу і царэўну.

Прататыпам Байды некаторыя даследчыкі лічаць чаркаскага і канеўскага старосту Дз.Вішнявецкага, які ў час вайны з туркамі трапіў у палон і быў такім чынам пакараны смерцю. Бел. варыянт балады пра Байду вядомы па кн. А.Рыпінскага «Беларусь» (Парыж, 1840).

т. 2, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ НАРО́Д»,

грамадска-паліт., эканам. і літ. газета. Выдавалася 20.1—5.2.1919 у Гродне на бел. і рус. мовах. Інфармавала пра работу бел. арг-цый і дзярж. структур. Апублікавала першыя заявы Нар. сакратарыята БНР, пратэст бел. арг-цый супраць намеру польск. ўрада правесці выбары ў сейм на Гродзеншчыне, якая на той час не ўваходзіла ў склад польск. дзяржавы, інфармацыю пра адкрыццё ў шэрагу гарадоў Беларусі аддзелаў Бел. культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына» і інш. Выйшлі 2 нумары.

А.С.Ліс.

т. 2, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЯ́Н (Arrianos) Флавій

(каля 95, Нікамедыя, Малая Азія — 175),

старажытнагрэчаскі гісторык і пісьменнік. Вучыўся ў Грэцыі ў філосафа-стоіка Эпіктэта. У 121—124 консул у Рыме, каля 131—137 намеснік Кападокіі. Арыяну належаць творы на філасофскую, гістарычную, ваенную, геаграфічную і іншыя тэмы. Захаваліся «Анабасіс Аляксандра» ў 7 кнігах (гісторыя паходаў Аляксандра Македонскага), «Індыя», «Аб’езд Эўксінскага Понта», «Успаміны пра Эпіктэта», «Настаўленне», у якіх выкладзена вучэнне Эпіктэта, змешчаны трактаты пра ваенную справу і паляванне. Іншыя працы вядомыя па фрагментах або назвах.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)