стан сістэмы, выведзенай з раўнавагі тэрмадынамічнай (у стат. фізіцы — з стану статыстычнай раўнавагі). Вывучаецца ў тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў і фіз. кінетыцы.
У сістэме, што знаходзіцца ў Н.с., адбываюцца неабарачальныя працэсы пераносу, якія імкнуцца вярнуць яе ў стан раўнавагі пры адсутнасці перашкаджальных фактараў, напр., адвядзення (ці падвядзення) энергіі або рэчыва з сістэмы. У процілеглым выпадку магчымы стацыянарны стан, калі павелічэнне энтрапіі ў сістэме кампенсуецца яе адвядзеннем ад сістэмы. Н.с. з часам існавання, многа большым за час рэлаксацыі, наз.метастабільным станам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ДЗІН (Уладзімір Іванавіч) (23.7.1859, Масква — 3.2.1922),
расійскі батанік і біяхімік, заснавальнік школы фізіёлагаў і біяхімікаў раслін. Акад. Пецярбургскай АН (1914). Вучань К.А.Ціміразева. Бацька А.У.Паладзіна. Скончыў Маскоўскі ун-т (1883). У 1889—1914 праф. Харкаўскага, Варшаўскага і Пецярбургскага ун-таў. Навук. працы па дыханні раслін, ролі ферментаў у гэтым працэсе. Даследаваў утварэнне і каардынацыю дзейнасці раслінных ферментаў, працэсы ператварэння бялкоў. Устанавіў розніцу паміж запаснымі бялкамі і бялкамі пратаплазмы, першаснымі і другаснымі прадуктамі іх распаду. Прапанаваў тэорыю дыхання раслін як сістэму ферментатыўных рэакцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЯ ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯІнстытута геалагічных навук Нацыянальнай АН Беларусі.
Засн. ў 1960 у г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл. Уключана ў Адзіную сетку сейсмічных назіранняў і сетку геамагнітных абсерваторый СНД. Вядзе назіранні эл.-магн. поля і сейсмічнасці Зямлі. Даследуе эл.-магн.працэсы ў калязямной прасторы, глыбінную будову зямной кары і верхняй мантыі. З’яўляецца базай для выканання міжнар.геафіз. праграм, мае геамагнітную абсерваторыю, станцыі зямных токаў і сейсмічную. З яе дзейнасцю звязана развіццё новага для Беларусі навук. кірунку — фізікі Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕСІ́ЙНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў для розных галін вытворчасці і сацыяльна-культурнай сферы; састаўная частка сістэмы адукацыі. Уключае дапрафес. этап (прафесійная арыентацыя, прафес. адбор), прафесійна-тэхнічную адукацыю, сярэднюю спецыяльную адукацыю, вышэйшую адукацыю. Накіравана на авалоданне асобай пэўнымі ведамі, уменнямі і навыкамі, садзейнічае прафес. станаўленню і развіццю асобы. Забяспечвае кваліфікацыйную структуру эканамічна актыўнага насельніцтва (гл.Кваліфікацыя), фарміруе рынак працы, уздзейнічае на гасп.працэсы, стан культуры і навукі. З 1990-х г. развіваецца дыстанцыйная форма П.а. з выкарыстаннем інфарм. тэхналогій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАТРО́ПНЫЯ СРО́ДКІ (ад псіха... +грэч. tropos напрамак),
псіхафармакалагічныя сродкі, лекавыя сродкі, якія ўплываюць на ц. н. с.Асн. групы П.с.: антыдэпрэсанты; транквілізатары; нейралептыкі (напр., аміназін, галаперыдол); псіхастымулятары (аказваюць узбуджальнае дзеянне на псіхіку, напр., кафеін, фенамін); псіхічныя стабілізатары (напр., літый); наатропы (напр., цэрэбралізін), якія ўздзейнічаюць на абменныя і энергет.працэсы мозга; галюцынагены. Кожны П.с. валодае індывід. псіхафармакалагічнымі ўласцівасцямі — спектрам псіхатропнай актыўнасці, што вызначае клінічныя паказанні да яго ўжывання. З дапамогай П.с. лечаць псіхозы, псіхал. парушэнні: неўрозы, стан эмацыянальнага напружання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭНАСФЕ́РА (ад грэч. asthenēs слабы + сфера),
Гутэнберга слой, слой паніжанай вязкасці ў верхняй мантыі Зямлі, які падсцілае літасферу. Вылучаюць па паменшанай скорасці праходжання сейсмічных хваляў і павышанай электраправоднасці адносна літасферы і астатняй мантыі. Астэнасфера складзена з перыдатытаў, рэчыва якіх знаходзіцца ў пластычным і вязкім стане, можа цячы і ствараць гідрастатычную раўнавагу (ізастазію). Пад акіянамі пашырана ўсюды з глыб. 50—70 км, пад кантынентамі адзначана з глыб. 80—100 км, найб. выразная — у тэктанічна актыўных зонах стараж. платформаў і пад маладымі платформамі. Пад астраўнымі дугамі астэнасфера шматслойная (поліастэнасфера). Рэчыва астэнасферы ў такіх структурах часткова расплаўлена (на 1—10%). Пад стабільнымі ўчасткамі стараж. шчытоў і дакембрыйскіх пліт выяўлена не ўсюды. Ніжняя мяжа астэнасферы знаходзіцца на глыб. 250—300 км (да 400 км). На тэр. Беларусі астэнасфера вылучаецца пад Беларускай антэклізай на глыб. 200—210 км (магутнасць 20—30 км) і пад Прыпяцкім прагінам на глыб. 90—100 км (магутнасць да 140 км). Рэчыва астэнасферы ўдзельнічае ў фарміраванні пакладаў карысных выкапняў, з ёй звязаны працэсы магматызму і метамарфізму.
Астэнасфера адкрыта ў 1914 Дж.Барэлам. Першае пацвярджэнне яе існавання атрымаў у 1926 Б.Гутэнберг (адсюль другая назва). Ён паказаў, што ў астэнасферы адбываюцца працэсы, якія выклікаюць гарызантальныя і вертыкальныя рухі блокаў літасферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ФОТАБІЯЛО́ГПНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1973 у Мінску на базе Лабараторыі біяфізікі і ізатопаў АН Беларусі (з 1957). Лабараторыі (1998): біяфізікі і біяхіміі фотасінтэтычнага апарату, фізіялогіі фотасінтэтычнага апарату, фотарэгуляцыі клетачных працэсаў, біяфізікі і фотабіялогіі мембран, фізіка-хіміі біял. мембран, фатонікі бялкоў. Аспірантура (з 1957).
Асн. кірункі даследаванняў: малекулярна-мембранная біяхімія і біяфізіка фотабіял. і рэгулятарных працэсаў у жывёльных і раслінных сістэмах (будова, функцыянаванне і біягенез фотасінтэтычнага апарату, фізіялогія і генетыка фотасінтэзу, фотарэцэптарныя працэсы ў раслінных і жывёльных сістэмах, структурная дынаміка і напружаныя метастабільныя станы бялкоў і біял. мембран у рэакцыях экспрэс-рэгуляцыі, адаптацыі і клетачнага імунітэту, малекулярная паталогія біял. мембран, свабоднарадыкальныя працэсы ў мембранах і фотапашкоджванні клетак). Вынікі даследаванняў: атрыманы фундаментальныя даныя пра будову і функцыянаванне сістэмы фотасінтэзу хларафілу, фарміраванне фотасінтэтычнага апарату на розных узроўнях арганізацыі і малекулярна-мембранных механізмаў фотарэгулятарных працэсаў у раслінах, пра структурную лабільнасць біял. мембран і іх ролю ў працэсах трансфармацыі энергіі і рэгуляцыі іоннага транспарту ў клетках; раскрыта прырода люмінесцэнцыі бялкоў і створаны люмінесцэнтныя метады аналізу (Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1992); распрацаваны шэраг экспрэс-метаду фотадыягностыкі захворванняў. У ін-це працавалі акад.АН Беларусі Ц.М.Годнеў, чл.-кар. М.Ц.Чайка, А.А.Шлык, працуюць акад Нац.АН Беларусі І.Дз.Валатоўскі (дырэктар з 1985), С.В.Конеў, 8 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ДЗЬМІНЫ МЁТЛЫ,
хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі, вірусамі, насякомымі, кляшчамі, рэдка бактэрыямі. Утвараюцца часцей на дрэвах у выглядзе шчыльных пучкоў («мяцёлак») тонкіх укарочаных галінак з дробным недаразвітым лісцем. На Беларусі бываюць на вішні, сліве, бярозе, вольсе, грабе і інш. лісцевых дрэвах (узбуджальнікі — паразітныя грыбы з роду тафрына), на хвоі і елцы (узбуджальнікі — найчасцей іржаўныя грыбы).
Узбуджальнік хваробы пранікае ў расліну праз мех. пашкоджанні, роставыя пупышкі і стымулюе анамальныя роставыя працэсы: абуджэнне спячых і інтэнсіўнае развіццё прыдатачных пупышак. Меры барацьбы: абразанне і спальванне заражаных галін, знішчэнне хворых раслін, апрацоўка фунгіцыдамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫМЕТАБАЛІ́ТЫ,
прыродныя або сінтэтычныя біялагічна актыўныя рэчывы, па хім. прыродзе блізкія да звычайных прадуктаў абмену рэчываў (метабалітаў) арганізма і здольныя ўступаць з імі ў канкурэнтныя, антаганістычныя адносіны. Да важнейшых антыметабалітаў належаць антывітаміны, антыгармоны, антыферменты. Структурныя аналагі адпаведных вітамінаў, гармонаў, ферментаў, медыятараў і інш., якія ў біяхім. рэакцыях займаюць іх месца або блакіруюць пэўныя рэцэптары і тым змяняюць цячэнне важных фізіял. працэсаў. Пры пэўных умовах антыметабаліты могуць не толькі парушаць, але і нармалізаваць біяхім. працэсы, таму выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб (у першую чаргу выкліканых парушэннямі абмену рэчываў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДМЕЛЬ,
1) мелкае месца ў вадаёме ці вадацёку, якое пачынаецца ад берагавой лініі. Мае шырокі падводны схіл з нязначнымі нахіламі.
2) Участак дна з меншымі глыбінямі, чым навакольныя. Да гэтага тыпу водмелі адносяцца марскія банкі. На водмелях пераважаюць працэсы перамяшчэння і намнажэння асадкаў, могуць утварацца намыўныя астравы і косы; небяспечныя для суднаходства. Характарызуюцца багаццем планктону, на іх заўсёды багацейшая фауна рыб і малюскаў. Пашыраны на рэках, азёрах і вадасховішчах Беларусі. На рэках утвараюцца каля берага, процілеглага таму, які падмываецца, і паступова ператвараюцца ў поймавую тэрасу.