ГЕ́ЛЬМГОЛЬЦ

(Helmholtz) Герман Людвіг Фердынанд (31.8.1821, г. Патсдам, Германія — 8.9.1894),

нямецкі прыродазнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1868). Вучыўся ў Ваенна-мед. ін-це ў Берліне. Праф. фізіялогіі Кёнігсбергскага (1849—55) і Бонскага (1855—58) ун-таў, у 1871—88 праф. фізікі Берлінскага ун-та, з 1888 дырэктар фізіка-тэхн. ун-та ў Берліне. Навук. працы па фізіцы, біяфізіцы, фізіялогіі і псіхалогіі. Матэматычна абгрунтаваў закон захавання энергіі (1847), даказаў яго ўсеагульны характар. Распрацаваў тэрмадынамічную тэорыю хім. працэсаў, увёў паняцці свабоднай і звязанай энергій. Заклаў асновы тэорыі віхравога руху вадкасцей і анамальнай дысперсіі святла. Прапанаваў тэорыю слыху і зроку чалавека, выявіў і вымераў цеплаўтварэнне ў мышцах (1845—47), вывучыў працэс скарачэння мышцаў (1850—54). Вызначыў скорасць распаўсюджвання нерв. імпульсаў (1850). Сканструяваў шэраг фіз. прылад, распрацаваў колькасныя метады фізіял. даследаванняў.

Літ.:

Лазарев П.П. Гельмгольц. М., 1959;

Лебединский А.В., Франкфурт У.И., Френк А.М. Гельмгольц (1821—1894). М., 1966.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РМІНГ

(Warming) Іаганес Эўгеніус (3.11.1841, в-аў Манё, Данія — 2.4.1924),

дацкі батанік-эколаг і сістэматык; адзін з заснавальнікаў экалагічнай геаграфіі раслін і вучэння пра жыццёвыя формы. Праф. Капенгагенскага ун-та (1885—1911) і дырэктар Бат. саду ў Капенгагене. Навук. працы па вывучэнні разнастайных марфал. прыстасаванняў раслін да ўмоў існавання. Аўтар кн. «Сістэматыка раслін» (1879, рус. пер. 1893), «Расліна і яе жыццё» (1900, рус. пер. 1904).

т. 4, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ Аляксандр Барысавіч

(н. 24.2.1934, в. Задвор’е Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Канд. пед. н. (1968), праф. (1991). Скончыў БДУ (1956). З 1965 у Бел. пед. ун-це. Навук. працы па методыцы пошуку рашэння матэм. задач. Распрацаваў метадычную сістэму развіццёвага навучання матэматыцы ў сярэдняй школе.

Тв.:Метод параллельных проекций. Мн., 1985; Упражнения по алгебре и началам анализа. Мн., 1991.

т. 4, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДЗІЕ́ЎСКІ Анатоль Цімафеевіч

(н. 16.8.1933, г. Знаменка Кіраваградскай вобл., Украіна),

украінскі харавы дырыжор. Нар. арт. СССР (1983). Праф. Кіеўскага пед. ін-та (1986). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1958). У 1958—63 арганізатар і маст. кіраўнік Палескага нар. хору «Лянок» (Жытомір). З 1966 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Украінскага народнага хору імя Р.Г.Вяроўкі. Аўтар харавых твораў, апрацовак укр. нар. песень. Дзярж. прэміі Украіны 1968 і СССР 1978.

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЛАСЕ́ВІЧ Міхаіл Аляксандравіч

(н. 20.6.1938, в. Станіславова Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1970), праф. (1991). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1989). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1962) і працуе ў ім, з 1994 рэктар. Даследуе праблемы сучасных бел. і рус. літ. моў: «Пабочныя кампаненты сказа ў беларускай літаратурнай мове» (1970), «Марфемны склад слова і словаўтварэнне» (2-е выд., 1991) і інш.

т. 2, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБАКУ́ЛАЎ Ахмад

(н. 17.1.1931, г. Душанбе),

таджыкскі спявак (драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954). У 1954—56 і з 1966 саліст Таджыкскага т-ра оперы і балета, адначасова з 1966 заг. кафедры ф-та мастацтваў Таджыкскага пед. ін-та (праф. з 1977). Сярод партый: Садык («Вяртанне» Я.Сабзанава), Мадан («Камдэ і Мадан» З.Шахідзі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала). Дзярж. прэмія Таджыкістана 1966.

т. 2, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ГЕЛЬ Галіна Яўгенаўна

(н. 7.1.1937, г. Клінцы Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны-фізіятэрапеўт. Д-р мед. н. (1983), праф. (1985). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1960). З 1962 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, з 1988 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па электрадыягностыцы і электратэрапіі, рэабілітацыі хворых на парэзы і паралічы.

Тв.:

Физиотерапия и курортология нервных болезней. Мн., 1984 (разам з А.М.Гурленем).

т. 2, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЕР

(Baeyer) Адольф (31.10.1835, Берлін — 20.8.1917),

нямецкі хімік. Скончыў Берлінскі ун-т (1858). З 1872 праф. Страсбургскага, з 1875 Мюнхенскага ун-таў. Ажыццявіў поўны сінтэз індыга і ўстанавіў яго будову (1878—83). Даследаваў фталевыя, тэрпенавыя, пераксідныя, нітроза- і аксоніевыя злучэнні. Стварыў тэорыю напружанасці цыклічных злучэнняў (Баера тэорыя), якая тлумачыць іх стабільнасць. У 1910 уведзены памятны медаль Баера за дасягненні ў галіне арган. хіміі. Нобелеўская прэмія 1905.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЁ

(Baillot) П’ер Мары Франсуа дэ Саль (1.10.1771, Парыж — 15.9.1842),

французскі скрыпач-віртуоз, кампазітар, педагог. Праф. Парыжскай кансерваторыі (1795). Буйны прадстаўнік т.зв. парыжскай школы. З 1802 канцэртаваў (у 1805—08 прыдворны саліст у Пецярбургу). У 1821—32 першы скрыпач т-ра «Гранд-апера», з 1827 — Каралеўскай прыдворнай капэлы. Аўтар твораў для скрыпкі, метадычных дапаможнікаў, у т. л. скрыпічнай школы, нарысаў пра А.Грэтры, Дж.Б.Віёці і інш.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НАХ

(Banach) Стафан (30.3.1892, Кракаў — 31.8.1945),

польскі і ўкр. матэматык; адзін са стваральнікаў львоўскай матэм. школы. Чл.-кар. АН у Кракаве (1924). Скончыў Львоўскі політэхн. ін-т (1914). З 1924 праф. Львоўскага ун-та. Адзін са стваральнікаў сучаснага функцыянальнага аналізу. Яго імем названы лінейныя прасторы, у якіх найбольш плённа вывучаюцца лінейныя функцыяналы і аператары.

Тв.:

Рус. пер. — Дифференциальное и интегральное исчисление. 3 изд. М., 1972.

т. 2, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)