ПУНКТУА́ЦЫЯ (позналац. punctuatio ад лац. punctum кропка),
1) сістэма знакаў прыпынку і правіл іх выкарыстання; пастаноўка знакаў прыпынку ў тэксце.
2) Практычная лінгвістычная дысцыпліна, якая вывучае асновы (прынцыпы) пастаноўкі знакаў прыпынку, іх фарміраванне і развіццё.
Знакі прыпынку паказваюць на сэнсавыя адносіны паміж часткамі выказвання, дапамагаюць правільна чытаць і разумець пісьмовы тэкст. Пастаноўка знакаў прыпынку заснавана на сэнсавым, структурна-грамат. (сінтакс.) і інтанацыйным прынцыпах, якія звычайна сумяшчаюцца з перавагай сэнсавага. Так. пастаноўка паміж ч. бяззлучнікавага сказа коскі або працяжніка ці двукроп’я поўнасцю залежыць ад семантыкі сказа, тых сэнсавых адносін, што ўстанаўліваюцца паміж яго часткамі. У сказе «У гэтым годзе добра родзіць: дождж і сонца ў госці ходзяць» (Я.Пушча) двукроп’ем абазначаны прычынна-выніковыя адносіны паміж ч. бяззлучнікавага складанага сказа з паказаннем на прычыну ў 2-й яго частцы; «У гэтым годзе добра родзіць, дождж і сонца ў госці ходзяць» — коска паказвае пералічэнне. Пры рознай П. гэты сказ па-рознаму чытаецца і чуецца: двукроп’е як знак большай выяўленчай сілы абазначае працяглую паўзу. Аднак у любым выпадку знак прыпынку паказвае на сінтакс. структуру сказа, аддзяляе (выдзяляе) яго часткі. Нарматыўнасць П., аднолькавае разуменне знакаў прыпынку мае вял.сац. значэнне: садзейнічае лепшым зносінам паміж тым, хто піша, і тым, хто чытае.
Літ.:
Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1980;
Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1982. Клюсаў Г.Н. Асновы і нормы сучаснай беларускай пунктуацыі Б.м., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1943,
наступальныя баі Магілёўскага партыз. злучэння супраць сістэмы ням.-фаш. гарнізонаў у Бялыніцкім, Быхаўскім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах з мэтай іх знішчэння; найбольшыя аперацыі партыз. злучэнняў у тыле ворага на тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну.
У выніку 1-й аперацыі, праведзенай у ноч на 13 крас. партызанамі 2-й і 5-й Клічаўскіх, 3-й Бярэзінскай і 6-й Магілёўскай брыгад, адначасова разгромлены гарнізоны ў в. Бахань, Глыбокі Брод, Дручаны, Журавок, Забавы, Заполле, Макаўка, Сямікаўка. У выніку 2-й аперацыі, праведзенай у ноч на 28 жн. байцамі 209-га партыз. палка імя Сталіна, асобных атрадаў 12, 28, 36, 113, 121, 122-га «За Радзіму», 152, 277, 425, 810-га ў трохвугольніку в. Паплавы — чыг. ст. Тошчыца — г.п. Бялынічы, разгромлены гарнізоны ў в. Вяшэўка і Шавярнічы, зроблены напады на ўмацаваныя гарнізоны ў в. Арэшкавічы, Гарэнічы, Падсёлы, Паплавы, ст. Нясета і Тошчыца; адначасова пасля сустрэчнага бою з партызанамі была правалена гітлераўская карная аперацыя «Іваноў». 3-ю аперацыю ў ноч на 11 вер. правялі 208-ы партыз. полк імя Сталіна і 27 атрадаў Бялыніцкай, Бярэзінскай, Быхаўскай, Клічаўскай, Круглянскай, Магілёўскай і Шклоўскай ваенна-аператыўных груп (больш за 4 тыс.чал.). Партызаны разграмілі гарнізоны ў Бялынічах (займаў ключавое становішча), каля мастоў цераз р. Друць і Аслік, у в. Малая і Вял. Машчаніца, Дашкаўка, Галоўчын, Алешкавічы, Пушча, ваен. гарадку ў в. Салтанаўка і інш.
У выніку Бялыніцкіх аперацый партызаны амаль поўнасцю вызвалілі Бялыніцкі р-н (акрамя Бялынічаў), на некалькі сутак вывелі са строю ўчасткі чыг. лініі Магілёў—Жлобін і шашы Магілёў—Мінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛГАГРА́Д,
горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр Валгаградскай вобл. 1024,3 тыс.ж. (1994). Порт на р. Волга. Вузел чыг. ліній і аўтадарог. Аэрапорт. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, буравая тэхніка, вымяральная апаратура, суднабудаванне і інш.), чорная (трубы, стальны дрот) і каляровая (вытв-сць алюмінію) металургія, хім. (каўстычная сода), нафтахім., дрэваапр. (мэбля), буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла, гіпс, кераміка), лёгкая (абутковая, трыкат., гарбарная), харч. (мясная, кансервавая, маргарынавая, малочная) прам-сць. Паблізу Валгаграда Волжская ГЭС. 7 ВНУ, у т. л.ун-т, 4 т-ры, 4 музеі, у т. л. музей-панарама «Сталінградская бітва», Музей абароны і інш., помнік-ансамбль «Героям Сталінградскай бітвы» на Мамаевым кургане.
Упершыню ўпамінаецца ў гіст. мемуарах у 1589 як Царыцын (назва ад р. Царыца, якая ўпадае ў Волгу; тат. Сарысу — жоўтая вада). На пач. 17 ст. згарэў, адбудаваны ў 1615 на правым беразе Волгі. У 1727 зноў згарэў. З 1708 у Казанскай, з 1719 у Астраханскай губ., з 1773 у Саратаўскім намесніцтве. З 1782 павятовы горад Саратаўскай губ. Да канца 18 ст.ваен. крэпасць. Цэнтр антыфеад. паўстання ў час Сялянскай вайны 1670—71, Булавінскага паўстання 1707—09, Сялянскай вайны 1773—75. З 2-й пал. 19 ст.чыг., партовы і прамысл.цэнтр. З 1920 цэнтр Царыцынскай губ. У 1925 перайменаваны ў Сталінград; цэнтр акругі Ніжняволжскай вобл., з 1932 цэнтр Ніжняволжскага краю, з 1934 Сталінградскага краю, з 1936 — вобласці. У Вял.Айч. вайну ў Сталінградскай бітве 1942—43 горад амаль поўнасцю разбураны. Адноўлены паводле ген. плана 1945. З 1961 сучасная назва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСІДЭ́НТЫ [ад лац. dissidens (dissidentis) нязгодны, супярэчлівы],
1) вернікі-хрысціяне, якія не прытрымліваюцца пануючага веравызнання, пераважна ў краінах, дзе дзярж. ці пануючай рэлігіяй з’яўляецца каталіцызм або пратэстантызм. У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы каталіцкая царква праследавала Д., лічыла іх «адступнікамі» ад веры, ерэтыкамі. У 16—17 ст.грамадз. правы Д. парушаліся ў сувязі з рэліг. Рэфармацыяй (напр., гугенотаў у Францыі, анабаптыстаў, квакераў, кальвіністаў, лютэран і інш., а з 1596 і праваслаўных у Рэчы Паспалітай). Улады Рэчы Паспалітай у 1616 пазбавілі праваслаўных доступу на сеймы, у 1718 забаранілі дысідэнцкай шляхце займаць пасады ў трыбуналах, камісіях, мясц. урадах; асабліва варожыя дзеянні да Д. праяўлялі езуіты (у 17—1-й пал. 18 ст. ў праваслаўных адабрана каля 200 цэркваў). Д. часта баранілі свае правы з дапамогай знешніх сіл. У 1767 пад патранажам Прусіі і Расіі ўтвораны Тарунская (пратэстанцкая) і Слуцкая (праваслаўная) канфедэрацыі. У 1768 сейм ураўнаваў у правах Д. з католікамі, аднак гэта праблема ў Рэчы Паспалітай не была поўнасцю вырашана, што давала падставы Расіі для ўмяшання ў справы Рэчы Паспалітай (гл.Варшаўскі дагавор 1768).
2) Асобы, якія адкрыта адстойваюць апазіцыйныя ўладам погляды ва ўмовах адсутнасці ў грамадстве рэальнага паліт. плюралізму. Тэрмін замацаваўся ў сярэдзіне 1970-х г. У СССР і інш.сацыяліст. краінах у канцы 1950-х — сярэдзіне 1980-х г. Д. ў розных формах патрабавалі выканання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна (праваабаронцы), пратэставалі супраць уводу сав. войск у Чэхаславакію (1968) і Афганістан (1979). Многія з іх былі асуджаны ўладамі, высланы або вымушаны эмігрыраваць. Сярод найб. вядомых Д. былі У.К.Букоўскі, В.Гавел, А.І.Салжаніцын, А.Дз.Сахараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКО́ЛІЗ (ад грэч. glykys салодкі + ...ліз),
адзін з цэнтральных шляхоў расшчаплення глюкозы з цукроў ці поліцукроў у жывёльных, раслінных і многіх бактэрыяльных клетках; ферментатыўны анаэробны працэс негідралітычнага распаду вугляводаў (пераважна глюкозы) да малочнай к-ты. Адыгрывае значную ролю ў абмене рэчываў жывых арганізмаў, забяспечвае клеткі энергіяй ва ўмовах недахопу кіслароду, а ў аэробных умовах з’яўляецца стадыяй, якая папярэднічае дыханню. У гліколізе адзначаюць 3 этапы (гл. схему). На 1-м этапе (рэакцыі 1—4) малекула глюкозы пераўтвараецца ў 2 малекулы гліцэральдэгід-3-фасфату (з выкарыстаннем 2 фасфатных груп і энергіі, якая выдзяляецца пры гідролізе адэназінтрыфасфату — АТФ). На 2-м этапе (рэакцыі 5, 6) альдэгідная група кожнай з 2 малекул гліцэральдэгід-3-фасфату акісляецца да карбаксільнай, а энергія, якая пры гэтым выдзяляецца, ідзе на сінтэз АТФ з адэназіндыфасфату (АДФ) і неарганічнага фасфату, адначасова адбываецца аднаўленне нікацінамідадэніндынуклеатыду (НАД) да нікацінамідадэніндынуклеатыдфасфату (НАДФ). На 3-м этапе (рэакцыі 7—9) 2 малекулы фасфату, якія далучыліся да цукру на 1-м этапе, пераносяцца назад на АДФ, у выніку чаго ўтвараецца АТФ і кампенсуюцца затраты АТФ на 1-м этапе. Сумарны выхад энергіі пры гліколізе зводзіцца да сінтэзу 2 малекул АТФ (на 1 малекулу глюкозы), якія ўтварыліся ў рэакцыях 5 і 6. У большасці клетак жывёл піруват, які ўтвараецца пры гліколізе, поўнасцю акісляецца ў мітахондрыях да CO2 і H2O. У анаэробных арганізмаў і тканках (шкілетныя мышцы) гідроліз — асн. крыніца клетачнага АТФ. Малекулы пірувату, застаючыся ў цытазоле, могуць пераўтварацца ў залежнасці ад віду арганізма ў лактат (у мышцах, некат. мікраарганізмах) або ў этанол + CO2 (у дражджах, гл.Браджэнне).
руская паэтэса. Жонка М.Гумілёва. Паэтычны дэбют звязаны з акмеізмам. Першы зб. «Вечар» (1912). У кн. «Ружанец» (1914), «Белая чарада» (1917) замкнёны свет вытанчаных эстэт. і любоўных перажыванняў. У 1921 выйшлі зб-кі «Трыпутнік» і «Anno Domini MCM XXI» (на вокл. 1922). Нягледзячы на ломку ў 1917 звыклых для асяроддзя Ахматавай уяўленняў пра жыццё і прызначэнне паэта, яна не пакінула радзіму. Афіц. крытыка наз. яе «ўнутранай эмігранткай», творы паэтэсы не друкавалі. Аўтабіягр. цыкл «Рэквіем, 1935—1940» (апубл. 1987) пра ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Зб. «З шасці кніг» (1940) — спроба пераадолець адзіноту. У 1940-я г. з’яўляюцца ліра-эпічныя творы на гіст. тэмы (цыкл «У саракавым годзе», паэма «Шляхам усёй зямлі», «1913 год» — 1-я ч. «Паэмы без героя»). У лірыцы 1941—45 прагучала патрыят. тэма. У 1950—60-я г. ў яе творчасці паглыбляюцца гіст.-філас. і інтымна-лірычная тэмы. У «Паэме без героя» (нап. 1940—62, поўнасцюапубл. 1976), прасякнутай літ.-гіст. і асабістымі асацыяцыямі, адлюстравала эпоху «сярэбранага стагоддзя». Гісторыя, час, лёс — асн. тэмы зб. «Бег часу: Вершы, 1909—1965» (1965). Творам Ахматавай уласцівы напружаны псіхалагізм, выразнасць і дакладнасць слова, класічная прастата і яснасць стылю. Пераклады з усходняй, зах.-еўрап. класічнай паэзіі, з бел. — вершы У.Дубоўкі, М.Лужаніна; літ.-знаўчыя працы («Апошняя казка Пушкіна», «Гібель Пушкіна» і інш.), успаміны. На бел. мову творы Ахматавай перакладалі Э.Агняцвет, В.Аколава, Р.Баравікова, П.Макаль, В.Макарэвіч, Я.Міклашэўскі, В.Рабкевіч і інш.
Тв.:
Сочинения. Т. 1—2. М., 1990;
Дыхание песни: Кн. переводов. М., 1988.
Літ.:
Жирмунский В.М. Творчество Анны Ахматовой. Л., 1973;
Павловский А.И. Анна Ахматова: Жизнь и творчество. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВЯНО́СНАЯ СІСТЭ́МА,
сістэма сасудаў і поласцей у арганізме чалавека і жывёл, па якой цыркулюе кроў. Праз К.с. клеткі і тканкі забяспечваюцца пажыўнымі рэчывамі, кіслародам і вызваляюцца ад прадуктаў абмену рэчываў. Гал. орган К.с. — сэрца. Ад сэрца кроў ва ўсе органы і часткі цела ідзе па артэрыях, да сэрца — па венах. Артэрыі разгаліноўваюцца на больш дробныя сасуды, пераходзяць у артэрыёлы, потым у капіляры, якія ўтвараюць капілярную сетку. З капілярнай сеткі кроў паступае ў венулы, з іх — у вены. У чалавека, наземных пазваночных жывёл і дваякадыхальных рыб 2 кругі кровазвароту: вялікі (артэрыяльная кроў па артэрыях паступае ў органы і тканкі, праходзіць праз капілярную сетку органаў, пераходзіць у вянозную сістэму і па буйных венах вяртаецца ў сэрца) і малы (вянозная кроў з сэрца па лёгачных артэрыях ідзе ў лёгкія, дзе праз іх капілярную сетку абагачаецца кіслародам і па лёгачных венах вяртаецца ў сэрца). У чатырохкамерным сэрцы артэрыяльная кроў поўнасцю аддзелена ад вянознай; тканкі і органы забяспечваюцца толькі артэрыяльнай крывёю.
Проссер Л., Браун Ф. Сравнительная физиология животных: Пер. с англ.М., 1967.
А.У.Чантурыя.
Да арт.Крывяносная сістэма. I. Замкнёная сістэма кровазвароту (у дажджавога чарвяка); 1 — сэрца, сасуды, што пульсуюць і праганяюць кроў па замкнёнай сістэме крывяносных сасудаў; 2 — крывяносныя сасуды. II. Незамкнёная крывяносная сістэма (крывяносная сістэма рака): 1 — сэрца з адтулінамі, у якія ўсмоктваецца кроў з поласцей паміж органамі; 2 — сасуды, па якіх кроў паступае да органаў. III Схема кровазвароту чалавека: 1 — сэрца; 2 — малы (лёгачны) круг кровазвароту; 3 — вялікі круг кровазвароту. Чырвоны колер — артэрыяльная кроў, сіні — вянозная, жоўты — лімфатычныя сасуды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Крым,
на Пд Украіны. Абмываецца на З і Пд Чорным, на У Азоўскім морамі і Керчанскім пралівам. З мацерыком злучаны вузкім (8 км) Перакопскім перашыйкам. Пл. 27 тыс.км². На У — Керчанскі п-аў, на З — Тарханкуцкі. Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа цягнецца сістэма неглыбокіх заліваў (Сіваш), якія аддзелены ад мора нізіннай пясчанай Арабацкай Стрэлкай. Паўн. частка К. — раўніна (т.зв. Стэпавы К.), паўд. (Горны К.) займаюць Крымскія горы (выш. да 1545 м, г. Раман-Кош). Каля паўд. падэшвы гор прыбярэжная паласа Паўднёвага берага Крыма з лакалітамі (г. Аюдаг) і стараж. вулканічнымі масівамі (Карадаг). Карысныя выкапні: жал. руда (Керчанскі жалезарудны басейн), газ, нафта, вапнякі, мергелі, соль і лек. гразі азёр. Клімат на Пн умераны, сухі, на Пд субтрапічны міжземнаморскага тыпу. Сярэднія т-ры студз. ад 1—2 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. 24 °C. Ападкаў ад 300 мм на Пн да 1200 мм у гарах за год. Рэкі малаводныя, найб. — Чорная, Салгір, Кача, Альма. Ліманныя салёныя азёры (Сакскае і інш.). Паўн.-Крымскі канал. Глебы на Пн каштанавыя, у цэнтры — пераважна чарназёмы, у гарах бурыя горна-лясныя і чарназёмападобныя горна-лугавыя. Стэпавы К. амаль поўнасцю ўзараны, зрэдку трапляецца стэпавая расліннасць. У гарах ядлоўцава-дубовыя і букава-грабавыя лясы. На ўзбярэжжы хмызняковая расліннасць з шыбляку. Жывёльны свет: на Пн стэпавыя грызуны і птушкі, у гарах высакародны алень, муфлон, казуля, каменная куніца, кажан; птушкі — чорнагаловая сойка, дзяцел, чорны грыф, арлы. На тэр. К. — Ялцінскі, Мыс Марцьян, Карадагскі запаведнікі, Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Нікіцкі бат. сад. Гал. гарады: Сімферопаль, Севастопаль, Керч, Еўпаторыя і інш. Пра гаспадарку гл. ў арт.Крым (Аўтаномная Рэспубліка Крым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛЬМЫ, арэкавыя (Palmae, або Arecaceae),
сямейства аднадольных кветкавых раслін. Каля 250 (па інш. звестках 212) родаў, каля 3400 (па інш. звестках 2780) відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках, некат. — у субтропіках. Растуць у вільготных трапічных лясах, саваннах, аазісах пустынь, у гарах, на марскіх узбярэжжах. Культывуюць больш за 220 відаў. Найб.гасп. значэнне маюць П. алейная, какосавая, сагавая, фінікавая. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях вырошчваюць фінікавую. пальму, віды трахікарпуса, хамеропса (Chamaerops) і інш.
Дрэвападобныя расліны (кусты) выш. да 60 м, дыяметр ствала да 1 м. Звычайна ствалы не галінастыя, калонападобныя з кронай лісця на вяршыні, у большасці гладкія, у некат. — з рэшткамі лісцевых чаранкоў і похваў, у інш. — бочкападобнаўздутыя. Ёсць т.зв. бессцябловыя П. (надземныя сцёблы амаль ці поўнасцю адсутнічаюць і над зямлёй узвышаецца лісце), лазячыя ліяны з тонкімі (дыяметрам 2—3 см) і доўгімі (даўж. да 180 м) сцёбламі (ратангавыя П.). Лісце чаргаванае, перыстае (даўж. да 15 м) або веернае (дыяметрам больш за 5 м). Зацвітаюць звычайна на 5—12-ы, часам на 30—50-ы год. Кветкі дробныя, пераважна аднаполыя. Суквецці мяцёлчатыя або коласападобныя, пазушныя, у некат. — верхавінкавыя. Ствалы П. з верхавінкавымі суквеццямі пасля плоданашэння адміраюць (монакарпічныя расліны). Плады не раскрываюцца, сакаўныя або сухія, пераважна касцянкападобныя ці ягадападобныя. Па гасп. значэнні сярод раслін П. займаюць адно з першых месц. З іх атрымліваюць ядомыя плады, харч. і тэхн. алей, цукры, віны, спірт, раслінны воск, т.зв. расл. слановую косць (цвёрдае насенне некат. П.), будаўнічую і вырабную драўніну, сыравіну для вытв-сці паперы, валакна і інш.Дэкар. расліны.
Літ.:
Сааков С.Г. Пальмы и их культура в СССР. М.; Л., 1954;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́СКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
на ПдЗ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 33,3 тыс.км². Нас. 2639 тыс.чал. (1993), гарадскога 66%. Цэнтр — г.Адэса. Найб. гарады: Ізмаіл, Белгарад-Днястроўскі, Катоўск.
Прырода. Большая ч.тэр. — Прычарнаморская нізіна, паўн.ч. — Падольскае узв. (выш. да 220 м), паміж Днястром і Прутам адгор’і Малдаўскага узв. (выш. да 223 м). Карысныя выкапні — буд. матэрыялы: гнейсы, граніты, вапнякі, гліны, пясок. Ёсць графіт, каменная соль, шмат мінер. крыніц. Клімат умерана кантынентальны, цёплы, з недастатковым увільгатненнем. Сярэдняя т-растудз. ад -2 °C да -5 °C, ліп. ад 21 °C да 23 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 400 мм. Гал. рэкі: Дунай, Днестр. Прэсныя азёры Кагул, Ялпуг, салёныя — Шаганы, Алібей, Бурнас. Глебы пераважна чарназёмныя, на Пд пераходзяць у цёмна-каштанавыя слабасаланцаватыя. Паўн.ч. знаходзіцца ў лесастэпавай, астатняя — у стэпавай прыроднай зоне, якая амаль поўнасцю ўзараная. Лясы захаваліся на невял. плошчах (дуб, граб, ясень, клён). Запаведнік Дунайскія Плаўні.
Гаспадарка. Адэская вобласць — высокаразвіты ў эканам. адносінах раён Украіны з машынабуд., хім., нафтахім., лёгкай, харч. прам-сцю, шматгаліновай сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, развітым транспартам і курортнымі зонамі. Машынабудаванне і металаапрацоўка (станкі, с.-г. машыны і прылады, пад’ёмныя транспарцёры; кавальска-прэсавае, гандл., мед., паліграф. абсталяванне; электратэхніка і кінаапаратура, выліч. машыны, кабель, прыладабудаванне, вытв-сць стальных канатаў), харч. (кансервавая, мукамольная, цукр., мясная, малочная, рыбная, вінаробная і інш.), камбікормавая, лёгкая (джутавая, футравая, тэкст., абутковая), хім. (аміяк, суперфасфат, лакі і фарбы), хім.-фармацэўтычная, мэблевая, цэлюлозна-папяровая прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Развітая збожжавая гаспадарка (пшаніца, кукуруза, ячмень, рыс), вырошчванне тэхн. культур (цукр. буракоў, сланечніку), агародніны. Пладаводства. Вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінаводства, птушкагадоўля, рыбагадоўля. Буйныя арашальныя сістэмы. Суднаходства па Дунаі і Днястры. Марскія парты: Адэса, Ільічоўск, Ізмаіл і інш. Марскі чыг. паром Ільічоўск—Варна (Балгарыя). Чыгункі: Адэса—Масква, Адэса—С.-Пецярбург і інш., Адэская група курортаў.