ІВАНО́Ў (Андрэй Аляксеевіч) (13.12.1900, г. Замасць, Польшча — 1.10.1970),

расійскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1944). У 1934—49 саліст Укр. т-ра оперы і балета, у 1950—56 — Вял. т-ра. Дзякуючы моцнаму голасу прыгожага мяккага тэмбру, выразнай дыкцыі, псіхал. адухоўленасці выканання стварыў галерэю яскравых запамінальных вобразаў: князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Ялецкі, Мазепа («Пікавая дама», «Мазепа» П.​Чайкоўскага), Рыгалета («Рыгалета» Дж.​Вердзі), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Нагульнаў («Узнятая цаліна» І.​Дзяржынскага), Шчорс («Шчорс» Б.​Ляташынскага).

т. 7, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТШЭ́ЎСКІ ((Kostrzewski) Юзаф) (25.2.1885, мяст. Венглева, Пазнанскага ваяв., Польшча — 19.10.1969),

польскі археолаг, гісторык археалогіі, музеязнавец. Акад. Польскай АН (1957). Праф. Пазнанскага ун-та (1919—56), дырэктар музея Велікапольшчы ў Познані (1924—58), заснавальнік пазнанскай школы археалогіі. Займаўся вывучэннем лужыцкай культуры (раскопкі Біскупінскага гарадзішча) і слав. старажытнасцей больш позняга часу (раскопкі ў Гнезне, Познані, на Памор’і, Сілезіі і У Малой Польшчы). Значная частка даследаванняў прысвечана аўтахтоннасці славян у міжрэччы Одэра і Эльбы. Быў рэдактарам навук. выданняў «Przegląd Archeologiczny» («Археалагічны агляд»), «Z otchłani wieków» («З глыбінь стагоддзяў») і інш.

т. 8, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІ́НСКІ ((Kiliński) Ян) (снеж. 1760, г. Тжамэшна, Польшча — 28.1.1819),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў паўстання 1794 у Варшаве. З 1788 майстар шавецкага цэха ў Варшаве, у 1792—94 саветнік магістрата. Уваходзіў у склад паўстанцкіх улад; першапачаткова падтрымліваў радыкальнае крыло паўстанцаў, пасля падзей 28 чэрв. (расправа варшаўскіх нізоў са здраднікамі) на пазіцыях правых. Прызначаны Т.Касцюшкам палкоўнікам, камандаваў пях. палком. У час аблогі Варшавы рас. войскамі двойчы паранены. Пасля задушэння паўстання зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці (1794—96). Пакінуў 2 версіі ўспамінаў (1795, 1814—18).

Тв.:

Pamiętniki. [Warszawa], 1958.

т. 8, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОТ ((Kot) Станіслаў) (22.10.1885, в. Руда Падкарпацкага ваяв., Польшча — 26.12.1975),

польскі гісторык культуры, паліт. дзеяч. Чл. Польск. АН (1928). Вучыўся ў Львоўскім ун-це. У 1920—23 праф. Кракаўскага ун-та. Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Стронніцтво людовэ». З 1939 у Францыі, блізкі супрацоўнік ген. У.​Сікорскага. У 1941—42 пасол Польшчы ў СССР, у 1942—43 дзярж. міністр урада Польшчы на Б. Усходзе, у 1943 міністр інфармацыі, у 1945—49 пасол у Італіі. Застаўся ў эміграцыі. Даследаваў гісторыю паліт. і грамадскай думкі Рэчы Паспалітай, яе культ. сувязі з краінамі Еўропы.

т. 8, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗАРЭ́ВІЧ (Уладзімір Саламонавіч) (14.9.1882, в. Астроўка Сакольскага пав. Беластоцкага ваяв., Польшча — 20.6. 1938),

савецкі ваен. дзеяч, камдыў. Скончыў Акадэмію Генштаба (1912). Удзельнік 1-й сусв. вайны, падпалкоўнік. У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну нач. штаба арміі і штаба Паўд. групы войск Усх. фронту, з 1919 камандуючы 3-й, 4-й арміямі, нач. штаба Зах. фронту. У 1921—22 камандуючы Туркестанскім фронтам. З 1922 нам. нач. Гал. ўпраўлення ваенна-навуч. устаноў РСЧА, з 1925 нач. Ваенна-паветр. акадэміі, з 1934 нач. кафедры Ваенна-трансп. акадэміі.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДА́Я ЕЎРО́ПА»,

тайнае міжнар. аб’яднанне рэв.-дэмакр. арг-цый некаторых краін Еўропы ў 1834—36. Створана Дж.Мадзіні ў Швейцарыі ў крас. 1834 з мэтай спрыяння ўсталяванню рэсп. ладу ў еўрап. краінах. У аб’яднанне ўваходзілі пераважна паліт. эмігранты (рэспубліканцы розных кірункаў), якія прадстаўлялі тайныя саюзы «Маладая Італія», «Маладая Германія» і «Маладая Польшча». Асн. дзейнасць «М.Е.» была накіравана на стварэнне ва ўсіх краінах Еўропы рэсп. арг-цый: заснаваны саюзы «Маладая Францыя», «Маладая Іспанія», «Маладая Бельгія». У 1836 улады Швейцарыі выслалі з краіны членаў «М.Е.», што прывяло да спынення яе дзейнасці.

т. 9, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫСЛІ́ЎСКІ ((Myśliwski) Веслаў) (н. 25.3.1932, в. Дзвікозы каля г. Сандамір, Польшча),

польскі пісьменнік. Скончыў Люблінскі ун-т (1956). У раманах «Голы сад» (1967, экранізацыя «Праз дзевяць мастоў», 1972), «Палац» (1970, экранізацыя 1979), «Камень на камень» (1984, экранізацыя 1995), «Далягляд» (1996) паказаны сял. культура як арган. частка нац. культуры, вясковы свет як свет сапраўдных каштоўнасцей. Аўтар драм «Злодзей» (1973), «Ключнік» (1978), «Дрэва» (1989). Для яго твораў характэрны філас.-міфалагічнае асэнсаванне рэчаіснасці, паэтычнасць, метафарычнасць, прытчавасць.

Тв.:

Рус. пер — Камень на камень. М., 1987.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 11, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́НЦКІ ((Nencki) Марцэлій Вільгельмавіч) (15.1.1847, г. Каліш, Польшча — 14.10.1901),

польскі біяхімік і мікрабіёлаг. Скончыў Берлінскі ун-т (1870). З 1877 праф. Бернскага ун-та, з 1891 у Ін-це эксперым. медыцыны ў Пецярбургу (заг. аддзела). Даследаваў сінтэз мачавіны і прапанаваў (разам з І.П.Паўлавым) тэорыю яе ўтварэння ў арганізме млекакормячых. Адкрыў небялковую ч. гемаглабіну (гемін) і ўстанавіў яго хім. структуру. Паказаў (разам з польскім хімікам Л.​П.​Мархлеўскім) хім. падабенства гемаглабіну і хларафілу. Даследаваў хім. састаў некаторых бактэрый, хімізм гніласнага распаду бялкоў. Распрацаваў метады барацьбы з чумой рагатай жывёлы.

т. 11, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМАРО́Ў (Сяргей Аляксеевіч) (31.12.1908, в. Мікалаеўка Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 17.10.1968),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы ўдасканалення каманднага саставу. З 1932 у НКУС. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Бранскім, Бел., 1-м Укр., 3-м і 1-м Прыбалт., 1-м Бел. франтах. Старшы ад’ютант стралк. батальёна капітан П. вызначыўся ў баях у час прарыву абароны ворага каля г. Кутна, на р. Піліца (Польшча) і ўступлення сав. войск на тэр. Германіі. Пасля вайны на гасп. рабоце.

С.А.Панамароў.

т. 12, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАДО́ЎСКІ (Аляксандр) (псеўд. А с трога; 1836, Люблінскае ваяв., Польшча, паводле інш. звестак Беларусь або Галіцыя —7.2.1890),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Служыў у рус. арміі, паручнік кавалерыі. У 1863 узначаліў паўстанцкі атрад у Ашмянскім пав., пасля гібелі Л.Т.Нарбута паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав. З рэшткамі атрада Нарбута перайшоў у Гродзенскую пушчу, злучыўся з атрадам А.А.Лянкевіча і потым дзейнічаў у Аўгустоўскім ваяв. Мяркуюць, што ў атрадзе П. ваяваў Ф.​Багушэвіч. У канцы 1863 распусціў атрад і эмігрыраваў.

Г.В.Кісялёў.

т. 12, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)